палітычная партыя ў Зах. Беларусі ў 1922—25. Утварылася як левае крыло Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (БСДП). Заснавальнік С.А.Рак-Міхайлоўскі. Напачатку БПНС не проціпастаўляла сябе сацыял-дэмакратам. Разам зБСДП, Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыяй і Беларускай хрысціянскай дэмакратыяй удзельнічала ў рабоце Беларускага цэнтральнага выбарчага камітэта і распрацоўцы выбарчай платформы. На выбарах у ліст. 1922 Рак-Міхайлоўскі выбраны паслом у польскі сейм. Пазней да БПНС далучыліся паслы П.П.Валошын, П.В.Мятла, Б.А.Тарашкевіч, якія пад уплывам КПЗБ і КП(б)Б выйшлі зБеларускага пасольскага клуба і 24.6.1925 утварылі самаст. фракцыю ў сейме — Беларускую сялянска-работніцкую грамаду, а ў канцы 1925 разам з камуністамі пачалі ствараць аднайм. масавую арг-цыю. З гэтага часу БПНС злілася зКПЗБ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЕ́ДНАЯ ПАГА́НКА (Amanita phalloides),
мухамор зялёны, белы мухамор, шапкавы базідыяльны грыб сям. мухаморавых. Пашырана ў Еўропе, Азіі, Паўн. Амерыцы і Паўн. Афрыцы. На Беларусі трапляецца зрэдку пераважна ў зах. і паўд. раёнах. Расце ў свежых і вільготных шыракалістых і мяшаных лясах, у сфагнавых хвойніках з дамешкай бярозы.
Шапка дыям. 5—10 см, званочкавая, пазней пуката-распасцёртая, бледна- або аліўкава-зялёная, радзей белаватая, слізкаватая, укрытая рэдкімі шматкамі. Пласцінкі белыя або ледзь зеленаватыя. Ножка белая, з кольцам у верхняй ч., каля асновы расшыраная накшталт клубня, з адкрытай вольвай (похвай). Утварае мікарызу з лісцевымі дрэвамі. Смяротна ядавіты грыб; мае таксічныя поліпептыды: фалаідзін (смяротная доза для чалавека 0,02—0,03 г), фалаін, α- і β-аманіціны і інш. Нярэдкія выпадкі атручэння з-за памылак пры вызначэнні віду ў час збору грыбоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДАШУКА́ЛЬНІК,
прыстасаванне фота- і кіназдымачных апаратаў для навядзення іх на аб’ект і назірання за ім пры здымцы. Дазваляе ўбачыць межы відарысаў аб’ектаў і іх адпаведнасць памерам кадравай рамкі. Бывае рамачны, тэлескапічны і люстраны. Падбіраецца пад аб’ектыў з пэўнай фокуснай адлегласцю.
Калі аптычныя восі відашукальніка і здымачнага аб’ектыва не супадаюць, то ўзнікае паралакс — несупадзенне межаў відарыса, які назіраецца ў відашукальніку і які пераходзіць на фота- або кінаплёнку. Для змяншэння паралаксу ў поле зроку некаторых відашукальнікаў змяшчаюць некалькі прамавугольных рамак, што дазваляе ўвесці папраўку пры здымцы з розных адлегласцей. У люстраных фотаапаратах з адным здымачным аб’ектывам і кінаапаратах з люстраным абтуратарам паралакс адсутнічае. У некаторых фотаапаратах відашукальнік канструктыўна аб’яднаны з аптычным дальнамерам.
Аптычная схема відашукальніка: а — тыпу трубы Кеплера; б, в — люстраных фотаапаратаў; 1 — аб’ектыў; 2 — абарачальная сістэма; 3 — рамка; 4 — акуляр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛДА́Н,
рака ў Рэспубліцы Саха (Якуція), правы прыток Лены. Даўж. 2273 км, пл.бас. 729 тыс.км². Пачынаецца на паўн. схіле Станавога хрыбта, цячэ па Алданскім нагор’і, уздоўж паўд. падножжа Верхаянскага хрыбта, упадае за 160 км ніжэй Якуцка. Даліна ў межах Алданскага нагор’я складаецца з шырокіх і вузкіх каньёнападобных участкаў з перакатамі і шыверамі; у сярэднім цячэнні шырокая, з тэрасаванымі схіламі. Асн. прытокі: Тымптон, Учур, Мая, Алах-Юнь (справа), Амга (злева). Разводдзе з мая да ліп., у жн.—вер. паводкі. Ледастаў зкастр. да мая. Сярэдні гадавы расход вады ў ніжнім цячэнні 5150 м³/с. У бас. Алдана больш за 51 тыс. азёр. Рыбалоўства (асетр, сцерлядзь, харыус). Суднаходны на 1753 км ад вусця. Гал. прыстані: Тамот, Усць-Мая, Хандыга. У бас. Алдана радовішчы жал. руды, каменнага вугалю, золата, слюды-флагапіту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДА́МПАЛЬ,
вёска ў Беларусі, у Нягневіцкім с/с Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. За 19 км на ПнУ ад Навагрудка, 40 км ад чыг. ст. Наваельня. 24 ж., 10 двароў (1994).
Заснавана каля 1810 Адамам Храптовічам (ад яго імя і назва вёскі) у маёнтку Нягневічы, купленым у кн. Радзівіла. У 2-й пал. 19 ст. адна з лепшых гаспадарак Рас. імперыі (упершыню на Беларусі выкарыстоўваліся шматпольныя севазвароты, меліяраваныя палі, наладжаны выраб галандскіх і швейцарскіх сыроў, якія збывалі за мяжу). У 1896 у фальварку Адампаль працавалі спіртзавод (з 1878), млын, маслабойня, майстэрні, хлебазапасны магазін. У 1915 з-за акупацыі герм. войскамі фальварак спыніў дзейнасць. У 1921—39 у складзе Польшчы. У 1930-я г. ў Адампалі дзіцячы прытулак, з 1944 дзіцячы дом, з 1960-х г.спец. школа-інтэрнат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РФА (ням. Harfe),
струнна-шчыпковы музычны інструмент.
Мае выгляд высокага трохвугольніка, бакамі якога з’яўляюцца рэзанансная расшыраная ўнізе скрынка, калонка з рычагамі механізма перастройкі і дугападобная рама ўверсе з калкамі і дыскамі педальнага механізма. Унутры трохвугольніка вертыкальна нацягнуты 44—47 струнаў рознай даўжыні і настройкі (дыяпазон C1—g4). Асн. строй арфы дыятанічны (Ces-dur). З дапамогай 7 педаляў (вынайдзены ў 1801 С.Эрарам) яна механічна перастройваецца ва ўсе танальнасці. Гучанне мяккае, пяшчотнае, камернае. Арфа — стараж. струнны інструмент, вядомы многім народам свету (найб. раннія выявы датуюцца 5-м тыс. да н.э.). З 17 ст. выкарыстоўваецца як аркестравы, з 18 ст. — як ансамблевы і сольны інструмент. На Беларусі арфа і яе выявы сустракаюцца ў літ. помніках і размалёўках каталіцкіх храмаў 16—19 ст. У Бел. акадэміі музыкі існуе клас арфы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАЛАГІ́ЧНАЕ ДАТАВА́ННЕ,
устанаўленне ўзросту археалагічнага помніка. Выкарыстоўваюць 2 сістэмы археалагічнага датавання — адносную і абсалютную храналогію. Пры адноснай храналогіі вызначаецца, якая з 2 рэчаў, культур або які з 2 культурных гарызонтаў, пластоў больш старажытны. Стратыграфічныя назіранні за шэрагам помнікаў даюць магчымасць стварыць храналагічную шкалу для старажытнасцяў — вызначыць парадак іх змянення з цягам часу. Абсалютная храналогія — устанаўленне ўзросту помніка ў звычайных вымярэннях нашага летазлічэння. Яна магчымая пры наяўнасці рэчаў з надпісамі, датамі, прозвішчамі асоб, упамінаннем вядомых гіст. падзей і інш. Датаванне помнікаў дапісьмовых эпох праводзіцца з дапамогай метадаў прыродазнаўчых навук. Археалагічны помнік можа датавацца: па геал. пласце; па гадавых пластах драўніны, знойдзенай на помніку (дэндрахраналагічны метад); па ступені назапашвання фтору або знікнення бялку-калагену ў выкапнёвых касцях стараж. жывёл. Шырока выкарыстоўваюць радыевугляродны, палеа- і геамагнітны, тэрмалюмінесцэнтны і інш. аналізы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—17 ст. у сутоках Дняпра і Аршыцы на месцы гарадзішча 11 ст. (сучасны г. Орша). Мураваны 5-вежавы замак будаваўся з 1398 па 1407, не закончаны, у 15 ст. дабудаваны з дрэва. Меў патаемны ход да Дняпра. Пасля 1620 замак цалкам дабудаваны з каменю. На яго ўзбраенні былі гарматы, у цэйхгаузе захоўваліся 33 гакаўніцы, 20 аркебузаў, 3 невял. жалезныя гарматы, інш.ваен. рыштунак. Замак неаднаразова зведаў аблогі і захопы рус. войскамі (1500, 1507, 1519, 1562—64, 1654). У снеж. 1654 войска Радзівіла авалодала замкам і ўтрымлівала яго да 11.5.1655. Пазней рус. войскі занялі яго і ўтрымлівалі да канца вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У канцы 17 ст. замак заняпаў і страціў свае абарончыя функцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫЕНТАВА́ННЕ,
1) вызначэнне свайго месца знаходжання адносна напрамкаў свету, арыенціраў, элементаў рэльефу, а таксама напрамкаў руху. Праводзіцца з дапамогай компаса, карты, аэраздымка. Прыблізнае арыентаванне магчыма па мясцовых арыенцірах (натуральных і штучных), па Сонцы, Месяцы, зорках, а таксама радыё-, светлавых і гукавых сігналах.
2) Арыентаванне спартыўнае — спаборніцтвы па арыентаванні і хуткім перамяшчэнні на мясцовасці з выкарыстаннем буйнамаштабнай карты і компаса. Праводзяцца ў зададзеным кірунку (неабходна як мага хутчэй прайсці дыстанцыю паводле дакладна вызначанага і пазначанага на карце парадку), на маркіраванай мясцовасці (зімой на лыжах спартсмен рухаецца па адзначанай сцяжкамі трасе і наносіць на карту кантрольныя пункты), па выбранай трасе (зададзеную колькасць кантрольных пунктаў спартсмен знаходзіць на мясцовасці ў любой паслядоўнасці, выбіраючы свабодна па азімуце шлях да кожнага з іх). На Беларусі развіваецца з 1964. Чэмпіянаты свету з 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́ЖСКІЯ,
княжацкі род герба «Астрог», прадстаўнікі якога займалі высокія дзярж. пасады ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай, мелі буйныя землеўладанні на Беларусі і Украіне. Паходзілі з пінскіх і тураўскіх князёў. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:
Даніла (?—?), удзельнік барацьбы феадалаў ВКЛ супраць польскага караля Казіміра III у 1341. Дашка Фёдаравіч (?—1428?), унук Данілы, падтрымліваў Свідрыгайлу ў барацьбе супраць Вітаўта, у 1422 удзельнічаў у паходзе кн. Фёдара Карыбутавіча ў Чэхію на падтрымку гусітаў. Канстанцін, гл.Астрожскі К.І. Ілья (Эліяш; 1510—39), сын Канстанціна і Таццяны з роду Гальшанскіх. На Беларусі меў маёнткі Копысь, Глуск, Гальшаны, Сушу, Палонну з Лемніцай і Смаляны. Канстанцін Васіль, гл.Астрожскі К.В. Януш (1554—1620), сын Канстанціна Васіля, ваявода валынскі з 1585, апошні з роду Астрожскіх па мужчынскай лініі. Пасля яго смерці маёнткі перайшлі да Заслаўскіх.