«НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ АКАДЭМІ́ЧНЫ ВЯЛІ́КІ ТЭА́ТР О́ПЕРЫ І БАЛЕ́ТА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ»,
творчае аб’яднанне. Створана ў 1996 у Мінску ў выніку пераўтварэння Дзярж. акадэмічнага Вял.т-ра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Уключае Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь, Мастацка-эксперым.тэатр. камбінат г. Мінска. У складзе аб’яднання таксама сімф. і сцэн. аркестры (больш за 140 музыкантаў; гал. дырыжор А.Анісімаў, дырыжоры М.Калядка, Л.Лях, Г.Праватораў, В.Чарнуха, А.Галанаў, М.Сінькевіч), міманс, Нац.тэатр.-канцэртнае аб’яднанне «Беларуская капэла», маст.-пастановачная служба (службы машынна-дэкарацыйная, асвятлення і афармлення спектакляў, мех. абсталявання, цэхі касцюмерны, грымёрны, рэквізіту), тэхн. і дапаможныя службы. Асн. задачы аб’яднання: стварэнне неабходных умоў для творчай дзейнасці т-раў оперы і балета, адраджэнне і развіццё бел.нац. опернага і балетнага мастацтва, садзейнічанне далучэнню насельніцтва данац. і сусв. опернай і балетнай спадчыны, фарміраванне агульнаеўрап. культ. прасторы, падрыхтоўка спецыялістаў опернага і балетнага жанраў. Дырэктар аб’яднання А.Кірыенка.
Працуе ў будынку б.Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР (1936—37; арх. І.Лангбард). Будынак быў задуманы як універсальны са звышмеханізаванай сцэнай і глядзельнай залай на 3 тыс. месцаў. Адкрыты ў 1939. Асн. кампазіцыю ствараюць размешчаныя адзін над адным 3 цыліндрычныя аб’ёмы рознага дыяметра і вышыні, да якіх з тылу прылягае развітая сцэн. каробка і дапаможныя памяшканні. Адзіны рытм і прафілёўка верт. чляненняў надаюць будынку цэласны характар і маштабнасць. Ядро т-ра спачатку ўтварала глядзельная зала на 1500 месцаў — амфітэатр з балконам, якую паўкальцом абкружалі на 1-м паверсе вестыбюль з гардэробамі, на 2-м — прасторныя фае. У гады Вял.Айч. вайны т-р пашкоджаны. Адноўлены ў 1948 паводле праекта аўтара. Глядзельная зала рэканструявана па традыц. яруснай сістэме з месцамі на 1200 гледачоў у партэры і 3 неглыбокіх ярусах. У афармленні вестыбюляў, фае і глядзельнай залы выкарыстаны скульптура і маст. ляпныя дэталі. У 1967 т-р тэхнічна пераабсталяваны, у 1978 значна зменена афармленне інтэр’ераў. Вонкавае аблічча будынка амаль цалкам захавана, толькі на пач. 1960-х г. плоскія пакрыцці заменены нахільнымі дахамі, што адбілася на сілуэтным вырашэнні. Будынак арганічна ўваходзіць у сістэму ансамбляў цэнтра Мінска.
Т.У.Аляксандрава, А.А.Воінаў (архітэктура).
Будынак «Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРК (ад позналац. parricus абгароджанае месца),
зямельны ўчастак з натуральнай або спец. пасаджанай расліннасцю, з дарогамі, алеямі, вадаёмамі, прызначаны для адпачынку, прагулак, гульняў. П., як і сады, ствараюцца ў гар. і сельскай мясцовасці сродкамі ландшафтнай архітэктуры і з’яўляюцца асн. элементамі азелянення і садова-паркавага мастацтва. Могуць размяшчацца ў масавай гар. забудове, у буйных лесапаркавых зонах або водна-зялёных дыяметрах, якія аб’ядноўваюць унутрыгарадскую і прыгарадную сістэмы азелянення. Бываюць малыя (да 10 га), сярэднія (10—30 га) і вял. (больш за 30 га). Паркавую кампазіцыю ствараюць масівы дрэў, алеі, адзіночныя пасадкі, жывыя агароджы, газоны, баскеты, дэкар. расліны, кветнікі і інш.Вял. значэнне мае выкарыстанне архітэктуры малых формаў. Парадным месцам П. з’яўляецца партэр.
П. былі вядомы ў Стараж. Егіпце, Грэцыі, Рыме і інш. Дэкаратыўнасцю вызначаліся П. феад. эпохі ў Японіі, Кітаі, Індыі і інш. Перыяду класіцызму характэрны рэгулярны паркфранц. тыпу з дакладнай геам. планіроўкай (П. у Версалі, Францыя, 17 ст.). Уплыў рамантызму выявіўся ў пейзажных паркахангл. тыпу, якім уласціва свабодная планіроўка тэрыторыі і маляўнічая кампазіцыя аб’ектаў (П. Стоу у Англіі, 18 ст.). У 18 ст. ствараліся палацава-паркавыя ансамблі Сан-Сусі ў г. Патсдам (Германія), Пецяргофа, Летні сад у Пецярбургу (рэгулярныя П.), пейзажныя П. ў Паўлаўску (Ленінградская вобл.), Уманскі дэндрапарк«Сафіеўка» (Украіна).
На Беларусі найб. старадаўнія П., што захаваліся, адносяцца да 18 ст. Узоры рэгулярных П. — Бачэйкаўскі парк, Дубайскі парк, П. у в. Вялікае Мажэйкава Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. У канцы 18—19 ст. былі пашыраны пейзажныя П. (гл.Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль і інш.). У 19 ст. з’явіўся новы тып П. — грамадскі «гарадскі сад» (у Мінску, Віцебску, Магілёве і інш.). З 1920-х г. ствараюцца паркі культуры і адпачынку, дзіцячыя (імя М.Горкага ў Мінску) і спартыўныя (у Баранавічах Брэсцкай вобл.), паркі мемарыяльныя, заалагічныя (у Гродне). Гл. таксама Садова-паркавае мастацтва.
Літ.:
Антипов В.Г. Парки Белоруссии. Мн., 1975;
Косаревский И.А. Искусство паркового пейзажа. М., 1977;
Горохов В.А., Лунц Л.Б. Парки мира. М., 1985;
Федорук А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. Мн., 1989.
В.Р.Анціпаў, Г.С.Ларкін.
Дзіцячы парк імя М.Горкага ў Мінску.Парк Сан-Сусі ў г. Патсдам (Германія). 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ТЧА,
павучальна-алегарычны жанр сімвалічнага зместу, які не мае адасобленага бытавання і ўзнікае ў пэўным кантэксце. У адрозненне ад байкі ці навелы ў П. можа быць толькі фабула ці разгорнутае параўнанне, а развіты сюжэт адсутнічаць. У сучаснай маст. творчасці П. — жанравая мадыфікацыя, дыдактычны архетып (напр., апавяданне-П., аповесць-П., раман-П., фільм-П. і інш.). П. ўзнімае спосабы існавання сваіх герояў, што выступаюць суб’ектамі этычнага выбару, да універсалій чалавечага быцця; стварае ўнутрана адзіную, замкнутую, пазачасавую, тэлеалагічную карціну свету, у якой пануе заканамернасць лёсу. Аўтары маст. твораў звяртаюцца да П. ў пошуках этычных першаасноў чалавечага існавання.
П. — універсальная з’ява маст. творчасці. Шырока прадстаўлена ў сусв. л-ры і фальклоры самастойна і ў тлумачэнні з інш. жанрамі стараж., сярэдневяковай і новай л-ры. Найстараж. П. сабраны ў кнігах Старога запавету. У раннехрысц. л-ры (кананічныя евангеллі. творы царк. дзеячаў) П. выкарыстоўвалася ў павучаннях. пропаведзях і разглядалася як агульназразумелая форма папулярызацыі ведаў і хрысц. догмаў. З 12 ст. вядомы П. Кірылы Тураўскага. П. ўвайшлі ў перакладны зб.«Пчала» (13 ст.), «Ізмарагд» (14 ст.). Шмат П. змешчана ў перакладных зб-ках «Вялікае зярцала», «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа», «Рымскія дзяянні». Ф.Скарына адзін з першых звярнуў увагу на глыбокі сімвалічны сэнс П. і яе ролю ў папулярызацыі маральна-філас. ведаў. Сімяон Полацкі на сюжэт папулярнай П. напісаў «Камедыю прытчы пра блуднага сына». З канца 19 ст. эканомнасць, змястоўнасць, этычны дыдактызм П. з’яўляецца ўзорам для творчасці шэрагу пісьменнікаў (Ж.П.Сартра, А.Камю, Б.Брэхта, У.Фолкнера і інш.). У 20 ст. П. паўплывала на творчасць пісьменнікаў (Ф.Кафка, М.Булгакаў, Ч.Айтматаў і інш.), кінарэжысёраў (М.Антаніёні, А.Д.Іаселіяні, А.Таркоўскі, Ф.Феліні і інш.).
Сімволіка і маст. структура П. зрабілі ўплыў на многія жанры бел. фальклору (чарадзейныя казкі, казкі пра жывёл, балады), л-ры («нашаніўская» паэзія і проза, навелы Я.Коласа, апавяданні М.Багдановіча, аповесці В.Быкава і інш.). У маст. творы П. можа арганічна ўплятацца ў тканіну ўсяго аповеду (познія творы Л.Талстога, «Казкі жыцця» Я.Коласа), можа быць «апавяданнем у апавяданні» («Легенда пра Вялікага інквізітара» Ф.Дастаеўскага, «Апавяданне пра гусара-схімніка» І.Ільфа і Я.Пятрова).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУСЭ́Н (Poussin) Нікала (15.6.1594, г. Лез-Андэлі, Францыя — 19.11.1665),
французскі жывапісец; адзін з пачынальнікаў і найбуйнейшы прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў К.Варэна. Зазнаў уплывы А.Карачы, Даменікіна, Рафаэля, Тыцыяна; вывучаў ант. мастацтва, трактаты Леанарда да Вінчы і А.Дзюрэра; займаўся перспектывай, анатоміяй і матэматыкай. Працаваў у Парыжы (1612—24 і 1640—42) і Рыме (з 1624). З ранніх работ захаваліся ілюстрацыі да «Метамарфозаў» Авідзія, «Энеіды» Вергілія, твораў Ціта Лівія, Дж.Марына (каля 1622—24). Творчасць 2-й пал. 1620—30-х г. вызначаецца стылявой разнастайнасцю: творы высокага грамадзянскага гучання («Смерць Германіка», 1626—27), у духу барока («Пакутніцтва св. Эразма», каля 1628—29); асаблівай актыўнасцю колеравага ладу, блізкага традыцыям венецыянскай школы, адметныя карціны на міфалагічныя і літ. тэмы: «Венера спіць», «Нарцыс і Рэха», «Рынальда і Арміда» (усе каля 1625—27), «Царства Флоры» (каля 1631—32), «Танкрэд і Эрмінія» (1630-я г.). У творах 1630-х г. класіцыстычныя прынцыпы выяўляюцца праз яснасць кампазіцыйнага рытму, які ўспрымаецца як адлюстраванне разумнага пачатку і надае веліч высакародным учынкам чалавека: «Аркадскія пастухі» (каля 1629—30), «Выкраданне сабінянак» (каля 1635), «Натхненне паэта» (1635—38), «Ізраільцяне збіраюць манну» (каля 1637—39), «Знаходжанне Майсея» (1638). З 1640-х г. развіваў прынцыпы ідэальнага пейзажа, прадстаўляў прыроду як увасабленне дасканаласці і мэтазгоднасці. Часта ўводзіў у пейзаж міфалагічныя персанажы: («Кармленне немаўляці Юпітэра», 1640; «Пейзаж з Паліфемам», каля 1649; «Пейзаж з Геркулесам» 1654; «Арыён», каля 1650—55; «Апалон і Дафна», 1664), выкарыстоўваў біблейскія казанні, праз якія ў духу стаіцызму выражаў ідэю пра лёс як пачатак, што рэгулюе ўзаемаадносіны чалавека і свету («Св. Іаан на Патмасе», каля 1644—45; серыя «Поры года», 1660—64). Некат. творы гэтага перыяду вызначаюцца разважлівасцю, перавагай абстрактнай ідэі над пачуццём («Час выратоўвае Ісціну ад намераў Зайздрасці і Разладу», 1642; «Сем таінстваў», 1644—48), узмацненнем этыка-філас. пафасу («Майсей высякае ваду са скалы», «Эліазар і Рэвека», абодва каля 1648; «Адпачынак на шляху ў Егіпет», каля 1658).
Тв.:
Рус.пер. — Письма. М.; Л., 1939.
Літ.:
Гликман А.С. Никола Пуссен. Л.;
М., 1964;
Золотов Ю.К. Пуссен и вольнодумцы // Советское искусствознание, 1978. М., 1979. Вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1848-49 У ВЕ́НГРЫІ адна з рэвалюцый 1848—49 у Еўропе, накіраваная на ліквідацыю феадалізму і дасягненне нац. незалежнасці Венгрыі. Пачалася з паўстання 15.3.1848 у Пешце пад кіраўніцтвам Ш.Пецёфі. 17 сак. створаны ўрад Венгрыі, адказны перад парламентам — Дзярж. сходам, на чале з адным з лідэраў апазіцыі графам Л.Бацяні. Пачаліся аграрныя рэформы: скасаваны паншчына і царк. дзесяціна, ва ўласнасць сялянам перададзена 1/3с.-г. зямель, прыгонныя (40% сялянскага саслоўя) атрымалі свабоду. Дзярж. сход Венгрыі абвясціў незалежнасць краіны ў фін. і ваен. галінах, пры захаванні на венг. прастоле аўстр. Габсбургаў. 11 ліп.Дзярж. сход прыняў рашэнне пра стварэнне венг.нац. арміі. імкненне венг. ўрада стварыць унітарную дзяржаву, адмова прызнаць аўтаномію Харватыі, Славоніі, сербаў Ваяводзіны, румын Трансільваніі выклікалі незадаволенасць нац. меншасцей. 11.9.1848 у Венгрыю ўварваліся войскі харвацкага бана (правіцеля) І.Ялачыча, якія былі разбіты каля Пакозда і адкінуты ў Аўстрыю. Пасля адстаўкі ўрада Бацяні ў кастр. 1848 улада перайшла даК-та абароны радзімы (КАР) на чале з Л.Кошутам. Аўстр. ўрад выдаў дэкрэт аб роспуску венг. парламента і ўвядзенні ў Венгрыі ваен. становішча. Пасля задушэння кастр. паўстання ў Вене (гл.Рэвалюцыя 1848—49 у Аўстрыі), у Венгрыю накіраваны аўстр. войскі, якія 5.1.1849 занялі Пешт. КАР і Дзярж. сход пераехалі ў Дэбрэцэн. Вясной венг. армія на чале з ген. А.Гёргеем перайшла ў наступленне і да канца сак. ўсталявала кантроль над б.ч.тэр. Венгрыі. У Трансільваніі паспяхова дзейнічала армія Ю.Бема. 14.4.1849 Дзярж. сход прыняў «Дэкларацыю незалежнасці», паводле якой Венгрыя абвяшчалася незалежнай рэспублікай, правіцелем яе абраны Кошут. У гэтых умовах па закліку аўстр. імператара Франца Іосіфа І, рас. цар. Мікалай І накіраваў у Венгрыю ў чэрв. 1849 200-тысячную армію на чале з фельдмаршалам І.Ф.Паскевічам. 13 ліп. яна заняла Пешт. 13 жн.венг. армія капітулявала. У Венгрыі ўсталяваўся жорсткі акупацыйны рэжым, адноўлена аўстр. праўленне. Многія венг.дзярж. і ваен. дзеячы пакараны смерцю або вымушаны былі пакінуць краіну. Аднак рэвалюцыя нанесла рашучы ўдар па феад.-абсалютысцкім ладзе, што пацвердзілі законы, прынятыя ў 1850-х г.
Літ.:
Авербух Р.А. Революция и национально-освободительная борьба в Венгрии 1848—1849. М., 1965;
Яго ж. Революция в Австрии (1848—1849 гг.). М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІДРЫГА́ЙЛЫ ПАЎСТА́ННЕ 1432—39,
прынятая ў гістарыяграфіі назва феад. вайны ў ВКЛ, у якую былі ўцягнуты ўсе пласты грамадства. Мела дынастычны характар барацьбы за дзярж. ўладу паміж 2 прадстаўнікамі дынастыі Гедзімінавічаў — Свідрыгайлам Альгердавічам і Жыгімонтам Кейстутавічам. Пасля абвяшчэння 1.9.1432 вял. князем Жыгімонта, якога падтрымала пераважна літ. арыстакратыя, скінуты з трона Свідрыгайла ўцёк у Полацк. Уладу Жыгімонта прызнала Жамойць, Літва і больш цесна з ёю звязаныя Брэсцкая і Мінская землі, прынёманскія воласці, Падляшша. Полацкая, Віцебская, Смаленская, Ноўгарад-Северская і Кіеўская землі, Валынь і Падолле падтрымалі Свідрыгайлу. Жыгімонт, не маючы дастатковых сіл, аднавіў дзярж. унію з Польшчай (15.10.1432 у Гродне). Яе ўмовы былі змешчаны ў акце Жыгімонта ад 15.10.1432 і акце Ягайлы ад 3.1.1433. Свідрыгайла атрымаў падтрымку ад вял. князя цвярскога, Лівонскага ордэна. У ліст. 1432 Свідрыгайла пачаў ваен. дзеянні. У жн. 1433 ён захапіў Коўна. Вяртаючыся назад, загадаў спаліць Заслаўе і Мінск. Восенню 1433 Жыгімонт спрабаваў авалодаць Мсціславам і Віцебскам, якія належалі Свідрыгайлу. Каб перацягнуць на свой бок жыхароў бел. і ўкр. зямель, Жыгімонт выдаў прывілей 1434, якім ураўнаваў асабістыя і маёмасныя правы правасл. баяр з правамі баяр-католікаў. У жн. 1435 войскі Свідрыгайлы і лівонскага магістра Ф.Керскорфа ўварваліся ў Літву з Браслава. 1.9.1435 на р. Швянтойі каля Вількаміра гэта войска разбіта войскам Жыгімонта; лівонскае войска амаль цалкам знішчана, забіты магістр. Вял. страты мела і войска Свідрыгайлы, а сам ён вярнуўся ў Полацк. Летам 1436 Полацк і Віцебск перайшлі на бок Жыгімонта, які пацвердзіў гэтым землям ранейшыя іх прывілеі. Замацаваўшыся ў ВКЛ, Жыгімонт пачаў праводзіць больш самаст. палітыку ў адносінах да Польшчы. Таму польскія феадалы цяпер пачалі падтрымліваць Свідрыгайлу. Супраць Жыгімонта выступіла і апазіцыя літ. знаці, незадаволеная рэпрэсіямі Жыгімонта і тым, што на дзярж. пасады ён прызначаў прадстаўнікоў дробнага і сярэдняга бел. і літ. баярства. У жн. 1437 Свідрыгайла прапанаваў свайму пляменніку Уладзіславу III перадаць свае землі ў падпарадкаванне польскай кароне. Гэта паўплывала на пазіцыю баяр Кіеўскай і Валынскай зямель, якія не мелі намеру далучацца да Польшчы. Першае наступленне войска Жыгімонта на Кіеў было адбіта Свідрыгайлавым ваяводам Юршою, але пасля 2-га паходу Кіеў быў падпарадкаваны Жыгімонтам. Пад уладаю Свідрыгайлы засталіся Валынь і Падолле. Пасля ад’езду Свідрыгайлы ў Малдову, а потым у Пакуцце Валынь і Падолле прызналі ўладу Жыгімонта. Феадальная вайна скончылася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛА́БА-ТАНІ́ЧНАЕ ВЕРШАСКЛАДА́ННЕ (грэч. syllabē склад + tonos націск),
сістэма вершаскладання, засн. на мерным чаргаванні націскных і ненаціскных складоў у паэтычным радку. Характэрна мовам з нефіксаваным націскам (бел., рус., укр., англ., ням. і інш.). У бел. паэзіі зараджэнне С.-т.в. як сістэмы адносіцца да канца 18—пач. 19 ст. («Уваскрэсенне Хрыстова», «Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе»):
Прайшоў вёрст дзевяць тэй дарогай,
Аж бачу я — гара стаіць;
Пад тэй гарой народу многа,
Як бы кірмаш які кіпіць.
(«Тарас на Парнасе»).
У творчасці паэтаў 19 ст. (Ф.Багушэвіч, Я.Лучына, А.Гурыновіч і інш.) пад уплывам нар. танічнага верша (гл.Танічнае вершаскладанне), рус. і ўкр. паэзіі адбывалася дэфармацыя форм сілабічнага верша (гл.Сілабічнае вершаскладанне) і набліжэнне іх да С.-т.в. У пач. 20 ст. гэты працэс завяршыўся станаўленнем класічных форм бел. верша. Дзякуючы творчасці Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча С.-т.в. стала пануючым у бел. л-ры.
Рытм у сілаба-танічным вершы ўтвараюць радкі, у якіх мерна паўтараюцца націскныя і ненаціскныя склады. Сілаба-танічны верш мае стапу — метрычную адзінку з адным націскным і адным або двума ненаціскнымі складамі. У С.-т.в., найб. пашыраны 4-стопныя («Родны хлеб» П.Глебкі) і 5-стопныя («Маёй рукой пасаджанай бярозе...» А.Куляшова), найменш — 1-стопныя («Зімовыя малюнкі» П.Броўкі) і 2-стопныя («Лета» Р.Барадуліна) радкі. Вершы, радкі якіх складаюцца больш чым з 6 стоп, сустракаюцца вельмі рэдка («Паэты рэвалюцыі» А.Дудара). Некат. шматстопныя памеры атрымалі (па аналогіі з ант.) сваю назву: александрыйскі верш («Летапісец» Багдановіча), гекзаметр («Дзень гневу» А.Дудара, «Гекзаметры» У.Жылкі), пентаметр («Чорныя рукі» М.Рудкоўскага, «Пентаметры» Жылкі). Найчасцей у сілаба-танічных вершах адзін і той жа памер захоўваецца ва ўсіх радках («Мора» Цёткі, «Чырваніць, чырваніць...» Броўкі). Есць творы, у якіх спалучаюцца рэдкі рознай даўжыні, што разнастаіць іх рытм («Жаба ў каляіне» К.Крапівы). Сэнсавыяўленчыя, інтанацыйныя магчымасці сілаба-танічнага верша пашыраюць і інш. рытмаўтваральныя кампаненты — ужыванне разнастайных строф, рыфмаў, цэзуры. С.-т.в. — асноўная сістэма вершаскладання сучаснай усх.-слав., у т. л.бел., вершатворчасці.
Літ.:
Лазарук М.А., Лянсу А.Я. Пытанні тэорыі літаратуры. Мн., 1964;
Ралько І.Д. Беларускі верш. Мн., 1969;
Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СКАЗА́ННЕ ПРА БАРЫ́СА І ГЛЕ́БА»,
адзін з найб. ранніх помнікаў стараж.-рус. агіяграфічнай л-ры. Створана невядомым аўтарам у канцы 11 ст. (паводле інш. меркаванняў, у пач. 12 ст.). Захавалася больш чым у 170 спісах. Адносіцца да жыцій-марцірый (ад грэч. marturos сведка, пакутнік).
У аснову «Сказання...» пакладзены драм. эпізод забойства сыноў кіеўскага князя Уладзіміра Барыса і Глеба іх братам Святаполкам. У адрозненне ад кананічнай формы візант.жыція, не гаворыцца пра іх імкненне прысвяціць сябе служэнню Богу і г.д. Паводле агіяграфічнага канона, вызначаецца ўмоўнасцю сюжэтных сітуацый, рытарычнасцю, этыкетнасцю паводзін і моўных формул персанажаў. Характарыстыкі гал. герояў схематычныя, пазбаўлены яркіх індывідуальных рыс. Разам з тым аўтар тонка перадаў псіхал. стан Барыса і Глеба перад забойствам, імкнуўся да дакладнага абазначэння падзей і фактаў (згадаў гіст. мясціны і імёны), надаў твору выключную эмацыянальнасць. Вял. месца ў «Сказанні...» займаюць унутраныя маналогі, плачы, ёсць вытрымкі са Свяшчэннага пісання.
«Сказанне...» — твор тэндэнцыйны: у ім асуджаецца братазабойства. сцвярджаюцца ідэі родавага старшынства (з мэтай узмацнення паліт. адзінства ўсх.-слав. зямель), паліт. і рэліг. незалежнасці Русі. Сюжэт «Сказання...» карыстаўся вял. папулярнасцю. Вядома каля 255 спісаў помнікаў пра Барыса і Глеба, у т. л. «Чытанне пра жыццё і гібель... Барыса і Глеба», Нестара, «Жыціе Барыса і Глеба» і інш. Пытанні пра іх узаемадзеянне і храналогію складаныя і не высветлены. «Сказанне...» было добра вядома на Беларусі. Бытавала ў складзе пралогаў, чэццяў-міней і інш. зборнікаў. Адзін са спісаў твора захаваўся ў Чэцці 1489. Сюжэт «Сказання...» выкарыстаны ў п’есе «Духоўнае прычасце святых Барыса і Глеба», што ставілася ў Полацку (каля 1693).
Публ.:
Памятники литературы древней Руси: Начало рус. лит., XI — начало XII в. М., 1978.
Літ.:
Абрамович Д.И. Жития святых мучеников Бориса и Глеба и службы им. Пг., 1916;
Бугославский С. Українськоруські пам’ятки XI—XVIII вв. про князів Бориса та Гліба. Київ, 1928;
Воронин Н.Н. «Анонимное» сказание о Борисе и Глебе, его время, стиль и автор // Тр.Отд. древнерусской литературы. М., 1957. Т. 13;
Еремин И.П. «Сказание» о Борисе и Глебе // Еремин И.П. Литература древней Руси: (Этюды и характеристики). М.; Л., 1966;
Словарь книжников и книжности древней Руси. Л., 1987. Вып. 1. С. 398—108.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПЕЦЫЯ́ЛЬНЫЯ ГІСТАРЫ́ЧНЫЯ НАВУ́КІ, дапаможныя гістарычныя дысцыпліны,
зборная назва шэрагу навук. дысцыплін, якія даследуюць асобныя аспекты гісторыі грамадства, тэорыі і метадалогіі гіст. навукі, агульныя і канкрэтныя пытанні методыкі і тэхнікі гіст. даследавання. Большасць С.г.н. развілася з т.зв. дапаможных гіст. дысцыплін (гэты тэрмін шырока ўжываўся з канца 19 ст.), да якіх адносілі этнаграфію, археалогію, антрапалогію, геаграфію гістарычную і інш. У пасляваенны перыяд гэтыя дысцыпліны ў сувязі з іх пэўнымі дасягненнямі сталі называцца спецыяльнымі. Да канца 20 ст. сфарміраваліся са сваімі прадметамі, аб’ектамі і метадамі даследавання археалогія, гістарыяграфія, гіст. геаграфія, гіст.дэмаграфія, метадалогія гісторыі, тапаніміка, фалькларыстыка, этналогія (этнаграфія) і інш. Гэтыя навукі маюць багатыя традыцыі, высокі ўзровень развіцця ў свеце і пэўныя дасягненні на Беларусі. Ад С.г.н. адрозніваюць дапаможныя гіст. дысцыпліны, асн. прызначэнне якіх — абслугоўванне гісторыі як навукі, дапамога ў вырашэнні яе гал. задачы — даследаванні мінулага чалавецтва ва ўсёй яго разнастайнасці і канкрэтным праяўленні. Сярод дапаможных гіст. дысцыплін асобнае месца належыць крыніцазнаўству, задачай якога з’яўляецца распрацоўка тэорыі, гісторыі і методыкі вывучэння і выкарыстання гіст. крыніц. Дапаможныя гіст. дысцыпліны падзяляюцца на 2 групы: якія вывучаюць розныя віды крыніц, але кожная толькі адзін які-небудзь іх бок (археаграфія, архівазнаўства, генеалогія, метралогія гістарычная, палеаграфія, тэксталогія, гіст.храналогія, эпіграфіка) якія даследуюць пэўны від крыніц, але з усебаковым разглядам асаблівасцей іх форм і зместу (геральдыка, дыпламатыка, іканаграфія, нумізматыка, сфрагістыка, філатэлія, фалерыстыка, баністыка, вексілалогія). Існуюць розныя пункты погляду на склад і колькасць дапаможных гіст. дысцыплін. Так, не прызнаюцца асобнымі дапаможнымі гіст. дысцыплінамі берасталогія, кадыкалогія, археалогія і інш. С.г.н. і дапаможныя гіст. дысцыпліны цесна ўзаемазвязаны паміж сабой і інш. гуманітарнымі навукамі; іх даныя выкарыстоўваюцца даследчыкамі комплексна. Пры карыстанні гэтымі тэрмінамі варта ўлічваць іх умоўнасць. У наш час усё больш сціраюцца грані паміж навукамі, якія здабываюць гіст. матэрыял і гіст. інфармацыю з яго, і тымі, што яго выкарыстоўваюць. У канцы 20 ст. ў гіст. навуцы сфарміраваліся т. зв. найноўшыя гіст. навукі — гіст. антрапалогія, гістарычная інфарматыка, псіхагісторыя, гістарыясофія, сацыяльная гісторыя, гендэрная гісторыя, вусная гісторыя, гісторыя штодзённасці і інш. Аднак у некат. з іх яшчэ дакладна не сфармуляваны метады, кола крыніц і тэорыя самога прадмета даследавання.
Літ.:
Вспомогательные исторические дисциплины. Т. 1—26. Л., 1968—98;
Козлов Л.Р. Вспомогательные исторические дисциплины. Мн., 1980;
гл. таксама пры арт. пра адпаведныя С.г.н. і дапаможныя гіст. дысцыпліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАХА́НАЎСКІ РУХ,
масавы рух наватараў і перадавікоў вытв-сці ў СССР у сярэдзіне 1930-х — пач. 40-х г. за павышэнне прадукцыйнасці працы і лепшае выкарыстанне тэхнікі. Ўзнік у гады 2-й пяцігодкі ў вугальнай прам-сці Данбаса, названы ў гонар зачынальніка — забойшчыка шахты «Цэнтральная—Ірміна» ў г. Кадзіеўка (цяпер Стаханаў, Украіна) А.Р.Стаханава (1905—77), які 31 жн. 1935 здолеў за змену пры норме ў 7 т здабыць 102 т вугалю, а 19 вер. — 227 т. Пры падтрымцы парт. і камсамольскіх органаў С.р. ахапіў усе галіны нар. гаспадаркі і паўплываў на значны рост прадукцыйнасці працы, на паляпшэнне яе якасных паказчыкаў. Стаханаўскія метады працы ў прам-сці і сельскай гаспадарцы ў гады Вял.Айч. вайны спрыялі перамозе сав. народа над фаш. Германіяй.
На Беларусі С.р. у ліку першых падтрымалі рабочыя-машынабудаўнікі Мінска, Гомеля, Віцебска (С.Шабалтас, В.Сямёнаў, П.Карбановіч, А.Хаткоўскі, К.Галаўня, Н.Лапін, А.Бальшакоў, І.Кучарэнка). Іх высокі прафесіяналізм, энтузіязм і адказнасць спрыялі перавыкананню норм выпрацоўкі ў некалькі разоў. У 1936 разгарнуўся рух за рост прадукцыйнасці працы, высокую культуру вытв-сці, замену існуючых норм выпрацоўкі больш высокімі, у 1939 — за шматстаночнае абслугоўванне і сумяшчэнне прафесій. Дапач. 1941 стаханаўцамі і ўдарнікамі ў БССР сталі 50% рабочых. У гады Вял.Айч. вайны на эвакуіраваных ва ўсх. раёны СССРбел. фабрыках і заводах, як і на інш.сав. прадпрыемствах, да раней засвоеных метадаў наватарскай працы дадаліся: хуткасная тэхналогія вытв-сці і буд-ва, рух за выкананне норм выпрацоўкі на 200 і нават 1000%, франтавыя брыгады. Вопыт і традыцыі С.р. дзейнічалі і ў пасляваен. дзесяцігоддзі, калі паступова былі заменены інш. формамі сацыяліст. спаборніцтва.
С.р. не пазбег кампанейскага характару і фармалізму. Калі напачатку ён развіваўся дзякуючы энтузіястам-наватарам, то ў далейшым яго фактычна ў абавязковым парадку навязвалі рабочым калектывам парт., камсамольскія і прафс. органы, што надавала руху ў значнай ступені фармальны характар. Адначасова С.р. паслужыў «абгрунтаваннем» павышэння норм выпрацоўкі. Недастатковая залежнасць матэрыяльнага становішча работніка і калектыву ад колькасці і якасці працы ва ўмовах адм.-каманднай эканомікі не стымулявала наватарскія пошукі для павышэння прадукцыйнасці працы.
Літ.:
Козлов В.А., Хлевнюк О.В. Стахановское движение: время и люди. М., 1984;