ВА́ЗАЎ (Іван Мінчаў) (9.7.1850, г. Вазаўград, Балгарыя — 22.9.1921),
балгарскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Правадзейны чл. (з 1881), ганаровы чл. Балгарскай АН (з 1921). Ганаровы д-рфілал.н. (1921). Вучыўся ў Калоферскім вучылішчы ў Б.Петкава (бацькі Х.Боцева), у Плоўдзіўскай гімназіі (1867—68). Удзельнік руху за нац. вызваленне Балгарыі. Жыў у эміграцыі ў Румыніі (1876—77) і Расіі (1887—89). Міністр асветы ва ўрадзе К.Стаілава (1897—99). У творах з гіст.-гераічнай тэматыкай (зб-кі вершаў «Журба Балгарыі», 1877; «Вызваленне», 1878; цыкл ліра-эпічных паэм «Эпапея забытых», 1881—84, і інш.) і сац.-сатырычных (раман «Новая зямля», 1896, і інш.) панарама нац. жыцця на працягу паўстагоддзя. Заклаў асновы балг. л-ры пасля вызвалення ад тур. іга, даў узоры асн. яе жанраў. Раман-эпапея «Пад прыгнётам» (1889—90, бел.пер. «У ярме», 1955) пра Красавіцкае паўстанне 1876. Аўтар «Аповесцяў і апавяданняў» (т. 1—3, 1891—93), камедый («Шукальнікі цёплых месцейкаў», 1903, і інш.), гіст. драм («Да бездані», 1908; «Барыслаў», 1909; «Івайла», 1913, і інш.). На бел. мову творы Вазава перакладалі У.Анісковіч, Н.Гілевіч і В.Нікіфаровіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЕ́НСІЯ (Valencia),
горад на У Іспаніі, пры ўпадзенні р. Турыя ў Валенсійскі зал. Міжземнага м.Адм. д. аўт. вобласці Валенсія і аднайм. Правінцыі. 752,9 тыс.ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Марскі порт. Міжнар. аэрапорт. Судна- і маторабудаванне, вытв-сць чыгуначнага абсталявання. Пладова-агароднінная, тытунёвая, тэкст. (у т. л. джутавая), хім., дрэваапр.прам-сць. Цэнтр с.-г. раёна (цытрусавыя, агародніна, рыс). Саматужныя промыслы. 2 ун-ты (адзін з іх з 1500). Музей прыгожых мастацтваў (з археал. музеем). Арх. помнікі 13—18 ст.
Засн. ў 2 ст. да н.э. рымлянамі. У 11 ст. цэнтр аднаго з араб. эміратаў. У 1238 адваявана ў арабаў і стала сталіцай каралеўства Валенсія. У 1808—12 змагалася з франц. войскамі, у 1812—13 пад уладай французаў. У грамадз. вайну 1936—39 у Валенсіі знаходзіўся рэсп. ўрад (1936—37, 1939).
Унутры бульварнага кальца (на месцы стараж. сцен) — стыхійная забудова Старога горада са шматлікімі садамі, помнікамі маўрытанскага дойлідства, з каляровай маёлікавай абліцоўкай, цэрквамі і палацамі, упрыгожанымі багатай скульпт. разьбой. Гатычны сабор (13—18 ст.; інтэр’ер у стылі «чурыгерэска», 17—18 ст.), шаўковая біржа «Лонха дэ Седа» (15 ст.), Калехіо дэль Патрыярка (1586—97, праект арх. Х.Б. дэ Эрэры), палац Агуас (цяпер Музей керамікі; 1740—46). На Пд ад Старога горада — рэгулярная забудова раёнаў 19—20 ст.Манум. скульптура 19—20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫ́НЬ, Валынская зямля,
гістарычная вобласць у бас.паўд. прытокаў Прыпяці і вярхоўях Зах. Буга (цяпер тэр. Валынскай, Ровенскай, Жытомірскай, паўн.ч. Цярнопальскай і Хмяльніцкай абл. Украіны, усх.ч. Бельска-Падляскага, Хэлмскага і Замойскага ваяв. Польшчы).
У 6—10 ст. на Валыні жылі дулебы, бужане, валыняне. У канцы 10 ст. ўключана ў склад Кіеўскай Русі, у 988 кіеўскі вял.кн. Уладзімір Святаславіч пасадзіў на княжанне ў Валыні свайго сына Усевалада. У час яго княжання заснаваны г. Уладзімір, які ў 12 ст. стаў цэнтрам Уладзіміра-Валынскага княства. У 1199, з далучэннем да яго Галіцкага княства, утварылася Галіцка-Валынскае княства. З сярэдзіны 12 ст.пад уладай валынскіх князёў знаходзілася і Берасцейская зямля. У 1240 Валынь спустошана манголамі і трапіла ў залежнасць ад Залатой Арды. Пасля 1340-х г. у ВКЛ. У сярэдзіне 14 ст. за Валынь і Галіччыну змагаліся ВКЛ, Польшча і Венгрыя. У 1349 Польшча захапіла Галіцкія землі, у 1377 — Зах. Валынь з гарадамі Холм і Белз. У складзе ВКЛ статус Валыні вызначаўся ўстаўнымі граматамі (каля 1427, у 1501, 1509. 1547). Паводле Люблінскай уніі 1569 Валынь далучана да Польшчы, утворана Валынскае ваяводства. У выніку 2-га (1793) і 3-га (1795) падзелаў Рэчы Паспалітай Валынь далучана да Рас. імперыі. З 1918 усх. Валынь ў складзе Украіны. У выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921зах. Валынь перададзена Польшчы. З 1939 у складзе Украіны (акрамя зах. ускраін).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНАЯ БІ́РЖА,
арганізацыйна аформлены пастаянна дзеючы цэнтр па куплі-продажу валюты розных краін. Пакупнікі і прадаўцы на валютнай біржы — пераважна банкі, якія ажыццяўляюць здзелкі за свой кошт ці па даручэнні кліентаў. Заснавальнікам валютнай біржы могуць быць цэнтр. (нац.) банк краіны і камерцыйныя банкі, якія маюць ліцэнзію на вядзенне аперацый з валютай.
Зачаткі валютнай біржы з’явіліся ў 15—16 ст. у Італіі, дзе на аснове мануфактурнай вытв-сці ў Венецыі, Генуі і Фларэнцыі пашыраўся знешні гандаль. У бельгійскім г. Бруге вэксальны гандаль адбываўся на плошчы перад домам сям’і van der Burse, адкуль сходы купцоў на плошчы атрымалі назву Borsa (біржа). У 1608 створана Амстэрдамская біржа, якая і цяпер захавала характар універсальнай — фондавай, таварнай і валютнай. Сучасныя валютныя біржы — дзярж. ці акцыянерныя ўстановы, знаходзяцца пад кантролем дзяржавы. Мэты: рэгуляванне валютных курсаў (у т. л. і шляхам валютнай інтэрвенцыі), ажыццяўленне валютнай палітыкі цэнтр. (нац.) банкам краіны, дыверсіфікацыя валютных рэзерваў банкаў, прадпрыемстваў, дзяржавы, страхаванне валютнай і крэдытнай рызыкі, атрыманне прыбытку шляхам валютнай спекуляцыі. На валютнай біржы традыцыйна па некалькі разоў на працягу дзелавога дня фіксуюць валютныя курсы і публікуюць іх у афіцыйных біржавых бюлетэнях. Найб. вядомыя валютныя біржы — у ФРГ, Францыі, Японіі, краінах Бенілюкса. У Мінску з 1993 адкрыта Міжбанкаўская валютная біржа Беларусі. У цэлым значэнне валютнай біржы ў міжнар. гандлі валютай невялікае з-за пашырэння прамога міжбанкаўскага гандлю валютай праз валютныя рынкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1943,
паўстанне вязняў Варшаўскага гета супраць ням.-фаш.акупац. улад у крас. — ліп. 1943 у 2-ю сусв. вайну. Пачалося 19 крас. па ініцыятыве падп. Яўрэйскага нац.к-та, Яўр. баявой арг-цыі і Яўр.вайск. саюза ў адказ на спробу фашыстаў вывезці насельніцтва гета ў лагеры знішчэння. На 1-м этапе (да 23 крас.) каля 3 тыс. паўстанцаў (узначальваў М.Анялевіч), узброеных самаробнай і перададзенай польск. падп. арг-цыямі зброяй, вялі ўпартыя вулічныя баі з намнога большымі сіламі ням. паліцыі і СС, якія адразу пасля ўварвання ў гета падпалілі яго. 24 крас. — 9 мая паўстанцы праводзілі асобныя баявыя аперацыі. Пасля 10 мая асобныя дробныя групы абараняліся ў руінах спаленых дамоў, у скляпах і каналах. Паўстанцаў падтрымлівалі і пастаўлялі ім зброю групы Арміі Краёвай, Гвардыі Людовай, Нар. міліцыі і Баявой сацыяліст. арг-цыі, дзякуючы якім на заключным этапе ўзбр. выступлення з гета выведзены некалькі ўцалелых груп. Паводле ням. даных, у баях загінулі каля 7 тыс. паўстанцаў, каля 6 тыс. згарэлі ў час пажараў і загінулі пад руінамі дамоў, больш за 50 тыс. вывезены і знішчаны ў канцлагеры Трэблінка. Пасля задушэння паўстання (сярэдзіна ліп.) раён гета знішчаны. На месцы гета помнік Героям гета (скульптар Н.Рапапорт, арх. Л.М.Сузін).
Літ.:
Mark B. Powstanie w getcie warszawskim. Warszawa, 1963;
Gutman I. Żydzi warszawscy, 1939—1943. Warszawa, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСНІНЫ́,
рускія архітэктары, браты. Працавалі ў творчай садружнасці. Леанід Аляксандравіч (10.12.1880, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 8.10.1933). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1901—09) у Л.М.Бенуа. Праф. вышэйшага тэхн. вучылішча (1923—31) і арх. ін-та (1932—33) у Маскве. Чл. Аб’яднання сучасных архітэктараў (АСА; з 1925). Віктар Аляксандравіч (9.4.1882, г. Юр’евец, Расія — 17.9.1950). Акад.АНСССР (1943). Вучыўся ў Ін-це грамадз. інжынераў (1901—12) у Пецярбургу. Праф. Маскоўскага вышэйшага тэхн. вучылішча (1923—31) і Вхутэмаса-Вхутэіна (1921—30). Чл. АСА (з 1925). Першы прэзідэнт Акадэміі архітэктараў СССР (1939—49). Аляксандр Аляксандравіч (28.5.1883, г. Юр’евец Іванаўскай вобл., Расія — 7.11.1959). Вучыўся ў Ін-це грамадз. інжынераў (1901—12) у Пецярбургу. Выкладаў у Вхутэмасе-Вхутэіне (1921—30) і арх. ін-це (да 1936) у Маскве. Сярод ранніх іх работ — асабнякі і даходныя дамы, стылізаваныя пад архітэктуру класіцызму, канторскія, гандл., прамысл. будынкі, у якіх выявіліся рысы рацыяналізму (банк Юнгера на Кузнецкім мосце ў Маскве, 1913). З 1923 працавалі ў кірунку канструктывізму (будынак аддз. газеты «Ленинградская правда», 1924, універмаг на Краснай Прэсні, 1927, Палац культуры аўтазавода, 1930—34, абодва ў Маскве, Дняпроўская ГЭС, 1927—32). Сярод неажыццёўленых праектаў філіял газ. «Ленинградская правда» (1924), дом «Аркас» (1927), Дом Наркамцяжпрама (1934—36, усе ў Маскве). Аўтары артыкулаў па праблемах архітэктуры і па асобных збудаваннях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЯ́Н ((Vian) Барыс) (10.3.1920, г. Віль-д’Аўрэ, Францыя — 23.6.1959),
французскі пісьменнік, музыкант, аўтар і выканаўца песень. Дэбютаваў зб. «Сто санетаў пра каханне» (1941), раманам «Сумятня ў Ардэнах» (1942, выд. 1966). Вылучаюцца раманы «Пена дзён» (1947; аднайм. фантасмагарычная опера Э.Дзянісава, 1963), «Восень у Пекіне» (1947), п’еса «Усеагульная скуралупня» (паст. 1950). Пад псеўданімам Вернон Салівэн апублікаваў свае раманы «Я прыйду плюнуць на вашы магілы» (1946), «Мёртвыя аднаго колеру» (1947), «Знішчыць усіх вырадкаў» (1948), «Яны не разумеюць, што робяць» (1949), выдаўшы іх за пераклады амер. бестселераў. У 1950 пасля суд. разбору «як перакладчык» Віян абвінавачаны ў «зневажанні нораваў». Аўтар раманаў «Чырвоная трава» (1950), «Сэрцадзёр» (1953), зб. вершаў «Я не хацеў бы здохнуць» (1962), п’есы «Падвячорак генералаў» (паст. 1962), лібрэта опер «Снежны кавалер» (1957, муз. Ж.Дэлеру) і «Фіеста» (1958, муз. Д.Міё). Віян распрацаваў прынцыпова новую эстэтыку, якая папярэднічала постмадэрнізму. Пацыфізм і нон-канфармізм Віяна, непрыняцце яго героямі рэлігіі, дзяржавы і працы, геданізм і эскапізм засвоены маладзёжнай контркультурай 1960-х г.
Тв.:
Бел.пер. — Ваўкалак: [Апавяданне] // Французская навела XX ст.Мн., 1992;
Рус.пер. — Мёртвые все одного цвета. М., 1992;
Женщинам не понять. СПб., 1993;
Пена дней. Л., 1994;
Мурашки. М., 1994;
Сердцедер. М., 1994.
Літ.:
Ерофеев В.В. Борис Виан и «мерцаюшая эстетика» // Ерофеев В.В. В лабиринте проклятых вопросов: Эссе. 2 изд. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СЬМЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎрабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў.
Адбыўся ў Мінску 5—12.4.1927; 676 дэлегатаў з рашаючым і 225 з дарадчым голасам.
Парадак дня: справаздача ўрада БССР (Я.А.Адамовіч); даклады Нар. камісарыятаў земляробства (Дз.Ф.Прышчэпаў) і асветы (А.В.Баліцкі); аб становішчы і буд-ве гарадоў (М.М.Карклін); аб прам-сці (С.В.Карп); Канстытуцыя БССР (М.А.Сегаль); выбары ЦВКБССР і чл. Савета Нацыянальнасцей ЦВКСССР.
З’езд прайшоў пад сцягам пацвярджэння таго, што БССР з’яўляецца неад’емнай часткай Сав. Саюза, хоць у прынятай на з’ездзе Канстытуцыі меліся дэкларатыўныя палажэнні пра незалежнасць БССР; ухваліў дзейнасць урада БССР у справе гасп. і культ.буд-ва, зацвердзіў пастановы ЦВК і СНК аб далучэнні да БССР Гомельскага і Рэчыцкага пав. Указвалася на неабходнасць спрашчэння кіравання прам-сцю, пашырэння правоў прадпрыемстваў. У галіне нар. адукацыі адзначаліся станоўчыя вынікі пачатага ў 1925/26 10-гадовага плана ўвядзення ўсеаг. абавязковага навучання. З’езд прыняў Канстытуцыю Беларускай ССР 1927. Былі зацверджаны найвышэйшая ўлада ў БССР — Усебел. з’езд Саветаў, а паміж з’ездамі — ЦВК Саветаў БССР, дзярж. герб, сцяг, сталіца рэспублікі. З’езд выбраў ЦВКБССР у складзе 230 чл. і 74 канд., а таксама 5 чл. і 3 канд. ў Савет Нацыянальнасцей ЦВКСССР. Старшынёй ЦВКБССР перавыбраны А.Р.Чарвякоў, старшынёй СНКБССР — Я.А.Адамовіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НГУЦКІ БОЙ 1714,
баявыя дзеянні на Балт. моры каля п-ва Гангут (цяпер Ханка) паміж рас. і швед. флатамі 7.8.1714 у Паўночную вайну 1700—21. Летам 1714 рас. вёславы (галерны) флот (99 галер і скампавей, 15 тыс.чал. дэсанта) пад камандаваннем ген.-адм. Ф.М.Апраксіна, накіраваны з Кранштата для ўзмацнення гарнізона ў г. Аба (сучасны Турку, Фінляндыя), сустрэў каля ўсх. ўзбярэжжа Гангута швед. флот (15 лінейных і 2 бамбардзірскія караблі, 3 фрэгаты, атрад вёславых суднаў) на чале з віцэ-адм. Г.Ватрангам. Бакі занялі баявыя пазіцыі. 7 жн.рас. авангард з 23 скампавей (усяго каля 3500 чал., 160 гармат) на чале з ген.-лейт. А.А.Вейдэ (фактычна кіраваў Пётр I) каля 15 гадз атакаваў атрад швед. контр-адм. Н.Эрэншэльда (1 фрэгат, 6 галер і 3 шхерботы; каля 900 чал., 116 гармат) і ў выніку жорсткага абардажнага бою авалодаў швед. караблямі. 8 жн. эскадра Ватранга пакінула Гангут і пайшла да Аландскіх а-воў. Шведы страцілі 10 караблёў, 711 чал. забітымі і параненымі, 237 палоннымі (у т. л. Эрэншэльд), расіяне — 1 галеру і 456 чалавек. Гангуцкі бой быў першай буйной перамогай маладога рас. флоту. Усе яго ўдзельнікі ўзнаг.спец. медалямі, цар атрымаў званне віцэ-адмірала. У гонар рас. маракоў, што загінулі, у 1871 у Рылакс-фіёрдзе пастаўлены помнік.
Літ.:
Филимошин М. Первая победа русского регулярного флота // Военно-ист. журн. 1984. № 8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НДЗІ (Махандас Карамчанд) (2.10.1869, г. Парбандар, Індыя — 30.1.1948),
мысліцель, грамадска-паліт. і дзярж. дзеяч, адзін з лідэраў інд.нац.-вызв. руху, заснавальнік і ідэолаг гандзізму. Празваны Махатмам («вялікая душа»). Юрыдычную адукацыю атрымаў у Вялікабрытаніі. У 1893—1915 жыў у Паўд. Афрыцы. Філас. і грамадска-паліт. погляды Гандзі сфарміраваліся на аснове класічнай інд. філасофіі і пад уплывам ідэй прадстаўнікоў зах.-еўрап. (К.Маркс, Ч.Дарвін, ідэолагі фабіянскага сацыялізму) і рус. (П.А.Крапоткін, Л.М.Талстой) філас. і паліт. думкі. Асн. палажэнне яго філасофіі — атаясамліванне Бога і ісціны, спасціжэнне якой магчыма праз маральнае самаўдасканаленне чалавека, гуманіст. арыентаванасць яго думкі і дзеянняў; найважнейшы прынцып — гуманізм, які трактуецца як абавязак-людзей у барацьбе за здзяйсненне сваіх патрабаванняў і ідэалаў паважаць жыццё ва ўсіх яго праявах. Распрацаваў канцэпцыю сат’яграхі (літар. ўпартасць у ісціне) — сілы ісціны і любові, ненасілля, якія супрацьпастаўляюцца любым формам зла і насілля. Гандзі звязваў узвышанасць грамадскага ідэалу з чысцінёй сродкаў яго дасягнення. Адстойваў тэорыю інд. нацыі, цэласнасць незалежнай інд. дзяржавы, грамадз. і паліт. адзінства індусаў, сікхаў, мусульман і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Моя жизнь. М., 1969.
Літ.:
Роллан Р. Махатма Ганди: Пер. с фр.Л., 1924;
Датта Д. Философия Махатмы Ганди: Пер. с англ.М., 1959;
Ульяновский Р.А. Три лидера великого индийского народа. М., 1986;