ПЕРАЧАКА́НКА МАНЕ́ТЫ,

выкарыстанне ўстарэлых манет для вырабу манет новага ўзору. Звычайна звязана са зменай манетнай стапы. Адрозніваюць мэтанакіраваную П.м. (перараблялі вял. партыю манет цалкам) і дапаможную (для невял. іх колькасці). Перачаканеная манета вызначаецца па фрагментах старых выяў на аверсе і рэверсе, несупадзенні віду арнаменту. павялічаным дыяметры і меншай таўшчыні кружка. П.м. шырока ўжывалася ў Рас. імперыі ў 18 ст. для медных манет, стапа якіх на працягу стагоддзя мянялася 9 разоў. Спарадычна для П.м. ствараліся часовыя манетныя двары (гл. Полацкі манетны двор).

І.​І.​Сінчук.

т. 12, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯЛЕ́Ц,

вадасховішча ў Бярозаўскім р-не Брэсцкай вобл., каля в. Сялец. Створана ў 1985 у пойме р. Ясельда. Пл. 20,7 км², даўж. 11,8 км, найб. шыр. 4,1 км, найб. глыб. 5,4 м, аб’ём вады 56,3 млн. м³. Даўж. берагавой лініі 33,5 км. Сярэдні шматгадовы сцёк 101 млн. м³. Катлавіна выцягнута з ПнЗ на ПдУ. Земляная намыўная плаціна даўж. 4,3 км з хвалеўстойлівым верхавым адхонам, даўж. агараджальнай дамбы 13,9 км. Ваганні ўзроўню вады на працягу года 2,5 м. Выкарыстоўваецца для рыбаводства, увільгатнення с.-г. угоддзяў, добраўпарадкавання прылеглых населеных пунктаў, адпачынку.

т. 15, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦНЯ́НСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

галаўное вадасховішча Сляпянскай воднай сістэмы, на паўн. ускраіне Мінска. Створана ў 1981. Пл. 0,94 км², даўж. 1,5 км, найб. шыр. 1,4 км, найб. глыб. 7,5 м, аб’ём вады 2,1 млн. м³. Наліўное: напаўняецца па вадаводзе з вадасховішча Дразды. Катлавіна — прыродная ўпадзіна. Дно пясчанае. Берагі пясчаныя, зах. і паўн.-зах. пад лесам. Востраў пл. 0,6 км². Даўж. земляной плаціны 1,1 км. Ваганні ўзроўню вады на працягу года 0,5 м. Моцна праточнае. Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння і воднага добраўпарадкавання Мінска. Месца адпачынку (даўж. пляжаў каля 2 км).

т. 17, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАКАРДЫЯГРА́ФІЯ (ад электра... + кардыяграфія),

метад рэгістрацыі эл. актыўнасці сардэчнай мышцы. Для Э. выкарыстоўваюць спец. прыборы — электракардыёграфы, якія з дапамогай электродаў улоўліваюць эл. сігналы сэрца з паверхні цела, узмацняюць іх і ўзнаўляюць на паперы або экране манітора. Крывая змены ў часе рознасці патэнцыялаў паміж двума пунктамі эл. поля працуючага сэрца на працягу сардэчнага цыкла наз. электракардыяграмай (ЭКГ). Яна адлюстроўвае распаўсюджванне ўзбуджэння (эл. імпульсаў) па міякардзе. З дапамогай Э. вывучаюць электрафізіял. ўласцівасці сардэчнай мышцы, ставяць дыягназ парушэнняў рытму сэрца, праводнасці і інш.

І.​М.​Семяненя.

т. 18, кн. 1, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́НАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА У Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., каля г.п. Астравец і хутара Янава. Створана ў 1955 плацінай на р. Лоша (бас. р. Вілія). Пл. 1,1 км², даўж. 7,7 км, найб. шыр. 400 м, найб. глыб. 7,5 м. Аб’ём вады 2,3 млн. м³. Сярэдні шматгадовы сцёк 92 млн. м³. Берагі высокія, месцамі да 10 м. Ёсць 2 залівы, востраў пл. 0,2 га. Каля берагоў зарастае. Ваганні ўзроўню вады на працягу года 0,1 м. Выкарыстоўваецца для энергет. мэт (Янаўская ГЭС), арашэння с.-г. угоддзяў, рыбагадоўлі і рэкрэацыі.

т. 18, кн. 1, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАНДРЫ́, Ла Верандры (La Vérendrye) П’ер Гацье дэ Варэн (17.11.1685, Труа-Рыўер, цяпер у межах г. Квебек, Канада — 5.12.1749), франка-канадскі падарожнік, даследчык Канадскага Захаду Паўн. Амерыкі. У пошуках воднага шляху да Ціхага ак. і з мэтай скупкі пушніны на працягу 1731—48 разам з сынамі здзейсніў некалькі падарожжаў, у выніку якіх адкрыў і даследаваў шэраг канадскіх азёр, у т. л. Вініпег, Манітоба, Вініпегосіс, і рэк іх басейнаў, сярод якіх Саскачэван і сярэдняе цячэнне р. Місуры.

т. 4, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕКСАНДРО́ЎСКІ БОЙ 1942.

Адбыўся паміж партызанамі атрада М.​М.​Нікіціна (з ліп. партыз. брыгада М.​М.​Нікіціна) і ням.-фаш. карнікамі ў ліп. 1942 у Дзяржынскім р-не Мінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. 14.6.1942 атрад карнікаў з 9 бронемашынамі і 6 танкамі ва ўрочышчы Доўгі Востраў (каля в. Александрова Дабрынёўскага с/с) акружыў партызан (120 чал.), якія на працягу 8 гадзін адбілі 21 атаку гітлераўцаў і прарвалі акружэнне. Гітлераўцы спалілі в. Александрова і расстралялі яе мужчынскае насельніцтва.

т. 1, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЗОКСІРЫБАНУКЛЕАПРАТЭІ́ДЫ,

бялкі, здольныя звязвацца з малекуламі ДНК праз утварэнне вадародных сувязей. Звязванне можа адбывацца па ўсёй даўжыні малекулы (гістонавыя бялкі) ці на працягу пэўных кароткіх яе паслядоўнасцей (сайт-спецыфічныя бялкі). Удзельнічаюць у працэсах рэпліцыравання і счытвання інфармацыі з малекул ДНК, іх упакоўкі ў храмацін, згортвання малекул ДНК з утварэннем розных даменаў, у кантролі за транскрыпцыяй генаў і інш. Кожнаму тыпу клетак жывых арганізмаў уласцівы пэўны набор Д. негістонавай прыроды, які ў сукупнасці вызначае характар экспрэсіі генаў.

т. 6, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗБРО́Я МА́САВАГА ЗНІШЧЭ́ННЯ,

зброя вялікай разбуральнай і знішчальнай сілы, прызначаная для нанясення масавых страт. Да З.м.з. адносіцца ядзерная зброя, хімічная зброя і біялагічная зброя.

Агульныя паражальныя фактары З.м.э. выяўляюцца на працягу вял. прамежкаў часу пасля яе выкарыстання і маюць моцны маральна-псіхалагічны ўплыў. Магчыма стварэнне прынцыпова новых відаў З.м.з. (радыелагічнай, інфрагукавой, пучковай, лазернай, геафіз.. этнічнай і інш.). Па сваіх уласцівасцях да З.м.з. могуць набліжацца звычайныя віды ўзбраення пры выкарыстанні якасна новых элементаў (гл., напр., Вакуумная зброя).

П.​В.​Сычоў.

т. 7, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КСІЛЕ́МА (ад грэч. xylon ссечанае дрэва),

водаправодзячая тканка сасудзістых раслін. Разам з флаэмай (лубам) утварае праводзячую сістэму, што аб’ядноўвае ўсе органы расліны. Бывае першасная (вытворная пракамбію) і другасная (вытворная камбію). Другасная К. (драўніна) уключае праводзячыя (сасуды, трахеіды — мёртвыя полыя клеткі, што ажыццяўляюць восевы транспарт раствораў), парэнхімныя і мех. элементы. Назапашваецца на працягу жыцця расліны і складаецца з гадавых кольцаў прыросту. Суадносіны паміж К., што функцыянуе (абалонная) і не функцыянуе (ядравая), залежаць ад віду раслін і кліматычных умоў.

т. 8, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)