«СКЕПТЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА»,

крытычны кірунак у рас. гістарыяграфіі 1-й пал. 19 ст. Заснавальнік — М.​Т.​Качаноўскі. Да «С.ш.» належалі В.​М.​Бадзянскі, С.​М.​Строеў, блізкія погляды мелі П.​М.​Строеў і інш. Прадстаўнікі «С.ш.» крытыкавалі канцэпцыі афіц. гісторыкаў, асабліва М.​М.​Карамзіна, даказвалі неабходнасць параўнальна-гіст. вывучэння мінулага Расіі, крытычных адносін да крыніц, праверкі сапраўднасці тэкстаў і аналізу зместу выкладзеных у іх падзей. Яны лічылі, што рус. летапісы 11—12 ст., Руская праўда, «Слова аб палку Ігаравым» і інш. стараж. помнікі не могуць служыць гіст. крыніцамі пры вывучэнні Кіеўскай Русі, бо ўзніклі, на іх думку, значна пазней за перыяд яе існавання і выключна пад уплывам замежных літ. і дакумент. крыніц. Выступалі супраць нарманскай тэорыі, падзялялі погляды І.​Эверса пра хазарскае паходжанне Русі. Нягледзячы на спрэчнасць яе канцэпцый, «С.ш.» — важны этап у фарміраванні рас. гістарыяграфіі.

т. 14, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́НЕЧНЫ ВЕ́ЦЕР,

пастаяннае радыяльнае распаўсюджванне плазмы сонечнай кароны ў міжпланетную прастору. Утварэнне С.в. звязана з патокам энергіі, што паступае ў сонечную карону з больш глыбокіх слаёў Сонца. Пры высокіх т-рах, якія існуюць у кароне (1,5-10​6 К), ціск яе вышэйшых слаёў не ўраўнаважвае газавы ціск рэчыва кароны, і яна расшыраецца. С.в. складаецца з пратонаў, электронаў, невял. колькасці іонаў гелію і інш. Структура С.в. звязана з магн. полем Сонца і мяняецца са зменай сонечнай актыўнасці. За кошт С.в. Сонца губляе 10​−34 Дж/с энергіі і штогод 10​−14 часткі масы. У межах арбіты Зямлі канцэнтрацыя пратонаў 6 см​−3, скорасць 400 км/с. Пры набліжэнні С.в. да Зямлі на мяжы з яе магнітасферай узнікае магнітагідрадынамічная ўдарная хваля, што прыводзіць да істотных дэфармацый магнітнага поля Зямлі — узнікаюць магнітныя буры.

А.​А.​Шымбалёў.

Абцяканне сонечным ветрам магнітасферы Зямлі.

т. 15, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКСТРАПАЛЯ́ЦЫЯ (ад экстра... + лац. polire рабіць гладкім),

пашырэнне вывадаў, атрыманых пры вывучэнні адной часткі якой-н. з’явы, працэсу, на яго другую частку, на будучы час. 1) У статыстыцы Э. — пашырэнне выбарачных звестак вывучэння часткі з’явы на папуляцыю ў цэлым; пры гэтым паказчыкі даследаванай часткі разглядаюцца як набліжэнне да паказчыкаў па сукупнасці ў цэлым (напр., праекцыя росту насельніцтва па даных з мінулага часу).

2) У логіцы Э. — перанясенне і пашырэнне якасных характарыстык, заканамернасцей з адной прадметнай вобласці або аднаго віду аб’ектаў на інш. вобласць або від (напр., вывад аб узроўні культуры якой-н. сац. групы па назіраннях за асобнымі яе прадстаўнікамі або аб перспектывах культуры па тэндэнцыях у мінулым).

3) У матэматыцы — знаходжанне прыбліжаных значэнняў функцыі 𝑓(x) у пунктах, якія не належаць адрэзку [x0, xn], па яе значэннях у пунктах x0, x1, ..., xn. Гл. таксама Інтэрпаляцыя і экстрапаляцыя.

т. 18, кн. 1, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ДЗЕРНАЯ ФАТАГРАФІ́ЧНАЯ ЭМУ́ЛЬСІЯ,

спецыяльная фатаграфічная эмульсія для рэгістрацыі траекторый (трэкаў, слядоў) элементарных часціц. Метад Я.ф.э. грунтуецца на тым, што зараджаная часціца пры праходжанні праз эмульсію разбурае мікракрышталі галагенідаў серабра з утварэннем цэнтраў праяўлення.

Ад звычайнай фотаэмульсіі адрозніваецца павышанай да 8 разоў колькасцю галагенідаў серабра і большай таўшчынёй (да 2 мм і больш). Уласцівасці следу, пакінутага ў эмульсіі зараджанай часціцай, залежаць ад яе зараду, масы і скорасці. Я.ф.э. мае высокае прасторавае раздзяленне, што дазваляе выкарыстоўваць яе як мішэнь-дэтэктар для даследаванняў актаў нараджэння і распаду кароткажывучых часціц. Пры даследаваннях часціц высокіх энергій эмульсійныя слаі ўкладваюць у вялікі стос да некалькіх соцень слаёў, слаі нумаруюць, пасля экспанавання іх наклейваюць на шкляныя пласцінкі і апрацоўваюць звычайным спосабам. Я.ф.э. выкарыстоўваюцца як дэтэктары часціц у ядз. фізіцы. фізіцы элементарных часціц, пры даследаваннях касм. прамянёў, у дазіметрыі.

т. 18, кн. 1, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЫПІ́НАВАЯ КІСЛАТА́,

арганічнае злучэнне з ліку карбонавых кіслот HOOC (CH2)4COOH. Мал. м. 146,14. Бясколерныя крышталі, t пл. 153 °C, узганяюцца, растваральныя ў вадзе і спіртах. Утварае солі — адыпінаты. Атрымліваюць двухстадыйным акісленнем цыклагексану. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці нейлону, інсектыцыдаў, змазак, яе эфіры — пластыфікатары.

т. 1, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́ЗАВІК,

бел. традыцыйны напітак з бярозавага соку. У бочку з сокам дабаўляюць прарошчаны і падпрэжаны ячмень або сухары, часам крыху цукру ці мёду, ставяць яе ў цёмнае халаднаватае месца ці закопваюць у зямлю на 4—6 тыдняў. Пашыраны амаль на ўсёй тэр. Беларусі.

т. 3, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАНО́СНАСЦЬ РАКІ́,

колькасць вады, якая пераносіцца ракой за год. Звычайна выражаецца праз сярэдні шматгадовы расход вады ці сярэдні шматгадовы аб’ём гадавога сцёку з яе басейна. Сумарная ваданоснасць рэк Беларусі характарызуецца велічынёй расходу каля 1800 м³/с і аб’ёмам гадавога сцёку 57,9 км³.

т. 3, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕ́Я,

закончаная частка п’есы і спектакля (драм., опернага, балетнага, музычнага). Падзел п’есы на Дз. ці акты звязаны з яе кампазіцыяй, са стылем і жанрам твора. У т-ры гэты падзел залежыць яшчэ і ад існуючых у пэўны перыяд нарматываў у дачыненні да спектакля.

т. 6, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЭФА́КТ (ад лац. artefactum штучна зробленае),

стараж. рэч, якая зроблена ці мае сляды карыстання чалавекам. Элемент археалагічнай культуры, частка матэрыяльнай культуры пэўнага этапу, бо адлюстроўвае гісторыю яе развіцця. Сярод артэфакта вылучаюць культурнавызначальныя, этнавызначальныя («кіравальныя») і «датавальныя» рэчы, імпартныя, выпадковыя, запазычаныя і інш.

т. 1, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСАКАГО́РНАЯ ПУСТЫ́НЯ,

тып пустыні ў халодных і сухіх высакагор’ях. Расліннасць разрэджаная, яе беднасць абумоўліваецца пераважна нізкімі т-рамі паветра. Пераважаюць паўхмызнячкі і падушкападобныя расліны. Пераважаюць высакагорныя пустыні на высокападнятых выраўнаваных тэрыторыях (Тыбецкае нагор’е, сырты Цэнтральнага Цянь-Шаня, Усходняга Паміра, пласкагор’і Андаў і інш.).

т. 4, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)