старажытны княжацкі род герба «Друцк». Паходзяць, верагодна, ад кн.Рагвалода Рагвалодавіча, які пасля паражэння ў 1161 у барацьбе за полацкі трон замацаваў за сабой Друцкае княства (адсюль прозвішча яго нашчадкаў). У 1-й пал. 14 ст. Д. падзяліліся на 2 лініі: старэйшую (ад кн. Васіля Міхайлавіча), прадстаўнікі якой пасля ўдзелу ў Глінскіх мяцяжы 1508 выехалі ў Маскву, і малодшую (ад кн. Сямёна Міхайлавіча), прадстаўнікі якой засталіся ў ВКЛ і падзяліліся на некалькі галін, атрымаўшы другія прозвішчы ад сваіх маёнткаў (Д.-Азярэцкія, Друцкія-Горскія, Друцкія-Любецкія, Друцкія-Сакалінскія і інш.) і ад мянушак заснавальнікаў асобных галін роду (Д.-Адзінцэвічы, Д.-Бабічавы, Д.-Каноплі, Д.-Пуцяцічы і інш.).
Літ.:
Насевіч В.Л. Род князёў Друцкіх у гісторыі Вялікага княства Літоўскага (XIV—XVI стст.) // Старонкі гісторыі Беларусі. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБРО́ВЕНСКІ ПІЯ́РСКІ КАЛЕ́ГІУМ.
Дзейнічаў з вер. 1785 да лета 1797 у Дуброўне. У 1780 піяры былі запрошаны сюды са згоды біскупа С.Богуша-Сестранцэвіча замест бернардзінцаў, якімі тагачасны гаспадар мястэчка кн. Р.А.Пацёмкін быў незадаволены. Пацёмкін ахвяраваў піярам агарод і лугі ў Дуброўне, маёнтак Азоркава (80 двароў, 450 рэвізскіх душ), буйныя грашовыя сродкі і інш.; быў пабудаваны драўляны кляштар. У 1783 мястэчка перайшло ва ўласнасць кн. К.Любамірскага, які пацвердзіў усе ахвяраванні свайго папярэдніка. У 1785 пры кляштары адкрыты калегіум, у ім былі 4 класы, вучылася 60 чал. Летам 1797 з-за асабістага канфлікту з піярамі Любамірскі выгнаў іх з мястэчка. Калегіум аднавіў дзейнасць у 1799 у Віцебску і знаходзіўся там да лета 1822, на яго базе было ўтворана Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБРО́ВІН (Мікалай Фёдаравіч) (8.12.1837, с. Карытава Пскоўскай вобл., Расія — 25.6.1904),
расійскі ваен. гісторык. Акад. Пецярбургскай АН (1890). Ген.-лейт. (1888). Скончыў Міхайлаўскую артыл. акадэмію (1862). З 1869 служыў пры Гал. штабе для ваен.-гіст. работ. Чл.Ваен.-вучонага к-та (з 1882) і Імператарскага рус.гіст.т-ва (з 1884), вучоны сакратар Пецярбургскай АН (з 1893), рэдактар час. «Русская старина» (з 1896). Складальнік і рэдактар зб-каў дакументаў «Айчынная вайна ў пісьмах сучаснікаў (1812—1815 гг.)» (1882), «Далучэнне Крыма да Расіі» (т. 1—4, 1885—89) і інш. Аўтар кн. «Гісторыя Крымскай вайны і абароны Севастопаля» (нап. 1874, выд.т. 1—3, 1900), «Гісторыя вайны і панавання рускіх на Каўказе» (т. 1—6, 1871—78), «Пугачоў і яго саўдзельнікі» (т. 1—3, 1884) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБРО́ВІЧ (Алесь) (сапр.Рэдзька Аляксей Ягоравіч; 1910, в. Каралевічы Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. — 7.11.1942),
бел.паэт. Удзельнік вызв. руху ў Зах. Беларусі. Адзін з ініцыятараў стварэння Літаратурнага фронту сялянска-рабочых пісьменнікаў. У 1934 арыштаваны, 2,5 года адбыў у Віленскай турме на Лукішках. Дэлегат Нар. сходу ў Беластоку (1939). У 1940 карэспандэнт газ. «Вілейская праўда». Друкавацца пачаў у 1928 у газ. «Доля працы». Спалучэнне публіцыст. запалу з мяккім лірызмам — характэрная асаблівасць яго паэзіі. У вершах боль прыгнечанага народа («Беларусь»), гераізм змагароў і іх высокі духоўны свет («Калісь любові хмель вясняны», «Пад звон дратоў, сумуючы»), заклік да барацьбы за свабоду («Мы», «Зорны край»). Расстраляны ням.-фаш. захопнікамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ ФУ (712, каля г. Сіянь, Кітай — 770),
кітайскі паэт. Шмат вандраваў па Кітаі з Гао Шы і Лі Бо (сяброўства з якім у многім вызначыла яго далейшы творчы лёс). З 746 жыў у сталіцы Чан’ані. У творчасці гэтага перыяду пераважалі тэмы нар. пакут, спагады беднякам, выкрыцця тых, хто прагнуў вайны: «Песня пра баявыя калясніцы», «З сталіцы ў Фэнсянь». У час антыўрадавага мяцяжу ў 756 пакінуў сталіцу, жыў на чужыне. У творах таго часу пачуццё болі за свой народ і краіну («Вёска Цянцунь», цыклы вершаў «Тры чыноўнікі» і «Тры расстанні»). З 759 жыў у Чэнду, напісаў каля 1000 вершаў, у цэнтры якіх — імкненне ахвяраваць сабой дзеля людзей. Стыль Д. адметны яснасцю, акварэльнай празрыстасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯКРЫТЫ́ЧНЫЯ ЗНА́КІ, дыякрытыкі,
дадатковыя знакі ў алфавіце, для больш дакладнай перадачы гукавой сістэмы мовы. Ужываюцца над і пад літарамі, радзей — побач. Надаюць літарам новае значэнне (польск. ż, ć, ś; чэш. ž, č, š), абазначаюць варыянты гукаў (франц. è, é, ê польск. ą, ę, ó), паказваюць, што літару трэба чытаць ізалявана (франц. ï) і інш. Прасадычныя Д.з. паказваюць на працягласць ці кароткасць гука, націск і яго тыпы, тоны (напр., у в’етнамскай мове). Д.з. выкарыстоўваюцца ў большасці алфавітаў на лац., кірыліцкай, араб. і інд. графічных асновах, у некаторых сістэмах транскрыпцыі і праектах міжнар. алфавіта. У слав. графіцы з’явіліся пад уплывам стараж.-грэч. пісьма. Самыя характэрныя Д.з. старабел. пісьменства — камора ( ҄ ), паерык (ⸯ), цітла ( ҃ ). У сучасным бел. алфавіце з Д.з. ўжываюцца літары «ё», «й», «ў», адмысловае графічнае значэнне мае апостраф (’).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ КІ́РЫКА ((De Chirico) Джорджа) (10.7.1888, г. Волас, Грэцыя — 19.11.1978),
італьянскі мастак і тэарэтык мастацтва; адзін з заснавальнікаў метафізічнага жывапісу. Вучыўся ў АМ у Афінах (да 1905) і Мюнхене (1906—09). Як мастак склаўся пад уплывам Г.Апалінэра, А.Бёкліна, П.Пікасо, ідэй класічнай антычнасці і міфалогіі, ням. фігуратывісцкай і філас. культуры (Ф.Ніцшэ і інш.). У ранніх яго творах сімвалічнасць, адасобленасць свету ад чалавека, адлюстраванне ўяўнай звернутай ва ўнутр. прасторы, асноўным персанажам якой быў манекен («Няўпэўненасць паэта», 1913; «Настальгія па бясконцасці», 1913—14; «Вялікая метафізіка», 1917). Пасля 1919 звяртаўся да класічных маст. прыёмаў і тэм, у метафізічную тэматыку ўводзіў сюррэалістычную сімволіку («Рымскія дамы», 1922).
У скульптуры ўвасабляў тыя ж іканаграфічныя матывы. Сярод літ. твораў «Hebdomeros» (1929), «Успаміны пра маё жыццё» (1945).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ЎБЕК ((Holoubek) Густаў) (н. 21.4.1923, г. Кракаў, Польшча),
польскі акцёр і рэжысёр. Праф. Вышэйшай тэатр. школы (Варшава). Скончыў Вышэйшую тэатр. школу ў Кракаве. З 1947 у т-рах Кракава і Катавіц, з 1957 у розных т-рах Варшавы (у т. л. ў 1969—87 у Т-ры Драматычным, у 1972—82 адначасова дырэктар). Акцёрскае мастацтва Галоўбека вызначаецца высокай інтэлектуальнасцю, строгасцю ў падборы выразных сродкаў разам з глыбокай унутр. засяроджанасцю. Сярод лепшых роляў: Эдып («Эдып» Сафокла), Конрад («Дзяды» А.Міцкевіча), Скрыпач («Разня» С.Мрожака), Лір («Кароль Лір» У.Шэкспіра). Яго лепшая рэжысёрская работа — «Гамлет» Шэкспіра (выканаў таксама гал. ролю). З 1953 здымаецца ў кіно («Пятля», «Супольны пакой», «Санаторый пад Клепсідрай» і інш.). У 1972—81 узначальваў Т-ва польскіх акцёраў т-ра і кіно. Дзярж. прэміі Польшчы 1966, 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМІНІ́ДЫ (Hominidae),
сям’я атрада вышэйшых прыматаў, якая ўключае ўсіх прадстаўнікоў чалавецтва ад яго ўзнікнення да сучаснасці. Вылучаюць 2 падсям’і гамінідаў: аўстралапітэкавыя (раннія) і гамінныя (архантрапы, палеантрапы і сучасны чалавек). Аўстралапітэкавыя з’явіліся каля 5 млн. гадоў назад на тэр. Афрыкі. Паводле вынікаў даследаванняў, на тэр.Усх. і Паўд. Афрыкі жыло не менш як 7 іх відаў, у некат. выпадках прасочаны паступовыя эвалюц. пераходы да больш прагрэсіўных формаў. Для гамінідаў характэрны прамахаджэнне, высокаразвіты мозг, узнікненне высокаманіпуляцыйнай рукі, выразнай мовы. Рассяленне гамінідаў пачалося каля 2 млн. гадоў назад у Паўд.-Усх. Азію, праз 1 млн. гадоў — ва ўсе інш. вобласці зямнога шара, акрамя зон арктычнага клімату.
Літ.:
Тегако Л.И., Саливон И.И. Основы современной антропологии Мн.. 1989;
Фоули Р. Еще один неповторимый вид: Экол. аспекты эволюции человека: Пер. с англ.М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАІ́Н (Ян Непамуцэн) (1760—1820),
удзельнік паўстання 1794 у Польшчы, на Беларусі і Літве. Сын брэсцкага ваяводы Яна Антонія. У 1775 уступіў у корпус кадэтаў у Варшаве. З 1782 дэпутат сеймаў Рэчы Паспалітай, з 1786 чл. Камісіі скарбовай ВКЛ, з 1792 чл. Камісіі скарбовай абодвух народаў. У студз. 1794 удзельнічаў у працы Камісіі вайсковай ВКЛ, у крас. — у складзе Вайсковага аддзела паўстанцкай Часовай намесніцкай рады. Часовай паўстанцкай радай накіраваны ў вызваленую Вільню. Арганізатар паўстання на Брэстчыне і Падляшшы. З мая намеснік радцы (члена) Найвышэйшай нацыянальнай рады, у ліп. 1794 Т.Касцюшка прызначыў яго палкоўнікам паспалітага рушэння. Пасля задушэння паўстання жыў у Гродне, Варшаве, у 1812 бурмістр Вільні, з 1813 жыў у Дрэздэне, Парыжы. Пасля ўказа аб амністыі 10.4.1814 вярнуўся на радзіму, дзе яму былі вернуты маёнткі.