БЕЗ-КАРНІЛО́ВІЧ (Міхаіл Восіпавіч) (10.10.1796, Магілёўская губ. — 19.1.1862),
бел. гісторык, краязнавец і этнограф, вайсковы тапограф і статыстык. Ген.-маёр рас. арміі. Брат дзекабрыста А.В.Карніловіча. Скончыў 1-ы кадэцкі корпус (1816). Удзельнік вайны з Турцыяй 1828—29. У 1831—47 кіраваў тапаграфічнай экспедыцыяй у Мінскай, Наўгародскай, Валынскай, Віцебскай, Магілёўскай губ. і Беластоцкай вобласці. З 1852 у адстаўцы. Вывучаў гіст. дакументы ў дзярж., манастырскіх, прыватных архівах. Аўтар прац па гісторыі Беларусі, якую абмяжоўваў Віцебскай і Магілёўскай губ., астатнія бел. землі называў Літвой. Апісваў помнікі дойлідства, археалогіі і этнаграфіі, побыт бел. сялян.
Тв.:
Витебская губерния. СПб., 1852;
Исторические сведения о примечательнейших местах в Белоруссии с присовокуплением и других сведений, к ней же относящихся. СПб., 1855 (репр. изд. Мн., 1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ МО́ВА»,
аднатомная энцыклапедыя. Выдадзена ў 1994 у Мінску пад рэдакцыяй А.Я.Міхневіча выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя». Уключае 513 энцыклапедычных артыкулаў, гал. аб’ектамі апісання ў якіх сталі: моўныя дысцыпліны і навук. кірункі, што вылучаюцца ў межах бел. мовазнаўства; навук. паняцці і метады, пры дапамозе якіх апісваецца бел. мова; галоўныя пісьмовыя помнікі старабел. і новай бел.літ. мовы; персаналіі айч. і замежных даследчыкаў бел. мовы, бел. пісьменнікаў і выдатных дзеячаў старабел. пісьменства; галоўныя кадыфікацыйныя працы па бел. мове; мовы, з якімі бел. мова мела ці мае кантакты; моўныя ўстановы, таварыствы, часопісы, газеты і інш. Артыкулы ілюструюцца фотаздымкамі, картамі, схемамі. У кнізе змешчаны Закон «Аб мовах у Беларускай ССР» (1990) і спадарожныя яму заканадаўчыя акты.
В.К.Шчэрбін.
Тытульны ліст энцыклапедыі «Беларуская мова». 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛГА́РСКАЯ МО́ВА,
адна са славянскіх моў (паўд. група). Пашырана ў Балгарыі (дзярж. мова) і сярод балгараў, што жывуць у Югаславіі, Румыніі і інш. суседніх дзяржавах. Мае 2 асн. групы дыялектаў: усходні і заходні.
У фанетычнай сістэме балгарскай мовы 6 галосных (у т. л. спецыфічна балг. гук «ъ») і 37 зычных фанем. Граматычныя асаблівасці вызначаюцца яе прыналежнасцю да балканскага моўнага саюза: страта катэгорыі склону (па гэтай прыкмеце балгарскую мову адносяць да аналітычных моў), наяўнасць катэгорыі азначальнасці імені (назоўнік з постапазіцыйным артыклем — «жената», «градът») і спец. пераказвальнага ладу, страта інфінітыву, разгалінаваная сістэма з 9 часоў дзеяслова і інш.
Першыя пісьмовыя помнікі датуюцца 10 ст. Сучасная літ. мова сфарміравалася ў сярэдзіне 19 ст. на аснове паўн.-ўсх. гаворак. Графіка балгарскай мовы ўзыходзіць да кірыліцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВА́ТАР (Леў Міхайлавіч) (20.2.1902, в. Хоціна Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. — 19.12.1941),
генерал-маёр (1941), Герой Сав. Саюза (1941). Скончыў кав. вучылішча (1926), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1939). У Чырв. Арміі з 1924. У Вял.Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах. фронце на чале асобнай кав. групы, якая ў жн.—вер. зрабіла глыбокі рэйд па тылах ворага ў Смаленскай вобл., вяла абарончыя баі на р. Мёжа на Валакаламскім напрамку. З ліст. 1941 камандаваў кав. корпусам, паказаў сябе мужным і таленавітым камандзірам, за якога гітлераўцы прызначылі вял. ўзнагароду. Загінуў у баі каля в. Палашкіна на подступах да г. Руза Маскоўскай вобл.Помнікі на шашы Лепель—Ула, у в. Хоціна, г.п. Ула, дзе ёсць і мемар. музей Даватара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМБАВЕ́ЦКІ (Аляксандр Станіслававіч) (1840 — каля 1914),
бел. краязнавец, грамадскі дзеяч. Скончыў Кіеўскі ун-т. З 1872 магілёўскі губернатар, з 1893 сенатар. Ініцыятар адкрыцця ў Магілёве гіст.-этнагр. музея (1879). Пачынальнік выдання і рэдактар калектыўнай працы «Спроба апісання Магілёўскай губерні ў гістарычных, фізіка-геаграфічных, этнаграфічных, прамысловых, сельскагаспадарчых, лясных, вучэбных, медыцынскіх і статыстычных адносінах» (кн. 1—3, 1882—84), дзе змешчаны матэрыялы па археалогіі, ёсць звесткі пра побыт, абрады, нар. творчасць, помнікі старажытнасці. Арганізоўваў археал. экспедыцыі па Магілёўшчыне, выстаўкі іх знаходак у Магілёве і Вільні. Садзейнічаў Е.Р.Раманаву ў падрыхтоўцы «Археалагічнай карты Магілёўскай губерні», спрыяў археал. даследаванням У.З.Завітневіча, Д.Я.Самаквасава, М.В.Фурсава, С.Ю.Чалоўскага, выданню «Дзённіка курганных раскопак...» Фурсава і Чалоўскага (1892).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЧАК (Віктар Мацвеевіч) (22.4.1910, чыг. ст. Цінская, Краснаярскі край, Расія — 26.4.1985),
бел. архітэктар і педагог. Засл.арх. Беларусі (1978). Скончыў Ленінградскую АМ (1936). З 1937 працаваў у Ташкенце; аўтар помніка Алішэру Наваі (1950, скульпт. Л.Дзітрых) і інш. У 1953—59 гал. архітэктар ін-та «Белдзяржпраект». У 1954—75 выкладаў у БПІ. З 1979 у ін-це «Мінскметропраект». Асн. работы на Беларусі: будынак Мінскага аблвыканкома (1958), Літ.музей Я.Купалы (1959), помнікі Марату Казею (1958, скульпт. С.Селіханаў), ахвярам Масюкоўшчынскага лагера смерці (1959) у Мінску; воінам польск. дывізіі імя Т.Касцюшкі ў в. Леніна Горацкага р-на (1953); абеліскі ў гонар сав. воінаў і партызан у г.п. Івянец Валожынскага р-на (1959, скульпт. Я.Печкін). Адзін з аўтараў мемарыяльнага комплексу Брэсцкая крэпасць-герой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСО́ЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура канца бронзавага і пач. жалезнага вякоў (10—6 ст. да н.э.), пашыраная на З Валыні — Пн Прыкарпацця (Львоўская і Цярнопальская вобл. Украіны). Назва ад могільніка каля с. Высоцкае Львоўскай вобл., Украіна. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на паселішчах у паўзямлянкавых жытлах з агнішчамі або каменнымі пячуркамі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне, радзей трупаспаленне ў бескурганных, пазней і ў курганных могільніках. Вырабляла цюльпанападобныя і слоікавыя пасудзіны, гліняныя культавыя фігуркі птушак; карысталася бронзавымі, радзей жал. прыладамі працы і зброяй, таксама каменнымі сякерамі, крамянёвымі сярпамі і наканечнікамі стрэл, бронзавымі ўпрыгожаннямі. Зрабіла пэўны ўплыў на мілаградскую культуру. Паводле археолага Ю.У.Кухарэнкі, помнікі Высоцкай культуры трапляюцца ў межах Беларусі ў сярэднім цячэнні р. Гарынь і на р. Сцвіга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСТЭ́ЛА (Мікалай Францавіч) (6.5.1907, Масква — 26.6.1941),
Герой Сав. Саюза (1941). Беларус. Скончыў Луганскую ваен. школу лётчыкаў (1933). У Чырв. Арміі з 1932. Удзельнік баёў на р. Халхін-Гол у 1939, сав.-фінл. вайны 1939—40. У пач.Вял.Айч. вайны капітан Гастэла камандаваў эскадрылляй, удзельнічаў у бамбардзіроўцы танк. і механіз. калон праціўніка. 26 чэрв. ў час бамбардзіроўкі варожай танк. калоны на дарозе Маладзечна—Радашковічы з членамі экіпажа А.А.Бурдзенюком, А.А.Калініным, Р.М.Скарабагатавым накіраваў ахоплены полымем самалёт на скопішча варожых танкаў, аўтамашын і бензацыстэрнаў. На месцы подзвігу, на шашы Мінск—Вільнюс, помнік-мемарыял экіпажу, у г.п. Радашковічы, у г. Мураме, Сухумі, на радзіме бацькі Гастэлы (Карэліцкі р-н), на тэр. Варашылаўградскага вышэйшага авіяц. вучылішча штурманаў яму пастаўлены помнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІЯ ЛЯ́МУСЫ,
помнікігасп. і жыллёвай архітэктуры. Лямус у двары Гродзенскага кляштара брыгітак пабудаваны ў 1630-я г. ў стылі ранняга барока; помнік драўлянага дойлідства. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак з масіўных драўляных брусоў на бутавым падмурку накрыты высокім вальмавым гонтавым дахам. Гал. фасад аздоблены 2-яруснай галерэяй з балюстрадай на 2-м паверсе. Матыў аркады ствараюць слупы з падкосамі. Першы паверх прызначаўся для гасп. мэт, 2-і — для жылля. Лямус (вул. Дзяржынскага) пабудаваны ў 2-й пал. 18 ст. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак накрыты высокім вальмавым дахам. На гал. і бакавым фасадах — мансарды. Гал. фасад сіметрычны, з невял. рызалітамі ў цэнтры. У 1939 перабудаваны пад жылы дом, інтэр’ер зменены.
Да арт.Гродзенскія лямусы. Лямус у двары кляштара брыгітак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНЬ,
ці Шан, першая кітайская дзяржава, якая існавала ў 16—11 ст. да н.э. Апошняя сталіца знаходзілася паблізу сучаснага г. Аньян. Значную ролю ў гаспадарцы І. адыгрывалі земляробства, жывёлагадоўля, паляванне і рыбалоўства. Зямлю апрацоўвалі пераважна каменнымі і драўлянымі прыладамі. У час І. з’явілася іерагліфічная пісьменнасць. Развіваліся рамёствы, у т. л. выраб бронзавага посуду, зброі, керамікі і інш. Археалагічныя знаходкі і эпіграфічныя помнікі сведчаць аб значным маёмасным расслаенні іньскага грамадства, якое складалася са знаці (члены царскай сям’і, жрацы, чыноўнікі), сялян-абшчыннікаў і рабоў (у асноўным ваеннапалонныя). У 14 ст. на чале дзяржавы стаяў цар (ван), які меў неабмежаваную ўладу. Дзяржава І. вяла працяглую барацьбу з суседнімі плямёнамі. У 11 ст. да н.э. заваявана роднасным племем чжу і перастала існаваць.