АДВАРО́ТНЫ СЛО́ЎНІК,

інверсійны слоўнік, тып лінгвістычнага даведніка, у якім рэестравыя словы размяшчаюцца ў алфавітным парадку з улікам іх палітарнага прачытання справа налева, а не злева направа, як у звычайных алфавітных слоўніках. Рэестравыя адзінкі адваротнага слоўніка выраўноўваюцца ў наборы па правым краі:

самба

бомба

пломба

клумба і г.д.

Побач размяшчаюцца словы з аднолькавымі канчаткамі і суфіксамі, што дазваляе высвятляць словаўтваральную і марфемную структуру слова, вызначаць тып словазмянення рэестравай адзінкі, выяўляць прадукцыйнасць пэўнага словаўтваральнага тыпу, распрацоўваць рыфмаў слоўнікі і інш. Адваротныя слоўнікі падзяляюцца на слоўнікі-індэксы і слоўнікі з самаст. рэестрамі. Адваротны слоўнік створаны больш чым для 30 моў. На матэрыяле бел. мовы распрацаваны: адваротны слоўнік мікратапонімаў (змешчаны ў слоўніку «Мікратапанімія Беларусі», 1974), «Адваротны слоўнік сучаснай беларускай мовы» А.​Барташэвіча і І.​Камендацкай (т. 1—4, 1988—89), які падае каля 100 тыс. слоў з акад. «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84); «Адваротны слоўнік беларускай мовы» Л.​М.​Вардамацкага і В.​І.​Несцяровіча (1994).

В.​К.​Шчэрбін.

т. 1, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗІНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.

Адбыўся 22—29.11.1927 у Мінску; 344 дэлегаты з рашаючым і 220 з дарадчым голасам, якія прадстаўлялі 23 735 чл. І 11 392 канд. у чл. партыі. Парадак дня: даклады аб рабоце ЦК і ЦКК ВКП(б), справаздачы ЦК, ЦКК і рэвіз. камісіі КП(б)Б; даклады аб асновах 5-гадовага плана развіцця нар. гаспадаркі БССР і СССР, аб рабоце ў вёсцы, аб выніках нац.-культ. будаўніцтва і паліт.-асв. работы; выбары кіруючых органаў КП(б)Б.

З’езд арыентаваў планавыя органы БССР на фарсіраванне тэмпаў індустрыялізацыі, у сельскай гаспадарцы — на выкарыстанне розных формаў кааперавання, развіццё калект. формаў пры далейшай інтэнсіфікацыі і павышэнні прадукцыйнасці працы. Рэлігія разглядалася як ідэалогія антысав. элементаў. У ажыццяўленні нац. палітыкі акцэнты зроблены на развіццё нац. культур і нар. адукацыі, беларусізацыі. Дагматызавана формула класавага (пралетарскага) інтэрнац. выхавання, што стварала глебу для сектанцкіх скажэнняў у адносінах да культ. спадчыны і нац. культуры.

А.​М.​Малашка.

т. 1, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНО́СНАЯ БІЯЛАГІ́ЧНАЯ ЭФЕКТЫ́ЎНАСЦЬ выпрамяненняў,

паказчык колькаснага параўнання біял. ўздзеяння розных відаў радыеактыўнага выпрамянення. Вызначае, у колькі разоў біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў пэўнага тыпу (напр., альфа-, бэта-выпрамяненне, нейтроны і інш.) большае (ці меншае) за ўздзеянне на той жа біял. аб’ект стандартнага выпрамянення (жорсткіх рэнтгенаўскіх ці гама-прамянёў). Асобныя віды выпрамяненняў суправаджаюцца вызваленнем рознай колькасці энергіі і маюць пэўную пранікальную здольнасць, таму па-рознаму ўздзейнічаюць на жывыя арганізмы. Чым больш энергіі выпрамяненне перадае тканкам, тым больш пашкоджанняў атрымлівае жывы арганізм. Напр., альфа-выпрамяненне (паток цяжкіх часціц — нейтронаў і пратонаў) мае невял. пранікальную здольнасць, што не дазваляе пранікнуць праз вонкавы слой скуры, аднак яно лічыцца найбольш небяспечным пры траплянні радыенуклідаў унутр арганізма праз раны, з ежай ці пры ўдыханні. Адносная біялагічная эфектыўнасць для электроннага, пазітроннага, рэнтгенаўскага і гама-выпрамянення, а таксама хуткіх пратонаў блізкая да 1, для альфа-часціц і хуткіх нейтронаў роўная 10, для цяжкіх шматзарадных іонаў і ядраў аддачы — 20.

т. 1, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДПАВЕ́ДНАСЦІ ПРЫ́НЦЫП,

агульнаметадалагічны прынцып развіцця навукі, які патрабуе, каб кожная новая тэорыя, што прэтэндуе на больш глыбокае апісанне аб’ектыўнай рэальнасці на больш шырокую вобласць прымянення, чым старая, уключала апошнюю як свой асобны гранічны выпадак. Адлюстроўвае дыялектыку працэсу пазнання, пераходу ад менш поўнай да больш поўнай ісціны і пры гэтым змена адной прыродазнаўча-навук. тэорыі другой выяўляе не толькі розніцу, але і сувязь, пераемнасць паміж імі, якая можа быць выражана з матэм. дакладнасцю. Адпаведнасці прынцып сфармуляваны Н.Борам пры стварэнні першапачатковай квантавай тэорыі атама і яго спектраў (1913). Паводле адноснасці прынцыпу фіз. вынікі квантавай механікі ў гранічным выпадку вял. квантавых лікаў супадаюць з вынікамі класічнай тэорыі; квантава-мех. апісанне фіз. аб’ектаў павінна пераходзіць у класічнае пры h → 0 (h — Планка пастаянная); хвалевая оптыка — у геам. пры λ → 0, дзе λ — даўжыня хвалі; законы рэлятывісцкай механікі — у законы класічнай пры скарасцях руху v << c, дзе c — скорасць святла ў вакууме.

Л.​М.​Тамільчык.

т. 1, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРЭ́ЗКІ,

у Рас. імперыі землі, адрэзаныя ад сял. надзелаў на карысць памешчыкаў у ходзе сялянскай рэформы 1861. Памяншэнне сял. надзелаў адбывалася, калі надзел быў большы за вышэйшую норму або калі ў памешчыцкім маёнтку заставалася менш за трэць (у стэпавай паласе менш за палову) прыдатных зямель. Адрэзкі рабіліся і пры атрыманні сялянамі т.зв. даравальнага надзелу. Адрэзаныя землі былі жыццёва неабходныя сялянам (ворыва, паша, лугі і інш.). Гэта давала магчымасць памешчыкам здаваць сялянам адрэзкі ў арэнду на кабальных умовах.

На Беларусі, паводле ўстаўных грамат, на б.ч. тэр. Магілёўскай губ. адрэзкі склалі 12,7%, у Гродзенскай губ. — 9,8%, у Мінскай (без Навагрудскага і Пінскага пав., паводле заніжаных звестак) — 2% надзельных зямель. У склад надзелаў не ўключаліся т.зв. прыёмныя землі, што знаходзіліся ў часовым карыстанні сялян, іх пазбавілі і сервітутаў. У час паўстання 1863—64 царызм пайшоў на некат. ўступкі (вернуты частка адрэзаных зямель і права часова карыстацца сервітутнымі ўгоддзямі, на 20% паменшаны выкупныя плацяжы і інш.), але гэта не змяніла грабежніцкага характару рэформы.

В.​П.​Панюціч.

т. 1, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫ́ЎНАЯ ЗО́НА ядзернага рэактара,

прастора ядзернага рэактара, дзе ў выніку ланцуговай ядзернай рэакцыі выдзяляецца энергія (пераважна ў выглядзе цяпла). Актыўная зона мае: рэчыва, якое дзеліцца (часцей за ўсё ў выглядзе блокаў ці стрыжняў); запавольнік, калі рэакцыя ідзе на павольных нейтронах; цепланосьбіт для адводу цяпла; прылады і прыстасаванні сістэм кіравання, кантролю і аховы рэактара. Як запавольнік выкарыстоўваюцца вада, цяжкая вада, графіт, берылій і інш., як цепланосьбіт — вада, вадзяная пара, цяжкая вада, арган. вадкасці, гелій, вуглякіслы газ, вадкія металы (пераважна натрый). Для памяншэння ўцечкі нейтронаў актыўная зона акружаецца адбівальнікам нейтронаў (з тых жа рэчываў, што і запавольнік). Форма актыўнай зоны цыліндрычная.

Літ.:

Петросьянц А.М. Ядерная энергетика. 2 изд. М., 1981;

Красин А.К., Красина Р.Ф. Мирное использование ядерной энергетики (физ. основы). Мн., 1982.

Р.​М.​Шахлевіч.

Актыўная зона ядзернага рэактара: 1 — стрыжань з паглынальнымі элементамі рэгулявання; 2 — стрыжань з паглынальнымі элементамі аварыйнай аховы; 3 — цеплавыдзяляльны элемент; 4 — запавольнік нейтронаў; 5 — цепланосьбіт; 6 — адбівальнік нейтронаў; 7 — цыркуляцыйны контур цепланосьбіта.

т. 1, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУЛЬТУРА́ЦЫЯ,

працэс і вынік узаемаўплыву культур; успрыманне адной з іх элементаў і каштоўнасцяў іншай. Як спецыфічны аб’ект даследавання вылучылася ў 2-й пал. 19 ст. ў працах англ. і амер. этнографаў і сацыёлагаў. Ф.​Боас, М.​Мід, Б.​Маліноўскі, Р.​Рэдфілд і інш. вучоныя вылучалі ў акультурацыі донарскія і рэцыпіентныя групы ў культурным кантэксце (пераважна на прыкладзе ўздзеяння «белай» амер. культуры на індзейцаў, неграў, мексіканцаў, якія жывуць у ЗША). Было выяўлена, што рэцыпіентная культура ажыццяўляе адбор культ. каштоўнасцяў праз прызму сваіх своеасаблівасцяў, пры гэтым адны з іх адаптуе, другія адштурхоўвае. Праблема акультурацыі набывае актуальнасць у сувязі з працэсам нац.-культ. адраджэння Беларусі і неабходнасцю больш глыбокага вызначэння самабытнасці і своеасаблівасці культуры бел. народа, на якую моцна паўплывалі працэсы паланізацыі і русіфікацыі, а таксама ўзаемадзеяння яе з культурамі народаў Расіі, Польшчы, Літвы і інш.

Літ.:

Бахта В.М. Проблема аккультурации в современной этнографической литературе США // Современная американская этнография. М., 1963.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 1, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́ЛІ (ад грэч. allēlōn адзін аднаго, узаемна),

алеламорфы, розныя формы (станы) аднаго і таго ж гена. Размешчаны ў аднолькавых участках (локусах) гамалагічных (парных) храмасом і кантралююць кірункі развіцця адной і той жа прыкметы (напр., белы ці чырвоны колер кветкі). Алелі ўзнікаюць пры любой змене структуры гена ў выніку мутацый або ўнутрыгенных рэкамбінацый (магчымая колькасць алеляў кожнага гена практычна незлічоная). Кожны ген можа знаходзіцца не менш як у двух алельных станах, адзін з якіх звычайна забяспечвае максімальнае развіццё прыкметы — дамінантная алеля, другі прыводзіць да частковай або поўнай страты або змены прыкметы — рэцэсіўная алеля. Ген, які мае некалькі розных станаў, утварае серыю множных алеляў. Наяўнасцю алельных генаў абумоўлены фенатыпічныя адрозненні сярод арганізмаў (гл. Фенатып). Частоты асобных алеляў у генафондзе даюць магчымасць вылічаць генет. змены ў пэўнай папуляцыі і вызначаць частату генатыпаў, што выкарыстоўваюць у селекцыі для прадказання магчымых вынікаў скрыжаванняў.

Схема гома- і гетэразіготнасці па адной пары алеляў: 1 — гомазіготнасць; 2 — гетаразіготнасць (А — дамінантная алель, а — рэцэсіўная алель).

т. 1, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІГАПО́ЛІЯ (ад аліга... + грэч. pōlēo прадаю),

тып рыначнай структуры, у якой значная ці пераважная частка галіновай вытв-сці і збыту ажыццяўляецца на аснове спалучэння манаполіі і канкурэнцыі. Характэрна для большасці галін сучаснай рыначнай эканомікі.

Сутнасць алігаполіі ў тым, што абмежаваная колькасць буйных кампаній манапалізуе вытв-сць і збыт асн. ці нават большай часткі прадукцыі пэўнай галіны эканомікі ўзгадненнем узроўню цэн, якое ажыццяўляецца двума шляхамі: лідэрствам у цэнах (цэны, устаноўленыя адной з фірмаў, як правіла, найб. буйной, выкарыстоўваюцца і інш. фірмамі) і выбарам узгодненых правілаў паводзін (усе буйныя кампаніі прымаюць адзіныя правілы вылічэння цэн). Адначасова ўсе гэтыя кампаніі вядуць паміж сабой жорсткую нецанавую канкурэнцыю, каб пры ўзгодненых цэнах стварыць для сябе найб. спрыяльныя ўмовы за кошт рэкламы, тэхн. перааснашчэння вытворчасці і паляпшэння якасці прадукцыі, удасканалення формаў і метадаў збыту, прадастаўлення пакупнікам пэўных паслуг, гарантый, ільгот. Каб нейтралізаваць разбуральнае ўздзеянне на эканоміку манаполіі і канкурэнцыі, дзяржава імкнецца забяспечыць аптымальнае спалучэнне гэтых сіл на аснове антыманапольнай палітыкі.

І.​А.​Мацулевіч.

т. 1, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬПІ́ЙСКАЯ ГЕАСІНКЛІНА́ЛЬНАЯ ВО́БЛАСЦЬ, Міжземнаморскі геасінклінальны пояс,

тэктанічна актыўная вобласць зямной кары, выцягнутая ад Атласкіх гор на З да Ціхага ак. на У. Ахоплівае горныя раёны Паўд. Еўропы, Міжземнае м., Паўн.-Зах. Афрыку, М.​Азію, Каўказ, Іранскае нагор’е, Памір, Алай, Гіндукуш, Гімалаі, горы Індакітая і Інданезіі, якія ўтварыліся ў кайназойскай эры ў выніку альпійскай складкаватасці. На У Альпійская геасінклінальная вобласць злучаецца з Ціхаакіянскай геасінклінальнай вобласцю. У мезазойскую эру ўяўляла сабой вял. марскі басейн (м. Тэтыс), акружаны плітамі стараж. платформаў — Афрыканскай і Індыйскай на Пд, Рускай, Сібірскай і Кітайскай на Пн. Геасінкліналь м. Тэтыс запаўнялася магутнымі асадкавымі тоўшчамі. У кайназоі адбылося сутыкненне паўн. і паўд. пліт і на месцы былога мора пачалася альпійская складкавасць. Утварыліся горныя сістэмы з найб. на Зямлі абсалютнымі адзнакамі (больш за 7—8 км). Асобныя структуры Альпійскай геасінклінальнай вобласці не завяршылі свайго развіцця, аб чым сведчаць інтэнсіўныя землетрасенні і вулканізм. З тэктанічнымі рухамі ў Альпійскай геасінклінальнай вобласці звязаны некаторыя землетрасенні, што адзначаюцца на тэр. Беларусі.

т. 1, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)