ЛІ́НГБІ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі мезаліту (9—8-е тыс. да н.э.), пашыраная на тэр. ад Паўн. Еўропы да бас. р. Прыпяць. Назва ад стаянкі Лінгбі на в-ве Зеландыя (Данія). Насельніцтва займалася паляваннем на паўн. і высакароднага аленяў, лася, дзіка і інш. Характэрныя прылады — рагавыя сякеры і грубыя несіметрычныя крамянёвыя наканечнікі дзідаў і стрэл з шырокай насадкай; вырабляліся кароткія нажы, скоблі, разцы з масіўных пласцін, падобныя да макралітычных. На Беларусі выяўлены стаянкі Л.к. каля в. Адрыжын, Опаль Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл.

У.​Ф.​Ісаенка.

т. 9, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́НКАЛЬН-ЦЭНТР (Lincoln Center),

комплекс устаноў мастацтваў у Нью Йорку. Размешчаны на в-ве Манхатан. Пабудаваны ў 1960-я г. пераважна на сродкі прыватных асоб (арх. У.​К.​Харысан). На тэр. цэнтра размешчаны зала Нью-Йоркскай філармоніі (1962), Т-р штата Нью-Йорк (1964; выступаюць нью-йоркскія гар. балет і гар. опера), Драм. т-р «Вівіян Бомант» (1965), Бібліятэка-музей выканальніцкіх мастацтваў (абодва 1965), «Метраполітэн-опера» (1966), Джульярдская муз. школа (1970). У парку каля Л.-ц. размешчана адкрытая эстрада для выступленняў вял. муз. калектываў.

т. 9, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУДЗІ́ТЫ (англ. Luddites),

удзельнікі стыхійных рабочых выступленняў у Англіі 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. супраць укаранення ў прамысловасць машын, якія яны лічылі прычынай свайго гаротнага становішча. Назва ад імя легендарнага рабочага Н.​Луда, які нібыта першы зламаў свой станок. Рух Л. пачаўся каля 1760 у гарадах Шэфілдзе і Нотынгеме і ў пач. 19 ст. ахапіў амаль усю Англію. Яны нападалі на фабрыкі і знішчалі машыны, асабліва ткацкія. Нягледзячы на ўвядзенне ўрадам у 1769 і ў 1812 смяротнага пакарання для Л., іх рух працягваўся да 1830-х г.

т. 9, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́ДЧЫЦЫ,

помнікі археалогіі каля в. Лудчыцы Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.: стаянка грэнскай культуры (12—8 тыс. г. назад) і курганны могільнік 11 ст. На стаянцы выяўлены рэшткі авальнага заглыбленага ў мацярык жытла драўлянай канструкцыі накшталт ярангі. Знойдзены крамянёвыя прылады працы (наканечнікі стрэл, разцы, скрабкі, вастрыі, пласціны і інш.), паблізу жытла — рэшткі агнішча. Пахавальны абрад на могільніку — трупапалажэнне на мацерыку галавой на 3, адно пахаванне з нябожчыкам у становішчы седзячы на дошцы. Знойдзены пацеркі, скроневыя кольцы, пярсцёнкі, бранзалеты, бронзавая літая фігурка чалавека і інш.

т. 9, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́КАВА,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Маларыцкім р-не Брэсцкай вобл. Засн. ў 1994 з мэтай аховы лясных фармацый з наборам рэдкіх відаў раслін. Пл. 1523 га. Балоты нізіннага тыпу чаргуюцца з дубовымі, дубова-грабавымі, хваёва- і ясянёва-дубовымі лясамі. Папуляцыі раслін з Чырв. кнігі: зубніца клубняносная, пылкагалоўнік чырвоны, кадзіла сармацкае, касач сібірскі, лілея царскія кучары, гайнік цёмна-чырвоны, тайнік яйцападобны. Самая вял. на Беларусі папуляцыя венерынага чаравічка (каля 2 тыс. экз.). 3 лек. раслін пашыраны ландыш майскі, валяр’ян лекавы, дзівасіл, дзядкі аптэчныя, святаяннік прадзіраўлены і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 9, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУНМЫ́НЬ,

адзін з буйнейшых будыйскіх пячорных храмаў Кітая, за 15 км на Пд ад г. Лаян (прав. Хэнань). Высечаны ў 495—898 у вапняковых скалах на берагах р. Іхэ. Складаецца з некалькіх соцень пячор (галоўныя — Біньян, 500—523; Фынсянь, 627—675) са шматлікімі статуямі будыйскіх божастваў, у т. л. Буды Вайрачана (672—676, выш. каля 15 м), рэльефамі, што ўвасабляюць слуг, манахаў, нябесных танцоўшчыц, святочныя працэсіі. Для манум.-велічнай скульптуры храма характэрны вытанчанасць прапорцый, графічная дакладнасць дэталей у спалучэнні з пластычна-мяккай трактоўкай форм. Цяпер музей.

Лунмынь.

т. 9, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯАСІ́, Жэхэ,

нагор’е на ПнУ Кітая. Пл. каля 120 тыс. км². На ПнЗ — сістэма хвалістых плато і невысокіх масіваў выш. 500—1300 м, на ПдУ — скалістыя горы выш. 1000—1600 м, найб. — 2050 м (г. Улуншань). Складзена з крышт. сланцаў, гнейсаў, гранітаў, пясчанікаў, вапнякоў. Радовішчы каменнага вугалю. Перадгор’і глыбока расчлянёныя далінамі рэк бас. Луаньхэ, Ляахэ і інш. У даліне р. Жэхэ (прыток Луаньхэ) гарачыя мінер. крыніцы. Стэп, месцамі зараснікі хмызнякоў і гаі з дубу, клёну, арэху. Даліны густа населены і апрацаваны (палі чумізы, гааляну; сады).

т. 9, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯ́ДАЎСКІ МАНАСТЫ́Р ДАБРАВЕ́ШЧАННЯ Існаваў у 1730-я г. — 1918 у в. Ляды

(цяпер Смалявіцкі р-н Мінскай вобл.). Засн. каля 1730 як уніяцкі манастыр ордэна базыльян мечнікам ВКЛ І.​Завішам. У 1792—94 пабудавана мураваная царква Дабравешчання, у 1811—50 — жылы корпус. Пры манастыры былі курсы маральнай тэалогіі для манахаў, школа для свецкіх асоб (у 1818—159 вучняў),

шпіталь. Пасля скасавання ў 1839 Брэсцкай уніі 1596 манастыр пераўтвораны ў праваслаўны. У 1918 закрыты, царква і інш. будынкі захаваліся. Помнік архітэктуры рэсп. значэння.

А.​А.​Ярашэвіч.

Лядаўскі манастыр Дабравешчання. Агульны выгляд царквы.

т. 9, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАБУ́ТУ-СЕ́СЕ-СЕ́КА (Mobutu Sese Seko; да 1973 Альберт; Albert),

возера ва Угандзе і Дэмакр. Рэспубліцы Конга, у бас. р. Ніл. Размешчана ў тэктанічнай катлавіне на выш. 619 м, у сістэме Зах.-Афр. грабена. Пл. 5,6 тыс. км², даўж. 160 км, шыр. каля 40 км, глыб. да 58 м. Берагі расчлянёныя, б.ч. стромкія, дно плоскае. Упадаюць рэкі Семлікі і Вікторыя-Ніл, выцякае р. Альберт-Ніл. Рыбалоўства. Суднаходства. Парты: Бутыяба (Уганда), Касеньі (Дэмакр. Рэспубліка Конга). Адкрыта ў 1864 С.У.Бейкерам. Названа ў гонар Мабуту Сесе Сека.

т. 9, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЖЭ́ЙСКАЕ ВО́ЗЕРА У Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мядзелка, за 4 км на ПнЗ ад г. Паставы. Пл. 0,66 км², даўж. больш за 1,4 км, найб. шыр. 660 м, найб. глыб. 3,9 м, даўж. берагавой лініі каля 3,2 км. Пл. вадазбору 10,7 км². Схілы катлавіны выш. 2—4 м, на ПнЗ і ПдУ пераходзяць у забалочаную нізіну. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, на Пн і Пд сплавінныя. На ПнЗ і У пойма шыр. да 200 м, забалочаная. Дно ілістае. Упадаюць некалькі меліярац. каналаў.

т. 9, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)