РУНІ́ЧНАЕ ПІСЬМО́,

адзін з тыпаў пісьма, знакі якога (руны) мелі завостраныя абрысы. Р.п. карысталіся з пач. н.э. скандынаўскія, англасаксонскія, герм. і некат. інш. плямёны. Руны высякалі ці выразалі на камені, метале, косці, дрэве і інш. Захаваліся і рукапісныя руны на пергаменце. Рунічныя надпісы знойдзены ў Скандынавіі (3 ст.), Германіі, Англіі (6—7 ст.), Францыі, Грэцыі, Румыніі і інш. краінах. Усяго вядома каля 4 тыс. рунічных помнікаў, самы вядомы — Дацкі кодэкс законаў 13—14 ст. Р.п. адносіцца да вакалізавана-гукавога тыпу: гукавое значэнне кожнай літары супадала з пачатковым гукам яе назвы. Літары пісаліся пераважна злева направа. Алфавіт стараж. рунаў складаўся з 24 знакаў (т.зв. старшыя руны, або футарк). З 11 ст. ў скандынаўскіх краінах пачалі ўжываць алфавіт з 16 літар (малодшыя руны), у якім адным знакам абазначаліся глухія і звонкія гукі, галосныя з умляўтам і без яго. З 11 ст. ў Даніі, пазней у Нарвегіі на базе малодшых рунаў фарміравалася пункціраванае Р.п.; да 16 літар дадаваліся кропкі і рыскі, што дазваляла больш дакладна абазначаць блізкія, але розныя гукі. З пашырэннем хрысціянства ў Еўропе язычніцкае Р.п. паступова выцеснена лацінскім пісьмом, але ў Скандынавіі яно праіснавала да 14 ст., цалкам знікла ў 20 ст. Існуе шмат гіпотэз генет. сувязі Р.п. з фінікійскім пісьмом, з алфавітамі грэч., лац. і паўн.-італійскім, а таксама з сістэмамі знакаў уласнасці, лічэння, магіі і інш.

Літ.:

Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.

А.​Я.​Міхневіч.

Рунічнае пісьмо.

т. 13, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІЯ НАРО́ДНЫЯ СТРА́ВЫ,

традыцыйныя стравы, якія здаўна гатаваліся ў большасці бел. сем’яў і складаюць спецыфіку бел. кухні сёння. Беларускія народныя стравы гатаваліся з зерне-гароднінных і мяса-малочных прадуктаў, вырабленых ва ўласнай гаспадарцы, ад яе асаблівасцяў у тых ці інш. рэгіёнах залежалі мясц. адрозненні ў стравах. Паводле расліннага ці жывёльнага паходжання прадуктаў і часу спажывання па царк. прадпісанні беларускія народныя стравы падзяляюцца на посныя і скаромныя. Посныя стравы спажываліся ў пост, гатаваліся з мукі, круп, гародніны, мёду, рыбы і запраўляліся толькі алеем або семем. Скаромныя стравы — з малака, смятаны, сыру, мяса, яек, з салам, маслам, лоем, смальцам. Па кансістэнцыі беларускія народныя стравы бываюць рэдкія (крупнік, кулеш, булён, крышаны, боршч, юшка, халаднік, жур), густыя (кашы, камы, талакно, кісель, смажанка), тыпу поліўкі (верашчака, поліўка) і печыва. Спосабы прыгатавання простыя — стравы вараць, параць, смажаць, пражаць, пякуць, тушаць; часам спалучаюцца розныя працэсы: квасяць і вараць кулагу, кісель, боршч, вараць і ахалоджваюць квашаніну, сальцісон, юшнік з рыбы, вараць і таўкуць камы, запякаюць бульбянікі з варанай тоўчанай бульбы, таркуюць бульбу сырую і пякуць бабку, дранікі, вараць клёцкі, калдуны. Найб. даўні спосаб прыгатавання раслінных страў — падпражванне і варка цэлага зерня (захаваліся ў такіх стравах, як пражаны гарох, куцця). Са старажытнасці да нашых дзён спажываюць рэдкія стравы з мукі — калатушу, калі мука папярэдне густа замешваецца з вадой — зацірку. Рэдкія стравы звычайна не вельмі каларыйныя (з косткай з вяндліны, засквараныя, са смятанай, але не вадкія) раней гатаваліся не толькі на абед, а і на снеданне, часам на вячэру. Амаль штодня варылася кіслая страва, у хаце заўсёды быў квасны напітак: хлебны квас, раўгеня, квас з квашаных буракоў, які не толькі пілі, але і выкарыстоўвалі на заквашванне страў. Сярод беларускіх народных страў пірагі (крапанікі) з фасоляй, капустай, грыбамі; варэнікі (галушкі) з сырам, ягадамі, семем, калдуны з мясам, наліснікі з сырам, вантробкамі, крывянкі з крупамі, мукой, кішкі з дранай бульбай. З 19 ст. пашыраецца спажыванне страў з бульбы (салёнка, пячонікі, бабка, дранікі, камы, булён). Беларускія народныя стравы здаўна падзяляліся на штодзённыя, святочныя, абрадавыя (гл. таксама Абрадавае печыва і Абрадавыя стравы). Так, на Вялікдзень запякалі парася, начыненае кашай, наліснікамі з вантробамі, запякалі кумпяк у жытнім цесце, засмажвалі цяляціну, пяклі пірагі, бабкі, рабілі паску. На посную куццю гатавалі 12 страў. Прыправы выкарыстоўвалі пахучыя, але не вострыя: кроп, кмен, каляндру, чарнушку, часнок, цыбулю, радзей — перац. Са зменай у побыце сялян перасталі гатаваць жытнія цестападобныя кашы, талакно, раўгеню, радзей труць мак, вараць аўсяны кісель. Гл. таксама Ежа.

Г.​Ф.​Вештарт.

т. 2, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРБІТРА́Ж МІЖНАРО́ДНЫ,

міжнародны орган па мірным вырашэнні спрэчак паміж дзяржавамі. Прадугледжаны многімі міжнародна-прававымі актамі, у т. л. Статутам ААН. Парадак фарміравання арбітражу міжнароднага і яго працэдура рэгулююцца Гаагскай канвенцыяй аб мірным вырашэнні міжнар. сутыкненняў 1907 і Узорнымі правіламі арбітражнага працэсу 1958. Ствараецца для разгляду адной або некалькіх спраў ці на пастаяннай аснове. Арбітраў выбіраюць самі дзяржавы — удзельніцы спрэчкі ў складзе 1 прадстаўніка ад кожнай з іх і прадстаўнікоў ад трэціх дзяржаў. Пастаянны міжнар. арбітражны орган — Пастаянная палата трацейскага суда, заснаваная ў Гаазе ў 1899. Бакамі ў арбітражным працэсе звычайна выступаюць дзяржавы, але могуць быць міжнар. арг-цыі або прыватныя фірмы, карпарацыі.

т. 1, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛІСТЫ́ТЫ,

адзін з відаў бяздымнага пораху на аснове нітратаў цэлюлозы, пластыфікаваных нітраэфірамі. Звычайны састаў балістытаў: 50—60% калаксіліну і 25—40% нітрагліцэрыну (нітрагліцэрынавы порах), дыэтыленгліколь дынітрату (дыгліколевы порах) ці іх сумесі. У балістыты ўводзяць да 10% парашку алюмінію ці магнію (для вырабу цвёрдага ракетнага паліва), таксама стабілізатары (цэнтраліты), каталізатары гарэння (солі ці аксіды металаў), тэхнал. дабаўкі (вазелінавае масла, воск). Атрымліваюць балістыты змешваннем кампанентаў з вадой; пасля яе аддзялення сумесь апрацоўваюць пры пэўнай тэмпературы і ціску на вальцах. Пры гарэнні балістыты не дэтануюць, але пры павольным тэрмічным раскладанні могуць самазагарацца. Балістыты ўпершыню атрыманы А.Нобелем у 1888. Выкарыстоўваюцца ў ствольнай агнястрэльнай зброі, як цвёрдае ракетнае паліва.

т. 2, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАЦЬБІ́СТЫ,

украінская партыя левых эсэраў у 1918—20. Узнікла ў маі 1918 у выніку расколу Украінскай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Назва ад парт. газ. «Боротьба». З сак. 1919 наз. Укр. партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў-камуністаў, са жн. 1919 — Укр. камуніст. партыя (барацьбістаў). Прадстаўнікі барацьбістаў уваходзілі ў сав. ўрад Украіны, Усеўкр. рэўком. Выступалі за незалежнасць Украіны, нац. характар укр. рэвалюцыі і інш., вялі паліт. барацьбу з бальшавікамі, але па шэрагу пытанняў падтрымлівалі іх. Сац. базу партыі складалі сяляне і інтэлігенцыя. Кіраўнікі: В.​М.​Блакітны (сапр. Яланскі), Р.​Ф.​Грынько, А.​П.​Любчанка, І.​В.​Міхайлічэнка, А.​Я.​Шумскі. У 1920 левае крыло барацьбістаў дамаглося самароспуску партыі.

т. 2, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСФАЛЬТАБЕТО́Н, асфальтавы бетон,

будаўнічы матэрыял, які атрымліваюць ушчыльненнем спецыяльна прыгатаванай у нагрэтым стане сумесі друзу, пяску, мінер. парашку і бітуму. Для надання асфальтабетону аднароднасці і паляпшэння яго якасці ў сумесь дабаўляюць таксама паверхнева-актыўныя рэчывы.

Адрозніваюць асфальтабетон гарачы — мае ў сабе вязкі бітум і ўкладваецца пры т-ры не ніжэй за 120 °C; цёплы — малавязкі, з т-рай укладкі 40—85 °C, халодны — з вадкім бітумам, які ўкладваецца пры т-ры навакольнага асяроддзя, але не ніжэй за 10 °C. Асфальтабетон бывае буйна-, дробназярністы і пясчаны (памеры зерня 40, 20 і 5 мм адпаведна). Выкарыстоўваецца для буд-ва пакрыццяў і асновы аўтамабільных дарог, аэрадромаў, гарадскіх вуліц і плошчаў.

т. 2, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ВУЧЫ́ЦЕЛЬСКІ ХАЎРУ́С,

прафесіянальна-палітычная арг-цыя бел. настаўнікаў у 1917—20. Створаны ў Мінску па ініцыятыве настаўнікаў — дэлегатаў з’езда бел. арг-цый і партый. Меў аддзяленні ў некаторых паветах і валасцях. Аб’ядноўваў прыхільнікаў беларусізацыі нар. асветы. Меў на мэце згуртоўваць настаўнікаў і дзеячаў нар. адукацыі, якія лічылі неабходным весці навучанне на бел. мове не толькі ў школе, але і ў ВНУ. Аказваў матэрыяльную і маральную падтрымку настаўнікам, якія адкрывалі бел. школы. У 1918 прадстаўнікі хаўрусу ўваходзілі ў склад Рады БНР. У перыяд польскай акупацыі (1919—20) хаўрус процідзейнічаў спробам улад абмежаваць нац. правы беларусаў у галіне асветы.

С.​С.​Рудовіч.

т. 2, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯСТРАТЫГРА́ФІЯ (ад бія... + стратыграфія),

галіна стратыграфіі, якая вывучае размеркаванне выкапнёвых рэшткаў арганізмаў у асадкавых пародах. Мэта біястратыграфіі: вызначэнне адноснага ўзросту, паслядоўнасці ўтварэння, пашырэння і карэляцыі слаёў горных парод. Асн. задача біястратыграфіі — распрацоўка стратыграфічных шкал з дапамогай палеанталагічнага метаду. Найб. значэнне для біястратыграфіі маюць арганізмы, якія існавалі нядоўга, але былі шматлікія на вял. тэрыторыях. На Беларусі біястратыграфія — аснова расчлянення адкладаў фанеразою па выкапнёвых рэштках брахіяподаў, фарамініфераў, астракодаў, малюскаў, пазваночных, насякомых, акрытархаў, канадонтаў, водарасцяў, спораў, пылку, насення і інш. Даследаванні вядуцца ў Ін-це геал. навук АН Беларусі, Беларускім н.-д. геолагаразведачным ін-це і Цэнтральнай лабараторыі ВА «Беларусьгеалогія», БДУ.

С.​А.​Кручак.

т. 3, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІТЭРА́ЦЫЯ (ад лац. ad да, пры + littera літара),

адзін са спосабаў гукавой арганізацыі маўлення, паўтарэнне аднолькавых або падобных зычных гукаў. Словы, звязаныя алітэрацыяй, вылучаюцца ў моўнай плыні, набываюць пэўную інтанацыйную значнасць. Як стыліст. прыём алітэрацыі выкарыстоўваецца з даўніх часоў у вуснапаэт. і літ. разнавіднасцях маст. мовы (пераважна ў паэзіі).

На алітэрацыі пабудаваны многія прыказкі і прымаўкі («Дружба дружбай, а служба службай»), скорагаворкі («Пекар Пётр пёк пірог»). Прасцейшы від алітэрацыі — гукаперайманне, але ў чыстым выглядзе яно выступае рэдка, часцей служыць першаасновай для далейшых гукавых асацыяцый («Шурхатала трава затоеным шэптам: «Ш-ш-ш... с-с-с...» З.​Бядуля). Алітэрацыя звычайна спалучаецца з асанансам.

т. 1, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДВАРО́ТНАЯ ТЭАРЭ́МА,

тэарэма, умовай якой з’яўляецца выснова зыходнай (прамой) тэарэмы, а высновай — умова. Прамая і адваротная тэарэма — узаемна адваротныя. З іх праўдзівасці вынікае, што выкананне ўмовы адной з іх не толькі дастаткова, але і неабходна для праўдзівасці высновы, напр., тэарэмы: «калі 2 вуглы трохвугольніка роўныя, то іх бісектрысы роўныя» і «калі 2 бісектрысы трохвугольніка роўныя, то адпаведныя ім вуглы роўныя», — узаемна адваротныя і абедзве праўдзівыя. З праўдзівасці якой-н. тэарэмы не вынікае праўдзівасць адваротнай тэарэмы да яе, напр., тэарэма: «калі лік дзеліцца на 6, то ён дзеліцца на 3» — праўдзівая, а адваротная тэарэма: «калі лік дзеліцца на 3, то ён дзеліцца на 6» — непраўдзівая.

т. 1, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)