А́ЛЬБА-ЛО́НГА (Alba Longa),

старажытны лацінскі горад на ПдУ ад Рыма. Паводле падання, засн. каля 1152 да н.э. Асканіем, сынам Энея. Каля пач. 1-га тыс. да н.э. быў цэнтрам Лацінскага Саюза, у 7 ст. да н.э. разбураны рымлянамі, жыхары горада пераселены ў Рым.

т. 1, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМПЛІТРО́Н [ад лац. amplifico узмацняю + (элек)трон],

магутная электравакуумная прылада магнетроннага тыпу для ўзмацнення ЗВЧ ваганняў; плацінатрон, які працуе ў рэжыме ўзмацнення. Выхадная магутнасць да 10 МВт у імпульсе, ккдз да 80%, каэфіцыент узмацнення да 15 дБ. Выкарыстоўваецца ў выхадных каскадах радыёапаратаў (пераважна імпульсных).

т. 1, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРА́СТ,

у грэч. міфалогіі цар Аргаса. Узначальваў няўдалы паход на Фівы і выратаваўся дзякуючы хуткасці свайго боскага каня. Удзельнічаў у пераможным паходзе эпігонаў на Фівы, у якім страціў сына Эгіялея і памёр ад гора. Паводле другога міфа, Адраст кінуўся ў агонь разам з сынам Гіпаноем.

т. 1, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЯРКО́,

возера ў Беларусі, у Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула, за 12 км на ПнУ ад Лепеля. Пл. 0,26 км², даўж. 0,95 км, найб. шыр. 0,45 км. Пл. вадазбору 3 км². Схілы катлавіны пласкахвалістыя, выш. да 10 м, разараныя. Зарастае слаба.

т. 1, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАРКАВЕ́ННЕ,

працэс адкладання тлушчападобнага рэчыва суберыну ў абалонках клетак шматгадовых раслін. Характэрна для клетак покрыўных тканак — экзадэрмы і корку, якія ахоўваюць унутр. тканкі кораня і сцябла ад страты вільгаці і ваганняў т-ры. Корак не дае раслінам высыхаць і ахоўвае жывыя клеткі, спрыяе загойванню ран.

т. 1, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАРА́НКІ,

хлебабулачныя вырабы з абваранага цеста ў выглядзе кольцаў рознай велічыні. Называлі і абваранкамі (ад абварыць). Упершыню пачалі рабіць абаранкі ў Смаргоні (Беларусь), потым сталі вядомыя ў многіх (пераважна слав.) народаў. Славіліся янаўскія, бешанковіцкія, полацкія, мірскія і інш. Абаранкі. Выкарыстоўваліся і для прыгатавання кануна.

т. 1, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІ́НАЎСКАЯ ШКЛЯНА́Я МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1881—1905 ва ўрочышчы Асінаўка, непадалёку ад в. Дамамерычы Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобласці. У 1884 мела шклаварную печ, у 1895 — 2 конныя рухавікі. У 1890 працавалі 40 рабочых, выпушчана 240 тыс. лістоў аконнага шкла. У 1905 працавалі 125 рабочых.

т. 2, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСНО́ВА ЗБУДАВА́ННЯ,

масіў грунту, які праз фундамент успрымае нагрузку ад збудавання. Бывае натуральная (выкарыстоўваецца грунт без змянення прыродных уласцівасцяў) і штучная (грунт замацоўваецца, ушчыльняецца, змяняецца). Аснова збудавання павінна забяспечваць агульную ўстойлівасць да геал. працэсаў і сейсмічных уздзеянняў (адсутнасць апоўзняў, зрушэнняў, выветранасці грунтоў і інш.).

т. 2, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАЎЦЫ́,

возера ў Беларусі, у Расонскім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса, за 36 км на У ад г.п. Расоны. Пл. 0,92 км², даўж. 2,58 км, найб. шыр. 0,3 км. Зарастае. Праз возера цячэ р. Дрыса (злучае яго з азёрамі Дрыса і Сіньша).

т. 2, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСУ́ДЖАНЫ,

асоба, у адносінах да якой судом вынесены прыгавор аб прызнанні яе вінаватай у злачынстве і назначана мера пакарання. У адпаведнасці з заканадаўствам асуджаны нясе абавязкі і карыстаецца правамі грамадзяніна з некаторымі абмежаваннямі, ступень якіх вызначаецца прыгаворам і залежыць ад рэжыму і ўмоў адбывання пакарання.

т. 2, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)