КАРТЭ́С ((Cortes) Эрнан) (Эрнанда; 1485, Медэльін, Іспанія — 2.12.1547),

іспанскі канкістадор. Маркіз (з 1528—30). Вывучаў права ва ун-це г. Саламанка. З 1504 у Вест-Індыі, удзельнік заваявання Кубы (з 1511), прызначаны апошнім кіраўніком экспедыцыі (11 караблёў, каля 600 чал.) у Мексіку. У ходзе экспедыцыі (1519—21) заснаваў г. Веракрус, разбіў гал. сілы індзейцаў ацтэкаў, узяў у палон іх правадыра Мантэсуму II (гл. Мантэсума), дамогся ўстанаўлення ісп. панавання ў цэнтр. ч. Мексікі. У 1522—28 губернатар і капітан-ген. Новай Іспаніі (Мексікі), з 1529 капітан-генерал. У 1524—26 дасягнуў тэр. Гандураса, у 1532—33 адкрыў п-аў Каліфорнія. У 1528—30 і з 1540 на радзіме, удзельнік няўдалай антыпірацкай экспедыцыі ісп. караля Карла V у Алжыр (1541). Яго лісты-рэляцыі 1520—26 да ісп. караля — каштоўны літ. помнік часоў адкрыцця і заваявання Амерыкі.

Літ.:

Гуляев В.И. По следам конкистадоров. М., 1976.

т. 8, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЫЛЮ́К (Яўген Прохаравіч) (18.3.1902, Варшава — 24.6.1989),

украінскі літ.-знавец. Чл.-кар. АН Украіны (1957). Засл. дз. нав. Украіны (1972). Скончыў Кіеўскі ін-т нар. асветы (1926). У 1946—84 у Ін-це л-ры імя Т.​Шаўчэнкі АН Украіны. Аўтар больш як 800 прац, у т. л. кніг «Панцеляймон Куліш» (1929), «Украінскія пісьменнікі — рэвалюцыйныя дэмакраты і літаратуры заходніх і паўднёваславянскіх народаў» (1963), «Вечны рэвалюцыянер. Жыццё і творчасць Івана Франко» (1966), «Т.​Р.​Шаўчэнка. Жыццё і творчасць» (1959, 1964; Ленінская прэмія 1964), «Вук Караджыч і ўкраінская культура» (1978). Пад кіраўніцтвам К. створаны калектыўнае даследаванне «Шаўчэнказнаўства. Вынікі і праблемы» (1975), энцыклапедычны «Шаўчэнкаўскі слоўнік» (т. 1—2, 1976—77; Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1980). У даследаваннях «Шаўчэнка і славянскія народы» (1958), «Украінскі рамантызм у тыпалагічным супастаўленні з літаратурамі заходне- і паўднёваславянскіх народаў» (1973) і інш. Закранаў праблемы бел.-ўкр. літ. сувязей.

В.​А.​Чабаненка.

т. 8, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́МЕНСКАЯ ШКО́ЛА-КАМУ́НА,

доследна-паказальная прац. школа ў в. Лемень Чэрыкаўскага пав. Магілёўскай губ. Існавала ў 1920—24. Засн. бел. педагогамі М.​М.​Лепяшынскім і М.​І.​Кернажыцкім. Працягвала традыцыі Ліцвінавіцкай школы-камуны. Выкладаліся рус. мова і л-ра, франц. мова, гісторыя, грамадазнаўства, палітэканомія, фізіка, хімія, прыродазнаўства, псіхалогія, логіка, гігіена, фіз. культура. У школе спалучалася навучанне з прадукцыйнай с.-г. працай. Прац. навыкі набываліся ў працэсе самаабслугоўвання. Школа мела гаспадарку і майстэрні (сталярная, слясарная, шавецкая, пераплётная і інш.), дзе працавалі навучэнцы, а таксама метэаралагічную станцыю. Было развіта вучнёўскае самакіраванне. Дзейнічалі камісіі: прац., гігіенічная, культ.-масавая, харч., гаспадарчая. Працавалі гурткі — літ., драм., маст. самадзейнасці, с.-г., спартыўныя. Школа выпусціла каля 150 чал. Сярод яе выхаванцаў акад. АН Беларусі П.Ф.Ракіцкі, чл.-кар. АН Беларусі І.В.Гутараў, кампазітар І.І.Любан і інш.

Літ.:

Народная адукацыя і педагагічная навука ў Беларусі (1917—1945). Мн., 1993. С. 46—54.

т. 9, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТОЎСКІ ПРАВІНЦЫЯ́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т,

цэнтр падрыхтоўкі і кіраўніцтва паўстаннем 1863—64 у Беларусі і Літве, арганізацыйны цэнтр літ.-бел. «чырвоных». Утвораны ў Вільні летам 1862 з Камітэта руху. У Л.п.к. уваходзілі: Л.М.Звяждоўскі (старшыня да кастр. 1862), К.Каліноўскі, А.​Банольдзі, Э.І.Вярыга, Б.Ф.Длускі, А.І.Залескі, З.Б.Чаховіч. Пасля ад’езду Звяждоўскага ў Маскву (кастр. 1862) к-т узначаліў Каліноўскі, у яго склад уведзены І.І.Козел з Міншчыны. Прадстаўніком Цэнтр. (Варшаўскага) нац. к-та ў Л.п.к. быў Н.Дзюлеран. Афіц. орган Л.п.к. — газ. «Chorągiew swobody» («Сцяг свабоды»); для сялян Каліноўскі і яго аднадумцы выпускалі газ. «Мужыцкая праўда». За рэв.-дэмакр. праграму ў к-це паслядоўна змагаўся Каліноўскі. Л.п.к. стварыў свае структурныя ячэйкі і арганізацыі ў бел. і літ. губернях і паветах, збіраў грошы і зброю, вёў агітацыю, наладжваў сувязі з рэв. групамі ў арміі. З пачаткам паўстання ў Польшчы 20.1(1.2).1863 абвясціў сябе Часовым правінцыяльным урадам Літвы і Беларусі.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 9, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУПА́Н ((Lupan) Андрэй Паўлавіч) (15.2. 1912, в. Мігулены Рэзінскага р-на, Малдова — 27.8.1992),

малдаўскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Малдовы (1982). Акад. АН Малдовы (1961). Герой Сац. Працы (1982). Брат Г.П.Лупан. Скончыў Кішынёўскі с.-г. ін-т (1941). Друкаваўся з 1932. Першы зб. «Вершы» (1947) пра жыццё малд. вёскі, падзеі ваен. гадоў. У кнігах вершаў «Уступ у баладу» (1954), «Майстар-стваральнік» (1958), «Брат зямлі» (1959), «Закон гасціннасці» (1966, Дзярж. прэмія Малдовы 1967), «Магістралі» (1976) і інш. паглыбленае філас. асэнсаванне гісторыі і сучаснасці. Аўтар п’есы «Святло» (1948), зб. літ.-крытычных, публіцыстычных артыкулаў «Кнігі і гады» (1969). Пераклаў на малд. мову творы А.​Пушкіна, У.​Маякоўскага, Я.​Купалы. На бел. мову асобныя творы Л. пераклалі Р.​Барадулін, П.​Броўка, М.​Калачынскі. Дзярж. прэмія СССР 1975.

Тв.:

Рус. пер. — Ноша своя. М., 1975;

Добро носящий. М., 1980.

Літ.:

Портной Р. Андрей Лупан. Кишинев, 1959.

А.П.Лупан.

т. 9, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКЕ́ВІЧ (Багуслаў Казімір) (1625, в. Сэрвач Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 1683),

бел. грамадскі дзеяч, пісьменнік-мемуарыст. Сын С.І.Маскевіча. Адукацыю атрымаў у Навагрудку. у 1646—48 у войску І.​Вішнявецкага, з якім у 1647 пабываў у Запарожскай Сечы. У 1650 пакінуў вайск. службу. Быў ашмянскім маршалкам. Аўтар двух «Дыярыушаў» на польск. мове. У адным (ахоплівае 1643—49) замалёўкі ўкр. стэпаў, ваен. дзеянняў Вішнявецкага, М.​Патоцкага, М.​Каліноўскага, Я.​Радзівіла супраць Б.​Хмяльніцкага на Украіне і Беларусі. Падзеі пададзены з феад.-шляхецкіх пазіцый, хоць аўтар і не заўсёды прыхільна ставіцца да магнатаў. У другім апісана трыумфальнае шэсце рус. ваяводы І.​Хаванскага па Беларусі ў пач. 1660 і разгром яго войск 28.6.1660 аб’яднанымі сіламі літ. гетмана П.​Сапегі, польск. ваяводы С.​Чарнецкага і інш. каля в. Палонка Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.

Літ.:

Pamiętniki Samuela i Bogusława Kazimierza Maskewiczów. Wrocław. 1961.

А.​Ф.​Коршунаў.

т. 10, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ МУЗЫ́ЧНА-ЛІТАРАТУ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА.

Існавала ў 1-й пал. 1880-х г. ў Мінску. Арганізатар А.​Сакалоў, старшыня К.​Дзіберг. Аб’ядноўвала аматараў музыкі і л-ры. Статут (зацверджаны 24.9.1880) прадугледжваў пашырэнне муз. адукацыі, адкрыццё муз. школ, развіццё муз. мастацтва, падтрымку кампазітараў і выканаўцаў і інш. Т-ва ўключала літ., хар., арк. і драм. секцыі. Наладжвала канцэрты, у якіх сімф. аркестр выконваў творы І.​Гайдна, Л.​Бетховена, Дж.​Расіні, Ф.​Абера і інш., муз. вечарыны, лекцыі. Грашовыя сродкі складаліся з узносаў правадзейных членаў т-ва і членаў-наведвальнікаў. У рабоце т-ва ўдзельнічалі музыканты: скрыпачы М.​Ельскі, В.​Нядзведскі, Л.​Ступепь, піяністы А.​Марбург, К.​Пелегрыні і інш. Дзейнасць т-ва асвятлялася ў «Минских губернских ведомостях», у польскім перыяд. друку, у т. л. ў час. «Echo Muzyczne» («Музычнае рэха»).

Літ.:

Капілаў А.Л. Музычнае таварыства ў Мінску // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1980. № 4.

А.​Л.​Капілаў.

т. 10, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАВУЧА́ННЕ УЛАДЗІ́МІРА МАНАМА́ХА»,

помнік стараж.-рускай пісьменнасці 12 ст.; першы свецкі літ. твор. Напісана вял. кн. кіеўскім Уладзімірам Манамахам як запавет-настаўленне сваім дзецям. Створаны ў форме аўтабіяграфіі, твор прасякнуты дыдактычнымі павучаннямі і думкамі дзярж., паліт. і этнічнага характару. Аўтар наказвае сваім дзецям строга прытрымлівацца феад. правапарадку і дагавораў, кіравацца інтарэсамі дзяржавы, а не эгаістычнымі памкненнямі. Сцвярджаючы ідэал князя-патрыёта, цвёрдага ў рашэннях, адважнага ў паходах, Уладзімір Манамах навучаў іх быць працавітымі, імкнуцца да ведаў, маральнай дасканаласці. Асэнсоўваючы сваё жыццё, якое прайшло ў шматлікіх ваен. паходах, ён завяшчае нашчадкам прынцыпы гуманнасці і справядлівасці. У помнік уключана таксама пісьмо Уладзіміра Манамаха чарнігаўскаму кн. Алегу Святаславічу, якое вызначаецца веліччу бацькоўскага пачуцця, лірызмам і паэтычнасцю. Захавалася ў Лаўрэнцьеўскім летапісе.

Публ.: Памятники литературы Древней Руси: Начало рус. лит., XI — нач. XII в. М., 1978. С. 392-413, 459-463.

Літ.:

Лихачев Д. Великое наследие. 2 изд. М., 1980.

т. 11, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРА́МАВА (Антаніна Іванаўна) (н. 1.3.1926, с. Канскае Прыморскага краю),

бел. мастак у галіне маст. шкла. Скончыла Ленінградскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча імя Мухінай (1953). З 1959 на Барысаўскім хрусталёвым з-дзе. Карыстаецца пераважна халоднымі тэхнікамі дэкарыравання шкла — алмазнай і аптычнай гранямі, пескаструменнай апрацоўкай, траўленнем.

Літ.:

Беларускае мастацкае шкло: [Альбом]. Мн., 1978.

М.​М.​Яніцкая.

А.Абрамава. Дэкаратыўныя вазы «Паўночнае ззянне». 1976.

т. 1, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБУ́-ЛЬ-ГАЗІ́ (Бахадур-хан) (12.8.1603, г. Ургенч, Узбекістан — сак. 1664),

узбекскі пісьменнік, гісторык. Хівінскі хан. У творах («Радаслоўная туркменаў» і «Радаслоўнае дрэва цюркаў») ёсць каштоўныя звесткі пра жыццё і гісторыю розных плямёнаў Сярэдняй Азіі, шэраг нар. легендаў, паданняў, прымавак і прыказак.

Літ.:

Кононов А.Н. Родословная туркмен. Соч. Абу-л-Гази хана хивинского. М.; Л., 1958.

т. 1, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)