ЛАКАНІ́ЗМ (ад грэч. lakōnismos),

гранічная сціпласць і дакладнасць у выказванні думак. Паводле легенды, такой рысай славіліся жыхары Лаканіі (Стараж. Грэцыя) — спартанцы ў адрозненне ад красамоўных афінскіх аратараў. Л. выступае як вызначальная адзнака асобных фальклорных жанраў (прыказка, прымаўка, загадка, анекдот, жарт), абумоўлівае жанрава-кампазіцыйныя формы эпіграмы, эпітафіі, карацелькі. Лаканічнасцю вызначаюцца крылатыя словы, афарызмы. Л. можа з’яўляцца адным са сродкаў выяўлення ідэі літ. твора.

т. 9, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕГЕ́НДА карты, сукупнасць умоўных знакаў на карце і тлумачэнне да іх. Служыць ключом для чытання карты і ў некаторай ступені раскрывае яе змест, значэнне і суадносіны асобных элементаў. Змяшчаецца на палях або на вольнай плошчы ўнутры рамак карты, радзей на адвароце. У атласах і шматліставых картах Л. можа займаць асобны ліст або дадавацца ў выглядзе тлумачальнай запіскі са звесткамі, якія нельга перадаць графічна.

т. 9, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ ТАН, Сі Гу (1050 — каля 1130),

кітайскі жывапісец. Вядучы дзеяч акадэмій жывапісу ў Кайфыне і Ханчжоў. Творчасці характэрны пераход ад суровых манахромных ландшафтаў, поўных эпічнай велічы, да сціплых лірычных вясковых пейзажаў са сцэнамі нар. побыту. Працаваў таксама ў гіст. і быт. жанрах. Сярод твораў: «Храм каля ракі ў летнюю пару», «Вячэрні зыб на восеньскай рацэ», «Вясковы лекар» і інш.

т. 9, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАЦЬБА́,

выбіранне насення (або пладоў) з каласоў, мяцёлак, кошыкаў, струкоў, галовак, катахоў раслін; заключная аперацыя ўборкі збожжавых і інш. с.-г. культур. Бывае адзінарнай і падвойнай (пры адна- і двухразовым прапусканні масы ўраджаю праз малацільнае ўстройства). Праводзяць камбайнамі і малатарнямі (у полі ці на таку) разам з ачысткай і звычайна сумяшчаюць з сартаваннем, а пры прамым (аднафазным) камбайнаванні — са жнівом.

т. 10, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАКРЫЛА́ТЫ,

вытворныя метакрылавай кіслаты, складаныя эфіры і солі. М. (солі) [CH2=C(CH3)COO]nMe (Me — метал са ступенню акіслення n) — крышт. рэчывы; М. (эфіры) CH2=C(CH3)COOR (R — арган. радыкал) — бясколерныя вадкасці; лёгка полімерызуюцца і суполімерызуюцца. У прам-сці выкарыстоўваюць пераважна эфіры: метылметакрылат, этыл- і бутылметакрылат (гл. Поліметакрылаты). Аказваюць наркатычнае ўздзеянне, раздражняюць слізістыя абалонкі, ГДК 10—50 мг/м³.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 10, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХАЛІ́НАВА, Грабеніцкае возера,

у Лёзненскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мошна, за 7 км на Пн ад г.п. Лёзна. Пл. 0,28 км², даўж. больш за 1 км, найб. шыр. 420 м, даўж. берагавой лініі каля 2,7 км. Пл. вадазбору 3,75 км². Схілы катлавіны выш. да 15 м, параслі хмызняком. Берагі высокія, месцамі зліваюцца са схіламі. На Пн упадае ручай.

т. 10, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНАГАСКЛА́Д, паліном,

алгебраічная сума канечнай колькасці адначленаў. Ступенню М. наз. найб. са ступеней адначленаў, якія ўваходзяць у яго. Любы М. адной пераменнай можа мець выгляд a0x​n+a1x​n-1+...+an=a0(x-x1)(x-x2)...(x-xn), дзе x1, x2, ..., xn — карані дадзенага М. Складанне, адыманне і множанне М. падпарадкоўваюцца камутатыўнаму (гл. Камутатыўнасць), спалучальнаму (гл. Асацыятыўнасць) і размеркавальнаму (гл. Дыстрыбутыўнасць) законам.

т. 10, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕДЖЭ́Ф, Эн-Наджаф,

горад у Іраку, у даліне р. Еўфрат, на Пд ад Багдада. Адм. ц. мухафазы Неджэф. Засн. ў 2-й пал. 8 ст. Каля 300 тыс. ж. (1998). Гандл.-трансп. цэнтр на шляху ў Мекку і Медыну (Саудаўская Аравія). Адзін са свяшчэнных гарадоў мусульман-шыітаў, месца паломніцтва. Маўзалей-мячэць першага імама мусульман-шыітаў Алі і яго сыноў Хусейна і Абаса.

т. 11, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕФРАЛЕ́ПІС (Nephrolepis),

род папарацей сям. даваліевых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў тропіках абодвух паўшар’яў. На Беларусі ў пакоях і аранжарэях вырошчваюць Н. узвышаны (N. cordifolia).

Карэнішчавыя расліны. Лісце перыстае, раскідзістае, паніклае, даўж. да 3 м, сорусы са спорамі размешчаны на канцах жылак. Укарочаныя сцёблы даюць гарыз. парасткі, на якіх развіваюцца новыя разеткі лісця. Дэкар. расліны.

В.​В.​Маўрышчаў.

Нефралепіс узвышаны.

т. 11, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛО́НСКАЕ ВО́ЗЕРА.

У Віцебскім р-не, у бас. р. Ласасіна, за 12 км на У ад г. Віцебск. Пл. 0,35 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 330 м, даўж. берагавой лініі 3,7 км. Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 17—20 м (на Пн і ПнЗ да 5 м), пад хмызняком, часткова разараныя. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі. Выцякае ручай у р. Ласасіна.

т. 12, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)