ГАЛА́Н (Яраслаў Аляксандравіч) (27.7.1902, г. Дынаў, цяпер Польшча — 24.10.1949),
украінскі пісьменнік, публіцыст. Вучыўся ў Венскім (1923—26), скончыў Кракаўскі (1928) ун-т. Удзельнічаў у рэв.падп. рабоце. Адзін з арганізатараў антыфаш. кангрэса па абароне культуры (Львоў, 1936). Першы твор — п’еса «Дон Кіхот з Этэнгайма» (1927). Аўтар п’ес «Груз» (1929), «Вераніка» (1930), «Каханне на досвітку» (нап. 1949), сатыр. камедыі «99%» (1930—31), трагедыі «Пад залатым арлом» (1947), апавяданняў і аповесцей, публіцыстычных артыкулаў, у якіх адлюстраваў складаныя, супярэчлівыя падзеі даваен. і пасляваен. зах.-ўкр. рэчаіснасці. Майстар сатыр. нарысаў, памфлетаў і фельетонаў (зб-кі «Фронт у эфіры», 1943; «Іх абліччы», 1948; «Перад тварам фактаў», 1949). Трагічна загінуў. Дзярж. прэмія СССР 1952. На бел. мову асобныя творы Галана перакладаў Г.Сапрыка.
Тв.:
Твори. Т. 1—4. Київ, 1977—80;
Бел.пер. — З крыжам ці з нажом: Памфлеты. Мн., 1954;
Рус.Пер. — Избранное. М., 1985;
Об этом нельзя забывать: Рассказы, очерки, памфлеты, пьесы. Киев, 1987.
Літ.:
Вартанов Г.И. Ярослав Галан: Очерк жизни и творчества. Львов, 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМБРО́ВІЧ ((Gombrowicz) Вітольд) (4.8.1904, Малашыцы, каля г. Апатаў, Польшча — 25.7.1969),
польскі пісьменнік, драматург. Юрыст па адукацыі. У 1939—63 жыў у Аргенціне, з 1964 — у Францыі. Працягваў традыцыі польск. сатыры. Аўтар зб. апавяданняў «Дзённік часоў сталення» (1933), аповесцей «Фердыдурке» (1938), «Парнаграфія» (1960), «Космас» (1965), рамана «Транс-Атлантык» (1953), скіраваных супраць крывадушнасці і фальшу, што прыкрываюцца нормамі маралі, канфармізму, стандартызацыі ў матэрыяльным і духоўным жыцці. Яго творам уласцівы абсурдысцкая манера апавядання, заснаваная на літ. гульні і вытанчанай тэхніцы пісьма, спалучэнне сатыры, гумару і фантастыкі. У п’есах «Вянчанне» (1953), «Аперэтка» (1966) разглядаў праблемы адносін паміж людзьмі, уплыў на псіхіку дэструктыўных сац. з’яў. Выдаў «Дзённік. 1953—66» (т. 1—3, 1957—66).
Тв.:
Dzieła. Т. 1—9. Kraków, 1986—95;
Рус.пер. — Преднамеренное убийство: Рассказы. М., 1991;
Транс-Атлантик. М., 1994;
Порнография. М., 1994.
Літ.:
Медведева О.Р. Диалог: Философия и поэтика (М.Бубер и В.Гомбрович) // История культуры и поэтика. М., 1994;
Jarzębski J. Gra w Gombrowicza. Warsczawa, 1982;
Błonski J. Forma, śmiech i rzecy ostateczne: Studia o Gombrowiczu. Kraków, 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЛЬТМАН (Стафан Лявонавіч) (4.10.1886, г. Замасць, Польшча — 20.9.1937),
рэвалюцыянер, дзярж. дзеяч БССР. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1912). У 1903—05 рэдактар час. «Glos» («Голас»). З 1915 у Мінску. Адзін з арганізатараў Польск. сацыяліст. аб’яднання, старшыня праўлення яго мінскай групы, заснавальнік і рэдактар яго органа «Prawda» («Праўда»), Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. бальшавіцкай фракцыі Мінскай гар. думы, камісар па польск. справах Зах. вобласці і фронту. У 1919 нам. наркома земляробства і лясной гаспадаркі Літ.-Бел. ССР, заг. аддзела Мінскага губрэўкома, з 1921 сакратар Польбюро ЦК РКП(б). У 1924—25 нарком земляробства, старшыня Дзяржплана, эканам. савета і нам. старшыні СНКБССР. З 1925 рэктар Камуніст. ун-та Беларусі ў Мінску, адначасова з 1927 заг. польск. сектара Ін-та бел. культуры. У 1930-я г. ў наркаматах земляробства і зернесаўгасаў СССР. Чл.ЦККП(б)Б у 1924—29, чл.ЦВКБССР у 1924—29, Прэзідыума ЦВКБССР у 1926—29. Аўтар прац па агр. пытанні Беларусі, пра ўдзел палякаў у Кастр. рэвалюцыі 1917 і інш. У 1937 арыштаваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАТО́ЎСКІ ((Grotowski) Ежы) (н. 11.8.1933, г. Жэшаў, Польшча),
польскі рэжысёр, тэарэтык тэатр. мастацтва. Скончыў Вышэйшую тэатр. школу ў Кракаве і Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва ў Маскве. Дырэктар, маст. кіраўнік і рэжысёр эксперым. Тэатра-лабараторыі (з 1959 у г. Аполе, у 1962—84 у Вроцлаве). Насуперак агульнапрынятаму «тэатру дэкарацый» стварыў т.зв. «бедны тэатр», спектаклі якога характарызаваліся спецыфічным спалучэннем гуку і руху, цеснай узаемасувяззю паміж акцёрам і гледачом; з гэтымі мэтамі распрацаваў новы, поўны экспрэсіі метад акцёрскай ігры. Вядомасць набыў пастаноўкамі пераважна класічных твораў, якія выкарыстоўваў у якасці сюжэтнай асновы для ўласных сцэнарыяў. Найб. значныя працы: «Дзяды» А.Міцкевіча (1961), «Кардыян» Ю.Славацкага (1962), «Акропаліс» С.Выспянскага (1962), «Трагічная гісторыя доктара Фауста» паводле К.Марла (1963), «Стойкі прынц» Кальдэрона—Славацкага (1965), «Apokalypsis cum figuris» (1968). З 1973 арганізоўваў у Польшчы і за мяжой т.зв. паратэатральныя лабараторыі стажыроўкі акцёраў паводле мастацка-даследчай праграмы Special Projekt. Аўтар кнігі «У напрамку да беднага тэатра» (1970). Дзярж. прэмія Польшчы 1972.
Літ.:
Osiński Z. Grotowski i jego Laboratorium. Warszawa, 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫШКЕ́ВІЧ (Францішак) (Франук; 1904 ці 1906, мяст. Сухаволя Беластоцкага ваяв., Польшча — 1944 ці 1945),
бел. пісьменнік. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1926), літ.ф-т Карлава ун-та ў Празе. Д-р філасофіі. З 1939 узначальваў бел. школы Віленскай школьнай акругі. У 1941—44 дырэктар Віленскай бел. гімназіі. У 1944 арыштаваны, у час следства ў Мінску скончыў жыццё самагубствам. Друкаваўся з 1924. Лепшыя вершы пазначаны тонкім лірызмам, філасафічнасцю, у некат. матывы песімізму (зб. «Веснавыя мелодыі», 1927). Пісаў апавяданні («Куцця ў чужыне», «У калядны вечар»), выступаў як крытык, прапагандыст бел. л-ры ў Чэхаславакіі («Беларускае літаратурнае творства ў расейскім перакладзе», 1927; «Кароткі агляд дзеі ўкраінскае літаратуры», «Літаратурныя запіскі», 1928; рэцэнзіі на кн. паэзіі і прозы В.Адважнага, Н.Арсенневай, М.Багдановіча, М.Зарэцкага, Х.Ільяшэвіча, Я.Коласа, Р.Мурашкі, К.Чорнага і інш.). Аўтар публіцыстычных арт. «Каталіцкая місія на Беларусі» (1925), «Наш вечны сон» (1926), «Аб паходжанні нашае мовы» (1928), «У лабірынце маладое беларускае думкі» (1931). Пераклаў на бел. мову паасобныя творы І.В.Гётэ, О.Жупанчыча, І.Франко і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ТЭНБЕРГ ((Gutenberg) Іаган [1397) (1400?),
г. Майнц, Германія — 3.2.1468), нямецкі друкар, пачынальнік кнігадрукавання ў Еўропе. Вынаходнік друку з наборнай формы, прыстасавання для стандартнай адліўкі літар, а таксама сплаву, фарбаў і прэса для друкавання. Быў «залатых спраў» майстрам. У 1418—20 вучыўся ў Эрдгірцкім ун-це. Жыў у Страсбуры (Францыя, 1434 і 1436—44) і Майнцы (з 1448). У 1438 заснаваў прыватную друкарню. Выданні, надрукаваныя яго шрыфтам, пачалі з’яўляцца з 1448. Сярод іх т.зв. Майнцкі псалтыр, навукова-папулярныя кнігі павучальнага характару, календары, падручнікі і інш. У 1452—55 выдаў першае поўнааб’ёмнае выданне, шэдэўр ранняга друку — 42-радковую Біблію ў 2 т. (на лац. мове); з 180 экз. Бібліі вядома 48. У 1459—61 выдаў, відаць, у Бамбергу (цяпер г. Быдгашч, Польшча) на сродкі мясц. епіскапа 36-радковую Біблію. У 1901 у Майнцы засн. музей Гутэнберга.
Літ.:
Варбанец Н.В. Йоханн Гугенберг и начало книгопечатания в Европе: Опыт нового прочтения материала. М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМБРО́ЎСКАЯ ((Dąbrowska) Марыя) (6.10.1889, г. Русаў, Польшча — 19.5.1965),
польская пісьменніца. У 1907—14 вучылася ў Лазанскім і Брусельскім ун-тах. Літ. дзейнасць пачала ў 1910-я г. Першыя зб-кі апавяданняў «Дзеці радзімы» (1918), «Галінка чарэшні» (1922) і «Усмешка дзяцінства» (1923) прысвечаны дзецям з іх своеасаблівым успрыманнем свету. У зб. навел «Людзі адтуль» (1926) паказаны жыццё і ўнутр. свет вясковай беднаты ў пач. 20 ст., у зб. «Прыкмета жыцця» (1938) — нялёгкае існаванне чалавека ў грамадстве. Самы вядомы твор Д. — эпічная тэтралогія «Ночы і дні» (1932—34), у якой намалявана гісторыя жыцця адной сям’і з 1860-х г. да 1-й сусв. вайны. Аўтар гіст. драм «Геній-сірата» (1939) і «Станіслаў і Багуміл» (1945), рамана-эпапеі «Прыгоды думаючага чалавека» (незакончаны, выд. 1970), «Дзённікаў» (1—5, выд. 1988), літ.-крытычных артыкулаў (зб. «Думкі аб падзеях і людзях», 1956).
Тв.:
Pisma wybrane. T. 1—3. Warszawa, 1956;
Бел.пер. — у кн.: Ад Буга да Одры: Апавяданні пол. пісьменнікаў. Мн., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАРО́МСКІ ((Żeromski) Стэфан) (14.10.1864, Страўчын, Келецкае ваяв., Польшча — 20.11.1925),
польскі пісьменнік. Працаваў хатнім настаўнікам, у 1892—1904 бібліятэкарам у Польскім музеі ў Раперсвілі і ў б-цы Замойскіх у Варшаве. У 1909—12 у эміграцыі ў Парыжы. Ужо для першых яго твораў характэрна сац. скіраванасць, зварот да тэмы нац.-вызв. руху (зб-кі «Апавяданні», «Раздзяўбуць нас крумкачы», абодва 1895). У цэнтры аўтабіягр. рамана «Сізіфава праца» (1897) пратэст супраць прымусовай русіфікацыі польскай школы. Раман «Бяздомныя» (т. 1—2, 1900) прысвечаны тэме духоўных пошукаў польскай інтэлігенцыі. Ідэя барацьбы за незалежнасць і трагічныя лёсы адданых ёй барацьбітоў аб’ядноўвае раманы «Попел» (т. 1—4, 1904, экранізаваны 1965), «Прыгажосць жыцця» (1912), «Верная рака» (1912, пра паўстанне 1863) і трылогію «Барацьба з сатаной» (1916—19). Аўтар драм «Ружа» (1909) і «Сулкоўскі» (1910), раманаў «Гісторыя граху» (т. 1—2, 1908, экранізаваны 1933 і 1975), «Прадвесне» (1925). На бел. мову творы Ж. перакладаў М.Ф.Дубянецкі (зб. «Верная рака», 1985).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХОДНЕЕЎРАПЕ́ЙСКІ САЮ́З (ЗЕС),
ваенна-палітычная арганізацыя еўрап. краін. Створаны ў маі 1955 паводле Парыжскіх пагадненняў 1954 шляхам рэарганізацыі Заходняга Саюза (Нідэрланды, Бельгія, Францыя, Вялікабрытанія, Люксембург), заснаванага ў 1948 у Бруселі і далучэння да яго Італіі і ФРГ. Акрамя пералічаных краін чл. ЗЕС з’яўляюцца Іспанія і Партугалія (з 1990), Грэцыя (з 1995); Ісландыя, Нарвегія і Турцыя — асацыіраваныя чл.; Балгарыя, Венгрыя, Латвія, Літва, Румынія, Польшча, Славакія, Чэхія, Эстонія і Украіна маюць статус асацыіраваных партнёраў; Аўстрыя, Данія, Фінляндыя, Ірландыя, Швецыя — назіральнікі. Мэта ЗЕС — развіццё еўрап. міжурадавага супрацоўніцтва ў галіне бяспекі. Штаб-кватэра з 1993 у Бруселі. Вышэйшы орган — Савет міністраў, які збіраецца адзін раз у 6 месяцаў. 2 разы ў год у Парыжы збіраецца Парламенцкая асамблея ЗЕС. Ген. сакратар узначальвае выканаўчыя органы — Пастаянны савет і сакратарыят. Саюз мае ў сваім непасрэдным падпарадкаванні шматнац.вайск. фарміраванні. Першая сумесная аперацыя сіл ЗЕС — размініраванне Персідскага зал. ў 1987. Пад эгідай ЗЕС у 1994 праводзіліся аперацыі ў б. Югаславіі (па паліт.-эканам. блакадзе Сербіі і інш.) у адпаведнасці з рэзалюцыямі Савета Бяспекі ААН.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗБЯРУ́К (Уладзімір Міхайлавіч) (н. 29.8.1923, в. Бандары Беластоцкага ваяв., Польшча),
бел.літ.-знавец і крытык. Канд.філал.н. (1963). Скончыў БДУ (1949). Настаўнічаў. З 1955 выкладаў у Полацкім пед. ін-це. У 1959—93 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Друкуецца з 1954. Даследуе бел. л-ру стараж. перыяду, 19 — пач. 20 ст., праблемы бел. рамантызму, бел.-польскія літ. сувязі, творчасць Я.Коласа, Ф.Багушэвіча, Ф.Скарыны, А.Гаруна, К.Каліноўскага, Г.Пельгрымоўскага, мітрапаліта Кіпрыяна і інш. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), кн. «Старонкі літаратурных сувязей» (1970), даследаванняў па гісторыі Беларусі.
Тв.:
Якуб Колас (жыццё і творчасць). Мн., 1962;
Традыцыі польскага рамантызму ў беларускай літаратуры пачатку XX ст.Мн., 1972;
Ступені росту: Бел.літ. канца XIX — пачатку XX ст. і традыцыі пол. пісьменнікаў. Мн., 1974;
Паэма Якуба Коласа «Новая зямля»: У святле слав. традыцый. Мн., 1979;
Славянскія літаратуры і праблемы беларускага параўнальнага літаратуразнаўства (дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1982;
Рамантычны пошук: Назіранні над бел. рамантызмам пачатку XX ст.Мн., 1983;