вайна за панаванне на Балтыйскім моры. Кароль польскі і вял.кн.ВКЛ Жыгімонт III Ваза, які адначасова быў каралём шведскім, у 1599 лютэранскай апазіцыяй Швецыі быў пазбаўлены трона. У 1600 Жыгімонт III уключыў Эстляндыю ў склад Рэчы Паспалітай, што стала зачэпкай для вайны. У Кірхгомльскай бітве 27.9.1605 пад Рыгай вызначылася войска ВКЛ на чале з гетманам польным Я.К.Хадкевічам. У 1606 флот Рэчы Паспалітай атрымаў перамогу над шведамі ў бітве каля п-ва Хэль. У 1609 войскі Хадкевіча ўзялі г. Пярну, атрымалі перамогу каля Рыгі і ваен. дзеянні прыпыніліся. У 1617 ваен. дзеянні аднавіліся, шведы занялі Пярну. У 1621 шведскі кароль Густаў II Адольф заняў б.ч. Інфлянтаў з Рыгай, пазней Мітаву (Елгаву), якую ў 1622 вярнуў гетман польны К.Радзівіл. У 1625 Густаў II Адольф распачаў наступленне на незанятай ім ч. Інфлянтаў і на Жамойцію. Войску ВКЛ удалося адстаяць г. Дынабург (Даўгаўпілс). Ваен. дзеянні былі перанесены ў Прусію і далей у Германію. Войскі Рэчы Паспалітай атрымалі перамогі на моры каля Алівы (1627) і на сушы каля Тшцяны (1629), але шведы занялі ўсю Прусію. Паводле дагавора аб перамір’і [падпісаны 26.9.1629 у г. Альтмарк (Новы-Тарг)] большасць балтыйскіх партоў і Інфлянты да Зах. Дзвіны адышлі Швецыі. У Рэчы Паспалітай засталіся парты Каралевец (Кёнігсберг), Гданьск і Пуцк. Канчатковы мір падпісаны ў 1635, калі швед. войска выйшла з тэр. Прусіі, васальнай у адносінах да Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРА́ГІ (познагрэч. Barangoi ад стараж.-сканд. vaeringjar нарманскія воіны, якія служылі ў візант. імператараў),
1) у Візантыі любы наёмны воін.
2) Назва скандынаваў (продкаў датчан, нарвежцаў і шведаў) ва Усх. Еўропе ў 2-й пал. 9 — 1-й пал. 11 ст. У час сваёй экспансіі ў Еўропе ў эпоху вікінгаў (793—1066) датчане і нарвежцы рабілі марскія паходы гал. чынам у Зах. Еўропу (гл.Нарманы), шведы — пераважна ва Усходнюю. Апошнія гандлявалі, рухаючыся па водным шляху «з варагаў у грэкі» (праходзіў праз Беларусь), і па Волзе — да булгараў, хазараў і закаспійскіх народаў; абкладалі данінай і часткова захоплівалі слабаразвітыя вобласці Балт. рэгіёна; асн. сферамі іх дзейнасці на Русі паступова сталі гандаль і служба ў дружынах князёў. Варажскія паселішчы на землях усх. славян былі разрозненыя і адзінкавыя, а самі варагі хутка асіміляваліся. Ад факта знаходжання варагаў на Русі паходзіць т.зв. нарманская тэорыя. У «Аповесці мінулых гадоў»пад 859 згадваюцца крывічы, якія плацілі даніну варагам. У 862 крывічы разам з інш. плямёнамі прагналі варагаў за мора, адкуль яны прыйшлі. Аднак потым чудзь, наўгародскія славяне і крывічы запрасілі да сябе варажскіх князёў. Летапіс паведамляе, што Полацк заснавалі крывічы, а варагі ў ім прышлыя. Пра кантакты стараж. насельніцтва Беларусі з варагамі сведчаць таксама археал. матэрыялы (знаходкі сканцэнтраваны пераважна ўздоўж Зах. Дзвіны і Дняпра, а таксама на Гродзеншчыне).
Літ.:
Славяне и скандинавы: Пер. с нем. М., 1986;
Ловмяньский Х. Русь и норманы: Пер. с пол. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́РУСНЫЯ ХВАРО́БЫ,
хваробы раслін, жывёл і чалавека, узбуджальнікамі якіх з’яўляюцца вірусы. Падзяляюцца на групы: пухліны і інфекцыі. У чалавека выклікаюцца вірусамі РНК- і ДНК-геномных тыпаў. Крыніца заражэння — хворыя і вірусаносьбіты; шляхі — паветрана-кропельны (узбуджальнікі вострых рэспіратарных захворванняў, адру і інш.), аліментарны (узбуджальнікі кішэчных інфекцый і інш.), трансмісіўны (узбуджальнікі крывяных інфекцый і інш.), праз скуру (вірусы шаленства, воспы натуральнай, папіломы і інш.), палавы (вірус герпесу, узбуджальнік СНІДу і інш.), парэнтэральны (узбуджальнік гепатыту B), трансплацэнтарны (унутрывантробны, выклікае цяжкія захворванні нованароджаных) і інш. Патагеннае дзеянне вірусаў абумоўлена ў першую чаргу пашкоджаннем клетак, у якіх яны размнажаюцца. Часткова яно можа быць звязана з гібеллю клетак пад уплывам антывірусных антыцел і сенсібілізаваных Т-лімфацытаў, а таксама з цытатаксічным уплывам вірыёнаў на клеткі органаў, у якіх вірус не размнажаецца. Вірусныя хваробы класіфікуюць паводле цяжкасці хваробы, віду ўзбуджальніка, механізма перадачы, крыніцы інфекцыі, месца заражэння і інш. Адрозніваюць прыроднаачаговыя і антрапагенныя заанозы, паза- і ўнутрыбальнічныя антрапанозы. Да вірусных хвароб адносяцца: поліяміэліт, герпес, грып, воспа, адзёр, энцэфаліты, ліхаманкі, гепатыт інфекцыйны, краснуха, шаленства і інш. У большасці выпадкаў пасля іх застаецца працяглы імунітэт. Лячэнне: процівірусныя хім. прэпараты, інтэрфероны, імунапрэпараты, патагенетычныя і сімптаматычныя сродкі. У жывёл вірусныя хваробы выклікаюцца агульнымі з чалавекам або патагеннымі толькі для іх заавірусамі. Адрозненні ў этыялогіі, патагенезе, клінічных праяўленнях, фарміраванні імунітэту, метадах дыягностыкі і лячэння ў параўнанні з віруснымі хваробамі чалавека нязначныя. Для свойскай жывёлы асабліва небяспечныя яшчур, шаленства, чума, воспа, грып і інш.У раслін — гл.Вірусныя хваробы раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСО́КАЕ (да 1939 Высока-Літоўск),
горад у Камянецкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Пульва. За 40 км ад г. Камянец, за 3 км ад чыг. ст. Высока-Літоўск на лініі Брэст—Беласток, аўтадарогамі злучаны з Брэстам і Пружанамі. 4,8 тыс.ж. (1996).
Упершыню ўпамінаецца ў 14 ст.пад назвай Высокі Горад. У 1494 горад атрымаў магдэбургскае права і герб: у блакітным полі сярэбраная 2-павярховая вежа-брама. Належаў Ёдкам, вял. князю, Хлявіцкім, Войнам, Сапегам, Патоцкім. У 1605 засн. касцёл св. Тройцы (у 1950-я г. пераабсталяваны на грамадскія патрэбы). Пры Сапегах пабудаваны Высокаўскі замак. У 16—18 ст. цэнтр дывановага і палатнянага ткацтва. З 1671 штогод праводзіліся кірмашы. У 1773—85 каля Высокага пабудаваны кляштар, тады ж працаваў цагельны з-д. У 1794—97 існаваў водны шлях з Высокага ў Гданьск. З 1795 у складзе Прусіі, з 1807 — у Рас. імперыі, мястэчка Брэсцкага пав. У 1826—28 працавала Высока-Літоўская суконная мануфактура. У 1897 — 3434 ж., дробныя прадпрыемствы, 3 школы. З 1921 у Польшчы, горад у Брэсцкім пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—62 цэнтр Высокаўскага раёна Брэсцкай вобл. З 23.6.1941 да 28.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі 1297 чал. У 1959 — 2,6 тыс.чал. З 1962 у Камянецкім р-не.
Прадпрыемствы харчовай, буд. матэрыялаў прам-сці. Помнікі архітэктуры: Варварынская капліца (1772), царква (1869), сядзіба канца 19 — пач. 20 ст. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАРАЗРА́ДНЫЯ КРЫНІ́ЦЫ СВЯТЛА́,
газаразрадныя прылады, у якіх электрычная энергія пераўтвараецца ў аптычнае выпрамяненне пры праходжанні току праз рэчыва ў газападобным стане. Маюць шкляную, кварцавую або метал. (з празрыстым акном) абалонку з герметычна ўпаянымі электродамі, запоўненую газам (звычайна інертным) або парай металаў (напр., ртуці) пад ціскам. Бываюць газаразрадныя крыніцы святла з адкрытымі электродамі, якія працуюць у паветры або струмені газу (напр., вугальная дуга).
У газаразрадных крыніцах святла адбываецца тлеючы або дугавы разрад (гл.Электрычныя разрады ў газах, Іанізацыя). Імпульсныя лямпы з ксенонавым запаўненнем (трубчастыя, прамыя, спіральныя і U-падобныя) выкарыстоўваюцца для напампоўкі лазераў, імпульснага асвятлення пры фатаграфаванні, у страбаскапіі, аптычнай лакацыі і інш. Дугавыя ксенонавыя лямпы трубчастай або сферычнай формы маюць высокую светлавую аддачу і спектр выпрамянення, блізкі да спектра сонечнага святла ў бачнай вобласці. Выкарыстоўваюцца для асвятлення вял. плошчаў, стадыёнаў і інш., а таксама ў святлокапіравальных і фоталітаграфічных апаратах, праекцыйнай апаратуры. Дугавыя натрыевыя лямпы ў спалучэнні з ртутнымі выкарыстоўваюцца для асвятлення дарог, тунэляў, аэрадромаў і інш. У якасці эталонных крыніц святла ў атамна-абсарбцыйных і атамна-флюарэсцэнтных спектрафатометрах, інтэрферометрах, рэфрактометрах і інш. прыладах выкарыстоўваюць спектральныя лямпы.
Ф.А.Ткачэнка.
Газаразрадныя крыніцы святла: а — імпульсная ксенонавая лямпа ІНП 13/250; б — дугавая ртутная лямпа ДРШ 500 (1 — электроды, 2 — абалонка, 3 — токападводы, 4 — дапаможны электрод); в — дэйтэрыевая спектральная лямпа ДДС-30 (1 — шкляны балон, 2 — кварцавае акенца); г — натрыевая лямпа высокага ціску (1 — разрадная трубка, 2 — барыевы газапаглынальнік); д — лінейная лямпа імгненнага перазапальвання для каляровага тэлебачання (1 — разрадная трубка, 2 — траверсы, 3 — электроды).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІЛЕ́Й ((Galilei) Галілео) (15.2.1564, г. Піза, Італія — 8.1.1642),
італьянскі фізік, механік і астраном, адзін з заснавальнікаў дакладнага прыродазнаўства. Чл. Акадэміі дэі Лінчэі (1611). Вучыўся ў Пізанскім ун-це. У 1589 атрымаў кафедру матэматыкі ў Пізе, а ў 1592 — у Падуі. Адкрыў законы свабоднага падзення цел, руху іх па нахільнай плоскасці, устанавіў закон інерцыі, ізахроннасць вагання маятніка і інш., што дало пачатак развіццю дынамікі. Выказаў ідэю пра адноснасць руху (гл.Галілея прынцып адноснасці). Сканструяваў тэрмометр (1597), гідрастатычныя вагі, маятнікавы гадзіннік, мікраскоп (1610 — 14). У 1609 пабудаваў тэлескоп, з дапамогай якога адкрыў горы на Месяцы, 4 спадарожнікі Юпітэра, фазы Венеры, плямы на Сонцы, зорную будову Млечнага Шляху, пацвердзіўшы гэтым праўдзівасць вучэння М.Каперніка пра будову свету. У кн. «Дыялог пра дзве найгалоўнейшыя сістэмы свету — пталамееву і капернікаву» (1632) абгрунтаваў геліяцэнтрычную сістэму свету, за што ў 1633 аддадзены пад суд інквізіцыі, дзе на допыце фармальна адмовіўся ад вучэння М.Каперніка. У 1992 папа Іаан Павел II абвясціў рашэнне суда інквізіцыі памылковым і рэабілітаваў Галілея. У філасофіі быў прыхільнікам механістычнага матэрыялізму, даказваючы, што свет існуе аб’ектыўна, ён бясконцы, матэрыя вечная; адзіная, універсальная форма яе руху — мех. перамяшчэнне. У адрозненне ад схаластаў Галілей распрацаваў і палажыў у аснову пазнання прыроды эксперым. метад, усталяванне якога дало пачатак развіццю дакладнага прыродазнаўства.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. труды. Т. 1—2. М., 1964.
Літ.:
Бублейников Ф.Д. Галилео Галилей. М., 1964;
Седов Л.И. Галилей и основы механики: К 400-летию со дня рождения. М., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІНАВА́ННЕў раслін,
утварэнне новых парасткаў і характар іх узаемнага размеркавання на сцябле, шматгадовай галінцы і карэнішчы. Вызначае вонкавы выгляд расліны і яе адаптыўныя прыстасаванні, выкарыстоўваецца ў сістэматыцы раслін. Адрозніваюць галінаванне дыхатамічнае (ізатамічнае), анізатамічнае, манападыяльнае, сімпадыяльнае і інш.
Зыходным лічыцца дыхатамічнае (вілачнае), пры якім з конуса нарастання ўтвараюцца 2 амаль аднолькавыя (ізатамія) галінкі (характэрна для некаторых грыбоў, водарасцей, імхоў, рыніяфітаў, дзеразападобных і папарацепадобных). У працэсе эвалюцыі ўзнікла анізатамічнае галінаванне, пры якім адна з галінак перарастае другую (напр., у дэвонскага роду астэраксілан, многіх дзярэз, селагінел і папарацепадобных), што перайшло потым у манападыяльнае галінаванне, пры якім бакавыя галінкі закладваюцца пад верхавінкай гал. галінкі (напр., у елкі і інш. хвойных, пальмаў, многіх травяністых раслін і лістасцябловых імхоў). З дыхатамічнага і манападыяльнага ўзнікла больш прагрэсіўнае сімпадыяльнае галінаванне, пры якім бакавая галінка перарастае гал. галінку, ссоўвае яе ўбок, прымае яе напрамак і вонкавы выгляд (напр., у бярозы, ляшчыны, ліпы і інш. дрэвавых раслін). Бывае несапраўднадыхатамічнае галінаванне (напр., у бэзу, каштана, амялы), якое ўзнікае з манападыяльнага: рост гал. восі спыняецца, ніжэй яе верхавінкі развіваюцца 2 амаль аднолькавыя супраціўныя галінкі другога парадку, якія перарастаюць гал. вось. У злакаў вылучаюць своеасаблівы спосаб галінавання — кушчэнне. Акрамя сцёблаў, галінак і карэнішчаў галінаванне назіраецца ў каранёў, суквеццяў, жылак (праводзячыя пучкі) у лістах і сцёблах, слаявішча (талома) у ніжэйшых раслін і інш. У выніку галінавання іншы раз з’яўляюцца парасткі, не падобныя на матчыны (напр., пры кушчэнні злакаў, утварэнні вусоў і сталонаў і інш.). У некаторых дрэў назіраецца мяшанае галінаванне (напр., у бярозы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАШТО́ЛЬДЫ, Гастаўты, Гастоўты, Гоштаўтасы,
магнацкі (з 1529 графскі) род герба «Габданк» у ВКЛ. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:
Гаштольд (? — 1364), ад вял. князя ВКЛАльгерда атрымаў у валоданне Камянец Падольскі. Адзін з першых у Літве прыняў каталіцтва і ўзяў імя Пётр. Кашталян замка Вялена на р. Нёман, загінуў пры яго абароне ад крыжакоў. Андрэй (? — каля 1410), сын Гаштольда, намеснік віленскі (1386) і крэўскі (1390). Ян (? — 1458), староста дарсунскі (1422), маршалак надворны вял. князёў Вітаўта і Свідрыгайлы (1426—35), намеснік смаленскі (1436), ваявода трокскі (1440) і віленскі (1443). На Гарадзельскім сейме 1413 прыняў герб «Габданк». Удзельнічаў у заключэнні Мельнскага дагавора 1422. Падтрымліваў Свідрыгайлу ў яго барацьбе супраць Ягайлы, а ў 1432 — Жыгімонта Кейстутавіча ў барацьбе супраць Свідрыгайлы. У 1440 узначаліў групоўку магнатаў, якая дамаглася абрання вял.кн.ВКЛКазіміра IV Ягелончыка, стаў яго выхавальнікам і фактычным правіцелем ВКЛ. Пасля абрання ў 1446 Казіміра і каралём Польшчы перайшоў у апазіцыю да яго. Валодаў Геранёнамі (пазней Мураваныя Геранёны — рэзідэнцыя роду), Меднікамі пад Вільняй, Тыкоцінам на Падляшшы, Дарагабужам у Смаленскай зямлі і інш.Марцін (? — 1483), староста новагародскі (1464), ваявода кіеўскі (1471), ваявода трокскі (1480), маршалак земскі (1481). Альбрэхт (? — 1539), гл.Гаштольд А. Станіслаў (каля 1507 — 18.12.1542), ваявода новагародскі (1530) і трокскі (1542). З яго смерцю род Гаштольдаў згас. Быў жанаты з Барбарай Радзівіл, якая, аўдавеўшы, стала другой жонкай караля Польшчы і вял.кн.ВКЛЖыгімонта II Аўгуста, маёнткі Гаштольдаў перайшлі да вял. князёў ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГРАФІ́ЧНАЯ АБАЛО́НКА, ландшафтная абалонка,
цэласная абалонка Зямлі, якая ахоплівае верхнюю ч. літасферы, ніжнія слаі атмасферы, біясферу і гідрасферу; адна са сфер Зямлі (гл.Геасфера). Тэрмін прапанаваў сав. географ А.А.Грыгор’еў (1932). Часткі геаграфічнай абалонкі знаходзяцца ў цесным узаемадзеянні, пранікаюць адна ў адну і ўтвараюць адзіную сістэму, для якой характэрна самаразвіццё і адносная раўнавага. Таўшчыня геаграфічнай абалонкі каля 40 км. Адрозніваецца ад інш. частак планеты наяўнасцю жыцця, рэчыва ў трох станах (цвёрдым, вадкім і газападобным), найб. разнастайнасцю відаў і багаццем свабоднай энергіі. У геаграфічнай абалонцы працякаюць экзагенныя і эндагенныя працэсы. Экзагенныя ўтвараюцца ў першую чаргу пад уздзеяннем сонечнай энергіі, нераўнамернае размеркаванне якой на паверхні Зямлі выклікае дыферэнцыяцыю прыродных умоў і ўтварэнне геагр. паясоў, прыродных зон. Для геаграфічнай абалонкі характэрна і рэгіянальная дыферэнцыяцыя, выкліканая формай Зямлі, рознай вышынёй паверхні Зямлі, аддаленасцю ад акіянаў і інш. Эндагенныя працэсы абумоўлены ўнутр. цяплом Зямлі, вулканічнымі, тэктанічнымі і інш. сіламі. З імі звязана ўтварэнне кантынентаў, акіянаў, гор і інш. Заканамернасці геаграфічнай абалонкі: цыклічнасць (рытмічнасць) працякання прыродных працэсаў; кругавароты рэчываў — цыркуляцыя атмасферы, марскія цячэнні, кругаварот вады, біял. кругаварот і інш.; шыротная занальнасць і вышынная пояснасць ландшафтаў. У сувязі з ростам уздзеяння вытв. дзейнасці чалавека на прыроду ў складзе геаграфічнай абалонкі з 1970-х г. пачалі вылучаць сацыясферу і тэхнасферу. Паводле тэорыі В.І.Вярнадскага, у выніку разумнага ўздзеяння чалавека на геаграфічную абалонку яна можа перайсці ў вышэйшую стадыю свайго развіцця — наасферу. Геаграфічную абалонку вывучаюць фізічная геаграфія і землязнаўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАГЕНЕРА́ТАР (ад гідра... + генератар),
сінхронны генератар пераменнага току, які прыводзіцца ў рух гідраўлічнай турбінай. Ротар электрагенератара звычайна замацоўваецца на адным вале з рабочым колам турбіны (гл.Гідраагрэгат). Гідрагенератары бываюць: у залежнасці ад размяшчэння восі вярчэння — пераважна вертыкальныя і гарызантальныя, часам нахіленыя; ціхаходныя (да 100 аб/мін) і быстраходныя (больш за 100, часам да 1500 аб/мін); малой (да 50 МВт), сярэдняй (ад 50 да 150 МВт) і вялікай (больш за 150 МВт) магутнасці; парасонападобныя (у іх падпятнік — апорны падшыпнік — размяшчаецца пад ротарам) і падвесныя (падпятнік размяшчаецца над ротарам). У капсульных гідраагрэгатах гідрагенератар змешчаны ў спец. (звычайна гарыз.) капсулу, прыводзяцца ў рух восевымі паваротна-лопасцевымі турбінамі (магутнасць да 45 МВт, выкарыстоўваюцца на нізканапорных, гідраакумулюючых і прыліўных ГЭС). Магутнасць гідрагенератара да некалькіх соцень мегават (на Саяна-Шушанскай ГЭС устаноўлены гідрагенератар магутнасцю па 640 МВт).
Ротар гідрагенератара мае да 120 полюсаў, абмотка яго сілкуецца ад узбуджальніка — дапаможнага генератара пастаяннага току. У магутных гідрагенератах ужываюцца сістэмы ўзбуджэння з выкарыстаннем тырыстарных пераўтваральнікаў або ртутных выпрамнікаў. Адбор эл. энергіі (звычайна напружаннем ад 8,8 да 18 кв) робіцца з нерухомай часткі гідрагенератара — статара. Ахалоджванне гідрагенератара паветранае, па замкнёным цыкле з паветраахаладжальнікамі, у магутных — паветрана-вадзяное. На вял.ГЭС выкарыстоўваюць вертыкальныя гідрагенераты (скорасць вярчэння 62,5—150 аб/мін, магутнасць 50—700 МВт), на малых — вертыкальныя або гарызантальныя (100—1000 аб/мін; 0,75—25 МВт).