ПАЛЯЎНІЦТВАЗНА́ЎСТВА,

навука аб прынцыпах і метадах вядзення паляўнічай гаспадаркі на аснове рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў паляўнічых жывёл, іх аховы і развядзення.

Распрацоўвае біял. асновы паляўнічай гаспадаркі: класіфікацыя, тыпалогія, баніціроўка, біятэхнія і меліярацыя паляўнічых угоддзяў, улік і ацэнка рэсурсаў паляўнічых жывёл, павышэнне прадукцыйнасці папуляцый на аснове вывучэння іх біялогіі, экалогіі, заканамернасцей змены колькасці, нарміраванага адлову і адстрэлу, узнаўленне запасаў і ахова дзікіх звяроў і птушак. Распрацоўвае таксама праблемы эканомікі, арганізацыі, тэхнікі і таваразнаўства прадукцыі паляўнічай гаспадаркі. Развіваецца ў цеснай сувязі з біялогіяй, экалогіяй, эталогіяй, батанікай, біягеаграфіяй і біяцэналогіяй; выкарыстоўвае іх метады даследаванняў.

На Беларусі навук. даследаванні па П. вядуцца ў Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі, Бел. тэхнал. ун-це, БДУ, Гомельскім ун-це, Бярэзінскім запаведніку і інш. Распрацаваны метады мечання жывёл, кальцавання птушак, морфафізіял. індыкатараў, назіранне за перамяшчэннем жывёл на працягу сутак і інш.

У.​С.​Раманаў.

т. 12, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЭ́ЦКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Гродзенскім р-не. Створаны ў 1978 з мэтай аховы прыродных запасаў лек. раслін і арганізацыі рацыянальнай нарыхтоўкі лек. сыравіны. Пл. 2,3 тыс. га. Займае лясны масіў з хвойнікаў, ельнікаў, бярэзнікаў, чорнаалешнікаў. У фауне 20 відаў млекакормячых, у т. л. казуля, дзік, алень, лось; 91 від птушак, у т. л. арлан-белахвост, змеяед, пустальга звычайная, журавель шэры, бусел чорны, гогаль звычайны, лебедзь-шыпун, занесеныя ў Чырв. кнігу; 17 відаў амфібій і паўзуноў; рэдкія насякомыя, у т. л. жужаль бліскучы, махаон, чмель Шрэнка і інш. У складзе флоры 292 віды вышэйшых сасудзістых раслін (у асн. з групы ксерафітаў і ксерамезафітаў), у т. л. купальнік горны, баранец звычайны, сон лугавы, занесеныя ў Чырв. кнігу. Лекавыя расліны: звычайныя верас, талакнянка, ядловец, чабор, маліны, брусніцы, крапіва двухдомная, цмен пясчаны, дзераза булавападобная.

П.Л.Лабанок.

т. 12, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАЛО́М,

вёска ў Гожаўскім с/с Гродзенскага р-на За 26 км па Пн ад Гродна і чыг. ст. Гродна. 24 ж., 10 двароў (2000).

Вядома з 14 ст., калі тут быў пабудаваны драўляны замак для аховы межаў ВКЛ ад нападаў Тэўтонскага ордэна. Пазней П. — цэнтр староства Гродзенскага пав. Трокскага ваяв. З 1569 двор П. залічаны ў каралеўскія маёнткі. З 1795 у складзе Рас. імперыі, з 1801 у Гродзенскай губ. У жн. 1861 у П. адбылося выступленне сялян супраць выканання інвентарных павіннасцей, задушанае войскамі. З 1885 вёска Гожаўскай вол. Гродзенскага пав., 131 ж., 10 двароў, касцёл. У 1921—39 у складзе Польшчы, у Гожаўскай гміне Гродзенскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 у Плябанішкаўскім с/с Парэцкага, з 25.11.1940 — Гродзенскага р-на. З 16.7.1954 у Гожаўскім с/с.

В.​М.​Князева.

т. 12, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫМУСО́ВЫЯ МЕ́РЫ БЯСПЕ́КІ І ЛЯЧЭ́ННЯ,

меры, што назначаюцца судом у адносінах да псіхічна хворых, якія ўчынілі грамадска небяспечныя дзеянні (злачынствы). Праводзяцца з мэтай папярэджання з боку гэтых асоб новых грамадска небяспечных дзеянняў, іх аховы і лячэння. Паводле крымін. заканадаўства Рэспублікі Беларусь такія меры ўжываюцца судом да асоб, якія ўчынілі грамадска небяспечныя дзеянні ў стане бессвядомасці або захварэлі псіхічнай хваробай да пастановы прыгавору ці ў час адбыцця пакарання. Да гэтых мер адносяцца: прымусовы амбулаторны нагляд і лячэнне ў псіхіятра; прымусовае лячэнне ў псіхіятрычнай бальніцы (аддзяленні) са звычайным, узмоцненым ці строгім наглядам. Змена і спыненне прымянення мер да псіхічна хворых ажыццяўляецца судом на аснове заключэння ўрачоў-псіхіятраў. У выпадку, калі злачынства ўчынена асобамі, якія пакутуюць на хранічны алкагалізм, наркаманію або таксікаманію, суд пры наяўнасці мед. заключэння побач з пакараннем за ўчыненае злачынства можа прымяніць прымусовае лячэнне.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 13, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯЧО́РА-І́ЛЫЦКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,

біясферны запаведнік у Рэспубліцы Комі, Расія, у зах. перадгор’ях Паўн. Урала. Засн. ў 1930 для аховы лясных масіваў вадазборнай пл. рэк Пячора і Ілыч і каштоўных жывёл. Пл. 721,3 тыс. га, у т. л. пад лесам 628,5 тыс. га.

Ахоплівае 3 ландшафтныя раёны: Прыпячорскую нізіну, парослую хваёвымі барамі; перадгор’і з яловымі, піхтавымі і ялова-піхтавымі лясамі (месцамі з дамешкамі кедра); горы Урала (з добра выяўленай верт. пояснасцю) з цемнахвойнай тайгой, крывалессем, субальпійскімі лугамі, тундрай, камяністымі россыпамі. У фауне звычайныя лось, паўн. алень, мядзведзь. ліс, вавёрка і інш., сустракаюцца расамаха, выдра, воўк, куніца лясная, собаль і іх помесь — кідас. Рэакліматызаваны бабёр. У арнітафауне больш за 200 відаў, у т. л. глушэц, цецярук, рабчык, курапаткі белая і тундравая, крыжадзюб, кедраўка і інш. Адно з асн. нерасцілішчаў сёмгі; сустракаюцца таймень, харыус, сіг. Доследная ласяферма.

т. 13, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ДАСТАЎСКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл. Створаны ў 1978 з мэтай аховы прыродных запасаў лек. раслін і арганізацыі рацыянальнай нарыхтоўкі лек. сыравіны. Пл. 6857 га.

Большая ч. заказніка — забалочаны лясны масіў; уздоўж воз. Белае пясчаныя і супясчаныя бугры і грады. Лясы займаюць 82% (пераважаюць хвойнікі). Хваёвыя бары на вяршынях бугроў, па схілах — з дамешкамі асіны, дуба, вольхі. Бярэзнікі (24%) і чорнаалешнікі (19%) з дамешкамі асіны, дуба, граба, ясеня. Дубровы (1,4%) з відамі раслін, занесеных у Чырв. кнігу Беларусі: венерын чаравічак сапраўдны, смярдзюх звычайны, зубніца клубняносная, касач сібірскі, лілея кучаравая, пылкагалоўнік чырвоны. З лек. раслін распаўсюджаны буквіца, валяр’ян, жывакост і купена лекавыя, багун, лотаць, шабельнік і ўвярэднік балотныя, святаяннікі плямісты і прадзіраўлены, ландыш майскі, талакнянка, крушына ломкая і інш.; чарнічнікі займаюць 19% тэр., журавіннікі — 3%.

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСПАЗНАВА́ННЕ ВУ́СНАЙ МО́ВЫ,

раздзел кібернетыкі, які распрацоўвае тэорыю, метады, алгарытмы і камп’ютэрныя тэхналогіі аўтам. распазнавання і разумення мовы чалавека.

Грунтуецца на агульнай тэорыі распазнавання вобразаў, метадах прыкладной фанетыкі і лінгвістыкі, тэорыях лічбавай апрацоўкі сігналаў, маркаўскіх мадэлей, моваўтварэння і ўспрымання мовы чалавекам. Выкарыстоўваецца ў сістэмах штучнага інтэлекту як натуральна-моўны інтэрфейс чалавека і машыны, сістэмах кіравання, камп’ютэрнай тэлефаніі, тэлеф. дыялогавых інфармацыйна-даведачных сістэмах, сістэмах аховы баз даных («галасавы ключ»), дыспетчарскіх сістэмах кіравання паветр. і наземным транспартам і інш.

На Беларусі даследаванні па праблемах Р.м. вядуцца з сярэдзіны 1960-х г. у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Распрацаваны сінтэзатары бел. і рус. моўнага ўзнаўлення друкаванага тэксту, шэраг прыкладных тэхналогій з выкарыстаннем сістэм распазнавання і сінтэзу мовы.

Літ.:

Искусственный интеллект: Справ. М., 1990. Кн. 1. С. 95—139.

Б.​М.​Лабанаў.

т. 13, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАМЕЛІЯРАЦЫ́ЙНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,

збудаванні для рэгулявання ўзроўняў і расходаў грунтавых або паверхневых вод, змены напрамку, паскарэння ці запавольвання іх руху з мэтай паляпшэння воднага рэжыму глеб і грунтоў у неспрыяльных прыродных умовах. Бываюць: рачныя, вадасховішчныя (азёрныя) і сеткавыя (на каналах); грунтавыя (земляныя), бетонныя, жалезабетонныя, керамічныя, метал., з сінт. матэрыялаў.

Паводле мэтавага прызначэння падзяляюцца: на гідрамеліярацыйныя збудаванні для забору вады (фільтры- і калодзежы-паглынальнікі, трубчастыя дрэны, каптажы, вертыкальныя свідравіны, шахтавыя калодзежы, асушальнікі, вадазборныя і лоўчыя каналы, водазаборы); адводу і падачы вады (калектары, праводныя, магістральныя, разгрузачныя, адводныя, перахапляльныя і нагорныя каналы, водапрыёмнікі, трубаправоды, гідратэхнічныя тунэлі, вадавыпускі, вадаспускі, паліўныя барозны і палосы, латакі, помпавыя станцыі); рэгулявання расходаў і ўзроўняў вады ў каналах (шлюзы- і трубы-рэгулятары, калодзежы-рэгулятары, вадавыпускі); спалучэнні па вышыні розных узроўняў дна канала (вусці калектараў, быстратокі, перапады, перападныя калодзежы); аховы тэрыторыі ад высокіх вод адкрытых вадатокаў (дамбы, канцавыя скіды арашальных каналаў); збору, назапашвання і захоўвання паверхневых вод (вадасховішчы, рыбаводныя сажалкі, сажалкі-накапляльнікі, проціпажарныя вадаёмы, кальматажныя басейны, чэкі, грунтавыя дамбы і плаціны з бетоннымі вадазлівамі, вежавымі вадаскідамі, вадаспускамі, вадавыпускамі, быстратокамі, ступеньчатымі перападамі); вымярэння ўзроўняў і расходаў (назіральныя і аглядныя калодзежы, свідравіны, вадазлівы-вадамеры); пераходу праз вадатокі і глыбокія даліны (дзюкеры, акведукі, ліўнепрапускныя трубы); засцярогі каналаў ад заглейвання (адстойнікі); пераезду (пераходу) праз адкрытыя каналы (трубы-пераезды, масты, жывёлапрагоны, пешаходныя мосцікі); аховы водазабораў ад пападання рыбы (рыбазагараджальнікі) і інш.

На Беларусі канструкцыі гідрамеліярацыйных збудаванняў распрацоўваюцца і даследуюцца ў Бел. дзярж. ін-це па праектаванні водагасп. і меліярац. буд-ва, БПА, БСГА, Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства, Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў і інш. Буд-ва гідрамеліярацыйных збудаванняў вядуць перасоўныя механізаваныя калоны канцэрна Белмеліявадгас.

Літ.:

Мелиорация и водное хозяйство: Справ. Т. 3. Осушение. М., 1985;

Мелиорация и водное хозяйство: Справ. Т. 6. Орошение. М., 1990.

М.​М.​Кунцэвіч.

Гідрамеліярацыйныя збудаванні: а — падпорны адкрыты рэгулятар (1 — шпунт, 2 — здвоены затвор, 3 — вінтавы пад’ёмнік, 4 — мост); б — экранны рыбазагараджальнік (1 — рыбаадводны тракт, 2 — плоскія сеткі, 3 — прамыўное прыстасаванне); в — каркас-нашпунтавая перамычка (1 — шпунт, 2 — раскосы); г — гідраметрычны масток (1 — берагавая апора, 2 — ферма).

т. 5, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБРУ́ДЖВАННЕ ГЛЕБ,

працэс насычэння глебы забруджвальнікамі ў колькасцях і канцэнтрацыях, якія перавышаюць здольнасць глебавых экасістэм да іх уключэння ў біял. кругаварот. Адрозніваюць прыроднае (натуральнае) З.г. і забруджванне антрапагеннае. Прыроднае выклікаецца стыхійнымі сіламі і мае рэгіянальны або лакальны характар (напр., у выніку рассейвання вулканічнага попелу, пры пылавых бурах, паводках і інш.). Найб. пашырана антрапагеннае З.г., выкліканае гасп. дзейнасцю чалавека.

Асн. забруджвальнікі глебы — патагенныя мікраарганізмы (узбуджальнікі сібірскай язвы, батулізму, дызентэрыі, тыфу і інш.), металы (жалеза, медзь, цынк, ртуць і інш.) і іх злучэнні, сродкі хімізацыі сельскай гаспадаркі (гербіцыды, пестыцыды. мінер. ўгнаенні), радыеактыўныя элементы, дэтэргенты, дэфаліянты, нафтапрадукты і інш. Паступленне забруджвальнікаў у глебу з быт. адходамі, выкідамі прам-сці, транспарту, сельскай гаспадаркі мяняе ход глебаўтваральнага працэсу (часцей у бок тармажэння), уплывае на фіз,хім. ўласцівасці глебы, здольнасць яе да самаачышчэння, вядзе да назапашвання забруджвальнікаў у раслінах: небяспечныя хім. элементы і прадукты іх пераўтварэння могуць трапляць у арганізм жывёл і чалавека. Большая ч. ўсіх адходаў акумуліруецца ў паверхневым (3—5 см) пласце глебы, больш за ўсё шкодных рэчываў намнажаецца ў паніжаных месцах, на ўзгорыстых і горных мясцінах, у поймах рэк таксічных рэчываў застаецца менш (вымываюцца патокамі вады). Маштабы З.г. у наш час набылі глабальны характар: тэхнагеннае паступленне жалеза на паверхню Зямлі перавышае натуральнае больш як у 10 разоў, медзі ў 26, цынку ў 15; для аховы ўраджаю с.-г. культур выкарыстоўваецца больш за 900 хім. злучэнняў; штогод у свеце назапашваецца каля 20 млрд. т аргана-мінер. і мінер. адходаў, з мінер. ўгнаеннямі на палі ў глебу ўносіцца каля 60 млн. т азоту, фосфару і калію, каля 4—5 млн. т пестыцыдаў.

На Беларусі найб. колькасць вытв. забруджванняў прыпадае на прадпрыемствы хім. прам-сці. У глебавым покрыве вакол гарадоў Гомель, Гродна, Магілёў, Мазыр, Наваполацк адзначаны павышаныя колькасці сярністага ангідрыду, вокіслаў вугляроду, азоту, цяжкіх металаў. У р-не г. Салігорск назіраецца засаленне глебы адходамі калійнай вытв-сці. Папярэджанне З.г. — адна з асн. задач аховы глебаў.

Я.​В.​Малашэвіч.

т. 6, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПАВЕ́ДНІКІ,

1) тэрыторыя сушы або акваторыя, у межах якой увесь прыродны комплекс поўнасцю выключаны з гасп. дзейнасці і ахоўваецца дзяржавай; від запаведных тэрыторый. Участкі зямлі, яе нетраў і воднай прасторы ў межах З. аддаюцца ў карыстанне грамадскім ці дзярж. органам. Асн. задачы З.: зберажэнне эталонных або найб. тыповых для вызначанай геагр. зоны прыродных ландшафтаў, рэдкіх і каштоўных відаў жывёл і раслін; вывучэнне прыродных працэсаў у натуральным стане; распрацоўка пытанняў рэканструкцыі флоры, фауны і комплексу інш. прыродаахоўных праблем; культ.-асв. работа, папулярызацыя прыродаахоўных поглядаў і аховы прыроды (гл. Маніторынг, Біясферны запаведнік). Вылучаюць З. накіраванага рэжыму, прыродныя, эталонныя, біясферныя, мемарыяльныя і інш. Для аховы прыродных комплексаў З. ствараюцца ахоўныя зоны. Ахоўвае З. спец. служба (дзяржінспектары, егеры). Навук. работа ў З. мае комплексны характар, вядуцца даследаванні па праграме «Летапіс прыроды».

Першыя дзярж. З. ўзніклі ў стараж. Вавілоне, Грэцыі, Індыі і ствараліся з рытуальнымі і паляўнічымі мэтамі. Найстаражытнейшы З. на слав. землях — Белавежская пушча. Першымі дзярж. З. Расіі былі Баргузінскі запаведнік, Кедравая Падзь, Лагадэхскі запаведнік, Саянскі (1915). Самы вял. З. у свеце — Вялікі Габійскі (Манголія, пл. 5 млн. га), у Расіі — Таймырскі запаведнік. Найб. вядомыя З. — Асканія-Нова, Байкальскі запаведнік, Жувінтас, Каўказскі запаведнік, Кызылагаджскі запаведнік, Рэпетэкскі запаведнік і інш.

На Беларусі два З.: Бярэзінскі біясферны запаведнік і Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік (адзіны ў свеце). Стварэнне, статут, структура і рэжым З. вызначаны Законам Рэспублікі Беларусь «Аб асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях і аб’ектах» (1994) і адпаведнай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 13.3.1995. Вял. роля З. Беларусі ў зберажэнні і аднаўленні каштоўных і рэдкіх відаў жывёл (алень высакародны, бабёр, зубр, лось і інш.) і раслін, даследаванні па геабатаніцы, фларыстыцы, лесазнаўстве, фауністыцы, паляўніцтвазнаўстве, глебазнаўстве, экалогіі і інш. З. ўдзельнічаюць у міжнар. праграмах па ахове прыроды ў рамках МАБ, ЮНЕП, ЮНЕСКА.

2) Навукова-даследчыя ўстановы, за якімі замацаваны тэрыторыі, дзе вядуцца адпаведныя арганізацыйныя работы і даследаванні.

Літ.:

Заповедники и национальные парки мира. М., 1969;

Заповедники Белоруссии: Исслед. Вып. 1—6. Мн., 1977—82;

Заповедники СССР: [Справ.]. М., 1980;

Биосферный заповедник на Березине. Мн., 1993;

Березинский биосферный заповедник. Мн., 1996.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 6, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)