РЭЗЕРВА́ЦЫІ, рэзерваты,
спецыяльныя тэрыторыі ў краінах масавай еўрап. эміграцыі (ЗША́, Канада, Паўд. Афрыка, Аўстралія), якія былі замацаваны ўрадамі гэтых краін за карэнным насельніцтвам. Стварэнне Р. адбывалася пераважна прымусова, шляхам гвалтоўнага перасялення ў іх абарыгенаў, якія былі пастаўлены пад жорсткі кантроль дзяржавы і пазбаўлены грамадз. правоў. З 1930-х г. індзейцы Р. ЗША і Канады атрымалі правы грамадзянства, пашырана іх самакіраванне. Абарыгены Аўстраліі атрымалі падобныя правы ў 1960-я г. Улады Паўд.-Афр. Рэспублікі імкнуліся ператварыць Р. карэнных афрыканцаў у т.зв. «незалежныя дзяржавы» (гл. Бантустаны), але пасля скасавання апартэіду ў пач 1990-х г. усе яны ліквідаваны.
т. 13, с. 558
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЛАКСА́ЦЫЯ, расслабленне ў біялогіі,
паніжэнне тонусу шкілетнай мускулатуры, якое праяўляецца паніжэннем рухальнай актыўнасці ці поўнай нерухомасцю (параліч). Бывае пры некат. паталаг. станах, выклікаецца штучна пры скарыстанні рэчываў, што блакіруюць перадачу імпульсу нервовага, і пры наркозе. Распаўсюджванне, ступень і працягласць Р. залежыць ад хім. рэчыва і месца яго ўвядзення. Наркатычныя сродкі ўздзейнічаюць на цэнтр. аддзелы нерв. сістэмы і выклікаюць распаўсюджаную, але няпоўную Р., рэчывы, якія выкарыстоўваюцца для мясц. анестэзіі, уплываюць на перыферычныя нервы і выклікаюць Р. мясц. і няпоўную. Найб. распаўсюджаная і поўная Р. бывае пры ўвядзенні спец. прэпаратаў — міярэлаксантаў.
С.С.Ермакова.
т. 13, с. 574
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СААКА́ДЗЕ Георгій, Вялікі Маўраві (каля 1580, с. Пелі, Грузія — 13.10.1629), грузінскі дзярж. дзеяч і палкаводзец. Паходзіў з царскіх азнауры. У 1608—12 правіцель (маўраві) Тбілісі. У выніку феад. міжусобіц у 1612 уцёк у Іран. У 1620 шах Ірана Абас / прызначыў С. апекуном малалетняга цара васальнага Картлійскага царства Сімона II — фактычным правіцелем дзяржавы.
У 1625 С. ўзначаліў антыіранскае паўстанне. Пасля паражэння ў Марабдзінскай бітве 1.7.1625 вёў партызанскую вайну, якая прымусіла шаха Ірана прызнаць царом Тэймураза I. Неўзабаве С. падняў мяцеж супраць Тэймураза I, але ў 1628 разбіты, уцёк у Турцыю, дзе быў забіты.
т. 14, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМААПЫЛЕ́ННЕ,
працэс пераносу пылку з пыльнікаў кветкі на рыльца песціка той самай кветкі або інш. кветкі адной расліны. У адных раслін С. — аблігатны (асноўны) спосаб апылення (авёс, пшаніца, некат. крыжакветныя), у другіх — факультатыўны (рэзервовы), выкліканы неспрыяльнымі ўмовамі. Звычайна адбываецца пад канец цвіцення, рэдка да яго пачатку. Пастаяннае С. бывае часцей у аднагадовых раслін. Эвалюцыя кветкавых раслін ішла па шляху выпрацоўкі шматлікіх прыстасаванняў, якія перашкаджаюць С. і спрыяюць перакрыжаванаму апыленню. Але ў большасці яно спалучаецца з С., таму што генет. С. спрыяе стабілізацыі адзнак віду, а перакрыжаванае — розным камбінацыям і ўзмацненню ўнутрывідавой зменлівасці. Прыватны выпадак С. — клейстагамія.
Р.Г.Заяц.
т. 14, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРВА́Ж (франц. servage ад лац. servus раб),
від феад. залежнасці сялянства ў Зах. Еўропе ў сярэднія вякі; адна з найб. крайніх форм абмежавання грамадз. і гасп. правоў сялян (серваў). Сервы працавалі на зямлі феадала, былі ў асабістай ад яго залежнасці, падсудныя яго суду, але ў адрозненне ад прыгоннага права ў Расіі юрыдычна не былі прымацаваныя да зямлі. С. характэрны для перыяду феад. раздробленасці. Рост таварнай вытв-сці ў 13—14 ст., адкрытае супраціўленне сялян (нар. паўстанні 14—15 ст.) зменшылі значэнне С. У 16—18 ст. С. захаваўся толькі ў асобных адсталых рэгіёнах.
т. 14, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛАДА́НАЕ СЛО́ВА, кампозіт,
слова, утворанае шляхам злучэння двух ці некалькіх слоў або ўтваральных асноў (гл. Словаскладанне). Асновы злучаюцца інтэрфіксамі — галоснымі «а», «о», «е», «я» («вадохрышча», «глыбокапаважаны», «палявод») або непасрэдна («двухмесны», «сабекошт»). Шырока прадстаўлены сярод назоўнікаў і прыметнікаў, радзей — сярод дзеясловаў і прыслоўяў. Адносіны паміж кампанентамі С.с. суадносныя са злучальнымі («беларуска-нямецкі») або падпарадкавальнымі («дрэваапрацоўка») адносінамі ў свабодных сінтакс. словазлучэннях. Шматскладовыя С.с. могуць мець дадатковы націск («рыбало́ў», але «ле́санарыхто́ўшчык»). Да С.с. адносяцца і падваенні («сіні-сіні», «ледзь-ледзь»).
Літ.:
Шакун Л.М. Словаўтварэнне. Мн., 1978;
Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.
А.Я.Міхневіч.
т. 14, с. 459
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЛЮСТРАВА́ННЯ ТЭО́РЫЯ,
сукупнасць палажэнняў, катэгорый і прынцыпаў, якія выражаюць агульныя заканамернасці эвалюцыйнага развіцця ўсіх формаў адлюстравання ў неарганічнай і жывой прыродзе, у сац. рэальнасці. Зыходны прынцып адлюстравання тэорыі: вынікі пазнання павінны быць адносна адэкватныя сваёй крыніцы — арыгіналу. У якасці гнасеалагічнага прынцыпу адлюстраванне прызнавалася і ў стыхійным матэрыялізме, але разглядалася як пасіўнае, мёртвае «фатаграфаванне» навакольнага свету. Дыялектыка разглядае яго як складаны і супярэчлівы працэс узаемадзеяння пачуццёвага і рацыянальнага пазнання, мысліцельнай і практычнай дзейнасці. Пры гэтым свядомасць у сваім развіцці не вычэрпваецца паняццем адлюстравання, паколькі ўключае ў сябе творчасць і прадбачанне.
У распрацоўцы адлюстравання тэорыі вылучаюць 2 канцэпцыі: функцыянальную і атрыбутыўную. Прыхільнікі першай канцэпцыі сцвярджаюць, што ў неарганічных аб’ектах ёсць толькі перадумовы ўласцівасці адлюстравання, але не яго актыўнае праяўленне. Прыхільнікі другой настойваюць на ўсеагульнасці ўласцівасцяў адлюстравання. Збліжэнню гэтых канцэпцый садзейнічае ўсведамленне суадносін катэгорыі адлюстравання з агульнанавук. паняццем інфармацыі, далейшай распрацоўкай прынцыпу глабальнага эвалюцыянізму ў навуцы і сінергетыцы.
Катэгорыі і прынцыпы адлюстравання тэорыі ўвайшлі ў філас. абгрунтаванне тэорыі функцыянальных сістэм, канцэпцыі сістэмагенезу ў біялогіі, распрацаванай П.К.Анохіным. Асн. прынцыпы адлюстравання тэорыі процілеглыя прынцыпу тоеснасці мыслення і быцця, які з’яўляецца зыходным для філас. сістэм аб’ектыўнага ідэалізму, а ў шэрагу філас. вучэнняў (напр., у Спінозы, Спенсера) трактуецца ў духу паралелізму паміж зместам свету і зместам яго пазнання (гл. таксама Пазнанне).
Літ.:
Коршунов А.М. Теория отражения и современная наука. М., 1968;
Тюхтин В.С. Отражение. Системы. Кибернетика. М., 1972;
Петушкова К.П. Отражение в живой природе: Динамика теорет. моделей. Мн., 1988.
В.Я.Петушкова.
т. 1, с. 113
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІПРЫЯ́Н (каля 1330—16.9.1406),
царкоўны дзеяч ВКЛ і вял. кн. Маскоўскага, пісьменнік. Верагодна, быў балгарынам, але некаторыя даследчыкі лічаць яго ўраджэнцам ВКЛ. У пач. 1370-х г. жыў у Візантыі. У 1373 наведаў ВКЛ і Цвер, у 1374 выступіў ініцыятарам кананізацыі віленскіх пакутнікаў. У 1375 вял. кн. ВКЛ Альгерд з прычыны варожых адносін з Масквой папрасіў канстанцінопальскага патрыярха Філафея прызначыць для ВКЛ асобнага мітрапаліта. Падтрымліваючы Альгерда і не жадаючы канчатковага падзелу Кіеўскай мітраполіі, Філафей прыняў кампраміснае рашэнне: 2.12.1375 пасвяціў К. ў мітрапаліта «кіеўскага, рускага і літоўскага» з тым, каб ён пасля смерці мітрапаліта Аляксея (у Маскве) зноў аб’яднаў абедзве часткі мітраполіі, стаўшы мітрапалітам «кіеўскім і ўсяе Русі». Жыў у ВКЛ. Пасля смерці мітрапаліта Аляксея летам 1378 прыехаў у Маскву, але вял. кн. маскоўскі Дзмітрый Іванавіч Данскі не прыняў К. і выслаў яго. Новы вял. кн. Васіль I Дзмітрыевіч у 1390 прыняў К. ў Маскве як «мітрапаліта кіеўскага і ўсяе Русі». У 1404—05 наведаў ВКЛ. Вянчаў Васіля I Дзмітрыевіча з княжной ВКЛ Софіяй Вітаўтаўнай. Быў прыхільнікам збліжэння ВКЛ і вял. кн. Маскоўскага. Лічыцца аўтарам шэрагу твораў, у т. л. «Летапісу аб пачатку зямлі рускай», «Жыція св. мітрапаліта Пятра», «Зводнай кормчай», 4 пасланняў Сергію Раданежскаму і інш. У сваім летапісе паказаў гісторыю Маскоўскага княства з пункту гледжання адзінства гісторыі ўсх. славян, упершыню ў маскоўскай гістарыяграфіі даў звесткі па гісторыі ВКЛ. Кананізаваны правасл. царквой.
Літ.:
Казбярук У. Пошукі духоўнай і палітычнай гармоніі: Мітрапаліт Кіпрыян // Вяртання маўклівая споведзь. Мн., 1994.
У.М.Казбярук.
т. 8, с. 274
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЧАЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1743—44,
буйное антыфеад. выступленне сялян Крычаўскага староства (гл. Крычаўская воласць). Выклікана ўзмацненнем феад.-прыгоннага прыгнёту, жорсткай эксплуатацыяй сялян арандатарамі і адміністрацыяй староства. Доўгія гады сяляне вялі ўпартую барацьбу супраць самавольства адміністрацыі староства і арандатараў, адмаўляліся плаціць падаткі, адбываць паншчыну і інш. павіннасці, збівалі панскіх прыказчыкаў, уцякалі на Украіну. У канцы 1743 выбухнула ўзбр. паўстанне, якое ўзначалілі мясц. сяляне В.Вашчыла і яго паплечнікі І.Карпач, С.Бачко, В.Вецер і інш. Сяляне выступалі супраць шляхты, нападалі на дамы купцоў і ліхвяроў, разганялі адміністрацыю. Кіраўнік Крычаўскага староства Г.Ф.Радзівіл 15.1,1744 накіраваў супраць паўстанцаў войска на чале з палкоўнікам Пястжэцкім, якое размясцілася ў Крычаве. 18.1.1744 сяляне штурмавалі Крычаў сіламі да 2 тыс. чал., але былі разбіты добра ўзброеным войскам. Пацярпеўшы паражэнне, паўстанцы сабраліся каля в. Царкавішча, дзе папоўніліся новымі сіламі (да 4 тыс. чал.) і планавалі пачаць 26.1.1744 новую аблогу Крычава. Але ў ноч перад аблогай на іх лагер нечакана напалі атрады Пястжэцкага. У выніку забіта больш за 200 чал. і шмат паранена. У пач. лют. 1744 паўстанне канчаткова задушана; 76 чал. было пакарана смерцю; да розных мер пакарання былі прыгавораны ўсе актыўныя паўстанцы, якія трапілі ў палон. Радзівіл абмежаваўся асобнымі ўступкамі: замяніў прымусовыя работы на будах грашовым чыншам, зняў некат. абмежаванні ў сялянскім гандлі, аб’явіў пра намер не здаваць староства ў арэнду і інш.
Літ.:
Мялешка В.І., Лойка П.А. Паўстанне сялян пад кіраўніцтвам Вашчылы. Мн., 1988;
Іх жа. І ўзняўся люд просты. Мн., 1992.
В.І.Мялешка.
т. 8, с. 525
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РСКІ БОЙ 1812.
Адбыўся 9—10 ліп. каля мяст. Мір (цяпер г.п. Мір Гродзенскай вобл.) паміж рас. казацкім корпусам ген. М.І.Платава і дывізіяй польскіх уланаў ген. А.Ражнецкага са складу напалеонаўскіх войск у час вайны 1812. Адступаючы з Ваўкавыска на Нясвіж, камандуючы 2-й Зах. арміі ген. П.І.Баграціён загадаў Платаву затрымаць ворага на 2 дні каля Міра. У склад рас. корпуса ўваходзілі 3 казацкія брыгады (5 тыс. чал.). Дывізія ген. Ражнецкага налічвала 6 палкоў. За 3 вярсты ад Міра па дарозе на Карэлічы была падрыхтавана засада, з Міра іх павінен быў падтрымаць полк Сысоева. 9 ліп. 3 палкі польскай дывізіі пад камандаваннем ген. К.Турно пачалі атаку на Мір, але былі контратакаваны казакамі з засады, якіх падтрымалі інш. палкі корпуса Платава. У ноч на 10 ліп. да Платава падышоў атрад І.В.Васільчыкава (16 эскадронаў). Платаў пакінуў у Міры 3 казацкія палкі, а з астатнімі пачаў адступленне на Нясвіж. Раніцай 10 ліп. дывізія Ражнецкага размясцілася каля Міра і пачала дзеянні супраць часцей Васільчыкава. Спачатку праціўнік пацясніў рускіх, але з падыходам брыгады Д.Е.Куцейнікава палякі адступілі да Міра, дзе іх чакала дапамога ў складзе коннай брыгады ген. Т.Тышкевіча і артыл. брыгады. Пасля бою корпус ген. Платава адышоў да Нясвіжа і 12 ліп. далучыўся да гал. сіл 2-й Зах. арміі. М.б. даў магчымасць 2-й Зах. арміі адарвацца ад праследавання і праз Слуцк і Бабруйск рушыць на злучэнне з 1-й Зах. арміяй.
Ш.І.Бекцінееў.
т. 10, с. 469
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)