АНАМІ́Я (ад франц. anomie адсутнасць закону),
стан грамадства, калі значная частка людзей ведае пра існаванне юрыд., маральных і інш. нормаў супольнага жыцця, але не лічыцца з імі і не падпарадкоўваецца ім. Тэорыю анаміі распрацаваў франц. сацыёлаг Э.Дзюркгайм. У працах «Аб падзеле грамадскай працы» (1893), «Самазабойства» (1897) ён адзначыў, што анамія — дэзарганізацыя грамадскага жыцця, найчасцей узнікае ў грамадстве, якое знаходзіцца ў глыбокім эканам. і сац. крызісе, калі імкненні, жаданні, запатрабаванні людзей не маюць шанцаў на рэалізацыю. Гэта прыводзіць да канфліктных сутыкненняў інтарэсаў розных індывідаў і суполак, а пры значных маштабах можа выклікаць грамадскую дэзінтэграцыю. Гарманізацыя імкненняў і дзеянняў розных індывідаў і суполак — асн. перадумова фарміравання цэласнай неанамічнай асобы. Далейшае развіццё тэорыя анаміі атрымала ў працах амер. сацыёлагаў І.Ламбда (лічыў анамію крыніцай сац. беспарадкаў, смуты і няпэўнасці), Р.Мертана (вызначыў анамію як «канфлікт нормаў у сферы культуры»). Паводле ням. сацыёлага Р.Дарэндорфа, анамія — такое становішча, калі існуючыя нормы права, маралі, грамадскі парадак беспакарана парушаюцца на ўсіх ступенях грамадскай іерархіі.
Я.М.Бабосаў.
т. 1, с. 337
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГІ́НА (лац. angina літар. ўдушша),
вострая інфекцыйная хвароба з запаленнем міндалін, пераважна паднябенных. Узбуджальнік ангіны — звычайна гемалітычны стрэптакок; перадаецца хвароба праз кантакты з хворым, праз ежу і пітво. Ангіна можа быць сімптомам некаторых інфекц. захворванняў (дыфтэрыя, шкарлятына, адзёр), пры хваробах крыві і крывятворных органаў. Захворванню спрыяе агульнае і мясц. ахаладжэнне арганізма. Бывае катаральная (пачырваненне, прыпухласць слізістай абалонкі міндалін), лакунарная (у лакунах — паглыбленнях міндалін з’яўляецца фібрынозны налёт, які выступае на паверхні міндаліны ў выглядзе белых, шэрых палосаў), фалікулярная (нагнаенне лімфозных фалікул, што выступаюць пад слізістай абалонкай у выглядзе буйных жоўтых кропак), флегманозная (запаленне тканак вакол міндаліны, каляміндалінавы абсцэс). Асн. сімптомы ангіны: боль у горле, недамаганне, павышаная тэмпература (38—40°). Працягласць хваробы — 4—7 дзён. Ускладненні: рэўматызм, энда-, міякардыт, нефрыт. Лячэнне ангіны: пасцельны рэжым, цёплая, негустая ежа, сагравальныя кампрэсы, павязкі на шыю, паласканне горла (1—2%-ным растворам борнай к-ты, растворам марганцавакіслага калію, кухоннай солі), гарачкапаніжальныя (аспірын), сульфаніламіды, антыбіётыкі (пры цяжкім стане). Пры абсцэсах неабходна іх ускрыццё.
В.А.Быстрэнін.
т. 1, с. 343
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТА́НТА МАЛА́Я,
палітычны блок Румыніі, Чэхаславакіі і Югаславіі ў 1920—38. Створана ў 1920—21 на аснове двухбаковых пагадненняў для захавання суадносін сіл, што склаліся ў Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропе пасля 1-й сусв. вайны. Дзейнічала ў рэчышчы знешняй палітыкі Францыі, займала важнае месца ў яе сістэме ваенна-паліт. саюзаў. Даўэса план 1924, Лакарнскія перагаворы 1925, пазнейшае збліжэнне Румыніі з Англіяй, Венгрыяй і асабліва з Італіяй прывялі да аслаблення Антанты Малой і ролі ў ёй Францыі. Пагроза з боку фаш. Германіі прыпыніла распад Антанты Малой. У 1933 саюзнікі падпісалі Арганізац. пакт пра неабмежаваны тэрмін дзеяння ўсіх пакладзеных у аснову Антанты Малой дагавораў, стварылі савет Антанты Малой і эканам. савет. У 1934 Румынія і Югаславія са згоды Чэхаславакіі ўвайшлі ў Антанту Балканскую. Дагаворы 1937 Югаславіі з Балгарыяй і Італіяй сталі прычынай новага крызісу ў сістэме Антанты Малой. Мюнхенскае пагадненне 1938, якое прывяло да акупацыі Чэхаславакіі Германіяй, спыніла існаванне блока.
т. 1, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАРТЭІ́Д, апартхейд (на мове афрыкаанс apartheid раздзельнае пражыванне),
грамадска-палітычная дактрына, якая абгрунтоўвала і заканадаўча замацоўвала палітыку расавай дыскрымінацыі і сегрэгацыі, што праводзілася расісцкімі ўладамі Паўднёва-Афрыканскай рэспублікі (ПАР) у дачыненні да карэннага афр. насельніцтва і інш. этнічных груп нееўрапейскага ці мяшанага паходжання. Як афіц. дзярж. палітыка абвешчана ў 1948 урадам кіруючай Нацыяналіст. партыі. Абазначаў пазбаўленне чорнай і «каляровай» большасці насельніцтва ПАР паліт., сац.-эканам. і грамадзянскіх правоў, яе тэр. адасабленне і ізаляцыю (гл. Бантустаны). Як адна з крайніх формаў расізму апартэід у 1966 у шэрагу дакументаў ААН асуджаны і абвешчаны злачынствам супраць чалавецтва. У 1973 ААН прыняла Міжнар. канвенцыю аб спыненні апартэіду і пакаранні за яго (уступіла ў дзеянне ў 1976). Барацьба карэннага насельніцтва і міжнар. супольніцтва супраць апартэіду прымусіла ўлады ПАР з 1976 мадыфікаваць палітыку апартэіду, адмовіцца ад шэрагу яго асноватворных палажэнняў, расавай дыскрымінацыі і сегрэгацыі. Астатнія палажэнні апартэіду ліквідаваны на пач. 1990-х г. урадам Ф. дэ Клерка.
т. 1, с. 418
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕНДЫЦЫ́Т,
запаленне чэрвепадобнага адростка (апендыкса) сляпой кішкі ў чалавека. Хварэюць людзі ўсіх узростаў. Асноўнай прычынай апендыцыту лічаць пераход мікраарганізмаў, што пастаянна прысутнічаюць у адростку, у стан хваробатворных (напр., пры затрымцы ў сляпой кішцы і апендыксе калавых масаў), запаўненне апендыкса дробнымі глістамі, закупорка яго прасвету іншароднымі целамі ці камячкамі цвёрдага калу і парушэнне такім чынам яго апаражнення. Апендыцыт часам бывае пры парушэнні кровазвароту ў сценках апендыкса пры раздражненні нерв. сістэмы. Спрыяюць развіццю апендыцыту вяласць кішэчніка, сістэматычнае ўжыванне ў ежу вял. колькасці мясных прадуктаў, перагрузка стрававальна-кішачнага тракту бялкамі. Асн. прыкметы вострага апендыцыту — рэзкі або паступовы з хуткім нарастаннем боль унізе (справа) жывата, млявасць, ірвота, павышэнне т-ры (не заўсёды) да 37,5—38,5 °C. Небяспечны амярцвеннем адростка (гангрэнозны апендыцыт), расплаўленнем і прабадзеннем яго сценак (прабадны, або перфарацыйны, апендыцыт) з пераходам запалення на брушыну і развіццём цяжкага перытаніту. Неабходна неадкладнае хірург. выдаленне апендыкса. Хранічны апендыцыт можа праяўляцца пастаяннымі або перыядычнымі болямі ў вобласці сляпой кішкі, запорамі, млявасцю. Небяспечны пераходам у вострую форму. Рэкамендуецца хірург. лячэнне.
т. 1, с. 422
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕРАТЫ́ЎНЫ АНА́ЛІЗ,
сістэма хуткага даследавання кароткатэрміновых вынікаў вытв.-гасп. дзейнасці і сац. развіцця з мэтай іх рэгулявання ў аператыўным цыкле кіравання. Накіраваны на выяўленне і вымярэнне кароткатэрміновых прычынна-выніковых сувязяў, якія абумоўліваюць змены адпаведных аб’ектаў аператыўнага кіравання. Ажыццяўляецца на аснове звестак аператыўнага ўліку, як правіла, за дэкаду, тыдзень, суткі, змену і больш кароткія адрэзкі часу. У адрозненне ад інш. відаў сац.-эканам, аналізу аператыўны аналіз мае характэрныя рысы: выкарыстоўваецца толькі ў аператыўным кіраванні; дае інфармацыю для кіраўніцкіх рашэнняў па ўздзеянні на кароткатэрміновыя прычыны, што выклікаюць адхіленні ад зададзеных параметраў; выкарыстоўвае індуктыўны метад даследавання; даследуе адхіленні толькі ў пэўных (вузкіх) межах. Адрозніваюць: аператыўны тэхн. аналіз (даследуе кароткатэрміновыя прычынна-выніковыя сувязі, якія ўплываюць на фарміраванне і змену натуральных паказчыкаў гасп. дзейнасці: штомесячны аналіз уборкі збожжа, выпуску прадукцыі і г.д.), аператыўны эканам. аналіз (тыя ж сувязі, паказчыкі, але ў вартасным — грашовым выражэнні: штомесячны аналіз сабекошту прадукцыі і інш.); аператыўны аналіз асобных бакоў сац. сферы дзейнасці (напр., аналіз аварыйных сітуацый).
В.І.Стражаў.
т. 1, с. 424
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРНШТЭ́ЙН ((Berstein) Эдуард) (6.1.1850, Берлін — 18.12.1932),
нямецкі сацыял-дэмакрат, адзін з лідэраў Інтэрнацыянала 2-га. У сваіх працах пад агульнай назвай «Праблемы сацыялізму» (1896—98) крытыкаваў сістэму марксізму. У філасофіі адмовіўся ад матэрыялізму, абвясціўшы неабходнасць вяртання да філасофіі І.Канта. Выступіў супраць матэрыяліст, дыялектыкі, якую атаясамліваў з дыялектыкай Г.Гегеля. У галіне сац.-паліт. навук ставіў пад сумненне асн. палажэнні «Капітала» К.Маркса — тэорыю вартасці, вучэнне пра крызісы, пра збядненне нар. масаў, сац.-эканам. асновы рэвалюцыі, адмаўляў навук. сацыялізм, лічачы яго толькі этычным ідэалам. На аснове сцвярджэнняў, што пралетарыят не здольны арганізаваць вытворчасць, а пралет. рэвалюцыя можа прывесці толькі да хаосу і разбурэння вытв. сіл, адхіляў вучэнне Маркса пра рэвалюцыю, класавую барацьбу і дыктатуру пралетарыяту, супрацьпастаўляючы яму праграму рэформаў і кампрамісаў з буржуазіяй.
Тв.:
Рус. пер. — Проблемы социализма и задачи социал-демократии. М., 1901;
Социализм и демократия в Великой английской революции. М.;
Пг., 1924;
Возможен ли научный социализм? М., 1991.
т. 3, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРТРА́Н ДЭ БОРН (Bertran de Born; каля 1140, замак Перыгор, гіст. вобл. Лімузен, Францыя — каля 1215),
правансальскі паэт-трубадур. Выдатны майстар сірвентэса — паліт., воінскай і дыдактычнай куртуазнай песні, што адлюстроўвала рыцарскі кодэкс годнасці, погляды і пачуцці дробнага рыцарства. Валодаў замкам Альтафорт, удзельнічаў ва ўсіх тагачасных паліт. падзеях і феад. спрэчках. Паводле падання, быў адным з гал. віноўнікаў міжусобіцы на франц. землях сярод членаў каралеўскай сям’і Плантагенетаў. І хоць паданне не зусім адпавядала рэчаіснасці, Дантэ змясціў Бертрана дэ Борна як зласлівага дарадцу ў 8-е кола пекла, дзе той паўстае з адсечанай галавой у руцэ («Боская камедыя», Пекла, XXVIII, 118—122). Вельмі бурлівае, поўнае авантур жыццё паэта скончылася ў манастыры.
Тв.:
Рус. пер. — [Стихи] Поэзия трубадуров;
Поэзия миннезингеров;
Поэзия вагантов. М., 1974.
Літ.:
Смирнов А.А. Лирика трубадуров и труверов // История зарубежной литературы: Средние века и Возрождение. 4 изд. М., 1987;
Ковалева Т.В. Рыцарская (куртуазная) литература // Ковалева Т.В., Лапин И.Л., Паньков Н.А. Литература Средних веков и Возрождения. Мн., 1988.
Г.В.Сініла.
т. 3, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ЗНЕС (англ. business),
сістэма вядзення справы з мэтай атрымання прыбытку ці інш. выгады; адзін з асн. заняткаў ва ўмовах рыначнай эканомікі. Ахоплівае шырокую сферу дзейнасці: вытв., фін., камерц., кансультацыйную і інш. Займаюцца бізнесам не толькі ўласнікі прадпрыемстваў, а і нанятыя служачыя ў сферы менеджменту, маркетынгу, фінансаў і г.д. Па колькасці работнікаў, аб’ёме вытв-сці прадукцыі і ўмовах дзейнасці вылучаюць малы, сярэдні і буйны бізнес. Малы бізнес — самы масавы: як правіла, невял. прадпрыемствы, што выпускаюць аднародную прадукцыю і займаюць невял. ўдз. вагу на рынку, задавальняюць шырокі паўсядзённы попыт насельніцтва. Таму ў некаторых краінах такому бізнесу аказваецца дзярж. падтрымка: мэтавае бюджэтнае фінансаванне, сістэма крэдытнай гарантыі і страхавання, падатковыя льготы для стымулявання пэўных відаў дзейнасці. У развітых краінах высока каціруюцца маральна-этычныя прынцыпы бізнесу: захаванне дзелавой этыкі, сумленных метадаў канкурэнтнай барацьбы, выкананне абавязацельстваў і інш. Грамадскі статус бізнесмена залежыць не толькі ад росту яго прыбытку, а і ад удзелу ў вырашэнні сац. праблем — стварэнні рабочых месцаў, добраўпарадкаванні нас. пунктаў, дапамозе маламаёмным і г.д. Гл. таксама Прадпрымальніцтва.
т. 3, с. 149
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ЛГАК Ігнацій Іасафат [20.4.1758, Слонімскі пав. — 25.2(9.3).1838], грэка-каталіцкі царк. дзеяч. Д-р тэалогіі і кананічнага права (1785). Вучыўся ў школе пры Жыровіцкім манастыры (1763—74) і ў Рыме (1782—85). Чл. ордэна базыльян з 1774. Выкладаў у манастырскіх школах у Беразвеччы (цяпер Глыбоцкі р-н) і Жыровічах. У 1790—95 епіскап тураўскі, каад’ютар Пінскай епархіі. У час царавання Паўла I садзейнічаў вяртанню ў унію прыходаў, якія былі пераведзены ў праваслаўе. У 1798—1828 епіскап брэсцкі. Мітрапаліт грэка-каталіцкай царквы (1817—38), з 1818 і старшыня 2-га (уніяцкага) дэпартамента Рымска-каталіцкай духоўнай калегіі ў Пецярбургу, з 1828 старшыня асобнай Грэка-каталіцкай калегіі, з 1833 архіепіскап полацкі. У канцы жыцця яго акружалі епіскапы — прыхільнікі збліжэння, а потым і аб’яднання з правасл. царквой (І.Сямашка, А.Зубко, В.Лужынскі і інш.), што вяло да змяншэння яго ўплыву. Смерць Булгака зняла апошнюю перашкоду для скасавання Брэсцкай уніі 1596.
В.В.Антонаў, А.М.Філатава.
т. 3, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)