ПЕРГА́МСКАЕ ЦА́РСТВА, Пергам (грэч. Pergamos),
старажытная дзяржава ў паўн.-зах. частцы М. Азіі (283—133 да н.э.) з цэнтрам у г. Пергам (адсюль назва). Засн. грэкам Філетэрам — пачынальнікам дынастыі Аталідаў — правіцеляў П.ц. Насялялі царства мясц. плямёны (місійцы, масдыёны, пафлагонцы), а таксама грэкі і македонцы. Яго эканам. ўздыму спрыялі прыродныя багацці (лес, мармур, руды), зручнае геагр. становішча на ўзбярэжжы Міжземнага м. Найб. росквіту дасягнула пры Эўмене I [263—241 да н.э.] і Эўмене II [197—159 да н.э.[. П.ц. падтрымлівала добрыя адносіны з Егіптам, ваявала з Галатыяй, Македоніяй, дзяржавай Селеўкідаў. Саюзнік Рыма ў 2-й Македонскай (200—197 да н.э.) і Сірыйскай (192—188 да н.э.) войнах, за што атрымала Херсанес, Лідыю, Фрыгію, ч. Карыі і Памфіліі, некаторыя грэч. гарады М.Азіі. З узмацненнем рым. ўплыву паступова страціла самастойнасць. У 133 да н.э. цар Атал III завяшчаў царства Рыму, чым забяспечыў свабоду некаторым яго гарадам і ў першую чаргу сталіцы. У 133 (ці 132 да н.э.) у П.ц. адбылося антырым. паўстанне пад кіраўніцтвам Арыстоніка. Пасля яго задушэння (129 да н.э.) П.ц. стала рым. правінцыяй Азія.
т. 12, с. 293
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ДЫ ў чалавека,
фізіялагічны працэс заканчэння цяжарнасці, пры якім нараджаецца плод з усімі дадатковымі эмбрыянальнымі ўтварэннямі (плацэнтай, абалонкамі, каляплоднымі водамі). Адбываюцца пры ўзаемадзеянні родавых сіл (схваткі, патугі) з плодам у перыяд праходжання яго па родавых шляхах. Адрозніваюць Р. тэрміновыя (38—41 тыдзень цяжарнасці), заўчасныя (22—37 тыдняў), запозненыя (пасля 42-га тыдня цяжарнасці). Пры нармальных Р. плод праходзіць праз родавыя шляхі ў падоўжным размяшчэнні галоўкай, значна радзей тазам уніз. Паталаг. Р. бываюць ад змен родавых шляхоў, хвароб цяжарных, анамалій плода і яго размяшчэння (папярочнае), расстройстваў родавых сіл (слабыя, нерытмічныя і інш). Паталаг. Р. з выкарыстаннем хірург. спосабаў нараджэння дзіцяці (гл. Кесарава сячэнне) наз. аперацыйнымі. Р. падзяляюць на перыяды: першы — перыяд раскрыцця (раскрываецца шыйка маткі, плод паступальна рухаецца ад схватак, разрываецца плодны пузыр, выходзяць каляплодныя воды); другі — перыяд выгнання (плод выганяецца з дапамогай патуг); трэці — перыяд паследавы (паслед і яго абалонкі выдаляюцца ад схватак і патуг). Працягласць першых Р. 8—12 гадз, паўторных 6—10 гадз. Ускладненні Р.: траўматызм жанчыны і плода, крывацёк і інш. (гл. Родавая траўма нованароджаных). Прымаюць Р. ў радзільных дамах.
В.І.Дуда.
т. 13, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСА́ЛКА,
у славянскай міфалогіі істота, у якую ператвараюцца памерлыя дзяўчаты, пераважна тапельніцы, нехрышчоныя дзеці. Яе ўяўлялі ў выглядзе прыгожай дзяўчыны з доўгімі распушчанымі зялёнымі валасамі, радзей у выглядзе касматых страшных жанчын. Лічылася, што на русальны тыдзень Р. выходзяць з вады, бегаюць па палях, гушкаюцца на дрэвах, могуць заказытаць сустрэчных да смерці або зацягнуць у ваду. У русальны тыдзень пелі русальныя песні, жанчыны вешалі на дрэвы кудзелю, ручнікі, ніткі, дзяўчаты — вянкі, у гэты тыдзень нельга было купацца. У канцы яго «праводзілі» Р. Ёю была дзяўчына, якой распускалі валасы, надзявалі вянок і з песнямі суправаджалі ў жыта, упіхвалі ў яго, а пасля разбягаліся, а Р. даганяла іх. Часта з саломы рабілі чучала Р., неслі яго ў поле і там пакідалі на мяжы або разрывалі і раскідвалі па полі, што нібыта садзейнічала ўрадлівасці жытнёвага поля. Вобраз Р. страціў рэліг. значэнне ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. і захаваўся ў фальклоры.
Літ.:
Соколова В.К. Весенне-летние календарные обряды русских, украинцев и белорусов, XIX — начало XX в. М., 1979.
т. 13, с. 455
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТАПО́ЛК ІЗЯСЛА́ВІЧ (у хрышчэнні Міхаіл; 8.11.1050—16.4.1113),
князь полацкі, тураўскі, вял. князь кіеўскі. Сын вял. кн. Ізяслава Яраславіча, унук Яраслава Мудрага. У 1069 бацька прызначыў яго на полацкае княжанне замест памерлага Мсціслава Ізяславіча. У 1071 яго выгнаў з Полацка Усяслаў Брачыславіч. У 1073 С.І. разам з бацькам уцёк за межы Русі, дзе быў да 1077. Пасля вяртання атрымаў ад бацькі ў трыманне Наўгародскую зямлю. У 1088 «иде Святополк из Новагорода к Турову жити» — верагодна, у С.І. адбыўся нейкі канфлікт з наўгародцамі. 24.4.1093 заняў велікакняжацкі пасад у Кіеве, якім валодаў да смерці. Рабіў шматразовыя паходы на полаўцаў. Адзін з ініцыятараў Любецкага з’езда 1097, згодна з пастановай якога «яко князь туровский» атрымаў вял. тэрыторыі «об оне стороне Припети» з Туравам, Пінскам, Бярэсцем і Пагарыннем, а таксама Кіеўскае княства і Наўгародскую зямлю (аднак наўгародцы не прызнавалі яго ўлады). У самым канцы 11 ст. ён авалодаў Уладзіміра-Валынскім княствам. Трымаў у Кіеве тураўскую дружыну. У 1104 пасылаў свайго ваяводу Пуцяту на менскага кн. Глеба Усяславіча. Захавалася паданне, што 2-я жонка С.І. грачанка Варвара заснавала ў Тураве жаночы манастыр.
В.С.Пазднякоў.
т. 14, с. 274
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМА́НТЫКА (франц. sémantique ад грэч. sēmantikos які абазначае) у мовазнаўстве, 1) увесь змест, інфармацыя, якія перадаюцца мовай ці якой-н. яе адзінкай (словам, граматычнай формай слова, словазлучэннем, сказам).
2) Раздзел семіётыкі і тыпалагічнай лінгвістыкі, які разглядае знакі паводле іх значэння і тэксты паводле іх сэнсу. Апісвае зместавую сістэму мовы, спосабы перадачы сэнсу пры дапамозе зместавых адзінак (асобных слоў). Словы ў сваю чаргу вызначаюцца паслядоўнасцю марфем і фанем. Фанемы не маюць самастойнага значэння, але дазваляюць яго абнавіць для слова праз камбінаторыку фанем, бо іх сукупнасць утварае лексему як лексічнае значэнне слова. Паслядоўнасць лексем складае сказ, але сказ не складаецца з лексем. Яго сінтакс. характарыстыкі ўплываюць на змены ў значэнні, таму мы адрозніваем сэнс тэксту ад сумы значэнняў яго састаўляючых. У Гэтым асн. роля С. Семантычныя адзінкі характарызуюцца рознымі тыпамі адносін: сінтанімічнымі, антанімічнымі, аманімічнымі.
Літ.:
Апресян Ю.Д. Лексическая семантика. М., 1974;
Міхневіч А.Я. Праблемы семантыка-сінтаксічнага даследавання беларускай мовы. Мн., 1976;
Мартынов В.В. Категории языка: Семиол. аспект. М., 1982;
Плотников Б.А. Основы семасиологии. Мн., 1984;
Вежбицкая А Семантические универсалии и описание языков: Пер. с англ. М., 1999.
В.У.Мартынаў.
т. 14, с. 317
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІЦЫЁЗ (ад лац. officiosus паслужлівы),
1) друкаваны орган, які фармальна не звязаны з урадам, але на справе праводзіць яго палітыку.
2) Тэрмін, які выкарыстоўваецца пры вызначэнні людзей афіц. колаў.
т. 2, с. 134
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАА́Л, Балу, Ваал,
у заходнесеміцкай міфалогіі бог урадлівасці, водаў, вайны і інш. Ушаноўваўся ў Фінікіі, Палесціне і Сірыі, пасля яго культ быў пашыраны ў Егіпце, Грэцыі, Іспаніі і інш.
т. 2, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕБА́СТР (грэч. alabastros),
1) мінерал, тонказярністая масіўная разнавіднасць гіпсу.
2) Адна з назваў буд. гіпсу. Атрымліваюць абпальваннем (120 — 170 °C) прыроднага гіпсу да ператварэння яго ў паўгідрат сульфату кальцыю.
т. 1, с. 236
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНКЕ́ТА (франц. enquête літар. расследаванне),
апытальны ліст для атрымання якіх-н. звестак пра таго, хто яго запаўняе, або адказаў на пытанні, складзеныя па пэўнай праграме (напр., у сацыялагічных апытаннях).
т. 1, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСВЕ́ДЧАННЕ,
афіцыйны дакумент, які засведчвае асобу прад’яўніка і яго прававы статус або сцвярджае пэўныя факты і правы. Напр., пашпарт, П. работніка дзярж. органа, установы, ваеннаслужачага, дэпутата, пенсіянера і інш.
т. 12, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)