кірунак у псіхалогіі і філасофіі 20 ст. Сфарміраваўся ў 1930-я г. ў выніку вылучэння з фрэйдызму. Найб. пашыраны ў ЗША. Гал. тэарэтыкі Х.Хорні, Г.Саліван, Э.Фром, А.Кардынер. У адрозненне ад К.Г.Юнга і А.Адлера, якія спрабавалі пераасэнсаваць вучэнне З.Фрэйда ў рамках псіхааналізу, прыхільнікі Н. стварылі вучэнне, якое базіравалася на псіхааналізе, амер. сацыялогіі і этналогіі. Яны адмовіліся ад фрэйдаўскага «біялагізму» (неўсвядомленае; вучэнне аб лібіда і сублімацыі) і прызналі ролю сац. фактару ў развіцці асобы («сацыялагізацыя псіхалогіі»). Сац. фактар і сац. з’явы тлумачыліся ў пераламленні праз прызму свядомасці суб’екта (псіхалагізаваліся), у выніку чаго адхіляліся аб’ектыўныя заканамернасці. Праблема ўзаемаадносін суб’екта і аб’екта, асобы і асяроддзя разглядалася як простае прыстасаванне аднаго да другога. Своеасабліва тлумачылася і сама асоба. Напр., Саліван абсалютызаваў міжасобасныя адносіны (сітуацыі), дзе асоба разглядалася як міф — яна толькі сума адносін, што ўзнікаюць пад час зносін. Хорні, наадварот, не выключаў магчымасці «самарэалізацыі» асобы. У выніку крытычнага стаўлення да заходняй цывілізацыі Фром стварыў тэорыю «камунітарнага сацыялізму» і прапанаваў абстрактны і утапічны метад «сац. тэрапіі» амер. нацыі (неабходнасць «лячыць» грамадства ў цэлым, а не індывіда).
Літ.:
Уэллс Г. Крах психоанализа: От Фрейда к Фромму Пер. с англ.М., 1968;
Фромм Э. Человек для себя: Пер. с англ.Мн., 1997;
Яго ж. Анатомия человеческой деструктивности: Пер. с англ.Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕБЫЛІ́ЦЫ,
фальклорныя празаічныя і вершаваныя творы жартоўнага характару, рознай жанравай прыналежнасці, якія адлюстроўваюць рэчаіснасць са знарочыстым парушэннем храналагічнай паслядоўнасці падзей, прычынна-выніковых сувязей і г.д., чым ствараюць поўны недарэчнасцей маст. малюнак свету. Для іх характэрны сатыра, дасціпны гумар, гратэск, гіпербалізацыя. Прынцыпы небылічнасці часта выкарыстоўваюцца ў жартоўных і вясельных песнях, дзіцячым фальклоры, выслоўях, зрэдку ў баладах і былінах: «Нашы сваты ды ня ехалі, // Нашы сваты ды пяшком ішлі, // Маладога ды мяшком няслі»; «Пашый жа мне, мілы, з пяску чаравічкі. // Насучы мне дратвы з дажджавых кропляў». У некат. выпадках Н. могуць быць гал. сюжэтаўтваральным элементам. Уключаюцца, напр., у казку як яе частка. Элементы Н. могуць быць таксама ў казачных зачынах і канцоўках. Паказальнікі казачных сюжэтаў фіксуюць сюжэты і матывы Н. пад № 1875—1999. Вядомыя бел. казкі пра мужыка, што лётаў на журавах, пра чалавека, што выбраўся з багны, цягнучы сябе за чуб, і інш.Асн. змест вершаваных Н. у гульні недарэчнасцямі, што ўзнікаюць пры перастаноўках (метатэзе) рознага характару. Вершаваныя Н., «Н.-скамарошыны» часта спяваюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ЙМАН, Нойман (Neumann) Джон (Янаш) фон (28.12.1903, Будапешт — 8.2.1957), амерыканскі матэматык і фізік. Чл.Нац.АН ЗША (1937). Замежны чл. Акадэміі дэі Лінчэі (1956). Скончыў Вышэйшую тэхн. школу ў Цюрыху (1925) і Будапешцкі ун-т (1926). З 1926 у Берлінскім, з 1929 у Гамбургскім ун-тах. З 1930 у ЗША у Прынстанскім ун-це (з 1931 праф.), з 1933 праф. Прынстанскага ін-та перспектыўных даследаванняў. У 1951—53 прэзідэнт Амер.матэм.т-ва. З 1955 чл. камісіі па атамнай энергіі (ЗША). Навук. працы па матэматыцы, фізіцы, тэхніцы, эканоміцы. Фундаментальныя даследаванні па функцыян. аналізе і яго дастасаваннях да пытанняў класічнай і квантавай механікі. Даў строгае матэм. абгрунтаванне квантавай механікі. Развіў тэорыю гульняў і тэорыю аўтаматаў. Даў першыя фармулёўкі метаду Монтэ-Карла (разам з С.Уламам). Зрабіў вял. ўклад у стварэнне першых ЭВМ і распрацоўку метадаў іх выкарыстання. Удзельнічаў у стварэнні атамнай і вадароднай бомбы. Імем Н. наз. кратэр на адваротным баку Месяца. Медалі імя А.Эйнштейна і імя Э.Фермі (1956).
Тв.:
Рус.пер. — Математические основы квантовой механики. М., 1964;
Теория игр и экономическое поведение. М., 1970 (разам з О.Моргенштэрнам);
Теория самовоспроизводящихся автоматов. М., 1971;
Избранные труды по функциональному анализу. Т. 1—2. М., 1987.
Літ.:
Вигнер Е. Этюды о симметрии: Пер. с англ.М., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙРАХІРУРГІ́Я (ад нейра... + хірургія),
раздзел хірургіі, які вывучае метады дыягностыкі, хірург. лячэння захворванняў і траўматычных пашкоджанняў цэнтр. і перыферычнай нерв.сістэм. Цесна звязана з неўрапаталогіяй.
Асн. нейрахірург. захворванні: пухліны галаўнога, спіннога мозга і нерваў, артэрыяльныя анеўрызмы сасудаў галаўнога і спіннога мозга, унутрычарапныя гематомы і кісты, абсцэсы і некат. паразітарныя хваробы галаўнога мозга, чэрапна-мазгавая і спінальная траўма, некат. віды неўралгій, эпілепсій і інш. У Н. выкарыстоўваюць камп’ютэрную, ядзерна-магнітна-рэзанансную тамаграфію, ангіяграфію і інш., мікрахірург. тэхніку і спец. інструменты. Першая ў Расіі клініка Н. арганізавана ў С.-Пецярбургу Л.М.Пусепам у 1912.
На Беларусі аддзяленне Н. адкрыў М.І.Грашчанкаў у 1949 у Неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі Беларускім НДІ. Заснавальнік бел. школы нейрахірургаў Э.І.Злотнік, які ўпершыню ў СССР выканаў аперацыі выключэння артэрыяльнай анеўрызмы сасудаў галаўнога мозга, татальнага выдалення неўрыномы слыхавога нерва і інш.; па яго ініцыятыве адкрыты аддзяленні Н. ў абл. цэнтрах, а таксама ў Бабруйску і Пінску. Вядомыя бел. нейрахірургі Ф.В.Аляшкевіч, М.В.Лаўлавец, С.Ф.Секач, І.А.Склют, А.Ф.Смеяновіч і інш. Навукова-практычная база па Н. — аддзел Н. Бел.НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі (Смеяновіч) і кафедра нерв. і нейрахірург. хвароб Мінскага мед. ін-та (Аляшкевіч).
Літ.:
Злотник Э.И. Аневризмы сосудов головного мозга. Мн., 1967;
Лицевой нерв в хирургии неврином слухового нерва. Мн., 1978;
Олешкевич Ф.В., Олешкевич А.Ф. Нейрохирургия: Операции на головном мозге. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЛІНЕ́ЙНАЯ О́ПТЫКА,
раздзел оптыкі, які вывучае распаўсюджванне магутных светлавых пучкоў у рэчыве з улікам нелінейнай залежнасці аптычных характарыстык асяроддзя ад напружанасці эл. і магн. палёў светлавых хваль. З’явы Н.о. выкарыстоўваюцца для змены частаты, накіраванасці і інш. параметраў светлавых патокаў, а таксама для вывучэння многіх характарыстык рэчываў і працэсаў.
Існаванне нелінейных аптычных з’яў адзначыў С.І.Вавілаў (1923); у 1926 ім (разам з В.Л.Лёўшыным) выяўлена змяншэнне паглынання святла уранавым шклом пры павелічэнні інтэнсіўнасці святла. Інтэнсіўнае развіццё Н.о. пачалося пасля стварэння лазераў. Да з’яў Н.о. належаць: генерацыя святла з кратнымі, сумарнымі і рознаснымі частотамі; вымушаныя камбінацыйнае, цеплавое і інш. рассеянні; многафатонныя пераходы; прасвятленне ці зацямненне асяроддзя; самафакусіроўка або самадэфакусіроўка патокаў святла, уздзеянне адных светлавых патокаў у рэчыве на другія і інш. Генерацыя гармонік і святла з сумарнымі (ці рознаснымі) частотамі, а таксама вымушаныя рассеянні выкарыстоўваюцца для змены частаты лазернага выпрамянення; прасвятленне асяроддзя — для кіравання працягласцю лазерных імпульсаў шляхам змен страт рэзанатара і фазавай сінхранізацыі яго ўласных ваганняў; двух- (ці больш) фатоннае паглынанне і генерацыя гармонік — у прыладах для вымярэння працягласці імпульсаў і карэляцыйных функцый лазерных патокаў святла.
На Беларусі даследаванні па Н.о. распачаты ў 1956 у Ін-це фізікі Нац.АН пад кіраўніцтвам Б.І.Сцяпанава і праводзяцца ў розных ін-тах Нац.АН і ун-тах.
Літ.:
Бломберген Н. Нелинейная оптика: Пер. с англ.М., 1966;
Апанасевич П.А. Основы теории взаимодействия света с веществом. Мн., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕМАТО́ДНЫЯ ХВАРО́БЫ РАСЛІ́Н, фітагельмінтозы,
інфекцыйныя хваробы вышэйшых раслін, што выклікаюцца фітагельмінтамі; група нематадозаў. Пашыраны ўсюды. Узбуджальнікі пранікаюць у расліны праз карані, перадаюцца з часцінкамі глебы, адмерлымі ч. хворых раслін, заражаюць пасадачны і пасяўны матэрыял. Прыкметы: недаразвіццё і дэфармацыя органаў, завяданне раслін, некрозы, хларозы раслін, усыханне верхавін, утварэнне галаў і язваў на каранях, карэнішчах, клубнях, разрыхленне тканак клубняў, цыбулін і інш. Запавольваюць рост, развіццё раслін, выспяванне, садзейнічаюць развіццю інш. хвароб, могуць прыводзіць да гібелі раслін. На Беларусі найб. пашыраны глабадэроз бульбы (выклікаецца залацістай бульбяной нематодай, праяўляецца ачагамі; на каранях бачны жаўтаватыя самкі, якія пазней ператвараюцца ў карычневыя цысты з яйцамі; каранцінная хвароба), дытыленхоз бульбы (выклікаецца сцябловай нематодай бульбы; на клубнях утвараюцца свінцова-шэрыя некратычныя плямы, якія паступова цямнеюць і набываюць метал. бляск, тканкі клубняў парахнеюць; найб. шкодны ў час захоўвання), гетэрадэроз буракоў (гл.Бураковая нематода) і збожжавых злакаў (выклікаецца аўсянай нематодай; кончыкі лістоў чырванеюць, потым жаўцеюць), мелайдагіноз агароднінных культур (выклікаецца паўд. галавай нематодай, мае ачаговы характар, найб. небяспечны ў ахаваным грунце).
Літ.:
Кирьянова Е.С., Кралль Э.Л. Паразитические нематоды растений и меры борьбы с ними. Т. 1—2. Л., 1969—71;
Деккер Х. Нематоды растений и борьба с ними: Пер. с нем. М., 1972.
І.М.Ананьева.
Нематодныя хваробы раслін: 1 — глабадэроз бульбы (а — пашкоджаная расліна, б — корань з самкамі-цыстамі); 2 — мелайдагіноз памідора (карані з галамі); 3 — дытыленхоз бульбы; 4 — дытыленхоз цыбулі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСМЯЯ́НАЎ (Аляксандр Мікалаевіч) (9.9.1899, Масква — 17.1.1980),
расійскі хімік-арганік, заснавальнік навук. школы па хіміі элементаарган. злучэнняў.
Акад. АНСССР (1943, чл.-кар. з 1939). Двойчы Герой Сац. Працы (1969, 1979). Скончыў Маскоўскі ун-т (1922), дзе і працаваў (з 1935 праф., у 1948—51 рэктар), адначасова ў АНСССР: з 1934 у Ін-це арган. хіміі (з 1939 дырэктар), з 1954 дырэктар Ін-та элементаарган. злучэнняў (з 1980 імя Н.). З 1946 акад.-сакратар Аддз.хім. навук, з 1951 прэзідэнт, у 1961—75 акад.-сакратар Аддз. агульнай і тэхн. хіміі АНСССР. Навук. працы па хіміі металаарган. злучэнняў. Адкрыў рэакцыю атрымання араматычных металаарган. злучэнняў раскладаннем двайных дыазоніевых солей з галагенідамі металаў (рэакцыя Н., 1929), з’яву металатрапіі (1960). Развіў новыя ўяўленні пра дваістасць рэакцыйнай здольнасці арган. злучэнняў нетаўтамернага характару (1955, разам з М.І.Кабачнікам). Даследаваў механізм арган. рэакцый, «сэндвічавыя» злучэнні, у т. л. вытворныя ферацэну. Распрацаваў асновы новага кірунку даследаванняў — па стварэнні сінт. прадуктаў харчавання (1962). Адзін з аўтараў і рэдактар (разам з К.А.Качашковым) серыйнага выд. «Метады элементаарганічнай хіміі» (1963—78). Ленінская прэмія 1966. Дзярж. прэмія СССР 1943. Залаты медаль імя Ламаносава АНСССР 1962.
Тв.:
Элементоорганическая химия: Избр. тр., 1959—1969. М., 1970;
Исследования в области органической химии: Избр. тр., 1959—1969. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЖЫ́НСКІ (Вацлаў Фаміч) (17.12.1889, паводле інш. звестак 12.3.1890, Кіеў — 8.4.1950),
расійскі танцоўшчык, балетмайстар. Брат Б.Ф.Ніжынскай. Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1907).
У 1907—11 саліст Марыінскага т-ра. У 1909—13 і 1916—17 вядучы танцоўшчык Рускіх сезонаў за мяжой. Першы выканаўца гал. партый у Марыінскім т-ры: Белы раб («Павільён Арміды» М.Чарапніна), Раб («Егіпецкія ночы» А.Арэнскага), Юнак («Шапэніяна» на муз. Ф.Шапэна); у трупе Рускі балет Дзягілева ў спектаклях «Карнавал» на муз. Р.Шумана, «Шахеразада» М.Рымскага-Корсакава, «Прывід ружы» на муз. К.М.Вебера, «Пятрушка» І.Стравінскага, «Нарцыс» Чарапніна, «Сіні бог» Р.Ана, «Дафніс і Хлоя» М.Равеля і інш. Адрадзіў мастацтва мужчынскага танца, які спалучае высокую тэхніку скачка і піруэта з выразнасцю пластыкі і пантамімы, узбагаціў танц. лексіку і сродкі выразнасці. Сярод пастановак: «Пасляпаўдзённы адпачынак фаўна» (1912, гал. роля) і «Гульні» на муз. К.Дэбюсі, «Вясна свяшчэнная» Стравінскага (абодва 1913), «Тыль Уленшпігель» на муз. Р.Штрауса (1916). Аўтар «Дзённіка Ніжынскага» (Парыж, 1953; Масква, 1995). Яму прысвечаны балет «Ніжынскі, клоун божы» на муз. П.Чайкоўскага і П.Анры (1971, паст. М.Бежар), «Вацлаў» на муз. І.С.Баха (1979, паст. Дж.Ноймаер), драм. спектаклі, дакумент., маст. кіна- і тэлефільмы, опера.
Літ.:
Красовская В. Нижинский. Л.. 1974;
Нижинская Р. Нижинский // Сов. балет. 1989. № 6;
1990. № 1.
Л.А.Сівалобчык.
В.Ніжынскі ў балеце «Шэхеразада». Мастак Монтэ-Негра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́БЕЛЕЎСКІЯ ПРЭ́МІІ,
прэстыжныя міжнар. ўзнагароды. названыя ў гонар іх заснавальніка А.Б.Нобеля. Прысуджаюцца штогод з 1901 са сродкаў Нобелеўскага фонду за дасягненні ў галіне фізікі, хіміі, медыцыны і фізіялогіі, л-ры, дзейнасць па ўмацаванні міру, з 1969 і па эканоміцы. Паводле завяшчання Нобеля. прысуджэнне прэмій ускладзена на Каралеўскую Швед.АН (па фізіцы і хіміі), Каралінскі медыка-хірург.ін-т у Стакгольме (па фізіялогіі і медыцыне), Швед. акадэмію ў Стакгольме (па л-ры) і спец.к-т з 5 чал.нарв. парламента (прэміі міру). У 1969 у сувязі са сваім 300-годдзем Швед.дзярж. банк заснаваў таксама штогадовую прэмію памяці Нобеля па эканоміцы. Н.п. складаюцца з залатога медаля з выявай А.Нобеля, дыплома і чэка на вызначаную Нобелеўскім фондам грашовую суму (у 1996 памер прэміі дасягнуў 7,4 млн.швед. крон). Урачыстая цырымонія ўручэння Н.п. адбываецца ў дзень смерці Нобеля (10 снеж.); іх, як правіла, уручаюць нарв. кароль у Осла (прэміі міру) і швед. кароль у Стакгольме (астатнія прэміі). Лаўрэаты абавязаны на працягу 6 месяцаў пасля атрымання прэміі выступіць з т.зв. Нобелеўскай лекцыяй (папулярная лекцыя па тэматыцы сваёй працы) у Стакгольме або Осла. Н.п., як правіла, не прысуджаюцца двойчы і пасмяротна. У 1901—91 іх атрымалі больш за 600 чал.
Літ.:
Лалаянц И.Э., Милованова Л.С. Нобелевские премии по медицине и физиологии. М., 1991;
Сульман Р. Завещание Альфреда Нобеля: История Нобелевских премий: Пер. с англ.М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУРЫ́ЕЎ (Нурэеў) Рудольф Хаметавіч
(17.3.1938, каля ст. Раздольная Іркуцкай вобл., Расія —6.1.1993),
артыст балета, балетмайстар, дырыжор. Скончыў Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1958, клас Х.Бельскага). З 1958 саліст Ленінградскага т-ра оперы і балета імя С.М.Кірава. З 1961 працаваў у Каралеўскім балеце Вялікабрытаніі і інш.зах. трупах. З сярэдзіны 1970-х г. гастраліраваў з праграмай «Нурыеў з сябрамі». У 1985—89 маст. дырэктар балетнай трупы Парыжскай оперы. Віртуозна валодаў асаблівасцямі розных школ і кірункаў класічнага і свабоднага танца. Сярод партый; Альберт («Жызэль» А.Адана), Франдоса («Лаўрэнсія» А.Крэйна), Дэзірэ і Блакітная птушка («Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Салор, Базіль («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Джэймс («Сільфіда» Ж.Шнейцгофера), Пятрушка («Пятрушка» І.Стравінскага) і інш. Сярод пастановак: «Цені» з «Баядэркі» (1963 і 1992), «Раймонда» А.Глазунова і «Лебядзінае возера» Чайкоўскага (абедзве 1964), «Танкрэд» Г.В.Генцэ, «Дон Кіхот», «Спячая прыгажуня» (усе 1966), «Шчаўкунок» (1967, 1980), «Манфрэд» (1979) і «Бура» (1982), абедзве на муз. Чайкоўскага. З 1991 выступаў як дырыжор. Зняўся ў фільмах «Я — танцоўшчык» (1972), «Валентына» (1977). Аўтар аўтабіяграфіі (2000). У 1993 праведзены фестывалі імя Н. (Уфа, Казань).
Літ.:
Р.Нуреев. СПб., 1995;
Львов-Анохин Б. Блудный сын Русского балета // Театр. 1993. №11;
Persival J. Nureyev: aspects of the dancer. New York, 1975;