КЕ́МПФЕР ((Kaempfer) Энгельберт) (16.9.1651, г. Лемга, Германія — 2.11.1716),

нямецкі ўрач, натураліст, падарожнік па Азіі. Наведаў Паўд. Аравію, в-аў Цэйлон, Індыю, а-вы Суматра і Ява, Індакітай. У 1690 трапіў у Японію (адзін з першых еўрапейцаў) і пражыў там 2 гады. Сабраў звесткі пра гісторыю, прыроду, дзярж. лад краіны, калекцыі, зрабіў шматлікія замалёўкі. Яго твор «Гісторыя Японіі і Сіяма» доўгі час быў гал. крыніцай звестак пра Японію.

т. 8, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́ДВІГСГАФЕН (Ludwigshafen),

горад на ПдЗ Германіі, зямля Рэйнланд-Пфальц. Размешчаны на левым беразе р. Рэйн; мостам злучаны з г. Мангейм і ўтварае прамысл. агламерацыю. 168 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог, рачны порт. Адзін з гал. цэнтраў хім. прам-сці краіны, у т. л. «БАСФ» — адна з буйнейшых у свеце хім. карпарацый. Прадпрыемствы машынабудавання (выпуск хім. абсталявання), шкляной і харч. прам-сці. Музеі.

т. 9, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАЎТВАРА́ЛЬНАЯ ПАДСТА́НЦЫЯ,

электрычная падстанцыя для пераўтварэння эл. току пераважна па частаце і колькасці фаз (напр., пераменнага току ў пастаянны). Аснашчаюцца гал. чынам вентыльнымі выпрамнікамі току. Забяспечваюць пастаянным токам электрыфікаваны транспарт, электрахім. ўстаноўкі і інш. На ЛЭП пастаяннага току служаць для пераўтварэння трохфазнага току прамысл. частаты ў пастаянны ў пачатку лініі (выпрамляльныя П.п.) і адваротнага пераўтварэння току ў канцы лініі (інвертарныя П.п., на якіх выкарыстоўваюцца рознага тыпу інвертары).

т. 12, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕС ((Heß) Рудольф) (26.4.1894, г. Александрыя, Егіпет — 17.8.1987),

адзін з кіраўнікоў фаш. Германіі. У 1-ю сусв. вайну разам з А.​Гітлерам ваяваў на Зах. фронце. Вучыўся ў Мюнхенскім ун-це, дзе пад уплывам лекцый па геапалітыцы К.​Гаўсгофера сфарміраваўся як нацыст. З 1920 чл. нацыянал-сацыялісцкай партыі. За ўдзел у путчы Гітлера і Э.Людэндорфа ў Мюнхене (ліст. 1923) асуджаны. У 1925—32 асабісты сакратар Гітлера, з крас. 1933 яго нам. па партыі. З чэрв. 1933 рэйхсміністр без партфеля. Гес адыграў гал. ролю ва ўстанаўленні культу Гітлера, адзін з арганізатараў задушэння герм. дэмакр. сіл і ўкаранення сістэмы «татальнага шпіянажу». У 2-ю сусв. вайну 10.5.1941 здзейсніў адзіночны пералёт у Шатландыю (т.зв. місія Геса), ад імя Гітлера прапанаваў брыт. ўраду заключыць мір і прыняць удзел у вайне супраць СССР; інтэрніраваны. У 1946 на Нюрнбергскім працэсе прыгавораны як адзін з гал. нацысцкіх ваен. злачынцаў да пажыццёвага зняволення, якое адбываў у турме Шпандаў (Зах. Берлін). Скончыў самагубствам.

т. 5, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗГУРТАВА́ННЕ БЕЛАРУ́САЎ ВЯЛІКАБРЫТА́НІІ (ЗБВБ),

бел. арг-цыя ў эміграцыі. Засн. ў 1946, статут прыняты на 1-м агульным з’ездзе (18—19.1.1947), працай кіруе Гал. ўправа. Дзейнічаюць аддзелы ў Лондане (з 1947), Брадфардзе (з 1948), Манчэстэры (з 1948), Бірмінгеме (з 1952). Асн. кірункі дзейнасці — нац.-культ., грамадска-арганізац., інфарм.-выдавецкая праца, прадстаўніцтва беларусаў і дапамога ім у Вялікабрытаніі і інш. краінах. Выдавала час. «На шляху» (1946—51), «Беларус на чужыне», выпусціла шэраг брашур, у т. л. «Беларусь пад расійскай акупацыяй» В.​Жук-Грышкевіча (1949), «Абвяшчэнне незалежнасці Беларусі 25 сакавіка 1918 г.» (1978). Гал. ўправа выдае «Камунікат ЗБВБ» (з 1946). У розны час старшынямі ЗБВБ былі В.Жук-Грышкевіч (1947—48), Ф.Бартуль (1949), А.Надсон (1951—52), П.​Асіповіч (1953, 1955), П.​Навара (1954, 1957, 1966—70), У.​Бутрымовіч (1958, 1960—65), Я.Міхалюк (1971—95), А.​Здановіч (1995—96), В.​Еўдакімаў (з 1996), Л.​Міхалюк (з 1997) і інш.

А.​С.​Ляднёва.

т. 7, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПУ́Р,

сям’я індыйскіх дзеячаў кіно. Прытхвірадж К. (3.11.1904—29.5.1972), акцёр, тэатр. рэжысёр. Скончыў юрыд. каледж у Лахоры. У 1944 заснаваў першы прафес. т-р на хіндзі «Прытхвітыэтрс» (у 1960 закрыты). Зняўся ў першым інд. гукавым фільме «Прыгажосць свету» (1931), а таксама «Бадзяга» (1951), «Мінулае, сучаснае і будучае» (1971), у сав.-інд. «Хаджэнне за тры моры» (1957). Радж К. (14.12.1924, г. Пешавар, Пакістан — 2.6.1988), акцёр, кінарэжысёр, прадзюсер, сцэнарыст. Сын Прытхвіраджа К. У 1947 заснаваў студыю «Радж Капур Філмс» у Бамбеі. Самабытны лірыка-камед. акцёр, танцор, валодаў вял. прывабнасцю, музыкальнасцю. Гал. ролі ў фільмах: «Бадзяга» (1951, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах, 1953), «Пан 420» (1955). Рэжысёр фільмаў: «Сезон дажджоў» (1949), «Не спіце» (1956, у сав. пракаце «Пад покрывам ночы», прыз Міжнар. кінафестывалю за гал. ролю ў Карлавых Варах, 1957), «Маё імя клоун» (1970), «Любоўная немач» (1982) і інш. Сярод інш. прадстаўнікоў дынастыі К. — акцёры Шашы, Раджыў і інш.

А.​П.​Бабкова.

т. 8, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́НЧЫК (Павел Сцяпанавіч) (17.9.1898, в. Едначы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 22.9.1975),

дзеяч рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. У рэв. руху з 1918. Скончыў Екацярынаслаўскі палітэхнікум шляхоў зносін (1921). З 1927 віцэ-старшыня Слонімскай акр. управы, з мая 1929 чл. Гал. управы Таварыства беларускай школы. З 1928 дэп. польскага сейма. Уваходзіў у зах.-бел. к-т па падрыхтоўцы Еўрап. сялянскага кангрэса ў Берліне. Адзін з арганізатараў і чл. Гал. сакратарыята «Змагання». За рэв. дзейнасць у жн. 1930 арыштаваны і прыгавораны да 10 гадоў турмы. У выніку абмену паліт. зняволенымі з вер. 1932 у СССР; на гасп. рабоце. 26.11.1935 арыштаваны органамі НКУС БССР. 1.4.1937 паводле пастановы Асобай нарады НКУС СССР прыгавораны да 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Рэабілітаваны Ваен. трыбуналам Бел. ваен. акругі 30.3.1956. Пасля адбыцця тэрміну пакарання жыў у Слоніме. Аўтар успамінаў «Як мы змагаліся за ўдзел у Еўрапейскім сялянскім кангрэсе» (у кн. «У суровыя гады падполля», 1958).

П.С.Крынчык.

т. 8, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́КА,

горад, сталіца Бангладэш, на р. Бурыганга ў агульнай дэльце рэк Ганг і Брахмапутра. Адм. ц. вобласці Дака. 3,6 млн. ж., у гар. агламерацыі з г. Нараянгандж 6,1 млн. ж. (1991). Вузел унутр. водных шляхоў, аўтадарог. Порт даступны для марскіх суднаў. Чыг. станцыя. Міжнар. аэрапорт. Гал. эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: баваўняная, тэкст., шкляная, гарбарна-абутковая, джутавая (гал. цэнтр апрацоўкі джуту і вырабу з яго пераважна тэхн. тканін), харч., хім., паліграф., маш.-буд., металаапр., аўтазборачная. Суднабудаванне. Цэнтр стараж. ткацкага (вытв-сць мусліну) і інш. рамёстваў, у т. л. філігранная чаканка па серабры. Гандаль рысам, джутам, цукрам, алеем. 2 ун-ты. Арх. помнікі 17—18 ст.

Стараж. горад Бенгаліі, у 1608—1717 яе сталіца. У 17 — пач. 18 ст. буйны цэнтр рамесніцтва і гандлю. Заваяванне Англіяй Бенгаліі ў сярэдзіне 18 ст., увоз у Індыю англ. фабр. тканін разбурылі рамесніцтва і гандаль Д. У пач. 20 ст. цэнтр нац.-вызв. руху. У 1906 у Д. створана Мусульманская ліга. У 1947—71 адм. цэнтр Усх. Пакістана (Усх. Бенгаліі). З 1971 сталіца Рэспублікі Бангладэш.

т. 6, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЕ́КА (Янка) (Іван Дарафеевіч; н. 31.8.1915, в. Кострычы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. крытык і літ.-знавец. Засл. работнік культ. Беларусі (1975). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1938). Настаўнічаў, працаваў у прэсе. У 1957—67 гал. рэдактар выд-ва «Беларусь». У 1967—91 у выд-ве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» (у 1969—79 нам. гал. рэдактара). Друкуецца з 1935.

Аўтар прац па пытаннях развіцця класічнай і сучаснай бел. л-ры: зб-кі «З невычэрпных крыніц» (1958), «Натхненне і майстэрства» (1963), кн. «Беларуская байка» (1960), «Кандрат Крапіва» (1965), «Кузьма Чорны» (1980). Даследуе пераважна прозу, а таксама жанры сатыры, байку, праблемы творчай індывідуальнасці пісьменніка (Я.​Колас, К.​Чорны, К.​Крапіва, І.​Мележ, І.​Шамякін, В.​Вітка, А.​Кулакоўскі), стылёва-жанравых прыкмет маст. твора. Складальнік кніг аўтабіягр. матэрыялаў бел. пісьменнікаў «Пяцьдзесят чатыры дарогі» (1963), «Пра час і пра сябе» (1966), «Вытокі песні» (1973). Дзярж. прэмія Беларусі 1976 за ўдзел у выданні Бел. Сав. Энцыклапедыі ў 12 тамах.

Тв.:

Няходжанай дарогай. Мн., 1973;

Голас часу. Мн., 1975;

Падарожжа ў маладосць. Мн., 1984.

В.​А.​Каваленка.

Я.Казека.

т. 7, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРАВА́НКАЎСКАЯ ЦАРКВА́-КРЭ́ПАСЦЬ, Маламажэйкаўская царква-крэпасць,

помнік абарончага дойлідства ў в. Мураванка Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудавана ў пач. 16 ст. Трохнефавае 4-стаўповае збудаванне зальнага тыпу (у плане — прамавугольнік, блізкі да квадрата), завершанае высокім 2-схільным дахам са шчытамі на тарцах, адной паўкруглай апсідай (на ўсю шырыню асн. аб’ёму) і 4 круглымі вуглавымі вежамі, накрытымі шатрамі. Вітыя ўсходы вежаў вялі да байніц абарончага пояса ў верхняй частцы храма. Сцены і вежы ўпрыгожаны яруснай кампазіцыяй плоскіх атынкаваных нішаў, завершаных падвойнымі аркамі. Падобны дэкор мае фігурны шчыт на гал. фасадзе. Гатычныя скляпенні царквы вызначаюцца тонкім малюнкам (спляценне гуртоў і нервюр зорчатых скляпенняў утварае трохвугольнікі і ромбы розных абрысаў і памераў). Пад храмам — скляпеністае сутарэнне. Да пач. 19 ст. ў царкве былі герсы (пад’ёмныя дзверы-краты). У час рэканструкцый (1817, 1871—72) да гал. фасада прыбудаваны прытвор, надбудаваны зах. вежы, паніжаны дах, зроблены карнізы і павялічаны аконныя праёмы.

А.​М.​Кулагін.

Мураванкаўская царква-крэпасць. Малюнак 2-й пал. 19 ст. Мастак В.​Гразноў.
Мураванкаўская царква-крэпасць. Сучасны выгляд.

т. 11, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)