абмен рэчывам і энергіяй паміж рознымі кампанентамі біясферы. Абумоўлены жыццядзейнасцю арганізмаў і мае цыклічны характар. Тэрмін увёў у 1910-я г.рус. вучоны У.І.Вярнадскі, які распрацаваў тэарэт. асновы біягеахім. цыклічнасці. Біягеахімічны кругаварот рэчываў у прыродзе ўзаемазвязаны, складае дынамічную аснову існавання жыцця, а ў некаторых выпадках (кругаварот вугляроду, кіслароду, вадароду, фосфару, крэмнію і інш.біягенаў) з’яўляецца ключавым для разумення эвалюцыі і сучаснага стану біясферы. Рухаючыя сілы біягеахімічнага кругавароту рэчываў — энергія Сонца і дзейнасць жывога рэчыва (сукупнасці ўсіх жывых арганізмаў), што прыводзіць да перамяшчэння вял. масаў хім. элементаў, канцэнтравання і пераразмеркавання энергіі, акумуляванай у працэсе фотасінтэзу. Гасп. дзейнасць чалавека выклікае флуктуацыі біягеахімічнага кругавароту рэчываў праз парушэнне стану біягеацэнозаў і працэсаўбіял. самарэгуляцыі прыродных сістэм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНІ́ЧНАЙ КАРЫ́СНАСЦІ ТЭО́РЫЯ,
эканамічная тэорыя, паводле якой вартасць мае суб’ектыўную ацэнку. Узнікла ў апошняй чвэрці 19 ст. ў процівагу тэорыі прац. вартасці К.Маркса. Распрацоўвалася У.Джэвансам (Вялікабрытанія), Л.Вальрасам (Швейцарыя), К.Менгерам, О.Бём-Баверкам (Аўстрыя) і інш. Паводле гранічнай карыснасці тэорыі каштоўнасць даброт вызначаецца не затратамі грамадска неабходнай працы, а суб’ектыўнымі ацэнкамі пакупніка і прадаўца. Тым агульным, што робіць тавары суразмернымі, яна прызнае карыснасць. Пад гранічнай карыснасцю разумеецца суб’ектыўная карыснасць асобнага экзэмпляра з тых ці інш. даброт, з дапамогай якіх задавальняецца найменш настойлівая патрэбнасць у таварах дадзенага віду. Рыначная цана тавару фарміруецца пад уздзеяннем яго гранічнай карыснасці, а таксама рэдкасці. Штучныя пабудовы гранічнай карыснасці тэорыі не адлюстроўвалі рэальных рыначных працэсаў і мадэлей цэнаўтварэння, таму спарадзілі шэраг новых мадыфікацый гэтай тэорыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫГРЭ́СІЯ (ад лац. digressio адхіленне) рэкрэацыйная, пагаршэнне стану прыродных комплексаў (пераважна ў лесапарках, зонах адпачынку, прыгарадных лясах) пад уплывам інтэнсіўнага іх выкарыстання. З’явы Д. ўзнікаюць пры перавышэнні гранічна-дапушчальных рэкрэацыйных нагрузак, як вынік вытоптвання расліннага покрыва, ушчыльнення глебы, абломлівання дрэў і кустоў, апёкаў глебы ад вогнішчаў, распуджвання жывёл, неўпарадкаванага збору грыбоў, кветак, ягад, засмечвання асяроддзя арган. і мінер. рэчывамі антрапагеннага паходжання. Мех. ўздзеянні, асабліва вытоптванне, найб. адчувальныя і пастаянныя фактары Д. З мэтай рэгламентацыі рэкрэацыйных нагрузак вылучаюць 5 стадый Д. 1—3-й стадыям уласцівы адмоўныя, але абарачальныя змены, пераважна ў раслінным і жывёльным свеце; на 4-й і 5-й стадыях закранаюцца глебава-грунтавыя і гідралагічныя ўмовы з фарміраваннем і нарастаннем неабарачальных працэсаў разбурэння біягеацэнозаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНАМІ́ЧНАЯ ГЕАЛО́ГІЯ,
адзін з кірункаў геалогіі, што вывучае знешнія і ўнутр.геал. працэсы, якія бесперапынна змяняюць састаў, структурна-тэкстурныя асаблівасці горных парод, будову зямной кары і формы зямной паверхні. З Д.г. вылучыліся асобныя галіны ведаў: тэктоніка, вулканалогія, сейсмалогія, геамарфалогія і інш. Найважнейшыя метады Д.г. — назіранне сучасных геал.працэсаў і іх мадэліраванне ў лабараторных умовах. Як навука ўзнікла ў 19 ст.Вял. ўклад у развіццё Д.г. зрабілі вучоныя англ. Ч.Лаель, аўстрыйскі Э.Зюс, рас. К.І.Багдановіч, І.В.Мушкетаў, У.А.Обручаў, У.У.Белавусаў, Ю.Д.Буланжэ, В.Я.Хаін і інш., бел. Р.Я.Айзберг, З.А.Гарэлік, Р.Г.Гарэцкі, Г.У.Зінавенка, В.С.Канішчаў, Г.І.Каратаеў, Э.А.Ляўкоў, А.В.Мацвееў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАВАЯ ФА́УНА,
сукупнасць жывёльных арганізмаў, якія жывуць у глебе (шматлікія прасцейшыя, круглыя чэрві, лічынкі некат. насякомых і інш.). Жывое арган. рэчыва (заамаса жывёл глебы) — актыўны кампанент глебаўтваральных працэсаў.
Глебавая фауна падзяляецца на макра-, меза- і мікрафауну (існуюць іншыя варыянты класіфікацыі). Да макрафауны (мегафауны) адносяць рыючых пазваночных (на Беларусі, напр., крот еўрапейскі). Мезафауна — глебавыя беспазваночныя (памерам ад некалькіх міліметраў да некалькіх сантыметраў, напр., энхітрэіды), мнаганожкі, земляныя чэрві, смаўжы, павукападобныя, макрыцы і інш. насякомыя і іх лічынкі. Да мікрафауны належаць глебавыя беспазваночныя, якіх нельга распазнаць простым вокам (напр., калаўроткі, ціхаходкі, нематоды, кляшчы, нагахвосткі). У ворных землях структура глебавай фауны можа істотна зменьвацца пад уплывам меліярацыі, угнаенняў, дэфаліянтаў, ядахімікатаў, пры змене с.-г. культур ці агратэхнікі іх вырошчвання і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАХІМІ́ЧНЫ ЦЫКЛ,
шэраг паслядоўных геахімічных працэсаў, у якіх хім. элементы мігрыруюць, удзельнічаюць у розных фіз.-хім. працэсах з утварэннем мінералаў і вяртаюцца ў зыходнае становішча ў выніку кругавароту. Геахімічны цыкл абгрунтаваў У.І.Вярнадскі (1922). Вылучаюць геахімічныя цыклы: малы, калі хім. элементы пераўтвараюцца ў паслядоўных працэсах выветрывання — зносу — асадкаўтварэння — выветрывання, і вялікі, калі яны праходзяць праз выветрыванне — асадкаўтварэнне — метамарфізм — магматызм — выветрыванне. Кожны хім. элемент мае свой геахімічны цыкл. Напр., сярэдні час, калі вуглярод знаходзіцца ў жывым рэчыве, — 7—8 гадоў, свабодны кісларод у атмасферы — 3800 гадоў, вуглякіслы газ у атмасферы — 6 гадоў, у акіяне — каля 330 гадоў, у асадкавых горных пародах — каля 400 млн. гадоў. Вучэнне аб геахімічным цыкле дазваляе звязваць геахім. працэсы, вывучаць міграцыю і размеркаванне хім. элементаў у зямной кары і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАТО́ПНЫ АБМЕ́Н,
працэс пераразмеркавання ізатопаў якога-н. элемента паміж рэчывамі ў час хім. рэакцый. Напр., калі хлорысты вадарод, абагачаны цяжкім ізатопам хлору, змяшаць з хлорам прыроднага ізатопнага саставу, то ў выніку І.а. хлор абагаціцца цяжкім ізатопам, а хлорысты вадарод збедніцца ім. Выкарыстоўваецца ў хім. даследаваннях для вывучэння элементарных стадый хім.працэсаў (гл.Ізатопныя індыкатары), для канцэнтравання патрэбнага ізатопу і інш.
Пры І.а. адбываецца замена аднаго ізатопу хім. элемента на іншы яго ізатоп у малекулах дадзенага рэчыва з захаваннем іх элементарнага саставу. Рэакцыі І.а. могуць ісці ў гамагенным (напр., у растворы паміж раствораным рэчывам і растваральнікам, у сумесі газаў) і гетэрагенным (напр., паміж цвёрдым ці вадкім рэчывам і нерастваральным газам) асяроддзі. Скорасць працякання І.а. вызначаецца механізмам рэакцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАГЕРЭ́НТНАСЦЬ (ад лац. cohaerens які знаходзіцца ў сувязі),
узгодненае працяканне ў часе некалькіх вагальных або хвалевых працэсаў. Выяўляецца ў наяўнасці нязменных суадносін паміж фазамі розных ваганняў. Найпрасцейшы прыклад К. — пастаянства рознасці фаз двух гарманічных ваганняў з аднолькавымі частотамі.
Кагерэнтныя светлавыя хвалі можна атрымаць дзяленнем пучка хваль ад адной (нялазернай) крыніцы святла або пры дапамозе лазераў, у радыёдыяпазоне — ад розных генератараў, што працуюць на стабілізаванай частаце. К. — неабходная ўмова ўзнікнення інтэрферэнцыі хваль. Паняцце К. выкарыстоўваецца ў хвалевай і квантавай оптыцы, квантавай механіцы, радыёфізіцы і радыётэхніцы. Гл. таксама Інтэрферэнцыя святла.
А.Р.Хаткевіч.
Да арт.Кагерэнтнасць. Складанне двух гарманічных ваганняў з амплітудамі A1 і A2: а — рознасць фаз φ1—φ 2=0; б — рознасць фаз φ1—φ2=π; выніковае ваганне з амплітудай Aφ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМО́НЕРА ЗАКО́НЫ ЭКАЛО́ГІІ,
чатыры законы, сфармуляваныя амер. эколагам Б.Камонерам (1974): 1-ы закон — усё звязана з усім — звяртае ўвагу на ўсеагульную сувязь працэсаў і з’яў у прыродзе; 2-і — усё павінна куды-небудзь дзецца — перафразуе фундаментальны фіз. закон захавання матэрыі, у дачыненні да прыкладной экалогіі вызначае праблему асіміляцыі біясферай адходаў чалавечай цывілізацыі; 3-і закон — прырода «ведае» лепш — заклікае да асцярожнасці ў карыстанні прыроднымі экасістэмамі; 4-ы — нішто не даецца дарма — аб’ядноўвае ў сабе 3 папярэднія законы. У гэтых законах аўтар уяўляе глабальную экасістэму як адзінае цэлае, у рамках якой нічога не можа быць выйграна ці страчана і якая не можа быць аб’ектам усеагульнага паляпшэння; усё, што было здабыта з яе чалавечай працай, павінна быць вернута.
савецкі геолаг, адзін з заснавальнікаў фіз.-хім. петралогіі і мінералогіі. Акад.АНСССР (1953, чл.-кар. 1943). Чл. многіх замежных т-ваў і акадэмій. Герой Сац. Працы (1969). Сын С.І.Каржынскага. Скончыў Ленінградскі горны ін-т (1926). Вывучаў геалогію і мінер. радовішчы Казахстана, Усх. Сібіры, Урала, Сярэдняй Азіі. Распрацаваў асновы фіз.-хім. тэорыі працэсаў мінералаўтварэння: тэрмадынамічную тэорыю прыродных мінер. сістэм з рухомымі кампанентамі, фіз.-хім. аналіз парагенезісаў мінералаў і тэорыю метасаматычнай занальнасці. Прапанаваў тэорыю біметасаматычнага і кантактава-інфільтрацыйнага скарнаўтварэння і кіслотна-асноўнай гідратэрмальнай эвалюцыі раствораў. Абгрунтаваў прынцып кіслотна-асноўнага ўзаемадзеяння пры крышталізацыі расплаваў. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1975. Ленінская прэмія 1958. Залаты медаль імя У.І.Вярнадскага (1972). Яго імем наз. мінерал каржынскіт.