грамадска-палітычны, навукова-папулярны ілюстраваны часопіс. Выдаецца з 1972 у Мінску на бел. мове раз у 2 месяцы. Да 1977 інфарм.-метадычны бюлетэнь. Асвятляе пытанні аховы прыроды, узаемаадносін чалавека і навакольнага асяроддзя, інфармуе насельніцтва аб выкананні дзярж. экалагічных праграм, мае трывалыя традыцыі экалагічнага выхавання і адукацыі чытачоў. Друкуе матэрыялы пра маляўнічыя куткі Беларусі, раскрывае многія сакрэты прыроды, змяшчае вершы, навелы, апавяданні на прыродную тэматыку і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУМЯ́НЦАВА (Таццяна Герардаўна) (н. 30.6.1953, Мінск),
бел. філосаф. Д-рфілас.н. (1992), праф. (1994). Скончыла БДУ (1976), дзе і працуе з 1979. Навук. працы па гісторыі замежнай філасофіі і сацыялогіі, праблеме чалавечай агрэсіўнасці.
Тв.:
Критический анализ концепций «человеческой агрессивности». Мн., 1982;
Агрессия: пробл. и поиски в зап. философии и науке. Мн., 1991;
Немецкая трансцендентально-критическая философия (середина XVIII — первая треть XIX в.): Глоссарий. Мн., 1999;
Новейший философский словарь. Мн., 1999 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫВА́ЛЬШЧЫНА, быль,
жанр няказкавай прозы, прымхлівы аповяд пра падзеі, звязаныя з міфалагічнымі персанажамі, дэманічнымі істотамі (лясун, вадзянік, русалкі, ведзьма, ваўкалак, пярэварацень і інш.), пра мерцвякоў, зачараваныя скарбы, чарцей і г.д. Сустракаюцца ў слав. і інш. народаў. Бывальшчына найчасцей перадае быццам бы рэальны факт, але выкарыстоўвае фантазію, маст. выдумку. У адрозненне ад блізкіх па змесце былічак апавяданне ў бывальшчыне часта ідзе ад трэцяй асобы. Аповяд у бывальшчыне, страціўшы рысы ўспамінаў рэальнага відавочніка падзеі, набывае самастойнае бытаванне і адносную сюжэтную ўстойлівасць у варыянтах. Бывальшчыне характэрна сувязь з традыц. вераваннямі, прымеркаванасць да пэўнай мясцовасці, абагульненасць і фабульнасць. Бел. бывальшчыны запісвалі П.Шпілеўскі, М.Федароўскі, А.Сержпутоўскі, У.Дабравольскі, Л.Бараг і інш. фалькларысты, апрацоўвалі Я.Баршчэўскі («Шляхціц Завальня»), Я.Колас і інш. пісьменнікі.
Літ.:
Никифоровский Н.Я. Нечистики: Свод простонар. в Витебской Белоруссии сказаний о нечистой силе. Вильна, 1907;
Бараг Л.Г. Сказочная фантастика и народные верования: (По материалам бел. фольклора) // Сов. этнография. 1966. № 5;
Малорусские народные предания и рассказы: Свод Михаила Драгоманова. Киев, 1876;
Максимов С.В. Нечистая, неведомая и крестная сила. СПб., 1994;
Померанцева Э.В. Мифологические персонажи в русском фольклоре. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЕ́ВІЧ (Антон Пятровіч) (27.5.1914, в. Дуброўка Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 11.4.1978),
бел.паэт. Вучыўся ў Магілёўскім педтэхнікуме, у 1933—35 — у Магілёўскім палітасветным ін-це. Друкаваўся з 1937. У першым зб. «Чалавек з Дубровы» (М., 1945, на рус. мове) — творы ваен. часу. У творчасці Бялевіча ўслаўленне подзвігу народа ў Вял.Айч. вайну, жыццё калгаснай вёскі. Яго паэзіі ўласцівыя традыцыйна-фалькл. вобразнасць, нар.-песенны лад, выразнасць маст.-выяўл. сродкаў, даступнасць лексікі, адкрытасць выказвання. Аўтар сатыр. і гумарыстычных твораў (зб-кі «Хлеб і нахлебнікі», 1957; «Маштабны Міканор», 1963), вершаў, казак і паэм для дзяцей. Выступаў як празаік і публіцыст (зб-кі нарысаў «Людзі робяць вясну», 1959; «Споведзь сэрца», 1978; нарыс «Хатынь: боль і гнеў», 1971; аповесць «Малюнкі маленства», 1977; кн.літ. партрэтаў пісьменнікаў «Чарадзеі», 1970). Пераклаў на бел. мову паэму А.Твардоўскага «За даллю — даль» (1962), паасобныя творы А.Пракоф’ева, М.Бажана, А.Малышкі, У.Няходы і інш. На словы Бялевіча напісалі песні М.Аладаў, А.Багатыроў, Я.Цікоцкі і інш.
бел. крытык. Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1936—38). Друкаваўся з 1935. У крас. 1941 арыштаваны. Калі 26.6.1941 калону арыштаваных кінуў канвой, вярнуўся ў Магілёў, папрасіўся на фронт. Ваяваў да канца вайны. Паўторна арыштаваны ў 1949, да 1955 у лагерах Карагандзінскай і Омскай абласцей. Рэабілітаваны ў 1956. Працаваў у рэдакцыях літ.перыяд. выданняў, у 1970—75 у рэдакцыі бюлетэня «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі». Даследаваў пераважна паэзію, пытанні культуры творчасці, майстэрства творчых індывідуальнасцей («Паэзія праўды», 1958; «Спадарожніца часу», 1961; «Пімен Панчанка», 1968; «Постаці», 1971; «Аркадзь Куляшоў», 1978). У кн. «Свет Купалы» (1965), «Чалавек на досвітку» (1970, на рус. мове), «Звенні» (1976) даследаваў спадчыну Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, Цёткі, узаемадзеянне бел. і рус. літаратур.
Тв.:
Кніга пра паэзію. Мн., 1974;
Свет Купалы;
Звенні. Мн., 1981;
Чалавек напрадвесні: Расказ пра М.Багдановіча. Мн., 1986;
Паэзія — маё жыццё. Мн., 1989.
Літ.:
Клышко А. Мастерство критика // Дружба народов. 1960. № 1;
Адамовіч А. Талент крытыка // Полымя. 1962. № 6;
Каваленка В. Крытык і паэт // Там жа. 1969. № 5;
Лойко О. Открытие поэта // Вопр. лит. 1967. № 3;
Бечик В.В. В неразрывном единстве // Неман. 1978. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКА́ЛЬНА-СІМФАНІ́ЧНАЯ ПАЭ́МА,
буйны музычны твор (часцей адначасткавы), звязаны з літаратурным тэкстам. Прызначаны пераважна для спевакоў-салістаў (часам чытальніка), хору і сімф. аркестра. Узаемадзеянне музыкі са словам абумоўлівае яе праграмнасць (гл.Праграмная музыка), характэрную тэндэнцыю да ўзаемадзеяння розных формаў і жанраў. Ад кантаты і араторыі адрозніваюцца большай цэласнасцю (значнай роляй скразнога сімф. развіцця, выкарыстаннем прынцыпаў монатэматызму і інш.). У некаторых з іх выкарыстоўваюцца прынцыпы тэатралізацыі, элементы сцэн. дзеяння. Вытокі вакальна-сімфанічнай паэмы ў прынцыпах паэмнага сімфанізму Ф.Ліста (гл.Сімфанічная паэма). У рус. музыцы 19—20 ст. вядомыя вак.-сімф. паэмы «Званы» С.Рахманінава, «Паэма памяці С.Ясеніна» Г.Свірыдава і інш. Пачатак бел. вакальна-сімфанічнай паэмы паклалі М.Аладаў («Над ракой Арэсай», 1933), Багатыроў («Паэма-казка пра Мядзведзіху», 1937). Да гэтага жанру ў бел. музыцы належаць «Буравеснік» Я.Цікоцкага (1944), «Попел» С.Картэса (1966), «Два твары зямлі» Дз.Смольскага (1969), «Вечна жывыя» (1959) і «Героям Брэста» (1975) Г.Вагнера, «Янка Купала» В.Помазава (1983). Сярод вакальна-сімфанічных паэм 1980—90-х г. — «Радуйся, Францыск Скарына» Э.Наско, «Зямля» Э.Казачкова, «Памяці маці» У.Кур’яна, «Настальгія» Г.Ермачэнкава і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НДРЫЧ ((Andriђ) Іва) (9.10.1892, в. Долак, каля г. Траўнік, Боснія — 13.3.1975),
югаслаўскі пісьменнік і дыпламат.Д-р філасофіі (1924). Чл. Сербскай АН (з 1926), Югаслаўскай (з 1951) і Славенскай (з 1953) акадэмій навук і мастацтваў. У 1921—41 дыпламат у еўрап. краінах. Аўтар зб-каў лірычных вершаў у прозе «Ex ponto» (1918), «Неспакоі» (1920), апавяданняў і аповесцяў «Шлях Аліі Джэрджалеза» (1920), «Мост на Жэпе» (1947) і інш., кароткіх раманаў «Паненка» (1945), «Пракляты двор» (1954). Сусв. вядомасць прынеслі гіст. раманы пра мінулае Босніі «Траўніцкая хроніка» і «Мост на Дрыне» (абодва 1945). Гал. рысы яго твораў — філас. напоўненасць і глыбокі псіхалагізм. Літ.-крыт. працы пра дзеячаў сербскай і сусветнай культуры. Нобелеўская прэмія 1961. На бел. мову творы Андрыча перакладалі В.Рагойша, А.Разанаў, Л.Самасейка, Б.Сачанка, Г.Тварановіч, І.Чарота.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́БСКАЕ ПІСЬМО́,
алфавітная сістэма пісьма. Пашыраная ў арабамоўных краінах, а таксама сярод шэрагу інш. мусульманскіх (ісламскіх) народаў (Іран, Пакістан, Афганістан і інш.). Выпрацавана ў 4—6 ст. для арабскай мовы на базе арамейскага пісьма. Да канца 1920-х г. арабскае пісьмо выкарыстоўвалі носьбіты многіх цюркскіх моў (туркі, узбекі і інш.). Ім карысталіся бел. татары для напісання т.зв.кітабаў. З 7—8 ст.н. э., калі быў напісаны Каран, арабскае пісьмо мала змянілася. Мае кансананты характар. 28 літар перадаюць зычныя; 3 з іх ужываюць і для доўгіх галосных, кароткія галосныя перадаюцца дыякрытычнымі знакамі. Кожная літара арабскага пісьма мае 4 абрысы: на пачатку, у сярэдзіне, на канцы слова і пры ізаляваным ужыванні. Для прыстасавання арабскага пісьма ў асобных мовах выкарыстоўваліся дадатковыя знакі. Так, для перадачы бел. гукаў «дз’ (дзь)» і «ц’ (ць)» ужываліся звычайна літары «даль» і «сад» з трыма падрадковымі дыякрытычнымі кропкамі, для абазначэння гука «с» — розныя знакі: «сад» — для цвёрдага «с», а «са», «сін» або «шын» — для мяккага «с’ (сь)». Накірунак арабскага пісьма гарызантальны, справа налева. Развітая каліграфія дала высокамастацкія ўзоры арнаментальнага пісьма арабскай вяззю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ АКАДЭ́МІЯ МУ́ЗЫКІ,
вышэйшая музычная навучальная ўстанова. Створана ў 1932 у Мінску як Бел.дзярж. кансерваторыя на аснове Бел.муз. тэхнікума (існаваў з 1924) і Беларускай студыі оперы і балета, з 1992 акадэмія. У 1995/96 навуч.г. ф-ты: фартэпіянна-кампазітарска-музыказнаўчы, аркестравы, вакальна-харавы, нар. інструментаў, павышэння кваліфікацыі; кафедра харэаграфіі (з 1994). Сярод выкладчыкаў 3 дактары навук, 26 праф., 35 кандыдатаў навук, 69 дацэнтаў. Навучанне дзённае. Аспірантура з 1963, асістэнтура-стажыроўка з 1970. З 1939 працуе Оперная студыя Беларускай акадэміі музыкі. У 1947 пры акадэміі створана Сярэдняя спец.муз. школа, у 1992 пераўтвораная ў Рэсп. ліцэй. Філіял акадэміі — пед. факультэт у Магілёве (з 1990). Рэктары: М.Казакоў (1932—37), М.Бергер (1937—41), М.Аладаў (1944—48), А.Багатыроў (1948—62), У.Алоўнікаў (1962—82), І.Лучанок (1982—85), М.Казінец (з 1985).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ САВЕ́ЦКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ»
(БелСЭ),
12-томны даведнік па ўсіх галінах ведаў; першая ў гісторыі бел. народа універсальная энцыклапедыя. Выдадзена ў Мінску ў 1969—75 выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя». У 1976 выпушчаны дадатковы спец. том паказальнікаў (прадметны, імянны, геагр. назваў). У 1—11-м тамах у алфавітным парадку змешчана 34 409 артыкулаў, у канцы 11-га тома надрукаваны дадатак — матэрыялы пра падзеі, што адбыліся за час выдання БелСЭ. 12-ы том цалкам прысвечаны Беларусі, а матэрыялы ў ім размешчаны па тэматычным прынцыпе. Стваральнікі БелСЭ творча выкарысталі вопыт лепшых энцыклапедычных выданняў, метадычныя прынцыпы адбору, апрацоўкі і сістэматызацыі матэрыялаў. Звесткі па ўсіх пытаннях падаюцца ў цеснай сувязі з Беларуссю — з яе прыродай, эканомікай, навукай, гісторыяй, культурай, мастацтвам. Бел.нац. тэматыка ў БелСЭ складае каля 40%. У выданні змешчана каля 12 тыс. ілюстрацый і 672 карты. У напісанні артыкулаў для БелСЭ прынялі ўдзел больш за 5 тыс. аўтараў, з іх больш як 90% навукоўцы Беларусі. Групе стваральнікаў БелСЭ прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі 1976. У 1978 дапрацаваныя матэрыялы 12-га тома выдадзены на рус. мове асобнай кнігай «Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка».
Літ.:
Грыцкевіч А., Мальдзіс А. Свята беларускай культуры // Полымя. 1975. № 12.
І.П.Хаўратовіч.
Выданне «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя». 1969—76.