МА́ЛЫШАЎ (Андрэй Якаўлевіч) (30.11. 1913, Мінск — 21.1.1984),

бел. вучоны ў галіне эканам. геаграфіі. Канд. геагр. н. (1952). Праф. (1970). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1939). З 1949 у БДУ (у 1954—79 прарэктар). Працы па эканам. геаграфіі і населеных пунктах Беларусі, праблемах асушэння Палесся.

Тв.:

Города и села Белорусской ССР. Мн., 1959 (разам з В.​А.​Жучкевічам, Н.​Я.​Рагозіным);

Прамысловасць Мінска: (Экан.-геагр. нарыс). Мн., 1972 (разам з Л.​А.​Паўловіч);

Транспорт и экономические связи // География Белоруссии. 2 изд. Мн., 1977.

т. 10, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЬКО́Ў (Дзмітрый Кузьміч) (8.11. 1904, в. Лаўрухіна Савецкага р-на Кіраўскай вобл., Расія — 27.2.1990),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944), ген.-лейт. (1955). Скончыў ваен. пях. школу (1930), Ваен. акадэмію Генштаба (1948). У Чырв. Арміі з 1927. У Вял. Айч. вайну на Зах., Бранскім, Цэнтр., Бел., 3-м і 1-м Прыбалт., 1-м Бел. франтах. Камандзір стралк. дывізіі палкоўнік М. вызначыўся ў вер. 1943 пры вызваленні Брагінскага р-на Гомельскай вобл. Да 1960 у Сав. Арміі.

т. 10, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАМІЛЯ́РЫЯ (Mammillaria),

род кветкавых раслін сям. кактусавых. Больш за 350 (паводле інш. звестак, каля 200) відаў. Пашыраны ў паўд. ч. Паўн., у Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. Трапляюцца ў засушлівых абласцях сярод кустоў на вапнавых, гліністых і гранітных глебах. На Беларусі вырошчваюць у пакоях і аранжарэях.

Шматгадовыя расліны. Сцёблы шарападобныя або кароткацыліндрычныя (некат. падушкападобныя), укрытыя сасочкамі, на верхавінках якіх пучкі валаскоў і калючак. Кветкі дробныя, у пазухах сасочкаў, у выглядзе вяночка на верхавінцы сцябла. Плод ягадападобны. Дэкар. расліны.

Кактусы з роду мамілярыя.

т. 10, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРА́НКА (Clangula hyemalis),

вадаплаўная птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Пашырана ў тундры і лесатундры Еўразіі і Амерыкі. Трымаецца чародамі. На Беларусі рэдкі пралётны від.

Даўж. да 60 см, маса да 0,9 кг. Афарбоўка стракатая, мяняецца па сезонах. Вакол вачэй белае кольца. 2 сярэднія пары рулявых пёраў утвараюць доўгі (да 20 см) востры хвост. Корміцца насякомымі, малюскамі, ракападобнымі, дробнай рыбай. Гняздуецца па берагах рэк і азёр. Нясе да 10 яец. Аб’ект палявання.

Маранка: 1 — летам; 2 — зімой (а — самка; б — самец).

т. 10, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСІ́ЛЕЯ, вадзяная канюшына (Marsilea),

род папарацей сям. марсілеевых. Каля 60 відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і ўмераных паясах. Растуць у вадаёмах, на балотах, у месцах, якія перыядычна затапляюцца і перасыхаюць. На Беларусі ў пакоях і аранжарэях культывуюць М. чатырохлістую (M. quadrifolia).

Невысокія травяністыя расліны. Ад ніжняй ч. паўзучага карэнішча адыходзяць шматлікія карэньчыкі, ад верхняй — 2 рады доўгачаранковых, паглыбленых у ваду або плаваючых лістоў. Споры развіваюцца ў сорусах, сабраных у спаракарпіі (у трапічных відаў яны багаты крухмалам, ядомыя). Дэкар. расліны.

Марсілея чатырохлістая.

т. 10, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТУСЕ́ВІЧ (Аляксандр Сяргеевіч) (7.6. 1937, г. Смалявічы Мінскай вобл. — 2.1.1998),

бел. вучоны ў галіне кампазіцыйных матэрыялаў і апрацоўкі металаў ціскам. Д-р тэхн. н. (1984), праф. (1989). Скончыў БПІ (1961). З 1961 у Фізіка-тэхн. ін-це Нац. АН Беларусі (з 1992 гал. навук. супрацоўнік). Распрацаваў тэарэт. і тэхнал. асновы працэсаў атрымання кампазіцыйных валакністых матэрыялаў на метал. аснове.

Тв.:

Теоретические основы ковки и горячей объемной штамповки. Мн., 1968 (у сааўт.);

Композиционные материалы на металлической основе. Мн., 1978.

К.​В.​Грышановіч.

т. 10, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЫЛІ́ЦЫ (Psychodidae),

сямейства насякомых атр. двухкрылых. Каля 450 відаў. Пашыраны ўсюды (у тропіках і субтропіках — кровасысучыя М. з роду маскітаў). Дарослыя жывуць сярод травяністай расліннасці, трапляюцца ў вільготных цёмных памяшканнях, лічынкі — па берагах вадаёмаў, у вільготных імху, глебе, гнаі. На Беларусі найб. трапляецца М. звычайная (Psychoda phaiaenoides).

Дробныя камары, вонкава падобныя да моляў; даўж. да 5 мм. Цела кароткае, густаваласістае. Крылы шырокія, касматыя, з густой сеткай падоўжных жылак. Дарослыя пераважна расліннаедныя, лічынкі кормяцца дэтрытам, расліннымі і жывёльнымі рэшткамі. Развіццё з поўным ператварэннем.

т. 10, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЁРТВАЯ ГАЛАВА́ [Acherontia (Manduca) atropos],

матыль сям. бражнікаў. Пашыраны ў Афрыцы, Еўразіі. На Беларусі вельмі рэдкі, занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца на бульбяных палях, прысядзібных участках.

Даўж. да 6 см, размах крылаў да 13 см. На пярэдняспінцы жоўты малюнак, падобны да чэрапа чалавека (адсюль назва). Брушка масіўнае. Вусені даўж. да 15 см, кормяцца пераважна лісцем паслёнавых раслін. Матылі кормяцца сокам дрэў, зрэдку мёдам. Пры раздражненні матыль, вусень і кукалка здольныя выдаваць гукі («піск»).

С.​Л.​Максімава.

Мёртвая галава: 1 — матыль; 2, 2а — вусені; 3 — кукалка.

т. 10, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІМО́ЗА (Mimosa),

род кветкавых раслін сям. бабовых. 400—500 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках Амерыкі, некат. віды — у Афрыцы і Азіі. На Беларусі — у аранжарэях.

Шматгадовыя травы, кусты (часам ліяны), дрэвы, часта з калючкамі. Лісце двойчыперыстае. У некат. відаў (напр., вечназялёнага кусціка М. сарамлівай (M. pudica)] лісце здольнае да рухаў (настый). пры дакрананні ці наступленні цемнаты складваецца і апускаецца. Кветкі дробныя, у галоўчатых або коласападобных суквеццях. Плод — боб, пры выспяванні распадаецца на членікі. М. няправільна называюць акацыю серабрыстую.

Мімоза сарамлівая.

т. 10, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЦКЕ́ВІЧ (Інеса Мікалаеўна) (н. 4.2.1931, Мінск),

бел. журналіст. Засл. работнік культ. Беларусі (1977). Скончыла БДУ (1954). З 1954 працуе ў газ. «Белорусская нива» (у 1972—87 нам. гал. рэдактара). Даследуе сац. праблемы бел. вёскі. Аўтар кн. нарысаў «Птушка шчасця не за морам» (1983), адзін з укладальнікаў і рэдактар зб-каў нарысаў «На нашым полі», «Сцяганосцы новага, перадавога» (абодва 1967), «Сяло маё роднае» (1968), «Прызнанне ў каханні» (1981), «Дальнія дарогі» (1983), «Вернасць зямлі» (1984), «У барацьбе і працы» (1985), «Чым моцныя і багатыя» (1988).

т. 10, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)