«БЕЛАРУ́СКАЯ ДУ́МКА»,
газета дэмакр. кірунку. Выдавалася з 28.4 да 27.7.1919 у Вільні на бел. мове 3 разы на тыдзень. У газеце супрацоўнічала інтэлігенцыя пераважна сацыялістычнай арыентацыі. Выступала за цэласнасць і непадзельнасць Беларусі, выкрывала анексійныя замахі Польшчы, заклікала да аб’яднання ўсе дэмакр. элементы краю, узнімала надзённыя пытанні розных пластоў і груп насельніцтва. Шырока асвятляла падзеі на Беларусі. Выйшла 56 нумароў. Закрыта польскай акупац. адміністрацыяй.
А.С.Ліс.
т. 2, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1772—77. Уваходзіла ў Пскоўскую губ. Цэнтр — г. Віцебск. Агульная пл. 851 284 дзесяціны. Паводле ўказа ад 22.7.1776 падзялялася на Веліжскі, Гарадоцкі і Віцебскі пав. Уключала 7 мястэчак, 166 сёл, 2910 вёсак; каля 175 тыс. чал. падатковага насельніцтва. З дзярж. уладанняў былі Віцебская эканомія і 17 старостваў. Узначальвалася ваяводам. Скасавана паводле «Устанаўленняў для кіравання губерняў Расійскай імперыі» (1775).
т. 4, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗНАЧЭ́ЙСКІЯ АБАВЯЗАЦЕЛЬСТВЫ,
дзяржаўныя каштоўныя паперы (аблігацыі, вэксалі і інш.), якія выпускаюцца ў абарачэнне казначэйствам або інш. упаўнаважаным на гэта фін. органам. Рэалізуюцца сярод банкаў, крэдытна-фін. устаноў, насельніцтва на розныя тэрміны і на розных умовах. Даюць права атрымліваць фіксаваны даход на працягу ўсяго тэрміну валодання гэтымі паперамі. Мэта выпуску К.а. — мабілізацыя грашовых сродкаў для папаўнення даходнай ч. бюджэту (пакрыццё дэфіцыту), афармленне дзярж. доўгу.
У.Р.Залатагораў.
т. 7, с. 434
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕКТЫ́ЎНЫЯ СРО́ДКІ ЗАСЦЯРО́ГІ,
збудаванні і сродкі для групавой аховы войск і насельніцтва ад сродкаў паражэння. Уключаюць: фартыфікацыйныя збудаванні (акопы, бліндажы, сховішчы, траншэі, укрыцці, шчыліны, збудаванні агнявыя і пунктаў кіравання і інш.); ахоўныя збудаванні грамадзянскай абароны; герметызаваныя мед. палаткі, спец. аўтамашыны з фільтравентыляцыйным абсталяваннем. Бываюць герметызаваныя (забяспечваюць ахову ад радыеактыўных, хім. і біял. сродкаў паражэння) і негерметызаваныя. Гл. таксама Засцярога ад зброі масавага знішчэння, Засцярога супраць іанізавальнага выпрамянення.
т. 7, с. 461
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯТА́ЛЬНАСЦЬ (ад лац. letalis смяротны), смяротнасць,
паказчык мед. статыстыкі: адносіны колькасці людзей, што памерлі ад хваробы, ранення ці няшчаснага выпадку да колькасці людзей, што хварэлі гэтай хваробай (параненыя, пацярпелыя, у %) за пэўны прамежак часу. Адрозніваюць Л. бальнічную, пазабальнічную, агульную і інш. Л. — адзін з паказчыкаў эфектыўнасці тэрапеўт. прэпаратаў, метадаў лячэння, тэрмінаў і паўнаты шпіталізацыі і інш. Л. адрозніваецца ад смяротнасці — частаты смерцяў сярод насельніцтва.
т. 9, с. 432
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́НДЗЕЕ,
энеалітычная культура Верхняй Аўстрыі і Зальцбурга (2-я пал. 3—1-я пал. 2-га тыс. да н.э.). Назва ад аднайм. паселішча на па́лях (у Аўстрыі). Для М. характэрны паселішчы на вяршынях пагоркаў, умацаваныя равамі і частаколамі. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, выкарыстоўвала медзь для вырабу плоскіх сякер, ромбападобных кінжалаў і ўпрыгожанняў. Адметныя рысы керамікі — канцэнтрычныя кругі, спіралі і зоркі, запоўненыя белай пастай.
І.М.Язэпенка.
т. 10, с. 519
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДСУСЕ́ДНІКІ, падсуседзі, суседзі,
назва катэгорый насельніцтва ў Расіі і ВКЛ 16—17 ст. У ВКЛ 16—1-й пал. 17 ст. П. — беззямельныя сяляне, што жылі ў вёсках і гарадах на чужых дварах (адсюль назва; гл. ў арт. Каморнікі). У Расіі П. — сяляне і пасадскія людзі, што разарыліся і не мелі ўласнай гаспадаркі. Пасяляліся ў дварах цяглых сялян і дапамагалі весці гаспадарку іх уладальнікам.
т. 11, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕБЕ́ЙСТВА,
прынятая ў гістарычнай л-ры назва бяднейшай ч. насельніцтва сярэдневяковых гарадоў Зах. Еўропы. У П. ўваходзілі збяднелыя цэхавыя рамеснікі, чорнарабочыя і падзёншчыкі, якія не ўваходзілі ў цэхавую арг-цыю, часткова чаляднікі, бадзягі, жабракі. З-за неаднароднасці сац. складу паліт. лінія П. была няўстойлівай. Найчасцей далучалася да сял. выступленняў (напр., сялянска-плебейскі кірунак Рэфармацыі ў Германіі і інш.). Актыўна ўдзельнічала ў ранніх бурж. рэвалюцыях.
т. 12, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т САЦЫЯЛО́ГІІ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі,
навукова-даследчая ўстанова. Засн. ў Мінску ў 1990. У складзе ін-та 7 навук. аддзелаў: сац. палітыкі, сацыялогіі працы і эканам. сацыялогіі, сацыялогіі асобы і сац. стратыфікацыі, сацыялогіі культуры, сацыялогіі навукі, сац. дэмаграфіі і занятасці насельніцтва, сац. псіхалогіі асобы і калектыву.
Асн. кірункі даследаванняў: дынамікі сац. структуры, інтарэсаў і патрэбнасцей розных груп і слаёў насельніцтва, асаблівасцей іх становішча і дзейнасці ў грамадстве; структуры рынку і мабільнасці рабочай сілы ва ўмовах развіцця рыначных адносін; паводзін асобы, сац. асаблівасцей іх узаемадзеяння ў экстрэмальных умовах канфліктаў і катастроф (уключаючы Чарнобыльскую); сацыялагічнае назіранне і прагназаванне эканам., сац. і паліт. працэсаў грамадскага развіцця ва ўмовах станаўлення незалежнасці Рэспублікі Беларусь і інш. Выдадзены працы: «Дэмаграфічныя асновы народнагаспадарчага планавання» А.А.Ракава (1990), «Вытокі хрысціянства: культурна-гістарычны генезіс» В.П.Оргіша (1991), «Сацыядынаміка навуковага калектыву» В.І.Русецкай (1992), «Сацыяльны суб’ект: матывы і дзейнасць» А.У.Рубанава (1994), «Эканамічная сацыялогія» Г.М.Сакаловай, «Катастрофы: сацыялагічны аналіз» Я.М.Бабосава (абедзве 1995), «Адукацыя ў трансфарміруемым грамадстве» В.А.Кліменкі (1996), «Асновы канфлікталогіі» Бабосава (1997) і інш. У Ін-це працуе акад. Нац. АН Беларусі Я.М.Бабосаў (дырэктар з 1990).
В.А.Кліменка.
т. 7, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́ЧЫНСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён, якія ў 3-й чвэрці 1-га тыс. н.э. (храналаг. рамкі: канец 4—9 ст., найб. абгрунтаваная дата 5—7 ст.) насялялі большую частку бас. Дзясны, Сейма, вярхоўяў рэк Сула і Псёл, Гомельскае і Магілёўскае Падняпроўе, ніжняе цячэнне Бярэзіны, левабярэжжа Прыпяці ад вусця Пцічы да зліцця з Дняпром. Назва ад гарадзішча каля в. Калочын Рэчыцкага р-на. Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем і хатнімі промысламі. Асн. тыпам пасяленняў былі неўмацаваныя селішчы; нешматлікія гарадзішчы служылі сховішчамі на выпадак ваен. небяспекі. Жыллё — аднакамерныя паўзямлянкі зрубнай ці слупавой канструкцыі (часта з апорным слупам у цэнтры), чатырохвугольныя ў плане. Характэрны адкрытыя агнішчы, трапляюцца печы-каменкі. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі пахаванняў на бескурганных і курганных могільніках, пахаванні урнавыя і ямныя. Насельніцтва вырабляла ляпныя гаршкі пераважна слоіка- і цюльпанападобных рабрыстых форм, а таксама прылады працы і зброю з жалеза, бронзавыя ўпрыгожанні і інш. Этнічная прыналежнасць К.к. спрэчная: В.В.Сядоў, І.П.Русанава, А.Р.Мітрафанаў, В.Б.Перхаўка адносяць яе да балтаў; П.М.Траццякоў, Э.А.Сымановіч, Я.А.Гаруноў, Л.Д.Побаль — да славян.
Алег Макушнікаў.
т. 7, с. 481
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)