ВАЛО́ВІЧ (Астафій) (Яўстафій) Багданавіч (каля 1520, Гродзеншчына — 1587),

дзяржаўны і грамадскі дзеяч ВКЛ, гуманіст, мецэнат-асветнік. З бел. шляхецкага роду Валовічаў. Скончыў Падуанскі ун-т. Падстароста берасцейскі (з 1550), пісар ВКЛ (1552—66), маршалак дворны, дзяржаўца медніцкі, староста магілёўскі, азярышчанскі, берасцейскі, кобрынскі, рэчыцкі. Падскарбі земскі (1561—66), падканцлер (1566—79), канцлер (з 1579) ВКЛ і кашталян трокскі (1569—79), віленскі (з 1579). Неаднаразова быў паслом у Маскве. Праціўнік аб’яднання ВКЛ з Каронай, адзін з лідэраў апазіцыі пры заключэнні Люблінскай уніі 1569. Актыўны ўдзельнік аграрнай, судова-адм. і інш. рэформаў 1550—60-х г., адзін з арганізатараў падрыхтоўкі Статута Вялікага княства Літоўскага 1566. Шмат зрабіў для пашырэння на Беларусі адукацыі, ведаў, кнігадрукавання. Быў апекуном бел.-літоўскага рэфармацыйнага руху. На яго сродкі заснавана Нясвіжская друкарня. Гуманістычна-хрысціянскі запавет «любові да бліжняга» ён пашыраў і на сваіх падданых — чэлядзь і сялян.

Літ.:

Саверчанка І. Астафей Валовіч: (Гіст.-біягр. нарыс). Мн., 1992.

т. 3, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАШЧА́НКА (Максім Ярмалініч) (1650-я г., Магілёў — 1708),

бел. друкар і гравёр па медзі. Адзін з заснавальнікаў Магілёўскай школы гравюры. Вучыўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі, дзе атрымаў ступень бакалаўра філасофіі і вольных мастацтваў (1672), званне магістра навук (1673). Друкарскую дзейнасць пачаў у Слуцку, дзе ў 1678 зрабіў ілюстрацыі да кн. «Манархія Турэцкая, апісаная Рыко» (19 падпісных медзярытаў Вашчанкі — копіі гравюр франц. мастакоў С.​Леклерка і Н.​Кашэна для парыжскага выдання 1670 кнігі П.​Рыко). З 1680-х г. працаваў у Магілёўскай брацкай друкарні, якой кіраваў з 1690-х г. да 1708. Выканаў каля 30 медзярытаў для кн. «Акафісты і каноны» (1693; друкаваліся таксама ў кн. «Акафісты і каноны», 1726, і «Акафісты», 1728). Адзін з першых у бел. кірылічным кнігадрукаванні выкарыстаў тэхніку разцовага медзярыту. Многія гравюры Вашчанкі створаны пад уплывам зах.-еўрап. традыцый, вылучаюцца ўмелай кампаноўкай шматфігурных сцэн, багаццем святлоценявой мадэліроўкі. Яго сын В.М.Вашчанка вядомы як майстар выдатных дрэварытаў.

А.​М.​Пікулік.

М.Я.Вашчанка. Ілюстрацыя да кнігі «Манархія Турэцкая, апісаная Рыко». Медзярыт 1678.

т. 4, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЛЬЯ́РД (франц. billard, ад bille шар),

настольная гульня з шарамі. Вядзецца на пакрытым сукном стале (3,66 × 1,83 м; наз. таксама більярд) з бартамі, якія маюць 6 адтулін (лузаў) з сеткай; некаторыя більярды лузаў не маюць. Радзімай більярда лічаць Індыю і Кітай. Гульня вядзецца шарамі са слановай косці ці пластмасы. Кіем (даўж. 1,5 м) удараюць шары адзін аб адзін, каб загнаць іх у лузы. Існуе некалькі відаў гульні: амер. більярд (пул), англ. (снукер), італьян. (разнавіднасці — фішкі і карамболь); у краінах СНД і Францыі пашыраны рус. (класічны) більярд (разнавіднасці — рус. і маскоўская піраміды, амерыканка).

У шэрагу краін, у т. л. ў Беларусі, більярд лічыцца відам спорту. Праводзяцца спаборніцтвы, у т. л. чэмпіянаты свету. На Беларусі як спорт більярд развіваецца з 1989. Існуе (з 1991) мінская федэрацыя більярда. З 1992 праводзяцца чэмпіянаты Беларусі. Бел. майстры більярда ўдзельнічалі ў чэмпіянатах СССР і свету па рус. більярдзе. На Алімпійскіх гульнях 1996 у Атланце більярд прадстаўлены як паказальны від спорту.

Ю.​Г.​Лобач.

Більярд.

т. 3, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́ЛІ (ад грэч. allēlōn адзін аднаго, узаемна),

алеламорфы, розныя формы (станы) аднаго і таго ж гена. Размешчаны ў аднолькавых участках (локусах) гамалагічных (парных) храмасом і кантралююць кірункі развіцця адной і той жа прыкметы (напр., белы ці чырвоны колер кветкі). Алелі ўзнікаюць пры любой змене структуры гена ў выніку мутацый або ўнутрыгенных рэкамбінацый (магчымая колькасць алеляў кожнага гена практычна незлічоная). Кожны ген можа знаходзіцца не менш як у двух алельных станах, адзін з якіх звычайна забяспечвае максімальнае развіццё прыкметы — дамінантная алеля, другі прыводзіць да частковай або поўнай страты або змены прыкметы — рэцэсіўная алеля. Ген, які мае некалькі розных станаў, утварае серыю множных алеляў. Наяўнасцю алельных генаў абумоўлены фенатыпічныя адрозненні сярод арганізмаў (гл. Фенатып). Частоты асобных алеляў у генафондзе даюць магчымасць вылічаць генет. змены ў пэўнай папуляцыі і вызначаць частату генатыпаў, што выкарыстоўваюць у селекцыі для прадказання магчымых вынікаў скрыжаванняў.

Схема гома- і гетэразіготнасці па адной пары алеляў: 1 — гомазіготнасць; 2 — гетаразіготнасць (А — дамінантная алель, а — рэцэсіўная алель).

т. 1, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІЦЫКЛІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

арганічныя злучэнні, малекулы якіх змяшчаюць адзін або некалькі цыклаў з атамаў вугляроду (акрамя араматычных злучэнняў). Падзяляюцца на класы і гамалагічныя шэрагі па колькасці і будове цыклаў, наяўнасці кратных сувязяў і функцыян. груп у малекуле. Монацыклічныя злучэнні па колькасці атамаў вугляроду ў цыкле бываюць малыя (3—4), звычайныя (5—7), сярэднія (8—12) і макрацыклы (больш за 12) Аліцыклічныя злучэнні з некалькімі цыкламі — бі-, тры- і поліцыклічныя. Апошнія могуць быць ізаляваныя (І), сучлененыя (II), мець адзін, два, тры і больш агульных атамаў вугляроду, адпаведна спіраны (III), кандэнсаваныя (IV), мосцікавыя (V), поліэдрычныя злучэнні (VI). Наяўнасць цыкла ў малекуле адбіваецца на фіз. і хім. уласцівасцях аліцыклічныя злучэнні у параўнанні з ацыклічнымі злучэннямі з той жа колькасцю атамаў вугляроду (больш высокія паказчыкі пераламлення, шчыльнасці, т-ры кіпення; больш высокая рэакцыйная здольнасць, асабліва малых цыклаў). Аліцыклічныя злучэнні сустракаюцца ў нафце; як структурныя фрагменты ўваходзяць у састаў многіх прыродных злучэнняў: тэрпеноідаў, стэроідаў, інсектыцыдаў, вітамінаў, антыбіётыкаў. Найб. практычнае выкарыстанне мае цыклагексан, яго гамолагі і вытворныя.

т. 1, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯНКО́ВАЯ КАНСТРУ́КЦЫЯ ў архітэктуры,

сістэма драўляных вянкоў (гарыз. радоў бярвён, брусоў, плах, дыляў), звязаных у вуглах урубкамі, укладзеных адзін на адзін, што ўтвараюць зруб. Пашырана ў лясных раёнах Еўропы з жал. веку. На Беларусі вядома з 2—3 ст. н.э. ў плямён культур штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай, з 9 ст.асн. канструкцыя драўляных будынкаў. На такой аснове будавалі жыллё, гасп. і вытв. пабудовы, абарончыя збудаванні (гародні, тарасы, вежы), грамадскія і культавыя будынкі. Вядомы зрубы прамавугольнай, квадратнай (клеці), 8-граннай (гл. Васьмярык), 6-граннай формаў, пастаяннага або пераменнага па вышыні сячэння, ярусныя (чацвярык на чацверыку, васьмярык на васьмерыку і інш.). Спалучэннем некалькіх зрубаў утвараліся падоўжна-восевая, глыбінна-прасторавая, крыжова-цэнтрычная, жывапісна-асіметрычная і інш. кампазіцыі. Вянковую канструкцыю мелі не толькі зрубы, але і іх завяршэнні (гл. ў арт. Закот, Верх, Шацёр). Цяпер вянковую канструкцыю выкарыстоўваюць пераважна ў традыц. нар. жыллі і гасп. пабудовах.

С.​А.​Сергачоў.

Да арт. Вянковая канструкцыя. Вянковы двор. Беларускі музей народнай архітэктуры і побыту. Сектар «Цэнтральная Беларусь».

т. 4, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́МШЫ ((Gramsci) Антоніо) (23.1.1891, г. Алес, вобл. Сардзінія, Італія — 27.4.1937),

італьянскі паліт. дзеяч, філосаф, гісторык. Вучыўся ў Турынскім ун-це (1911—14). У 1913—21 чл. Італьянскай сацыялістычнай партыі, адзін з кіраўнікоў яе левага крыла. З 1919 выдаваў час. «L’Ordine Nuovo» («Новы лад»), які заснаваў разам з У.​Тэрачыні і П.Тальяці. Адзін з заснавальнікаў (1921) і ген. сакратар (з 1924) Італьян. Камуніст. партыі. У 1922—23 удзельнічаў у працы Камуністычнага інтэрнацыянала. Дэп. парламента (1924—26). Выступаў за паліт. саюз з інш. партыямі — праціўнікамі фашызму. У 1926 арыштаваны, у чэрв. 1928 асуджаны на 20 гадоў зняволення (пазней тэрмін скарочаны). У зняволенні напісаў «Турэмныя сшыткі», у якіх даследаваў сац.-паліт. гісторыю Рысарджымента, марксізм як светапогляд і вучэнне, тэорыю прыродазнаўства, крытыкаваў погляды на культуру Б.Крочэ і інш. Фашызм вызначаў як «несанкцыянаванае законам насілле з боку капіталіст. класа».

Тв.:

Рус. пер. — Избр. произведения. М., 1980.

Літ.:

Григорьева И.В. Исторические взгляды Антонио Грамши. М., 1978.

т. 5, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЖАНЁЎСКІ ((Korzeniowski) Юзаф) (19.3.1797, каля г. Броды Львоўскай вобл., Украіна — 17.9.1863),

польскі пісьменнік, драматург, педагог, адзін з пачынальнікаў рэалізму ў польск. л-ры. Скончыў Крамянецкі ліцэй (1819). З 1833 выкладаў у Кіеўскім ун-це, Харкаве. З 1846 у Варшаве, адзін з арганізатараў Гал. школы (гл. Варшаўскі універсітэт). З 1863 у Дрэздэне. Дэбютаваў у 1816 класіцыстычнымі одамі. Лепшыя яго п’есы: драма «Карпацкія горцы», прысвечаная барацьбе гуцулаў за вольнасць, камедыі «Яўрэі» — з’едлівая сатыра на дэградуючую шляхту, «Замужняя дзяўчына» (усе 1843), адметная тонкім гумарам і яскравасцю характараў. Аўтар гіст. трагедыі «Манах» (1830), раманаў «Спекулянт» (1846), «Калакацыя» (1847), «Сваякі» (т. 1—4, 1857) і інш., у якіх адлюстраваны актуальныя праблемы таго часу.

Тв.:

Dziela wybrane. T. 1—8. Kraków, 1954;

Рус. пер. — Аферист. Раздел: Романы. М., 1979.

Літ.:

Bachórz J. Realizm bez «chmumej jazdy»: Studia o powieściach Józefa Koizeniowskiego. Warszawa, 1979;

Цыбенко Е.З. Польский социальный роман 40—70-x г. XIX в. М., 1971.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 7, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЭ́Н ((Cassin) Рэнэ Самюэль) (5.10.1887, г. Баёна, Францыя — 20.2.1976),

французскі дзярж. дзеяч, дыпламат, юрыст. Д-р права (1914). Скончыў Парыжскі ун-т. У 1920—60 праф. права ун-таў Экс-ан-Праванса, Ліля, Парыжа. У 1924—38 прадстаўнік Францыі ў Лізе нацый. У 1941—43 камісар юстыцыі і асветы ва ўрадзе «Свабоднай Францыі» (з 1942 «Змагарная Францыя», знаходзіўся ў эміграцыі ў Лондане). У 1944—60 віцэ-прэзідэнт Дзярж. савета і чл. Канстытуцыйнага савета, чл. Акадэміі грамадскіх навук (з 1947). У 1946—68 чл., старшыня Камісіі па правах чалавека ААН. Адзін з заснавальнікаў ЮНЕСКА. Адзін з ініцыятараў стварэння і гал. аўтар Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (снеж. 1948). У 1950—60 чл. Міжнар. суда ў Гаазе, у 1965—68 старшыня Еўрап. суда па правах чалавека. Засн. (1969) і ўзначаліў Міжнар. ін-т правоў чалавека ў Страсбуры, прэзідэнт Яўр. альянсу ў Францыі. Аўтар мемуараў, кніг і артыкулаў на юрыд. тэмы. Нобелеўская прэмія міру 1968.

Л.​М.​Драбовіч.

Р.Касэн.

т. 8, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ТАРА (лац. littera),

графічны знак у складзе алфавіта для абазначэння на пісьме пэўнага гука ці спалучэння гукаў. Л. бываюць рукапісныя і друкаваныя, малыя (радковыя) і вялікія. Звычайна Л. абазначае адзін гук, зрэдку — два, напр., «ёрш» («jоpш»), «яма» («jама»), Некаторыя Л. ў розных становішчах могуць абазначаць розныя гукі («быць» — «біць», «лук» — «люк»). Часам адзін гук перадаецца спалучэннем Л., напр., бел. «дж», «дз» («дж», «дз’»), польск. sz, cz («ш», «ч»), У некаторых сістэмах пісьма ёсць Л., якія гукаў не абазначаюць (бел. і рус. «ь», рус. «ъ»). Арфаграфія ў параўнанні з гукавымі сістэмамі развіваецца павольней, таму графічнае аблічча слова часта не супадае з яго гукавым складам, напр., бел. «касьба» («каз’ба»), рус. «вода» («вада»). У стараж.-грэч., стараж.-рус. і старабел. пісьменнасцях асобныя Л. мелі лікавае значэнне.

Літ.:

Сучасная беларуская літаратурная мова: Уводзіны. Лексікалогія. Фразеалогія. Лексікаграфія. Фразеаграфія. Фанетыка. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. 3 выд. Мн., 1993;

Камароўскі Я.М. Сучасная беларуская арфаграфія. Мн., 1985.

А.​М.​Булыка.

т. 9, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)