АЛЬТАМІ́РА (Altamira),

пячора ў правінцыі Кантабрыя (Іспанія). У 2-й пал. 19 ст. тут выяўлены наскальныя рознакаляровыя выявы жывёл, стаянка эпохі салютрэ і ранняга мадлену. Даўжыня пячоры каля 280 м (з шэрагам залаў). Памеры намаляваных фігур (бізонаў і інш.) да 2,25 м. Паводле радыевугляроднага аналізу малюнкі зроблены каля 15500 г. назад. Альтаміра — найб. значная па мастацкім багацці «галерэя» першабытнага чалавека.

Выявы бізонаў у пячоры Альтаміра.

т. 1, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬФРЭ́Д ВЯЛІ́КІ (Alfred the Great; каля 849 — 26.10.899),

кароль Уэсекса [871—899]. Аб’яднаў пад сваёй уладай суседнія англасаксонскія каралеўствы. Стварыў флот, пабудаваў крэпасці. У выніку ўпартай барацьбы з датчанамі каля 886 авалодаў паўд.-зах. ч. Англіі. Спрыяў развіццю адукацыі, навукі і л-ры. Аўтар геагр. апісанняў Паўн. Еўропы і перакладаў на стараж.-англ. мову твораў лац. аўтараў. Пры ім складзены 1-ы агульнаангл. збор законаў і частка «Англасаксонскай хронікі».

т. 1, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯСКІ́Т (ад назвы п-ва Аляска, дзе ўпершыню знойдзены),

інтрузіўная субшчолачная горная парода; граніт, у якім менш за 5% цёмнаколерных мінералаў. Складаецца з каліевага палявога шпату (каля 65%) і кварцу (каля 35%). Структура крышт.-зярністая, радзей парфірападобная. Колер мяса-чырвоны, ружовы, белы, светла-шэры. Магматычнага, іншы раз метасаматычнага паходжання. Утварае буйныя масівы. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці шкла, тонкай керамікі, як буд. друз і абліцовачны камень.

т. 1, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАКСІМЕ́Н (Anaximenēs) з Мілета

(каля 588 — каля 525 да н.э.),

старажытнагрэчаскі філосаф-матэрыяліст. Вучань Анаксімандра. Першаасновай усяго лічыў паветра: рэчы ўзнікаюць дзякуючы розным ступеням згушчэння паветра (утварэнне вады, зямлі, камення і інш.) або яго разрэджвання (утварэнне агню). Паводле Анаксімена, душа — гэта паветра, якое «атрымлівае» цела (працэс дыхання зберагае жыццё). Вызначыў розніцу паміж нерухомымі зоркамі і планетамі. Даў блізкае да навуковага тлумачэнне зацьменняў Сонца і Месяца.

т. 1, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХІЧХА́ТРА,

старажытна-індыйскі горад у даліне р. Ганг (штат Утар-Прадэш, Паўн. Індыя). Паводле эпасу «Махабхарата», быў сталіцай Паўдн. Панчалаў. Даўжыня гар. валоў, пабудаваных каля 500 да нашай эры, каля 5,6 км. Раскопкамі выяўлена 9 буд. гарызонтаў, верхні датуецца канцом 11 — пач. 12 ст. У ніжніх гарызонтах выяўлены збудаванні з сырцовай цэглы, некалькі храмаў эпохі Гупта (4—6 ст.). У 9—11 ст. Ахічхатра заняпала.

т. 2, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́БРАВА,

горад у Балгарыі, на р. Янтра, каля паўн. схілаў хр. Стара-Планіна. Каля 100 тыс. ж. (1992). Машынабудаванне (у т. л. вытв-сць абсталявання для тэкст. прам-сці, электратэльфераў, радыёэлектроннае). Буйны цэнтр тэкст. (у т. л. трыкат.) і гарбарна-абутковай прам-сці; мэблевыя і харчасмакавыя прадпрыемствы. Дом-музей гумару і сатыры. Развіты нар. промыслы, этнаграфічны музей-вёска. Штогадовыя міжнар. фестывалі гумару. Турызм (перавал Шыпка).

т. 4, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАДЗІ́ЛАВІЧЫ,

курганны могільнік радзімічаў 10—12 ст. каля в. Гадзілавічы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. 124 насыпы (было каля 400). Пахавальны абрад — трупапалажэнне. Сярод знаходак бронзавыя паясныя кольцы, нажы, крэсівы, упрыгожанні (бронзавыя прамянёвыя скроневыя кольцы, шкляныя бочачкападобныя залачоныя, пасярэбраныя і зонныя пацеркі, медныя пярсцёнкі, падвескі, бранзалеты), фрагменты ганчарнага посуду. На думку Г.​Ф.​Салаўёвай, група мужчынскіх пахаванняў — некропаль дружыннікаў. Побач з могільнікам існавала паселішча эпохі Кіеўскай Русі.

т. 4, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯДЗІ́НЕЦ,

1) цэнтральная частка сядзібы, двор.

2) Цэнтр. частка стараж. горада, умацаваная драўляным тынам, равамі і валамі (пазней мураванымі сценамі і драўлянымі вежамі), у якой размяшчаліся адм. і культавыя пабудовы, жылі князь з дружынай, чэлядзь, гандляры, рамеснікі, духавенства. Пл. 1—7 га (полацкага каля 7 га, мінскага 3 га, віцебскага 2,5 га, друцкага каля 1 га). У стараж. летапісах слова «Дз.» ужывалася да 14 ст.

т. 6, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́РЫС (Duris),

старажытнагрэчаскі мастак 1-й трэці 5 ст. да н.э.; прадстаўнік «строгага стылю». Працаваў у Атыцы, размалёўваў вазы. Захавалася каля 280 ваз (39 з іх падпісаныя) з яго жанравымі і міфалагічнымі размалёўкамі (вытанчаныя па малюнку, з падоўжанымі прапорцыямі фігур), у т. л. амфара «Атлет і Ніке», кілікі «Эас з целам Мемнана», «Заняткі ў школе», «Сілены весяляцца» і інш.

Дурыс. Сілены весяляцца. Каля 480 г. да н.э.

т. 6, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЭ́РЫ (Gary),

горад на Пн ЗША, у штаце Індыяна, паўд.-ўсх. прыгарад г. Чыкага. Каля 150 тыс. ж., з гарадамі Хаманд, Іст-Чыкага і прыгарадамі каля 700 тыс. ж. (1994). Порт на воз. Мічыган. Буйны цэнтр чорнай металургіі. Прам-сць: цяжкае машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сць абсталявання для металургічнай прам-сці, металаканструкцый, труб, чыг. цыстэрнаў, карпусоў танкаў, падшыпнікаў, аўтадэталей, эл. абсталявання), хім., нафтаперапр., цэментавая.

т. 5, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)