АРСЕ́НЬЕЎ (Віктар Васілевіч) (н. 26.12.1950, Брэст),

бел. архітэктар. Скончыў Брэсцкі інж.-буд. ін-т (1972). Працаваў у ін-це «Брэстграмадзянпраект» (1972—86), з 1986 гал. архітэктар Пецярбургскага праектнага ін-та №3. Асн. работы ў Брэсце: будынак рэдакцыі і выдавецтва газ. «Заря» (1980), забудова мікрараёна Усход 3 (1986), аэравакзал (1986; Дзярж. прэмія Беларусі 1988) і інш.

т. 1, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЭК ((Black) Джозеф) (16.4.1728, г. Бардо, Францыя — 10.11.1799),

шатландскі хімік і фізік, адзін з заснавальнікаў аналітычнай хіміі. Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1783). Скончыў Эдынбургскі ун-т (1754). Праф. ун-таў у Глазга (з 1756) і Эдынбургу (1766—97). Адкрыў дыаксід вугляроду (вуглякіслы газ, 1756), існаванне скрытай цеплаты плаўлення і параўтварэння (1757); увёў паняцце цеплаёмістасці.

т. 3, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́НІНГЕН (Groningen),

Слохтэрэн, газавае радовішча ў Нідэрландах, прав. Гронінген. Уваходзіць у Цэнтральнаеўрапейскі нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1959, распрацоўваецца з 1962. Пачатковыя прамысл. запасы газу 1960 млрд. м³. Паклады на глыб. 2,8—3 км. Газ мае 85% вуглевадародаў, 14% азоту, 1% вуглякіслага газу. Газаправоды да г. Кёльн (Германія), Мартара (Італія), у парыжскі рэгіён (Францыя).

т. 5, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́НІНСКАЯ АКРУ́ГА,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у ліп. 1924 — чэрв. 1927. Цэнтр г. Клімавічы. Пл. 8371 км², нас. 401,1 тыс. чал. (1924). Уключала 10 раёнаў: Бялынкавіцкі, Касцюковіцкі, Клімавіцкі, Краснапольскі, Крычаўскі, Мілаславіцкі, Мсціслаўскі, Расненскі, Хоцімскі, Чэрыкаўскі. Акр. газ. «Наш працаўнік». З 1927 Мсціслаўскі і Расненскі р-ны ўключаны ў Аршанскую, астатнія — у Магілёўскую акр.

т. 7, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУЛЬ (Міхаіл Аляксандравіч) (н. 17.12.1943, Масква),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1968). Працаваў на заводзе, у праектных ін-тах, з 1991 у газ. «Советская Белоруссия». Друкуецца з 1971. Піша на рус. мове. Аўтар аповесцей «Другі вытворчы» (1976), «Абследаванне дзейнасці» (1985), публіцыстычных нарысаў, артыкулаў маральна-этычнай праблематыкі.

Тв.:

Лунная лошадь. Мн., 1980;

День Юпитера. Мн., 1987.

т. 8, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛА́Т (Сцяпан Герасімавіч) (11.5.1894, в. Слабада Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 24.7.1921),

бел. дзярж. і парт. дзеяч, журналіст. Скончыў Мінскія настаўніцкія курсы. З 1913 настаўнічаў. У 1915—16 і 1918—19 вучыўся ў Мінскім настаўніцкім ін-це. З 1916 у арміі, скончыў Віленскае ваен. вучылішча, служыў у 153-м пях. палку, прапаршчык. У канцы 1917 дэмабілізаваны, настаўнічаў. З 1918 чл. арг-цыі «Маладая Беларусь». У 1920 у час польск. акупацыі чл. ЦК Беларускай камуністычнай арганізацыі і Паўстанцкага к-та; арганізатар партыз. атрадаў на Міншчыне. З ліп. 1920 працаваў у Мінскім губ. аддзеле нар. асветы, са жн.заг. аддзела ЦК КП(б)Б па працы ў вёсцы. Адначасова рэдактар газ. «Савецкая Беларусь», заснавальнік і рэдактар газ. «Белорусская деревня». З лют. 1921 чл. ЦБ КП(б)Б, з мая 1921 — 3-і сакратар і заг. агітац.-прапагандысцкага аддзела ЦК КП(б)Б.

С.Г.Булат.

т. 3, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТОЎСКІ ПРАВІНЦЫЯ́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т,

цэнтр падрыхтоўкі і кіраўніцтва паўстаннем 1863—64 у Беларусі і Літве, арганізацыйны цэнтр літ.-бел. «чырвоных». Утвораны ў Вільні летам 1862 з Камітэта руху. У Л.п.к. уваходзілі: Л.М.Звяждоўскі (старшыня да кастр. 1862), К.Каліноўскі, А.​Банольдзі, Э.І.Вярыга, Б.Ф.Длускі, А.І.Залескі, З.Б.Чаховіч. Пасля ад’езду Звяждоўскага ў Маскву (кастр. 1862) к-т узначаліў Каліноўскі, у яго склад уведзены І.І.Козел з Міншчыны. Прадстаўніком Цэнтр. (Варшаўскага) нац. к-та ў Л.п.к. быў Н.Дзюлеран. Афіц. орган Л.п.к. — газ. «Chorągiew swobody» («Сцяг свабоды»); для сялян Каліноўскі і яго аднадумцы выпускалі газ. «Мужыцкая праўда». За рэв.-дэмакр. праграму ў к-це паслядоўна змагаўся Каліноўскі. Л.п.к. стварыў свае структурныя ячэйкі і арганізацыі ў бел. і літ. губернях і паветах, збіраў грошы і зброю, вёў агітацыю, наладжваў сувязі з рэв. групамі ў арміі. З пачаткам паўстання ў Польшчы 20.1(1.2).1863 абвясціў сябе Часовым правінцыяльным урадам Літвы і Беларусі.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 9, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НА́ША СПРА́ВА»,

газета рэв.-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі, апошняе афіц. перыяд. выданне Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Выдавалася 30.9.1926 і з 1.12.1926 да 22.1.1927 у Вільні на бел. мове. Выходзіла 2 разы на тыдзень замест газ. «Народная справа». Выдавец П.Мятла. Пісала пра паліт. і эканам. ўціск народа ў Зах. Беларусі, разгром пав. з’езда БСРГ, арышты дзеячаў БСРГ. Змяшчала лісты, заявы, пратэсты працоўных Зах. Беларусі супраць неправамерных дзеянняў польск. улад, заклікала працоўных быць гатовымі да рэпрэсій супраць дэмакр. грамадскіх арг-цый Зах. Беларусі. Друкавала матэрыялы аб праследаванні ўладамі бел. школ, у параўнальным плане пісала пра паланізацыю ў Зах. Беларусі і беларусізацыю ў БССР. Змясціла п’есу У.​Галубка «Суд», каталогі кніг, выдадзеных у БССР і Зах. Беларусі, анатацыі на бел. пераклад паэмы А.​Блока «Дванаццаць», час. «Новы прамень», газ. «Белорусская трибуна». Выйшла 16 нумароў, з іх 3 канфіскаваны. Забаронена польск. ўладамі.

С.​В.​Говін.

т. 11, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУСАЛІ́НІ ((Mussolini) Беніта Амількар Андрэа) (29.7.1883, г. Прэдапіо, Італія — 28.4.1945),

заснавальнік і кіраўнік (дучэ) фаш. партыі і дзяржавы ў Італіі, журналіст. З 1900 чл. Італьян. сацыяліст. партыі (ІСП). У 1902—04 у Швейцарыі. З 1909 выдаваў штотыднёвую газ. «Lotta di Classe» («Класавая барацьба»), з 1912 гал. рэдактар цэнтр. органа ІСП газ. «Avanti!» («Наперад!»). У ліст. 1914 за заклікі да ўступлення Італіі ў 1-ю сусв. вайну выключаны з ІСП, заснаваў газ. «Popolo d’Italia» («Італьянскі народ»). У сак. 1919 заснаваў фаш. рух (з ліст. 1921 Нац. фаш. партыя). Пасля паходу на Рым 1922 прэм’ер-міністр (фактычна дыктатар) Італіі (1922—43). Падпісаў Латэранскія дагаворы 1929 з Ватыканам. Свае паліт. погляды выклаў у кн. «Дактрына фашызму» (1932). Праводзіў экспансіянісцкую знешнюю палітыку, у т. л. ініцыіраваў італа-эфіопскую вайну 1935—36, заключыў саюз з нацысцкай Германіяй, але ў 1934 спыніў спробу аншлюсу Аўстрыі. Пад націскам А.​Гітлера ўцягнуў Італію ў 2-ю сусв. вайну (чэрв. 1940) на баку Германіі. Ва ўмовах паражэнняў італьян. войск (у т. л. на сав.-герм. фронце) і ўзмацнення антыфаш. руху ў краіне 25.7.1943 адхілены ад улады саветам фаш. партыі і зняволены паводле загаду караля Віктара Эмануіла III. Пасля вызвалення 12.9.1943 герм. парашутыстамі прэзідэнт (да 1945) «Італьян. сацыяльнай рэспублікі» (Рэспублікі Сало) на акупіраванай ням.-фаш. войскамі Пн Італіі. Пры спробе ўцёкаў у Швейцарыю захоплены італьян. партызанамі і расстраляны.

Літ.:

Белоусов Л.С. Муссолини: диктатура и демагогия. М., 1993;

Смит Д.М. Муссолини: Пер. с англ. [Калининград], 1995;

Хибберт К. Бенито Муссолини: Пер. с англ. М., 1996.

т. 11, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«Жизнь провинции» (газ.) 3/290, 529; 4/415

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)