ПЕРЫ́ЯД ВАГА́ННЯЎ,

найменшы прамежак часу, праз які вагальная сістэма вяртаецца да зыходнага стану. Велічыня, адваротная частаце ваганняў. Паняцце «П.в.» выкарыстоўваюць як для перыядычных працэсаў (напр., гарманічныя ваганні), так і для працэсаў, дзе перыядычнасць парушаецца (гл. Затуханне ваганняў). Адзінка П.в. у СІ — секунда.

т. 12, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́МА (ад грэч. sōma цела),

сукупнасць клетак мнагаклетачнага арганізма, акрамя палавых. У эўкарыятычных мікраарганізмаў аналаг саматычных клетак — вегетатыўныя клеткі. Тэрмін «саматычны» выкарыстоўваецца для абазначэння з’яў цялесных у адрозненне ад псіхічных, у генетыцы — клетак цела, у анатоміі — структур цела (мышцы. нерв. сістэма і інш.).

т. 15, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУБАРДЫНА́ЦЫЯ (ад суб... + лац. ordinatio прывядзенне ў парадак),

сістэма службовага падпарадкавання малодшых старшым, ніжэйшых органаў вышэйшым; у больш шырокім сэнсе — выкананне правіл службовай, у т. л. воінскай, дысцыпліны ва ўзаемаадносінах паміж рознымі па службовым становішчы і званні асобамі. Гл. таксама Табель аб рангах.

т. 15, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТОН (ад грэч. tonos павышэнне голасу, тон, націск; напружанне) у акустыцы, гук пэўнай вышыні; фіз. характарыстыка гуку, якая вызначаецца яго частатой. Адрозніваюць: просты Т. (гарманічнае гукавое ваганне) і асноўны Т. (стварае акустычная сістэма, калі вагаецца з найніжэйшай для яе частатой). Гл. таксама Абертон.

т. 15, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭ́СЦЕР (англ. tester ад test выпрабаванне, даследаванне),

прылада, сістэма ці праграма для кантролю аб’ектаў даследаванняў (правільнасць функцыянавання, вымярэнне асн. параметраў, прыналежнасць да пэўнага класа і інш.). У вузкім сэнсе — камбінаваная электравымяральная прылада (напр., ампервальтомметр), прызначаная для праверкі работаздольнасці і наладкі радыёэлектроннай апаратуры.

т. 16, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕПІСКАПА́Т,

у каталіцтве сістэма царк. кіравання праз епіскапаў. Е. кожныя 5 гадоў павінны з’яўляцца ў Рым для справаздачы аб справах у епархіі. 2-гі Ватыканскі сабор (1962—65) заснаваў у якасці калегіяльных органаў кіравання нац. і рэгіянальныя канферэнцыі епіскапаў і Сінод епіскапаў пры пале.

т. 6, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ІНТЭРСПАДАРО́ЖНІК»,

міжнародная арганізацыя спадарожнікавай сувязі. Створана ў 1971 сацыяліст. краінамі, да якіх потым далучыліся інш. краіны (усяго 22 краіны; Беларусь з 1997). Месцазнаходжанне — Масква. «І.» належыць аднайменная сістэма касм. сувязі (рэтрансляцыя тэлевізійных перадач, тэлефонная, факсімільная сувязь і інш.) на аснове ШСЗ «Гарызонт» і «Галс».

т. 7, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯСО́ЧНЫ ГАДЗІ́ННІК,

найпрасцейшая прылада для вымярэння часу. 2 лейкападобныя пасудзіны (ці цэлая сістэма) злучаны вузкай гарлавінай; адна часткова запоўнена пяском. Прамежак часу, за які пясок праз гарлавіну перасыпаецца з адной пасудзіны ў другую, можа складаць ад некалькіх гадзін да некалькіх секунд. Гл. таксама Гадзіннік.

т. 13, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКВІВАЛЕ́НТНАСЦІ ПРЫ́НЦЫП,

сцвярджэнне, паводле якога поле прыцягнення ў невял. вобласці прасторы і часу (у якой яго можна лічыць аднародным і пастаянным у часе) па сваім праяўленні тоеснае паскоранай сістэме адліку (гл. Неінерцыяльная сістэма адліку). Э.п. даказаны эксперыментальна з вял. дакладнасцю. Гл. таксама Прыцягненне.

т. 18, кн. 1, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКСЕ́РГІЯ (ад грэч. ek, ex прыстаўка, што абазначае высокую ступень + ergon работа),

максімальная работа, якую можа выканаць тэрмадынамічная сістэма пры пераходзе з дадзенага стану ў стан раўнавагі з навакольным асяроддзем. Э. характарызуе крытэрый якасці розных відаў энергіі, яе іншы раз наз. працаздольнасцю сістэмы.

т. 18, кн. 1, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)