СКАРЫ́НКІН (Уладзімір Максімавіч) (н. 7.6.1939, г. Віцебск),
бел. паэт і перакладчык. Скончыў Рыжскі ін-т інжынераў грамадз. авіяцыі (1961). З 1961 працаваў у Мінскім аэрапорце, з 1970 у Бел. упраўленні грамадз. авіяцыі, у 1982—87 і 1992—99 у Саюзе бел. пісьменнікаў. Друкуецца з 1955. Першы зб. вершаў «Буслы над аэрадромам» (1969). Аўтар вянка санетаў «Вачэй тваіх паляны» (1980), паэм «Дарога ў неба» (1970), «Насустрач веку» (1971), «Сляпы дождж» (1974), «Высокае сонца» (1976), «Узнясенне» (1983), «Астральны знак Скарыны» (1986). Асн. тэмы яго твораў — маленства, апаленае вайной, любоў да роднай зямлі, яе гісторыі, роздум над складанымі праблемамі сучаснасці, пытанні духоўнасці. Піша для дзяцей (кнігі вершаў, скорагаворак і казак «Канікулярная ангіна», 1991; «Падарожжа ў Крайшарад», 1997; фантаст.-прыгодніцкія апавяданні «У карэце па белым свеце», 2000). На бел. мову пераклаў зб-кі вершаў М.Рубцова «Рускі агеньчык» (1986), М.Вінграноўскага «Украінскі прэлюд» (1999), паэму Дантэ «Боская камедыя» (1997, Нац. прэмія Італіі 1998; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 2000), паэму Дж.Байрана «Прароцтва Дантэ».
расійскі вучоны ў галіне гельмінталогіі; заснавальнік сав. школы гельмінтолагаў. Акад.АНСССР (1939), УАСГНІЛ (1935), АМНСССР (1944). Правадз і ганаровы чл. іншаземных акадэмій (Францыі, Балгарыі, Венгрыі, Польшчы і інш.), навук т-ваў ЗША, Вялікабрытаніі, Бельгіі, Індыі і інш.Д-рвет., мед., біял.н. (1934, 1938, 1943). Герой Сац. Працы (1958). Скончыў Юр’еўскі вет.ін-т (1905). У 1917—43 праф. Данскога, Маскоўскага, Ленінградскага, Казанскага вет. ін-таў; адначасова з 1920 ва Усесаюзным ін-це гельмінталогіі (у 1931—61 дырэктар). З 1956 віцэ-прэзідэнт УАСГНІЛ. Навук. працы па марфалогіі, сістэматыцы, экалогіі паразітычных чарвей с.-г. жывёл і чалавека, эпідэміялогіі і мерапрыемствах па барацьбе з гельмінтозамі (распрацаваў прынцыпы дэгельмінтызацыі і дэвастацыі). Апісаў каля 200 новых відаў і даў абгрунтаванне 120 новым родам гельмінтаў. Увёў паняцце аб дадатковых і рэзервуарных гаспадарах, транзітным паразітызме і сімбіяпаразітызме, бія- і геагельмінтозах. Ленінская прэмія 1957. Дзярж. прэмія СССР 1941, 1950.
Тв.:
Гельминтозы человека. Ч. 1—2. М.; Л., 1929—31 (разам з Р.С.Шульцам);
Основы общей гельминтологии. М., 1940;
Трематоды животных и человека: Основы трематодологии. Ч. 1—23. М.; Л., 1947—70;
Моя жизнь в науке. М., 1969.
Літ.:
Гильденблат А.А., Заянчковский И.Ф. Академик К.И. Скрябин и советская гельминтология. М., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВА́ЦКАЯ МО́ВА,
адна са славянскіх моў (зах.-слав. група); мова славакаў, дзярж. мова Славакіі (да 1992 разам з чэшскай мовайб. Чэхаславакіі). Пашырана ў ЗША, Венгрыі, Югаславіі, Канадзе, Румыніі, Чэхіі, Польшчы і інш. Мае 3 групы дыялектаў: зах.-славацкі, цэнтр.-славацкі і ўсх.-славацкі. С.м. ўласцівы: у фанетыцы — наяўнасць кароткіх і доўгіх галосных, доўгія (за некалькімі выключэннямі) не бываюць у складах побач, кароткія галосныя чаргуюцца з доўгімі або дыфтонгамі, складаўтваральныя r, l бываюць кароткія і доўгія, v у закрытым складзе вымаўляецца як (ў), n, l, t, d перад e, і заўсёды мяккія, націск экспіраторны, на I-м складзе; у марфалогіі — страта вынікаў палаталізацыі заднеязычных у іменным скланенні (апрача назоўнага склону мн.л.), іменных форм прыметнікаў, аорыста, імперфекта; у лексіцы шмат запазычанняў з чэш., ням. і венг. моў.
Першы ўласна славацкі помнік «Острыгамскі рытуал» (1625) напісаны на цэнтр.-славацкім дыялекце. Пісьменства на аснове лацініцы.
Літ.:
Малько Р.Н. Географическая терминология чешского и словацкого языков (на общеславянском фоне). Мн., 1974;
Лучыц-Федарэц І.І. Аб напісанні чэшскіх і славацкіх уласных імён па-беларуску // Бел. лінгвістыка. Мн., 1985. Вып. 27;
Яго ж. Славацкае і беларускае дыялектнае словаўтварэнне // Словообразование и номинативная деривация в славянских языках. Гродно, 1986. Ч. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАРЫТАРЫ́ЗМ (франц. autoritarisme ад лац. auctoritas улада, уплыў),
устаноўлены або навязаны палітычны рэжым з такой формай улады, якая сканцэнтравана ў руках аднаго чалавека або ў адным яе органе; форма паліт. свядомасці, сфарміраваная на аснове адносін да аўтарытэту наогул і да аўтарытэту ўлады ў прыватнасці.
Паняцце «аўтарытарызм» распрацавана прадстаўнікамі франкфурцкай школы на аснове сац.-псіхал. аналізу адпаведнага тыпу асобы — чалавека «натоўпу», які атаясамлівае сябе з аўтарытэтам групы, дзяржавы, з харызматычным лідэрам і праз іх навязвае грамадству свае густы і норавы. Паводле даследаванняў ісп. філосафа Х.Артэгі-і-Гасета, аўтарытарызм спараджае псіхалогія «аўтарытарнай асобы», яе нястомнае жаданне кіраваць грамадствам «пры поўнай да таго няздольнасці». Да гіст. формаў аўтарытарызму адносяцца антычныя і азіяцкія дэспатыі і тыраніі (Персія, Спарта і інш.), абсалютысцкія рэжымы сярэднявечча і Новага часу. Ідэя абсалютысцкага аўтарытарызму, манархічнага «парадку» набыла тэарэт. абгрунтаванне ў творах ультракансерватыўных ідэолагаў пач. 19 ст. Ж. дэ Местра і Л.Банальда як рэакцыя на франц. рэвалюцыю і сацыяліст. Рухі. У ням.паліт. думцы 19 ст. аўтарытарызм разглядаўся як моцны сродак нац. і сац. мабілізацыі і кіравання зверху працэсамі дзярж. будаўніцтва. У шматлікіх канцэпцыях 1-й пал. 20 ст. аўтарытарызм усё больш набываў нацыяналіст. і антыдэмакр. характар і звязваўся з месіянскай ідэалогіяй выключнасці адной нацыі або дзяржавы, усталявання «новага парадку», дыктатуры пралетарыяту і да т.п. Пры ваенна-паліцэйскіх і фаш. рэжымах, розных варыянтах «казарменнага сацыялізму» тэорыя і практыка аўтарытарызму была даведзена да яго крайняй формы — таталітарызму, дзе панаваў усеабдымны, татальны кантроль адной партыі, групы, ідэалогіі за жыццём усяго грамадства і не існавала ніякага інш. аўтарытэту, акрамя аўтарытэту правадыра, фюрэра, дучэ і гэтак далей
Тыповыя прыкметы і асаблівасці аўтарытарызму: празмерны цэнтралізм улады, беспярэчнае паслушэнства, безапеляцыйныя метады кіравання, паліт. бяспраўнасць асобы, прамая апора на ваенна-рэпрэсіўны апарат. Рэальная ўлада пры аўтарытарызме канцэнтруецца ў руках кіруючай эліты, якая складае аснову іерархічнай верт. структуры кіравання і падбіраецца ў адпаведнасці са спец. працэдурай. Для дасягнення сваіх паліт. мэтаў наменклатура насаджае ў масах фанатызм і рабалепныя адносіны да ўлады, абмяжоўвае свабоду слова і інфармацыі, шырока выкарыстоўвае пазаправавыя, гвалтоўныя метады расправы з апазіцыяй, перакладае віну за правалы ў сваёй палітыцы на міфічных унутр. і знешніх ворагаў. Аўтарытарныя метады кіраўніцтва праяўляюцца ў тых постсацыяліст. краінах Усх. Еўропы і б.СССР, дзе неэфектыўна дзейнічаюць дэмакр. механізмы дзярж. улады, дзе пашыраны сац. дэмагогія, масавая апеляцыя да «моцнай» улады і «моцнага» лідэра. Тут назіраецца тэндэнцыя да ўстанаўлення трох разнавіднасцяў аўтарытарызму: рэжыму рэстаўрацыі, які маюць намер аднаўляць ці ствараць блокі левых сіл і неакамуністаў; рэжыму т.зв. «нацыянал-патрыётаў», якія арыентуюцца на вялікадзярж. ідэі «саборнасці» і абмежавання нац. суверэнітэту; рэжыму, які манеўруе паміж рознымі паліт. сіламі і ствараецца прадстаўнікамі выканаўчай улады.
Літ.:
Ортега-и-Гассет Х. Эстетика;
Философия культуры: Пер. с исп. М., 1991;
Фромм М.Э. Душа человека: Пер. с нем. М., 1992;
Восточная Европа: политический и социокультурный выбор: Материалы междунар. науч.-практ. конф. Мн., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫСЕМІТЫ́ЗМ,
праяўленне варожых адносін да яўрэяў (семітаў); адна з формаў нац. нецярпімасці, расізму і шавінізму. Гіст. карані антысемітызму ідуць ад часоў вымушанага масавага перасялення яўрэяў з Палесціны ў інш. краіны Рымскай імперыі (1 ст.н.э.), іх шматвяковых блуканняў па краінах Еўропы, дзе яны ўспрымаліся мясц. насельніцтвам як «іншароднае цела». У эпоху феадалізму ў Германіі, Аўстра-Венгрыі, Рас. імперыі яўрэі былі непаўнапраўнымі, падвяргаліся рэліг. і нац. ганенням, часта іх сялілі ў асобных, ізаляваных кварталах (гета). У выніку бурж. рэвалюцый гэтыя прававыя абмежаванні ў большасці краін зняты, але міфы пра «сусветную змову яўрэяў», іх вінаватасць у розных супярэчнасцях і няўстойлівасці жыцця перыядычна адраджаліся. Напр., у Расіі для яўрэяў у канцы 18 ст. была ўведзена мяжа аселасці, дзейнічалі законы, якія забаранялі ім купляць зямлю, паступаць на дзярж. службу, займаць афіцэрскія пасады ў арміі, служыць у паліцыі, працаваць на чыгунцы, у паштовых установах і інш. У 1880-я г. і ў перыяд рэвалюцыі 1905—07 па Расіі пракаціліся хвалі пагромаў, арганізатарамі якіх найчасцей выступалі паліт. паліцыя, шавіністычныя арг-цыі, аддз. чарнасоценнага «Саюза рускага народа» і інш. Асабліва жахлівыя формы набыў антысемітызм у фаш. Германіі і акупіраваных ёю краінах, калі гітлераўцы знішчылі каля 6 млн. яўрэяў, у т. л. 3 млн. грамадзян б.СССР. Палітыка дзярж. антысемітызму праводзілася пасля вайны і кіраўніцтвам СССР, сведчаннем чаго сталі кампаніі супраць т.зв. касмапалітаў (1949), «справа ўрачоў» (1953) і інш. У сучасных умовах праяўленні антысемітызму ёсць у ЗША (т.зв. «негрыцянскі антысемітызм»), Францыі (Ле Пен і яго аднадумцы), у асяроддзі арабскіх экстрэмістаў, у дзейнасці праварадыкальных нацыяналістычных арг-цый Расіі і інш. краін.
На Беларусі, дзе яўрэі пражывалі з 14—16 ст., антыяўрэйскія акцыі напачатку мелі эпізадычны характар, пазней праяўляліся ў выступленнях на соймах, у магістратах і цэхах з патрабаваннямі абмежавання яўрэяў у правах. Найбольш антысемітызм праявіўся напярэдадні і ў час рэвалюцыі 1905—07. У вер. 1903 яўр. пагром адбыўся ў Гомелі, у якім удзельнічала і частка паліт. несвядомых рабочых чыг. майстэрняў. У кастр. 1905 чарнасоценцам удалося арганізаваць яўр. пагромы ў Полацку, Оршы, Рэчыцы і інш. У 1920-я г.яўр. пагромы на тэр. Беларусі ўчынялі польскія акупац. ўлады, атрады С.Булак-Балаховіча, бандыцкія фарміраванні. У гады сталінскага тэрору былі ліквідаваны створаныя ў 1920-я г.яўр.культ.-асв. арг-цыі і школы, распачаты рэпрэсіі супраць дзеячаў яўр. культуры. На тэр. Беларусі ў час яе акупацыі ням. фашыстамі створана 70 лагераў смерці (гета) і знішчана больш за 300 тыс. яўрэяў. Пасля вайны ўлады Беларусі (як і інш. рэспублік б.СССР) праводзілі палітыку скрытага антысемітызму, а сёння ён пакладзены ў аснову дзейнасці розных груповак і аб’яднанняў, якія стаяць на пазіцыях вялікадзяржаўнага шавінізму.
Літ.:
Бебель А. Социал-демократия и антисемитизм. Спб., 1407;
Ларин Ю. Евреи и антисемитизм в СССР. М.; Л., 1929;
Бич М.О. Рабочее движение в Белоруссии в 1861—1904 гг.Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВЕНТАРЫ́ (ад лац. inventarium вопіс),
апісанні феад. уладанняў у Беларусі, Украіне, Польшчы, Літве, Венгрыі 16—1-й пал. 19 ст. У 16 ст. ў Беларусі побач з тэрмінам «І.» ужываліся «попіс», «рэестр». У 16 ст. ў асноўным складаліся на старабел. мове, з 17 ст. — па-польску, з 19 ст. — па-руску. У адных выпадках І. афармляліся як юрыд. дакументы (пры куплі-продажы маёнтка і інш.), у другіх — як улікова-гасп. дакументы, прызначаныя выключна для ўласных патрэб уладальніка. Найб. поўныя І. складаліся пры перадачы ўладання ў часовае карыстанне, напр. у арэнду, ці вяртанні яго ўласніку. І. звычайна меў тытульны ліст, дзе, як правіла, адзначалася назва маёнтка, каму ён належаў, калі, кім і з якой прычыны складаўся дакумент. Потым ішло апісанне панскага двара з пералікам і апісаннем хатняга і гасп. начыння, адзення. Адзначалася наяўнасць царквы ці касцёла. Далей называліся памеры пасеваў па культурах, колькасць ворнай, агароднай зямлі і сенажацяў, пералічваліся жывёла і птушка, давалася апісанне млыноў, кузняў і г.д., адзначалася існаванне рэчкі або сажалкі. Называліся памеры і крыніцы прыбыткаў уладання. Калі ў маёнтку была карчма, падаваўся прыбытак ад яе. Потым ішло апісанне сельскіх валасцей, гарадоў і мястэчак, а таксама фальваркаў. Апісанне гарадоў і мястэчак рабілася па вуліцах з указаннем прозвішча гаспадара і памераў падаткаў, прызначаных на яго. У вёсках гаспадары пералічваліся па дварах (дымах) з паказаннем колькасці зямлі (прысядзібнай, ворыва, сенажацей). Пасля правядзення валочнай памеры перапіс рабіўся па валоках. Але вельмі хутка перайшлі да падворнага перапісу, з пазначэннем колькасці зямлі ў кожнай гаспадарцы; абавязкова называлася прозвішча гаспадара, а ў некаторых выпадках пералічваліся ўсе працаздольныя мужчыны і асобна сыны, апісваўся зямельны надзел, павіннасці з яго. Змяшчаліся звесткі пра рабочую жывёлу ў кожным сялянскім дыме, зрэдку пералічвалася прадукцыйная жывёла, вуллі, сенажаці, што належалі вёсцы. Больш дэталёва павіннасці сялян адзначаліся ў канцы апісання кожнай вёскі або разам з гадавым даходам з усёй вёскі. Часам І. змяшчалі інструкцыі панскай адміністрацыі, аканомам. У некат. І. ёсць звесткі пра сял. абшчыну (грамаду), планы маёнткаў, малюнкі з сял. жыцця. Найб. цікавасць маюць І. буйных дзярж. уладанняў — каралеўскіх або велікакняжацкіх эканомій і старостваў, якія нярэдка змяшчаюць апісанні дзесяткаў і соцень сельскіх паселішчаў. Грунтоўнасцю і поўным апісаннем гасп. стану ўладання вылучаюцца І. буйных магнацкіх маёнткаў. І. уладанняў сярэдняй і дробнай шляхты захавалася значна менш. Некаторыя разнавіднасці І. маюць значна менш інфармацыі, напр. берчакі (пералік сял. гаспадарак з паказаннем надзелу і чыншу), люстрацыі (характэрныя для дзярж. і некат. царкоўных уладанняў). І. — найб. каштоўная і масавая крыніца па агр. гісторыі Беларусі, краязнаўстве, дэмаграфіі, этнаграфіі, мовазнаўстве; змяшчаюць звесткі з гісторыі рамяства, прамысловасці, архітэктуры, землеўпарадкавання, промыслаў і інш. Беларускія І. зберагаюцца ў архівах Мінска, Гродна, Вільнюса, Масквы, Пецярбурга, Варшавы, Кракава і інш.
Літ.:
Копысский З.Ю. Источниковедение аграрной истории Белоруссии. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЮ́ШКА ((Moniuszko) Станіслаў) (5.5.1819, б. фальварак Убель Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 4.6.1872),
польскі і бел. кампазітар, дырыжор, педагог. Стваральнік польскай нац. класічнай оперы, першых нац.сімф. твораў, класік польск. вак. лірыкі. Пачатковую муз. адукацыю атрымаў у Д.Стафановіча ў Мінску. З 1840 арганіст, дырыжор, выкладчык музыкі ў Вільні, у 1858—72 дырыжор і дырэктар «Т-ра Велькі», з 1864 адначасова праф.Муз. ін-та ў Варшаве. Стварэнне першых вадэвіляў, муз. камедый і камічных опер звязана з Беларуссю. У 1834 мінскімі аматарамі пастаўлены «Канторскія служачыя», у 1841 у Гродне і ў 1843 у Мінску — «Латарэя». На лібрэта В.Дуніна-Марцінкевіча напісаны «Рэкруцкі набор» (з К.Кжыжаноўскім; паст. 1841, Мінск), «Спаборніцтва музыкаў», «Чарадзейная вада», «Ідылія» («Сялянка», з Кжыжаноўскім; паст. 1852, Мінск; асобныя нумары — 1994, Нац.акад.т-р імя Я.Купалы). «Сялянка», дзякуючы выкарыстанню ў лібрэта бел. мовы (разам з польскай) і апоры на бел. муз.фальклор, мела вял. значэнне для бел.муз. культуры. М. пастаянна падтрымліваў сувязі з бел. музыкантамі, пісаў пра іх, садзейнічаў выданню іх твораў (даслаў творы Ф.Міладоўскага Ф.Лісту), памагаў атрымаць муз. адукацыю, наладжваў канцэрты, дасылаў у Мінск Стафановічу і Міладоўскаму свае творы. Са сталых опер найб. папулярная «Галька» (1847, паст. 1854, 2-я рэд. 1859; 1856, Мінск; 1975, Дзярж.т-р оперы і балета Беларусі), якая адлюстроўвае сац. канфлікты і мае дэмакр. накіраванасць. Сярод інш. твораў: оперы «Графіня» (1860), «Вербум нобіле» («Слова гонару», 1861), «Страшны двор» (1865; у 1952 упершыню ў СССРпаст.Дзярж. т-рам оперы і балета Беларусі, пераклад на бел. мову М.Танка), «Парыя» (1869); балеты «Монтэ-Крыста» (1866), «На пастоі» (1868), «Хітрыкі сатаны» (1870); кантаты. «Мільда» (1848), «Ніёла» (1865), «Крымскія санеты» на словы А.Міцкевіча (1868); месы, 4 «Вострабрамскія літаніі», рэквіем; арк. уверцюры і танцы; 2 стр. квартэты; творы для фп., у т. л. цыкл «Забаўкі» (1843), транскрыпцыі паланэзаў М.К.Агінскага; больш за 400 сольных песень (увайшлі ў 12 «Хатніх спеўнікаў», 12 песень на вершы Я.Чачота), музыка да драм. спектакляў і інш. Творам М. ўласцівы яскравая меладычнасць, лірызм, даступнасць муз. мовы, операм і аперэтам — майстэрства стварэння індывід. характарыстык і будовы масавых, ансамблевых і сольных сцэн. Вытокі яго муз. мовы ў польск. і бел. фальклоры (многія з яго арыгінальных мелодый лічацца народнымі). У Мінску выдадзены зб. рамансаў і песень М. на словы У.Сыракомлі «Ліра мая для спеваў» (1998).
Літ. тв.: Listy zebrane. Kraków, 1969.
Літ.:
Станислав Монюшко. М.; Л., 1952;
Рудзинский В. Монюшко: Пер. с под. М., 1960;
Яго ж. Монюшко и его связи с русской культурой // Русско-польские музыкальные связи. М., 1963;
Мальдзіс А. Станіслаў Манюшка // Мальдзіс А. Падарожжа ў XIX ст.Мн., 1969;
Смольский Б.С. Белорусский музыкальный театр. Мн., 1963. С. 52—63;
Бравер Л. Продкі і сваякі Манюшкі // Маладосць. 1967. № 9;
Фукс М. Манюшка на Беларусі: Пер. с пол. // Полымя. 1967. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЎР (Янка) (сапр.Фёдараў Іван Міхайлавіч; 10.5.1883, г. Ліепая, Латвія — 3.8.1971),
бел. пісьменнік; адзін з пачынальнікаў бел. дзіцячай л-ры. Засл. дз. культ. Беларусі (1968). З 1899 вучыўся ў Панявежскай настаўніцкай семінарыі, адкуль з апошняга курса выключаны за вальнадумства; у 1903 здаў экзамен экстэрнам. У 1903—06 настаўнічаў. У 1906 за ўдзел у нелегальным з’ездзе настаўнікаў у в. Мікалаеўшчына (Стаўбцоўскі р-н) звольнены з працы і трапіў пад нагляд паліцыі. З 1911 настаўнічаў у Мінску. У 1920-я г. працаваў у Наркамаце асветы Беларусі, у рэсп. саюзе работнікаў асветы, Бел.дзярж. выд-ве. Друкаваўся з 1923. Аповесць «Чалавек ідзе!..» (1926—27) пра паходжанне чалавека. Ў апавяданнях «Слёзы Тубі», «Незвычайная прынада», «Лацароні» і інш., у прыгодніцкіх аповесцях «У краіне райскай птушкі» (1927), «Сын вады» (1928) апавядаў пра экзатычныя краіны свету, антычалавечую сутнасць каланіялізму. Першы ў бел. л-ры прыгодніцкі раман «Амок» (1929) пра паўстанне на Яве, напісаны на матэрыяле, які атрымаў ад сяброў-эсперантыстаў. Тут шмат прыгод, таямнічага, загадкавага, апісана жыццё мясц. насельніцтва, прырода. Гумарам, дынамічнымі дыялогамі, элементамі прыгодніцкага жанру адметная аповесць «Палескія рабінзоны» (1930, паводле сцэнарыя М. экранізацыя 1935). «Аповесць будучых дзён» (1932) — першая ў бел. л-ры спроба ў жанры сац. утопіі. Аповесць «ТВТ...» (1934) пра цікаўных, дапытлівых і вынаходлівых школьнікаў. У творы паэтызацыя павагі да працы і добрых спраў. Асвойваў навук.-фантастычны і аўтабіягр. жанры. У 1927 апубл. казку «Вандраванне па зорках». Фантаст. аповесць «Фантамабіль прафесара Цылякоўскага» (1954—55) прысвечана міжпланетным падарожжам. Сваёй асн. кнігай лічыў аўтабіягр. аповесць «Шлях з цемры» (ч. 1, нап. ў 1920, апубл. 1948, ч. 2 — у 1956, апубл. 1960, ч. 3 — 1957, апубл. 1975), дзе паказаў сваё дзяцінства, вучобу ў рамесным вучылішчы, у настаўніцкай семінарыі, раскрыў дыялектыку душы гал. героя. Глыбокім псіхалагізмам. вызначаюцца яго апавяданні «Бярозавы конь», «Яно», «Шчасце», «Максімка», «Завошта?». Аўтар п’есы «Памылка» (1940), аднаактовак «Хата з краю» (1941), «Балбатун» (1946). Рэдактар кн. «Ніколі не забудзем» (1948) — успамінаў дзяцей пра вайну. На бел. мову пераклаў паасобныя творы Дз.Маміна-Сібірака, М.Прышвіна, А.Чэхава, Х.К.Андэрсена, Ж.Верна, Р.Кіплінга, М.Твена і інш.Дзярж. прэмія Беларусі 1972. З 1993 прысуджаецца Літ. прэмія яго імя за лепшыя творы для дзяцей. Імем М. названа абл. дзіцячая б-ка ў Мінску.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—2. Мн., 1960;
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1975—76.
Літ.:
Барсток М.М. Віднейшы беларускі дзіцячы пісьменнік Янка Маўр. Мн., 1958;
Яфімава М. Янка Маўр: (Жыццё і творчасць). Мн., 1960;
Яеж. Цэлы свет — дзецям: Творчы партрэт Янкі Маўра. Мн., 1983;
Яеж. З верай у дзіцячае сэрца. Мн., 1983;
Рунец П. Чалавек з крылатай фантазіяй. Мн., 1979;
Миронов А.Е. Дед Мавр. [2 изд.]. Мн., 1983;
Гурэвіч Э.С. Янка Маўр: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ ПАЛІ́ТЫКА (нэп),
цыкл мерапрыемстваў Сав. дзяржавы па выхаду з эканам. крызісу пасля грамадзянскай вайны 1918—20. Прынята вясной 1921 X з’ездам РКП(б); названа «новай» у адрозненне ад палітыкі «ваеннага камунізму». Была разлічана на аднаўленне нар. гаспадаркі і наступны пераход да сацыялізму. Гал. змест: замена харчразвёрсткі харчпадаткам у вёсцы, выкарыстанне рынку, розных форм уласнасці, прыцягненне замежнага капіталу (канцэсіі), правядзенне грашовай рэформы 1922—24 (рубель быў абвешчаны канверсаванай валютай). Правядзенне нэпа пачалося ў надзвычай неспрыяльных умовах. У 1920 прадукцыя буйной прам-сці ў параўнанні з 1913 паменшылася ў 5 разоў, тэкстыльнай — амаль у 18. Валавая прадукцыя земляробства складала 64%, а жывёлагадоўлі — 72% ад узроўню 1913. На транспарце панаваў хаос, фактычна не працавалі пошта, сувязь, былі парушаны ці разарваны традыц.эканам. сувязі. На Беларусі становішча абцяжарвалася шматгадовым прыфрантавым становішчам, ваен. разбурэннямі, фактычным падзелам краіны на часткі (паміж РСФСР і Польшчай); большасць прамысл. прадпрыемстваў не працавала, валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі складала крыху больш за палову даваеннай. Цяжкае эканам. становішча ўзмацнялася масавым паліт. і крымін. бандытызмам.
Былі ўведзены грашовы падатак і абавязковыя збожжанарыхтоўкі па ўстаноўленых дзяржавай цвёрдых цэнах. У сельскай гаспадарцы ў час нэпа дапускалася арэнда зямлі, наём рабочай сілы, свабода выбару форм землекарыстання, фарміравалася сістэма крэдытаў і кааперацыі. У галіне фінансаў прадугледжвалася фарміраванне бюджэту, кантроль за грашовай эмісіяй; у кастр. 1921 створаны Дзярж. банк, у 1922—23 праведзена дэнамінацыя дзярж. грашовых знакаў (саўзнакаў). Нэп прадугледжваў легалізацыю гандлю, пашырэнне прыватнай ініцыятывы, дазваляліся абмен, купля і продаж с.-г. прадукцыі ў губернях, якія выканалі харчразвёрстку, быў дазволены прыватны гандаль, развівалася спажывецкая кааперацыя. Вынікі нэпа ў хуткім часе сталі адчувальнымі. У 1925 сельская гаспадарка ў асн. дасягнула даваен. ўзроўню. У 1926 кошт усёй валавой прадукцыі ў даваен. ацэнцы склаў 384,8 млн.руб. і перавысіў сярэднегадавыя паказчыкі 1911—13 на 9,8%. У 1926/27 гасп.г. завяршыўся працэс аднаўлення прам-сці рэспублікі. Гал. рэгулятарам эканам. дзейнасці стаў рынак. У 1922/23 на долю прыватніка прыпадала 90% усіх гандл. прадпрыемстваў і 85% тавараабароту. Пераадольвалася інфляцыя, умацоўвалася грашовая сістэма. У 1921—27 былі адменены працоўная павіннасць, натуральная аплата, рабілася спроба ажывіць работу Саветаў, праведзена адм.-тэр. рэформа. Для Беларусі яна азначала 2 узбуйненні (у 1924 і ў 1926).
Вынікі ажыццяўлення нэпа нельга ацаніць адназначна. Дзякуючы намаганням усіх слаёў насельніцтва эканоміка краіны дасягнула даваен. ўзроўню 1913. Аднак ні прам-сць, ні сельская гаспадарка не змаглі стварыць сабе рынкаў расшыранай вытв-сці. Па меры таго як нэп ставіў усё больш цяжкія пытанні не толькі ў вырашэнні эканам. праблем, a і перад паліт. сістэмай, усё часцей узнікалі тэндэнцыі да яго згортвання, што і адбылося ў канцы 1920 — пач. 1930-х гг.
Літ.:
Белорусская ССР в цифрах: К 10-летию существования БССР, 1919—1929. Мн., 1929;
Эканамічная гісторыя Беларусі. 2 выд.Мн., 1996;
Бяспалая М.А. Беларуская вёска ў першыя гады нэпа (1921—1923 гг.). Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІДРЫГА́ЙЛА (у праваслаўі Леў, у каталіцтве Баляслаў; каля 1370—10.2.1452),
вялікі князь ВКЛ у 1430—32. Сын вял.кн.Альгерда і яго 2-й жонкі, цвярской князёўны Юльяны, малодшы брат вял.кн.Ягайлы. У лют. 1386 перад каранацыяй Ягайлы польскаю каронаю ў Кракаве быў у складзе дэлегацыі ВКЛ і з праваслаўя перайшоў у каталіцтва. Атрымаў ад Ягайлы ва ўдзел Віцебскае княства. У 1393 Вітаўт пазбавіў С. віцебскага пасада. У 1396 С. накіраваўся па дапамогу да крыжакоў у Лівонію і з лівонскімі атрадамі заняў Віцебск. Вітаўт аблажыў і ўзяў горад, паланёнага С. адправілі ў Польшчу да Ягайлы. У складзе войска ВКЛ С. ўдзельнічаў у бітве на Ворскле 1399. У 1400 атрымаў княжанне ў Падоллі, прынёс прысягу Вітаўту. Аднак у 1402 уцёк у Прусію, каб з дапамогай крыжакоў узысці на велікакняжацкі трон у Вільні; удзельнічаў у паходах крыжакоў на Літву. Пасля прымірэння з Вітаўтам у 1407 атрымаў Северскае княства (сталіца Бранск). У 1408 разам з групай князёў і баяр ад’ехаў да вял. маскоўскага кн. Васіля I. У 1409 вярнуўся ў ВКЛ, вёў перагаворы з крыжакамі аб звяржэнні Вітаўта. Восенню 1409 схоплены слугамі Вітаўта і пасаджаны ў крэпасць Камянец. У сак. 1418 С. ўцёк у Венгрыю, пасля памірыўся з Ягайлам і Вітаўтам. У 1419 атрымаў ад апошняга ва ўдзел Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі і Бранск. З гэтага часу ўдзельнічаў у паходах Вітаўта, вял.паліт. актыўнасці не праяўляў, аднак здабыў вял. аўтарытэт у правасл. баяр ВКЛ. Пасля смерці Вітаўта па дамоўленасці з Ягайлам на з’ездзе паноў і баяр ВКЛ у 1430 большасцю галасоў быў абраны вял. князем ВКЛ. Адразу адбыўся канфлікт паміж польскімі панамі і С., польскія войскі ўступілі ў Падолле і захапілі памежныя замкі. У 1431 С. заключыў саюз з Тэўтонскім ордэнам, Вял. Ноўгарадам і чэшскімі табарытамі з мэтай дасягнення поўнай незалежнасці ВКЛ ад польскага караля, ваенныя дзеянні працягваліся. Каб пашырыць сваю апору ў ВКЛ, С. даваў дзярж. пасады пераважна бел.правасл. баярам, што выклікала незадавальненне літ. баярства. 1.9.1431 было падпісана перамір’е з Польшчай на 2 гады, у выніку якога С. быў прызнаны Польшчай вял. князем і ўладаром усіх зямель ВКЛ. Вясной 1432 у адказ на спробы польскіх феадалаў навязаць ВКЛ новую унію С. фактычна разарваў саюзныя адносіны з Польшчай і пацвердзіў саюз з Тэўтонскім ордэнам. У ноч на 1.9.1432 адбыўся дзярж. пераварот, змоўшчыкі спрабавалі забіць вял. князя ў Ашмянах, але папярэджаны С. ўцёк у Полацк. Вял. князем у Вільні быў абраны Жыгімонт Кейстутавіч. Паміж С. і новым вял. князем пачалася феад. вайна (гл.Свідрыгайлы паўстанне 1432—39), у якой С. пацярпеў паражэнне. Кароль Польшчы Уладзіслаў III (пляменнік С.) выдзеліў яму невял. княства ў Пакуцці (на Пд Галіччыны). У 1440 вял. князь Казімір IV Ягелончык аддаў С. Валынскае княства, дзе С. панаваў да сваёй смерці.
Літ.:
Грыцкевіч А. Свідрыгайла Леў // Скрыжалі «Спадчыны». Мн., 1996. Вып. 2.