КО́НСУЛ (ад лац. consul саветнік),

1) у Стараж. Рыме ў эпоху рэспублікі (з 6 ст. да н. э.), назва пасад 2 службовых асоб, якія валодалі вышэйшай ваен. і цывільнай уладай. Выбіраліся на адзін год з патрыцыяў, а з 4 ст. да н. э. таксама і з плебеяў. Праводзілі набор у войска і камандавалі ім у час вайны, склікалі сенат і нар. сход, па-за межамі г. Рым мелі права караць грамадзян смерцю. У перыяд імперыі званне К. захавалася толькі як ганаровы тытул.

2) Назва пасады члена вышэйшага органа (калегіі К.) па кіраванні гар. рэспублікай у гарадах Паўн. і Сярэдняй Італіі ў канцы 11—1-й пал. 13 ст. Выбіраліся на 1 год у колькасці 4—20 чал. 3) У Францыі ў перыяд Консульства (1799—1804) тытул 3 асоб, фармальна надзеленых усёй паўнатой выканаўчай улады, якая фактычна належала толькі 1 -му К. (Напалеону Банапарту).

т. 8, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РАНЬ слова,

галоўная частка слова, нязменная ў працэсе словаўтварэння і словазмянення (марф. дэрывацыі), носьбіт лексічнага значэння слова. У невытворных словах К. супадае з асновай. Значэнне К. больш канкрэтнае, чым значэнне афіксаў слова. Структурна К. падзяляюць на свабодныя — сустракаюцца на правах аўт. слова без афіксаў («сцян-а», «сцен-ка») і звязаныя — толькі ў спалучэнні з афіксамі («ада-мк-нуць», «за-вул-ак»). К., які заканчваецца галосным гукам, наз. адкрытым («аб-у-ць»), зычным — закрытым («з-бір-аць»; у бел. мове закрытыя К. заўсёды ва ўласнабел. назоўніках, прыметніках, лічэбніках і займенніках, за выключэннем асабовых займеннікаў я, ты, мы). У залежнасці ад колькасці К. словы падзяляюць на простыя — адзін К. («бульб-ін-а») і складаныя — больш аднаго К. («вад-а-лаз»). К. службовых слоў блізкія па значэнні да афіксаў, напр.: значэнне прыназоўніка і прэфікса «без» («без білета» і «безбілетны»), часціцы і прэфікса «не» («не прывабліваць» і «непрывабны»).

т. 8, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖПЛАНЕ́ТНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ,

матэрыяльнае асяроддзе, якое запаўняе прастору ўнутры планетных сістэм Сонца і інш. зорак. Склад і ўласцівасці М.а. вызначаюцца тыпам зоркі. М.а. складаецца з цвёрдых цел (памеры ад 10​3 м і менш), дробных часцінак і пылу, што ўтвараюцца пры сутыкненнях малых планет і распадзе ядраў камет, а таксама іонаў і электронаў, якія выкідваюцца з сонечнай кароны (сонечны вецер), і касмічных прамянёў.

Газавая кампанента М.а. з-за ўздзеяння сонечнага ветру малая; усюды выяўлены ў невял. колькасці нейтральны вадарод (паблізу арбіты Зямлі яго канцэнтрацыя 0,01 атама у 1 см³). Большасць цвёрдых цел М.а. рухаецца вакол Сонца паблізу плоскасці экліптыкі (канцэнтрацыя іх павялічваецца ў напрамку да Сонца). Шчыльнасць часцінак пылу 2—8 г/см³. Часцінкі памерам меней за 1 мкм выносяцца з Сонечнай сістэмы пад уздзеяннем светлавога ціску сонечных прамянёў. Каля 16 тыс. т міжпланетных часцінак пылу асядаюць штогод на зямную паверхню.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 10, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЁМНА-ЎЗМАЦНЯ́ЛЬНАЯ ЛЯ́МПА,

электронная лямпа, прызначаная ў асн. для ўзмацнення эл. сігналаў, пераўтварэння частаты, а таксама для генерыравання эл. ваганняў. дэтэктыравання (выпрамлення). Выкарыстоўваецца пры частотах, меншых за 300 МГц.

Бываюць прамога і ўскоснага напальвання катода; паводле колькасці электродаў падзяляюцца на дыёды, трыёды, тэтроды, пентоды, гептоды, актоды і інш.; паводле канструкцыі — шкляныя з цокалем ці без яго, звышмініяцюрныя, нувістары, маячковыя, металакерамічныя і інш., а таксама камбінаваныя, якія маюць у 1 балоне 2 (ці больш) сістэмы электродаў з незалежнымі электроннымі патокамі, напр., дыёд-трыёды, трыёд-пентоды. Да П.-ў.л. адносяць таксама электронна-светлавыя індыкатары, электраметрычныя лямпы і механатроны. З 1960-х г. П.-ў.л. замяняюцца паўправадніковымі прыладамі, аднак маюць шэраг пераваг перад імі: могуць працаваць у апаратуры пры ўздзеянні радыяцыі, павышаных т-р, а таксама ў апаратуры спец. прызначэння, напр., у выхадных каскадах магутных перадатчыкаў, апаратуры з малымі нелінейнымі скажэннямі, у т. л. студыйнай апаратуры гуказапісу.

т. 13, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РАПІС НАСЕ́ЛЬНІЦТВА працэс збору дэмаграфічных, эканам. і сац. звестак, якія характарызуюць жыхароў краіны або пэўнай тэрыторыі ў пэўны момант. Асн. мэта П.н. — атрыманне звестак пра колькасць, склад, размяшчэнне насельніцтва, яго дэмаграфічныя, эканам. і сац. характарыстыкі, неабходныя для найб. эфектыўнай арганізацыі сац.-эканам. жыцця краіны. П.н. ахоплівае ўсіх жыхароў краіны: пастаянных жыхароў кожнай тэр. (пастаяннае насельніцтва) і тых, што знаходзяцца на ёй у момант перапісу незалежна ад часу знаходжання (наяўнае насельніцтва), уключае і тых грамадзян дзяржавы, што знаходзяцца за мяжой. Звесткі, якія збіраюцца пры П.н., вызначаюцца праграмай перапісу, асн. ч. якой з’яўляецца адзінай для ўсяго насельніцтва краіны. Праграма П.н. звычайна ўключае: дэмаграфічныя адзнакі (пол, дата нараджэння або ўзрост, колькасць дзяцей і інш.), эканам. адзнакі (занятак, прафесія, крыніца сродкаў існавання і інш.), характарыстыкі адукаванасці і ўзроўню кваліфікацыі, этнічныя адзнакі, грамадзянства, пытанні пра жыллёва-бытавыя ўмовы. Апрацоўка даных П.н. звычайна праводзіцца па адм. адзінках. Поўная іх распрацоўка можа займаць некалькі гадоў. Асн. навук. патрабаванні да П.н.: цэнтралізаванасць; наяўнасць вызначанай праграмы і яе адзінства; ахоп усёй тэрыторыі; усеагульнасць; індывідуальнасць рэгістрацыі; непасрэднае атрыманне звестак у насельніцтва; адначасовасць; перыядычнасць.

П.н. папярэднічалі розныя формы ўліку насельніцтва, якія праводзіліся ў Стараж. Грэцыі, Вавілоне, Стараж. Егіпце (каля 2800—2250 да н.э.), Месапатаміі, Кітаі (каля 2238 да н.э.), Японіі і інш. Найб. вядомыя ўлікі вольных грамадзян (цэнзы) пры імператары Серв Тулію ў Стараж. Рыме (6 ст. да н.э.). У Расіі з 1718 праводзіліся дзярж. рэвізіі насельніцтва; праведзена 10 рэвізій: 1-я ў 1719—27, 10-я ў 1857—60. Пачатак усеагульнаму і рэгулярнаму ўліку насельніцтва паклалі ЗША (1790), Швецыя (1800), Вялікабрытанія, Данія, Нарвегія і Францыя (1801). Першы перапіс, які адпавядаў навук. прынцыпам уліку, праведзены ў Бельгіі ў 1846 пад кіраўніцтвам А.​Кетле. У пач. 19 ст. П.н. ахопліваў 1,1% насельніцтва, да канца 20 ст. — 95% насельніцтва ў 202 краінах свету. Большасць развітых краін праводзяць перапіс кожныя 10 гадоў; некаторыя — паміж суцэльным П.н. праводзяць выбарачны перапіс.

На тэр. Беларусі пачатак уліку насельніцтва адносіцца да 9 ст. (вёўся з фіскальнымі мэтамі для падаткаабкладання). Колькасць насельніцтва на тэр. Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай вызначалася на аснове тарыфаў падымнага абкладання, дзе за адзінку абкладання браўся дом ці дым. З 17 ст. вяліся падворныя перапісы. У 1897 адбыўся ўсеагульны П.н. на тэр. Беларусі, якая ўваходзіла ў склад Рас. імперыі. 1-ы ўсеагульны П.н. ў БССР праведзены ў 1926. Вынікі перапісу 1937 з-за разыходжання звестак з тымі, якія меркавалася атрымаць, былі забракаваны. Матэрыялы П.н. 1939 у сувязі з пач. 2-й сусв. вайны часткова распрацаваны ў пасляваенны час і апублікаваны ў 1995. Пасляваенныя П.н. праводзіліся больш рэгулярна (1959, 1970, 1979) і практычна паўтаралі праграму перапісу 1939. У перапісе 1989 дадаткова збіраліся звесткі аб жыллёвых умовах насельніцтва. Аднак у сувязі з распадам СССР праект распрацоўкі і публікацыі матэрыялаў гэтага перапісу ажыццёўлены не поўнасцю (па Беларусі яны апублікаваны толькі для службовага карыстання). П.н. Рэспублікі Беларусь 1999 праводзіўся па больш шырокай праграме, якая ўлічвала кардынальныя перамены ў сац.-эканам. развіцці краіны і структуры грамадства. Напр., большая ўвага звярталася на пытанні занятасці насельніцтва, моўнай сітуацыі.

Дынаміка колькасці насельніцтва. Колькасць насельніцтва Беларусі мянялася нераўнамерна ў выніку 1-й і 2-й сусв. войнаў, хваляў эпідэмій, голаду, міграцый, паліт. рэпрэсій. Паводле звестак Усерас. П.н. 1897, на Беларусі ў сучасных межах пражывала больш за 6,6 млн. чал. У сувязі з ростам эміграцыі ў ЗША, Канаду, Аўстралію, краіны Зах. Еўропы адмоўнае сальда міграцыі насельніцтва склала за 1897—1913 каля 0,5 млн. чал. У 1-ю сусв. (1914—18) і грамадз. (1918—20) войны Беларусь страціла каля 1,4 млн. чал. забітымі і памерлымі. З 1920-х г. да пач. 2-й сусв. вайны назіраўся актыўны працэс росту насельніцтва. Паводле П.н. 1939 на Беларусі жыло амаль 9 млн. чал. У Вял. Айч. вайну 1941—45 страчана больш за 2,2 млн. чал. (кожны 4-ы жыхар), каля 380 тыс. чал. вывезена на працу ў Германію (вярнуліся не ўсе). На канец 1945 на Беларусі жыло 6,2 млн. чал. Даваенная колькасць жыхароў дасягнула толькі ў 1971. У пасляваен. перыяд да пач. 1990-х г. насельніцтва павялічвалася, аднак тэмпы росту з 1970-х г. сталі зніжацца. Паміж П.н. 1989 і 1999 адбылося абсалютнае змяншэнне колькасці насельніцтва на 107 тыс. чал. (1,1%), як вынік дэпапуляцыі, якая пачалася ў 1933: гадавая колькасць памерлых перавышае колькасць народжаных (гл. табл. 1).

Урбанізацыя. Паводле П.н. 1897 гар. насельніцтва Беларусі складала 13,5%. Напярэдадні Вял. Айч. вайны доля гараджан на Беларусі складала 20% насельніцтва. У пасляваенныя гады ў сувязі з размяшчэннем у гарадах буйных прамысл. прадпрыемстваў, працэс урбанізацыі паскорыўся. За 1959—70 доля гар. жыхароў вырасла больш чым на 13%, за 1970—89 яшчэ на 22% і склала 65%. У 1999 у гарадах жыло каля 70% насельніцтва. Характэрная рыса урбанізацыі — паскораны рост насельніцтва ў буйных гарадах. Прырост гар. насельніцтва забяспечваўся ў асн. за кошт. сельскіх жыхароў. Павелічэнне колькасці гар. пасяленняў ішло і шляхам узнікнення новых гарадоў (Салігорск, Светлагорск, Наваполацк, Новалукомль), і надання частцы мястэчак статуса пасёлкаў гар. тыпу. У 1970 на Беларусі было 9 гарадоў, якія мелі больш за 100 тыс. жыхароў, у 1999—15 (Мінск, Гомель, Магілёў, Віцебск, Гродна, Брэст, Бабруйск, Баранавічы, Барысаў, Пінск, Орша, Мазыр, Наваполацк, Салігорск, Ліда). У Мінску ў 1999 было 1677,1 тыс. жыхароў.

Асн. тэндэнцыяй полаўзроставай структуры насельніцтва Беларусі з’яўляецца яго старэнне (павелічэнне долі пажылых людзей). Доля асоб пенсіённага ўзросту 60 гадоў для мужчын і 55 для жанчын (павялічылася з 13,5% у 1959 да 21,5% у 1999, фактычна кожны 5-ы жыхар краіны — пенсіянер. Другая характэрная рыса дынамікі ўзроставай структуры насельніцтва — памяншэнне долі дзяцей: у 1897 ва ўзросце да 16 гадоў яны склалі 43%, у 1959—31,3%, у 1999—21,2%. У 1897 на Беларусі на 1000 мужчын прыпадала 1012 жанчын, у 1926—1045, у 1959—1249, у 1999—1129. Працаздольнае насельніцтва складае большую палавіну ўсіх жыхароў — 57,3% (1999).

Усерас. П.н. 1897 даў толькі агульнае ўяўленне пра нац. склад жыхароў Беларусі, паколькі нацыянальнасць вызначалася па мове і веравызнанні. На тэр. 5 бел. губерняў (Гродзенскай, Віленскай, Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай) акрамя беларусаў, якія складалі 65,6% ад усяго насельніцтва, жылі яўрэі (14,6%), рускія (6%), украінцы (4,6%), палякі (5,2%), а таксама латышы, літоўцы, татары, немцы, цыгане і інш. Паводле П.н. 1939 (без уліку тэр. Зах. Беларусі) доля беларусаў вырасла за кошт памяншэння долі інш. нацыянальнасцей і складала 82,9% ад агульнай колькасці насельніцтва, працэнт палякаў знізіўся да 1%, украінцаў — да 2%. Найб. поўную карціну пра нац. склад даюць П.н. 1959, 1970, 1979, 1989 і 1999, якія праводзіліся ў сучасных межах Беларусі. Іх вынікі сведчаць, што ў сувязі з працэсамі асіміляцыі і міграцыі (прыток асоб некарэннай нацыянальнасці і адток беларусаў у інш. рэгіёны СССР) доля беларусаў знізілася з 81,1% у 1959 да 77,9% у 1989. Аднак з пач. 1990 г. пасля распаду СССР у Рэспубліцы Беларусь доля беларусаў пачала павялічвацца, што звязана з працэсам рээміграцыі (вяртаннем асоб тытульнай нацыянальнасці) з рэспублік Закаўказзя, Сярэдняй Азіі, Прыбалтыкі і інш. рэгіёнаў. Паводле П.н. 1999 колькасць беларусаў склала 8 млн. 159 тыс. чал. (81,2%). Доля рускіх пастаянна павялічвалася: з 8% у 1959 да 13% у 1989. П.н. 1999 засведчыў зніжэнне колькасці рускіх да 11% (1 млн. 141 тыс. чал.), што звязана ў асноўным з адтокам рус. насельніцтва пасля распаду СССР, а таксама з вывадам войск з тэр. Беларусі. Рускае насельніцтва пражывае пераважна ў гарадах і ва ўсх. сельскіх рэгіёнах. Колькасць палякаў (трэцяя па велічыні нац. група) пастаянна зніжаецца з-за працэсаў асіміляцыі і міграцыі: у 1959 яны складалі 7% насельніцтва, у 1999—3,9% (395,7 тыс. чал.). Яны пражываюць пераважна ў сельскай мясцовасці ў зах. і паўн.-зах. раёнах Беларусі. Змянілася і колькасць украінцаў: у 1959 яны складалі 1,7%, у 1999—2,4% (237 тыс. чал.). Значная іх частка жыве ў гарадах і сельскай мясцовасці на Пд ад гарадоў Кобрын і Брэст. Найб. моцныя змены зведалі прадстаўнікі яўр. нацыянальнасці: у 1939 яўрэі былі 2-й па колькасці нац. меншасцю (7%), у 1989—5-й (1,1%). Скарачэнне іх колькасці выклікана інтэнсіўным выездам у буйныя гарады Расіі, Украіны пасля ліквідацыі «мяжы аселасці», асіміляцыйнымі працэсамі, стратамі ў гады Вял. Айч. вайны, актыўным выездам у Ізраіль і інш. замежныя краіны ў 1980—90-я г. У выніку доля яўрэяў у 1999 склала 0,3% (27,8 тыс. чал.). Паводле П.н. 1999 на Беларусі пражывала больш за 100 нацыянальнасцей (гл. табл. 2).

Літ.:

Раков А.А. Население БССР. Мн., 1969;

Гозулов А.И. Переписи населения земного шара. М., 1970;

Киселева Г.П., Кваша АЯ. О чем рассказывают переписи населения. М., 1983;

Манак Б.А. Насельніцтва Беларусі. Мн., 1992;

Шахотько Л.П. Население Республики Беларусь в конце XX в. Мн., 1996.

Дз.​М.​Кудзелка, Л.​П.​Шахоцька.

Табліца 1
Дынаміка колькасці насельніцтва Беларусі
Гады перапісаў Колькасць насельніцтва, тыс. чал. У % да ўсяго насельніцтва
Усяго у т. л.
гарадское сельскае гарадское сельскае
1897 6673 899 5774 13,5 86,5
1926 4989 848 4138 17 83
1939 8912 1855 7057 20,8 79,2
1959 8056 2481 5575 30,8 69,2
1970 9002 3908 5094 43,4 56,6
1979 9560 5263 4297 55,1 44,9
1989 10 152 6641 3510 65,4 34,6
1999 10 045 6961 3084 69,3 30,7
Табліца 2
Нацыянальны склад насельніцтва Рэспублікі Беларусь (па даных перапісаў, у %)
Гады перапісаў
1959 1970 1979 1989 1999
Усё насельніцтва 100 100 100 100 100
у т. л.
беларусы 81,1 81 79,4 77,9 81,2
рускія 8,2 10,4 11,9 13,2 11,4
палякі 6,7 4,3 4,2 4,1 3,9
украінцы 1,7 2,1 2,4 2,9 2,4
яўрэі 1,9 1,6 1,4 1,1 0,3
інш. нацыянальнасці 0,5 0,6 0,7 0,8 0,8

т. 12, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАГО́ННЫ ПАРК,

колькасць вагонаў на пэўнай чыгунцы ці яе падраздзяленні — аддзяленні, станцыі і інш. Паводле прызначэння бывае пасажырскі і грузавы і па сферы выкарыстання — агульнага і спец. прызначэння; паводле тэхн. характарыстык класіфікуюць: па тыпе вагонаў (крыты, паўвагон, платформа і інш.), па колькасці восяў у вагоне, па габарыце і шырыні каляіны (шырока- ці вузкакалейныя), па грузападымальнасці і інш. Адрозніваюць інвентарны (уключае вагоны, прыпісаныя да пэўнай чыгункі) і наяўны вагонны парк (усе вагоны ў межах пэўнай чыгункі незалежна ад месца іх прыпіскі). Наяўны вагонны парк падзяляюць на рабочы (для камерцыйных перавозак) і нерабочы (для гасп. перавозак, перасоўных майстэрняў, вагоны, што знаходзяцца ў рамонце). Асобна вылучаюць рэзервовы вагонны парк, які ўключаецца ў работу ў перыяды масавых перавозак збожжа і агародніны, перакідкі с.-г. тэхнікі і інш. Інвентарны вагоннага парка Беларускай чыгункі на пач. 1996 уключаў больш за 2 тыс. пасажырскіх і каля 36 тыс. грузавых вагонаў. Свае вагонныя паркі маюць метрапалітэны.

В.​Ц.​Семчанка.

т. 3, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛА́НС ГРУНТАВЫ́Х ВО́ДАЎ,

колькасны паказчык намнажэння і расходавання грунтавых водаў на пэўнай тэрыторыі за вызначаны час. Прыходная частка — жыўленне за кошт прасочвання (інфільтрацыя) атм. ападкаў і паверхневых водаў (рэк, азёраў, балотаў, арашальных і інш.), кандэнсацыі вадзяной пары, паступлення з больш глыбокіх напорных гарызонтаў. Расходная частка — падземны сцёк, выпарэнне з паверхні грунтавых водаў, транспірацыя раслінамі, рачны сцёк. Баланс грунтавых водаў залежыць ад клімату (колькасці і віду атм. ападкаў, т-ры паветра), глебава-расліннага покрыва, формаў рэльефу, саставу і структуры горных парод у зоне аэрацыі, гасп. дзейнасці чалавека (водазабор, меліярацыя і інш.). На Беларусі прыходная частка балансу рэзка павялічваецца пры раставанні снегу і ў час працяглых дажджоў. Элементы балансу вызначаюцца ў выніку працяглых назіранняў на гідрагеалагічных стацыянарах. Вывучэнне балансу грунтавых водаў неабходна для колькаснай ацэнкі рэсурсаў грунтавых водаў і рацыянальнага іх выкарыстання на водазабеспячэнне, для прагнозу іх рэжыму на меліяраваных землях, горных вырабатках, у зоне падпору каля вадасховішчаў і інш.

М.​С.​Капора.

т. 2, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕНДЫЦЫ́Т,

запаленне чэрвепадобнага адростка (апендыкса) сляпой кішкі ў чалавека. Хварэюць людзі ўсіх узростаў. Асноўнай прычынай апендыцыту лічаць пераход мікраарганізмаў, што пастаянна прысутнічаюць у адростку, у стан хваробатворных (напр., пры затрымцы ў сляпой кішцы і апендыксе калавых масаў), запаўненне апендыкса дробнымі глістамі, закупорка яго прасвету іншароднымі целамі ці камячкамі цвёрдага калу і парушэнне такім чынам яго апаражнення. Апендыцыт часам бывае пры парушэнні кровазвароту ў сценках апендыкса пры раздражненні нерв. сістэмы. Спрыяюць развіццю апендыцыту вяласць кішэчніка, сістэматычнае ўжыванне ў ежу вял. колькасці мясных прадуктаў, перагрузка стрававальна-кішачнага тракту бялкамі. Асн. прыкметы вострага апендыцыту — рэзкі або паступовы з хуткім нарастаннем боль унізе (справа) жывата, млявасць, ірвота, павышэнне т-ры (не заўсёды) да 37,5—38,5 °C. Небяспечны амярцвеннем адростка (гангрэнозны апендыцыт), расплаўленнем і прабадзеннем яго сценак (прабадны, або перфарацыйны, апендыцыт) з пераходам запалення на брушыну і развіццём цяжкага перытаніту. Неабходна неадкладнае хірург. выдаленне апендыкса. Хранічны апендыцыт можа праяўляцца пастаяннымі або перыядычнымі болямі ў вобласці сляпой кішкі, запорамі, млявасцю. Небяспечны пераходам у вострую форму. Рэкамендуецца хірург. лячэнне.

т. 1, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОДААЧЫ́СТКА,

комплекс тэхнал. працэсаў, які забяспечвае давядзенне якасці вады, што паступае ў водаправодную сетку з крыніцы водазабеспячэння, да ўстаноўленых вытв. паказчыкаў. Ажыццяўляюць на водаачышчальных збудаваннях, дзе выкарыстоўваюць рэагентныя і дэзінфекцыйныя ўстаноўкі, адстойнікі, градзірні і інш.

Воды паверхневых крыніц (рэк, азёр) да падачы ў водаправод асвятляюць (выдаляюць завіслыя і калоідныя часцінкі), пазбаўляюць колеру і абеззаражваюць (знішчаюць патагенныя бактэрыі і вірусы). Для асвятлення і пазбаўлення колеру праводзяць каагуляцыю, адстойванне, фільтрацыю. Для абеззаражвання вады выкарыстоўваюць вадкі хлор, хлорную вапну ці азон. Падземныя воды пры здавальняючым хім. саставе толькі абеззаражваюць хлорам ці ультрафіялетавымі прамянямі. Для змякчэння (выдалення празмернай колькасці солей кальцыю і магнію) ваду апрацоўваюць вапнаю, содай ці прапускаюць праз іанітныя фільтры (гл. Іаніты). Аэрацыяй з далейшым фільтраваннем памяншаюць колькасць солей жалеза. Газы (серавадарод, метан, радон, вуглякіслы і інш.) выдаляюць аэрацыяй, радыеактыўныя рэчывы — дэзактывацыяй. Дэзадарацыю вады ажыццяўляюць сорбцыяй рэчываў, якія абумоўліваюць прысмак і пах, актываваным вугалем ці акісленнем азонам, дыаксідам хлору, перманганатам калію.

У.​М.​Марцуль.

т. 4, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНО́СНАЯ БІЯЛАГІ́ЧНАЯ ЭФЕКТЫ́ЎНАСЦЬ выпрамяненняў,

паказчык колькаснага параўнання біял. ўздзеяння розных відаў радыеактыўнага выпрамянення. Вызначае, у колькі разоў біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў пэўнага тыпу (напр., альфа-, бэта-выпрамяненне, нейтроны і інш.) большае (ці меншае) за ўздзеянне на той жа біял. аб’ект стандартнага выпрамянення (жорсткіх рэнтгенаўскіх ці гама-прамянёў). Асобныя віды выпрамяненняў суправаджаюцца вызваленнем рознай колькасці энергіі і маюць пэўную пранікальную здольнасць, таму па-рознаму ўздзейнічаюць на жывыя арганізмы. Чым больш энергіі выпрамяненне перадае тканкам, тым больш пашкоджанняў атрымлівае жывы арганізм. Напр., альфа-выпрамяненне (паток цяжкіх часціц — нейтронаў і пратонаў) мае невял. пранікальную здольнасць, што не дазваляе пранікнуць праз вонкавы слой скуры, аднак яно лічыцца найбольш небяспечным пры траплянні радыенуклідаў унутр арганізма праз раны, з ежай ці пры ўдыханні. Адносная біялагічная эфектыўнасць для электроннага, пазітроннага, рэнтгенаўскага і гама-выпрамянення, а таксама хуткіх пратонаў блізкая да 1, для альфа-часціц і хуткіх нейтронаў роўная 10, для цяжкіх шматзарадных іонаў і ядраў аддачы — 20.

т. 1, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)