КРО́НІН ((Cronin) Арчыбалд Джозеф) (19.7.1896, Кардрас, каля г. Дамбартан, Вялікабрытанія — 6.1.1981),

англійскі пісьменнік. Д-р мед. н. (1925). Вучыўся ва ун-це ў Глазга. З 1939 жыў у ЗША, Швейцарыі. Дэбютаваў раманам «Замак Броўдзі» (1931), які лічыцца яго лепшым творам. У раманах «Тры каханні» (1932), «Канарскія астравы» (1933), «Зоркі глядзяць долу» (1935), «Цытадэль» (1937), «Іспанскі садоўнік» (1950), «Выкраслены з жыцця» (1953), «Помнік крыжаку» (1956), «Паўночны свет» (1958), дылогіі «Маладыя гады» (1944) і «Шлях Шэнана» (1948) адлюстраваў жыццё сучаснай яму Англіі, гал. ўвагу надаваў маральна-этычнай праблематыцы. Аўтар аўтабіягр. кн. «Прыгоды ў двух светах» (1952), п’есы «Юпітэр смяецца» (1940), літ.-крытычных артыкулаў. Творам К. ўласцівы лірызм, аўтабіяграфічнасць, трагізм сітуацый.

Тв.:

Рус. пер. — Замок Броуди. Мн., 1990;

Цитадель;

Вычеркнутый из жизни. М., 1991.

Е.​А.​Лявонава.

т. 8, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУ́ПЫ,

прадукт харчавання, які складаецца з цэлых або здробненых зярнят крупяных культур, а таксама збожжавых і бабовых. Маюць высокія пажыўныя і смакавыя якасці, добра разварваюцца і засвойваюцца арганізмам. Маюць у сабе 65—75% вугляводаў, 7,6—13% бялкоў, 0,8—2,5% тлушчаў (у аўсяных да 6,5%).

Бываюць грэцкія, рысавыя, ячныя, аўсяныя, пшанічныя, кукурузныя, гарохавыя, а таксама манныя (з пшаніцы), прасяныя і інш. Ёсць К. з сумесі некалькіх мучністых кампанентаў крупяных і збожжавых культур, да якіх дадаюць цукар, сухое малако і інш. Да К. адносяцца аўсяныя, кукурузныя і пшанічныя шматкі. Тэхнал. працэс вырабу К. складаецца з ачысткі зерня ад дамешак і абалонак, тэрмічнай апрацоўкі (прапаркі, сушкі — аўса, гароху, кукурузы), шліфоўкі і паліравання зерня, сартавання яго на фракцыі і інш. З К. робяць харч. канцэнтраты, гатуюць кашы, супы і г.д.

т. 8, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЯШО́ВА (Валянціна Аркадзеўна) (н. 27.1.1936, Мінск),

бел. літ.-знавец, перакладчыца. Дачка А.А.Куляшова. Скончыла Маскоўскі ун-т (1958). З 1960 жыла ў Балгарыі. У 1967—71 выкладала ў БДУ, працавала на Бел. тэлебачанні, у час. «Вожык». Літ. дзейнасць пачала ў 1961 як перакладчыца з балг. мовы. У бел. друку выступае з 1984. Піша на бел. і рус. мовах. Аўтар кн. пра бацьку «Лясному рэху праўду раскажу...» (1989). Складальнік зб. Куляшова «Маналог», яго «Выбраных твораў» (т. 1—2, абодва 1989), фотаальбома «Аркадзь Куляшоў» (1985), на балг. мове зб. «Беларускія апавяданні» (1968). Перакладае з балг. і польск. на бел. мову, з бел. на балг. і рус. мовы. Пераклала на рус. мову раман П.​Вежынава «Вагі» (1983).

Тв.:

З радаводу Аркадзя Куляшова // Роднае слова. 1996. № 1—2, 4—5, 7.

т. 9, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРАСІ́О, Японскае цячэнне,

цёплае паверхневае цячэнне Ціхага ак., каля паўд. і ўсх. берагоў Японіі, працяг Паўн. Пасатнага цячэння. Паўд. ч. шыр. каля 170 км, глыб. пранікнення да 700 м. Т-ра вады на паверхні ад 12 да 28 °C. Скорасць ад 0,9 да 2,9 км/гадз. Перанос вады каля Японіі 40—50 млн. м³/с, на Пд да 20—30 млн. м³/с. Утварае ў паўн. ч. Ціхага ак. сістэму цёплых цячэнняў. Каля 36° паўн. ш. і 150° усх. д. пераходзіць у Паўночна-Ціхаакіянскае цячэнне. Галіны К. пранікаюць у паўн. напрамку (вышэй за 40° паўн. ш.), сустракаюцца з халодным Курыльскім цячэннем і ўтвараюць шматлікія кругавароты. На У яго працягам з’яўляецца цёплае Аляскінскае цячэнне. Аказвае вялікі ўплыў на клімат, гідралагічныя і біял. ўмовы паўн. ч. Ціхага ак.

т. 9, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРГА́Н (Ілья Львовіч) (н. 26.5.1926, г. Барысаў Мінскай вобл.),

бел. акцёр, дыктар радыё, педагог. Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыў Бел. тэатр. ін-т (1949). З 1949 дыктар (да 1987) і артыст Нац. тэлерадыёкампаніі Беларусі. З 1959 выкладае ў Бел. АМ (з 1992 праф.), з 1995 у Бел. ун-це культуры. Яго мастацтва выявілася ў радыёпастаноўках «Прымакі» Я.​Купалы, «Паляўнічае шчасце» Э.​Самуйлёнка, «Сцяг брыгады» А.​Куляшова, «Незабыўныя дні» М.​Лынькова і інш., у шматсерыйным радыёспектаклі «Доктар Русель» У.​Дзюбы. Сярод запісаў: на радыё — «Скіп’ёўскі лес» К.​Чорнага (1995), «Пан Тадэвуш» А.​Міцкевіча (1997), на грампласцінках — паэмы «Курган» Я.​Купалы, «Новая зямля» і «Сымон-музыка» (урыўкі) Я.​Коласа, «Мужнасць» і «Летні дзень» (урыўкі) П.​Глебкі, «Дзесяты падмурак» П.​Труса, вершы М.​Багдановіча, П.​Броўкі і інш.

В.​С.​Іваноўскі.

т. 9, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГО́ЙСКІ МУЗЕ́Й СТАРАЖЫ́ТНАСЦЕЙ,

адзін з першых на Беларусі гісторыка-археал. музеяў. Засн. ў 1842 братамі К.П.Тышкевічам і Я.П.Тышкевічам у родавым маёнтку ў Лагойску. Размяшчаўся ў іх двухпавярховым палацы. Яго аснову склалі археал. знаходкі Тышкевічаў пры даследаванні курганоў, гарадзішчаў, замчышчаў Мінскай губ. У музеі былі багатыя калекцыі зброі, манет, медалёў; захоўваліся таксама крыж з серабра і золата, 2 мячы з мініяцюрнымі партрэтамі Стафана Баторыя (16 ст.), шведскія сцягі, адваяваныя С.​Чарнецкім у 1656 у шведскага караля Густава, шпага Пятра 1 і многае інш. Паводле звестак П.М.Шпілеўскага, у нумізматычнай калекцыі музея было больш за 1 тыс. манет і медалёў, 3 тыс. кніг, з якіх каля 500 — помнікі айч. кнігадрукавання. Захоўваліся стараж. рукапісы, карты. У 1855 на базе экспанатаў Л.м.с. заснаваны Віленскі музей старажытнасцей.

С.​А.​Акуліч.

т. 9, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́НДСБЕРГ (Рыгор Самуілавіч) (22.1.1890, г. Волагда, Расія — 2.2.1957),

расійскі фізік, заснавальнік навук. школы па спектраскапіі. Акад. АН СССР (1946). Скончыў Маскоўскі ун-т (1913), працаваў у ім у 1913—15, 1923-45 і 1947—51. З 1934 у Фіз. ін-це АН СССР, адначасова з 1951 праф. Маскоўскага фіз.-тэхн. ін-та. Навук. працы па фіз. оптыцы і спектраскапіі. Разам з Л.І.Мандэльштамам (незалежна ад індыйскіх фізікаў Ч.​Рамана і К.​С.​Крышнана) адкрыў камбінацыйнае рассеянне святла на крышталях (1928). Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны метады спектральнага аналізу металаў, сплаваў і арг. сумесей, створаны шэраг спектраскапічных прылад. Аўтар навуч. дапаможніка «Оптыка» і 3-томнага «Элементарнага падручніка фізікі». Дзярж. прэмія СССР 1941.

Тв.:

Избр. труды. М.; Л., 1958.

Літ.:

Г.​С.​Ландсберг: Очерки и воспоминания. М., 1993.

т. 9, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́СА (Lasso) Арланда ды [сапр. Ралан дэ Ласю (Roland de Lassus); каля 1532, г. Монс, Бельгія — 14.6.1594], нідэрландскі кампазітар; найб. значны прадстаўнік нідэрландскай школы. Працаваў у Палерма, Неапалі, Рыме, Антверпене. З 1556 пеўчы, з 1563 кіраўнік прыдворнай капэлы ў Мюнхене. Творча пераўтвараў і абагульняў характэрныя рысы нідэрл., ням., франц., італьян. муз. культуры. Майстар хар. поліфаніі. Стварыў больш за 2 тыс. свецкіх і духоўных твораў — мадрыгалы, віланелы, песні, месы, магніфікаты, матэты, псалмы і інш., насычаныя глыбокім і шматвобразным эмацыянальна-псіхал. зместам. Узбагаціў выразныя сродкі поліфаніі строгага стылю. Яго музыцы ўласцівы меладычная насычанасць галасоў, шырокае выкарыстанне нар.-песеннага тэматызму, зварот да прыёмаў гамафоннага пісьма. Прадвызначыў паяўленне манодыі. Узоры поліфанічнага мастацтва змешчаны ў зб. матэтаў «Magnum opus musicum» (т. 1—6, 1604). Сярод вучняў Дк.Габрыэлі.

А. ды Ласа.

т. 9, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАХУЦІ́ (Абулькасім Ахмедзадэ) (31.12.1887, г. Керманшах, Іран — 16.3.1957),

таджыкскі паэт; адзін з заснавальнікаў тадж. паэзіі. Па паходжанні перс. З 1922 y СССР. Друкаваўся з 1907. Развіваў традыцыі перс. і тадж. прытчы-алегорыі (масал), уводзіў у паэзію новыя страфічныя формы, памеры, пабудаваныя на фалькл. аснове. Аўтар зб-каў вершаў і паэм «Дыван Лахуці» (кн. 1—2, 1938—40), «Таджыкістанскія вершы» (1940), «Узброеныя песні» (1942), «Падарунак фронту» (1944), «Покліч жыцця» (1956). Для яго паэзіі характэрна ўмоўна-алегарычная манера пісьма, спалучэнне лірызму з грамадз. і публіцыстычным пафасам. Быў знаёмы з Я.​Купалам, прысвяціў яму верш і арт. «Памяці Купалы» (1942). На бел. мову паасобныя вершы Л. пераклалі П.​Броўка, К.​Кірэенка, Т.​Кляшторны, Ю.​Лявонны.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1959;

Стихотворения и поэмы. Л., 1981.

Літ.:

Исаков И.С. Испытание Лахути. Душанбе, 1967.

т. 9, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НДЛЕР (ням. Ländler ад Landl мясцовасць у Аўстрыі),

аўстрыйскі і нямецкі нар. парны танец. Паходзіць з альпійскіх рэгіёнаў Аўстрыі. Тэмп ажыўлены, але не хуткі. Муз. памер ​3/4 або ​3/8. Назву «Л.» да пач. 19 ст. мелі многія разнавіднасці аўстр. і ням. нар. танцаў, вядомых паводле харэаграфічных апісанняў з 16 ст. Тыповыя рухі: слізготны крок і павароты, вярчэнні партнёркі, прытупванні партнёра, адначасовае вярчэнне танцораў у розных напрамках. Рухі шырокія, свабодныя. Выконваўся пад спевы ці ў суправаджэнні сял. аркестра (скрыпка, кларнет, цытра). Прататып вальса. Як муз. жанр вядомы з 2-й пал. 18 ст. Характэрная форма — два 8-тактавыя перыяды з паўтарэннем кожнага. Яго выкарыстоўвалі венскія кампазітары (у Л.​Бетховена — «ням. танец»), І.​Брамс, А.​Брукнер, Ф.​Шуберт, Р.​Шуман, Г.​Малер і інш.

т. 9, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)