О́РДЭН [ад лац. ordo (ordinis) рад, разрад],

1) каталіцкія цэнтралізаваныя манаскія т-вы (з 6 ст.) з пэўнымі статутамі, зацверджанымі папствам (у склад манаскіх О. уваходзяць і духоўна-рыцарскія О.).

2) Назва некат. тайных рэліг.-філас. аб’яднанняў, арг-цый (напр., масонскі О.).

т. 11, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТНІ́ЦА,

высыпанне на скуры тулава дробных светлых або чырв. пухіркоў, скурнае захворванне. Развіваецца ад затрымкі поту ў вывадных канальцах потавых залоз. Прычыны: пераграванне арганізма, залішняя паўната і інш. Часам суправаджаецца свербам. Пашырана ў дзіцячым узросце. Лячэнне; прысыпкі, мясцова — антысептычныя і процізапаленчыя сродкі.

т. 12, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎВО́СТРАЎ,

участак сушы, які рэзка і далёка выдаецца ад краю мацерыка або вострава ў мора. Большасць П. — прамы працяг мацерыка (Апенінскі, Малая Азія, Лабрадор). Некаторыя П. раней былі астравамі, а затым далучыліся да мацерыкоў (Індастан, Камчатка, Крымскі, Фларыда). Самы вялікі П. Зямлі — Аравійскі.

т. 12, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎПРАМА́Я,

сукупнасць пунктаў прамой, якія ляжаць з аднаго боку ад зададзенага пункта гэтай прамой. Каардынаты пунктаў П. задавальняюць няроўнасць x > a (ці x < a), дзе a — пастаянная. Калі сам пункт x = a (мяжа П.) належыць да П., то П. лічыцца замкнутай (ці промнем).

т. 12, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЛІ́КУЛА (лац. pellicula памяншальнае ад pellis скура),

1) тонкі эластычны або цвёрды ахоўны слой пратаплазмы на паверхні цела многіх прасцейшых (жгуціканосцы, інфузорыі і інш.) і некат. аднаклетачных водарасцей (хрызаманадавыя, эўгленавыя). Вонкавая паверхня П. часта мае розныя вырасты.

2) Вонкавая плевачная лупіна насення раслін.

т. 12, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРМАЛО́Й [англ. permalloy ад perm (eability) пранікальнасць + alloy сплаў],

агульная назва групы сплаваў нікелю з жалезам, якія характарызуюцца высокай магнітнай пранікальнасцю. Адрозніваюць нізканікелевыя (40—50% нікелю) і высоканікелевыя (70—83% нікелю). Выкарыстоўваюць у радыётэхніцы, тэхніцы сувязі, вылічальнай тэхніцы. Адносіцца да магнітамяккіх матэрыялаў.

т. 12, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІКНІ́ДА (ад грэч. pyknos шчыльны),

орган канідыяльнага споранашэння некат. аскаміцэтаў, іржаўных і недасканалых грыбоў, таксама лішайнікаў. Акруглай або грушападобнай формы з даволі тоўстымі парэнхіматычнымі сценкамі, унутр. поласць якіх выслана слоем канідыяносцаў. Сфарміраваныя канідыі выходзяць з адтуліны на верхавінцы П. ў выглядзе слізістага шнура.

т. 12, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІАРТРЫ́Т (ад полі... + артрыт),

артрыт множны, артрыт рэўматоідны, адначасовае або паслядоўнае запаленне шматлікіх суставаў. Прычыны: інфекцыя (стафілакок, стрэптакок, вірусы і інш.), хранічныя танзіліт і халецыстыт, рэўматызм, парушэнні абмену рэчываў і функцый залоз унутр. сакрэцыі. Прыкметы і лячэнне П. гл. ў арт. Артрыт.

т. 12, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВАМО́ЦТВА,

прадугледжаная законам магчымасць удзельніка праваадносін ажыццяўляць пэўныя дзеянні або патрабаваць вядомых дзеянняў ад інш. ўдзельніка гэтых праваадносін. Рэальнасць П. гарантуецца дзяржавай; пры невыкананні асобай сваіх абавязкаў правамоцны бок можа звярнуцца ў суд, арбітражны суд або інш. дзярж. орган для абароны свайго права.

т. 12, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЁР (ад лац. prior першы, важнейшы),

1) настаяцель невял. каталіцкага кляштара; вял. П. — службовая асоба ў духоўна-рыцарскіх ордэнах, рангам ніжэйшая за вял. магістра.

2) У Італіі і некаторых інш. краінах Зах. Еўропы ў сярэднія вякі — выбарны кіраўнік купецкай або рамеснай гільдыі.

т. 13, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)