ЗАВАДО́ЎСКІ (Міхаіл Мікалаевіч) (26.11.1900, в. Пчалінаўка Варонежскай вобл., Расія — 29.1.1960),

удзельнік вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у Вял. Айч. вайну, ген.-лейт. (1944), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў курсы ўдасканалення вышэйшага камсаставу (1941), Вышэйшыя курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1949). У Чырв. Арміі з 1918. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Калінінскім, Зах., 3-м Бел. франтах. Стралковы корпус пад камандаваннем З. вызначыўся ў чэрв. 1944 пры вызваленні Барысава, Оршы, Мінска, Літвы, у баях за Кёнігсберг. Пасля вайны ў Сав. Арміі.

т. 6, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛЕ́СКІ (Антон Ігнатавіч) (15.2.1824, Варшава — 4.10.1885),

мастак, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве. Адукацыю атрымаў у Вільні і Варшаве, жывапісу вучыўся ў Вене і Фларэнцыі. Працаваў як мастак-графік, ілюстраваў творы А.​Міцкевіча, Т.​Ленартовіча, А.​Мальчэўскага, І.​Ходзькі і інш. Чл. Віленскай археал. камісіі. У 1862 прыхільнік «чырвоных», увайшоў у Літоўскі правінцыяльны камітэт, дзе разам з К.​Каліноўскім рыхтаваў паўстанне. 26.1.1863 арыштаваны і высланы ў Вятку. З 1867 у Варшаве, потым за мяжой.

Г.​В.​Кісялёў.

А.Я.Залескі.

т. 6, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРА́ АЛАТА́У,

зімовы сорт яблыні казахскай селекцыі. Атрыманы з сеянцаў сорту Ранет арлеанскі ад свабоднага апылення. На Беларусі вырошчваюць у гаспадарках Гродзенскай вобл. і садаводы-аматары.

Дрэва сярэднярослае, з шырокаавальнай кронай, пладаносіць на 5—6-ы год пасля пасадкі (на клонавых прышчэпах — на 2—3-і год). Плады сярэдняй велічыні (100—115 г) шырокаканічныя, светла-жоўтыя, з лёгкім аранжавым румянцам, дэсертнага прызначэння. Выспяваюць у пачатку кастр., захоўваюцца да крас.—мая. Мякаць шчыльная, дробназярністая, сакаўная, духмяная. Сорт сярэднеўстойлівы да паршы, зімаўстойлівы, ураджайны.

Зара Алатау.

т. 6, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАТО́ЧНЫ СТАНО́К,

металарэзны шліфавальны станок для заточкі рэзальных інструментаў абразіўнымі (у т. л. алмазнымі, баразоннымі) шліфавальнымі кругамі. Бываюць універсальныя (на іх заточваюць усе асн. віды рэзальнага інструменту, робяць круглае і плоскае шліфаванне), спецыялізаваныя (для заточкі аднаго віду якога-н. стандартнага ці нармалізаванага інструменту: разцоў, свердлаў, фрэз, зенкераў, разгортак, дыскавых піл, метчыкаў і інш.) і спец. (для заточкі нестандартнага інструменту). Выкарыстоўваюцца таксама З.с. безабразіўнага заточвання: анодна-мех., электраіскравыя, ультрагукавыя. На Беларусі З.с. розных мадыфікацый выпускае Віцебскі завод заточных станкоў (з 1992 арэнднае прадпрыемства «Візас»).

т. 7, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХА́РАЎ (Сяргей Сцяпанавіч) (18.9.1901, в. Старое Сямёнкава Уладзімірскай вобл., Расія — 19.11.1990),

бел. вучоны ў галіне земляробства. Д-р с.-г. н. (1958), праф. (1959). Засл. дз. нав. Беларусі (1965). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію імя К.​А.​Ціміразева (1931). У 1938—74 заг. кафедры земляробства БСГА. Навук. працы па эфектыўнасці севазваротаў з выкарыстаннем травасеяння, прамежкавых культур, сідэратаў, вапны і сістэм гербіцыдаў.

Тв.:

Занятыя папары і рацыянальнае іх выкарыстанне. Мн., 1960;

Основы земледелия. Мн., 1963;

Земледелие Западной и Северо-Западной зон СССР. М., 1967.

т. 7, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВА́РКА ВЫ́БУХАМ,

злучэнне матэрыялаў у цвёрдым стане ў выніку інтэнсіўнай пластычнай дэфармацыі кантактных слаёў, выкліканай высакаскорасным саўдараннем загатовак пад уздзеяннем энергіі выбуху. Як выбуховае рэчыва найчасцей выкарыстоўваюцца аманіты. Зварку вядуць на пляцоўках, у басейнах, метал. камерах. Ёй злучаюць элементы канструкцый, атрымліваюць біметалічныя і шматслойныя лісты, трубы. Выкарыстоўваецца ў хім. і трансп. машынабудаванні, электроннай і радыёпрамысловасці, буд-ве і інш. На Беларусі вывучаецца з 1962 у НДІ парашковай металургіі, ін-це зваркі і пакрыццяў НВА парашковай металургіі дастасавальна да атрымання кампазіцыйных матэрыялаў.

т. 7, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗДАНО́ВІЧ (Ігнат Аляксандравіч) (13.1.1841, Вільня — 2.1.1864),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Літве і Беларусі. Сын А.Здановіча. У 1858—62 вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. Атрымаў ступень канд. матэм. навук. Слухаў лекцыі ў Берлінскім ун-це. 3 лют. 1863 у Вільні, бліжэйшы памочнік К.​Каліноўскага па кіраўніцтве паўстаннем: касір Віленскага паўстанцкага цэнтра, са жн. 1863 паўстанцкі начальнік Вільні. Арыштаваны 8.10.1863, публічна павешаны ў Вільні на гандл. плошчы Лукішкі. Аўтар брашуры «Успамін пра філаматаў і філарэтаў» (Парыж, 1860).

Г.​В.​Кісялёў.

т. 7, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗНАМЯРО́ЎСКАГА У. ВЫДАВЕ́ЦТВА,

прыватнае бел. выдавецтва ў Вільні ў 1920-я — сярэдзіне 1930-х г. Заснавальнік У.​Б.​Знамяроўскі. Выдавала арыгінальную і перакладную л-ру, падручнікі, слоўнікі (усяго каля 20 назваў). Сярод іх «Беларускі каляндар на 1920 г.», «Сцэнічныя творы» Л.​Родзевіча, «Дзед Завала» Ядвігіна Ш. (2-е выд.), «Руска-беларускі слоўнік» М. і Г.​Гарэцкіх (2-е выд.), «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі» Ў.​Ігнатоўскага (4-е выд.) і інш. За выпуск «Беларускага дэкламатара» (1928) Знамяроўскі быў прыцягнуты ўладамі Польшчы да суд. адказнасці.

т. 7, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́ПНІК (Phlomis),

род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Еўразіі. На Беларусі вырошчваюць З. клубняносны (Ph. tuberosa).

Шматгадовыя травяністыя расліны або паўкусты і кусты з простым ці галінастым сцяблом. Лісце найчасцей яйцападобнае ці трохвугольнае. Кветкі двухполыя, няправільныя, двухгубыя, у шматкветкавых несапраўдных кальчаках, сабраных у коласападобнае суквецце; ружовыя, ліловыя, часам жоўтыя. Чашачка 5-зубчастая, трубчастая ці званочкавая. Плод — 4-гранны шматарэшак. Лек., кармавыя, меданосныя і дэкар. расліны. Клубнепадобныя патаўшчэнні на каранях З. клубняноснага ядомыя.

Зопнік клубняносны.

т. 7, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗЯЗЮ́ЛЯ» бел. нар. танец-гульня. Муз. памер ​3/4. Тэмп умераны. Зафіксаваны Е.​Раманавым у Дзісенскім пав. на Віцебшчыне. Удзельнікі ўтваралі 2 процілеглыя рады. Хлопец лавіў дзяўчыну з другога рада, потым яны мяняліся ролямі; астатнія ўдзельнікі танцавалі ў такт песні, а пры воклічы «ку-ку!» падавалі рукі тым, хто стаяў насупраць. На захадзе Беларусі М.​Федароўскі зафіксаваў «З.» ў чыста танц. форме, якая выконвалася трыма дзяўчынамі. Муз. памер ​2/4. Тэмп жвавы. На Гомельшчыне бытуе пад назвамі «Кукаўка», «Ку-ку».

Ю.​М.​Чурко.

т. 7, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)