АБСЕНТЭІ́ЗМ [ад лац. absens (absentis) які адсутнічае],
1) абыякавыя адносіны насельніцтва да паліт. жыцця краіны, ухіленне ад удзелу ў ім. Асабліва выяўляецца ў нежаданні ўдзельнічаць у галасаванні на выбарах рознага ўзроўню. У большасці краін, у т. л. на Беларусі, удзел у галасаванні разглядаецца заканадаўствам як суб’ектыўнае права выбаршчыка. Паводле законаў Аўстрыі, Бельгіі, Грэцыі, Даніі і інш. краін галасаванне з’яўляецца грамадзянскім абавязкам выбаршчыка, за невыкананне якога прадугледжаны адпаведныя адм., крымінальныя і інш. санкцыі.
2) Форма землеўладання, пры якой уладальнік зямлі без непасрэднага ўдзелу у працэсе вытворчасці атрымлівае грашовы прыбытак г.зв. земляробскі абсентэізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТА́НТА БАЛКА́НСКАЯ,
саюз Грэцыі, Румыніі, Турцыі і Югаславіі. Заключаны 9.2.1934 у Афінах пад эгідай Францыі з мэтай захавання суадносін сіл на Балканах, што склаліся пасля 1-й сусв. вайны. Першапачаткова адпавядаў інтарэсам Францыі як сродак узмацнення яе пазіцый у краінах Паўд.-Усх. Еўропы. Дагавор аб стварэнні Антанты Балканскай прадугледжваў узаемную гарантыю бяспекі балканскіх граніц краін-удзельніц, а таксама ўзаемную дапамогу ў выпадку нападу на адну з іх. Дзеянні Германіі і Італіі, якія абапіраліся на фаш. групоўкі ў Грэцыі, Румыніі, Турцыі і Югаславіі, падарвалі франц. ўплыў на краіны Антанты Балканскай, у 2-ю сусв. вайну яна распалася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУК (Саламон Ільіч) (н. 1.7.1920, г. Рагачоў Гомельскай вобл.),
рускі этнограф. Чл.-кар.АНСССР (1987), д-ргеагр.н. (1965), праф. (1971). Засл. дз. нав. Расіі (1980). Скончыў Маскоўскі ун-т (1947). З 1956 у Ін-це этналогіі і антрапалогіі Расійскай АН. Распрацаваў тэарэт. прынцыпы, метады і спосабы этнічнага картаграфавання. Асн. працы па этнічнай геаграфіі і краіназнаўстве: «Колькасць і рассяленне народаў свету» (1962), «Насельніцтва зямнога шара» (1965), «Краіны і народы: Зямля і чалавецтва» і «Праблемы этнічнай геаграфіі і картаграфіі» (1978; усе ў сааўт.), «Насельніцтва свету: Этнадэмаграфічны даведнік» (2-е выд. 1986). Дзярж. прэмія СССР 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНЫ КО́ШЫК,
метад вымярэння сярэднеўзважанага курсу адной валюты ў адносінах да пэўнага набору інш. валют. Выкарыстоўваецца ў сувязі з увядзеннем у 1973 плаваючых валютных курсаў. Неабходны для разліку курсаў нац, валют, стварэння міжнар. грашовых адзінак (тыпу СДР, ЭКЮ і інш.), індэксацыі валюты цаны і валюты пазыкі ў міжнар.эканам. адносінах. Для разліку валютнага курса бяруць валюту некалькіх краін, вызначаюць удз. вагу дадзенай краіны ў сукупным валавым нац. прадукце і знешнегандл. абароце гэтых краін. Напр., для «пабудовы» СДР выкарыстана 5 нац. валют (долар ЗША, ням. марка, яп. іена, франц. франк, фунт стэрлінгаў Вялікабрытаніі) і ЭКЮ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́КІНГІ,
скандынавы — удзельнікі марскіх гандл. і заваёўніцкіх паходаў у канцы 8 — сярэдзіне 11 ст. ў краіны Еўропы. Напачатку займаліся пераважна гандл. абменам і рабаўніцтвам. У 10 ст. ўзніклі трывалыя дружыны вікінгаў, якія на мяжы 10 і 11 ст. ўвайшлі ў дзярж. механізм скандынаўскіх дзяржаў, што ў той час складваліся. Як сац. група вікінгі зніклі ў 11 ст. ў сувязі са стабілізацыяй феад. дзяржаў, умацаваннем гарадоў і купецтва, якое супрацьстаяла вікінгам. У Зах. Еўропе вікінгаў называлі нарманамі, на Русі — варагамі.
Судна вікінгаў. Рэканструкцыя паводле рэшткаў судна з кургана ў Гокстадзе (Нарвегія, 9 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ІНСКАЯ ПАВІ́ННАСЦЬ,
устаноўлены законам абавязак насельніцтва несці ваенную службу ва ўзбр. сілах сваёй краіны. Упершыню воінская павіннасць уведзена ў 1798 у Францыі законам пад назвай «канскрыпцыя». З мэтаю стварэння масавай арміі да сістэмы воінскай павіннасці паступова перайшлі Прусія (1814—15), Аўстра-Венгрыя (1868), Расія (1874; да гэтага існавала рэкруцкая павіннасць), Італія (1875) і інш. дзяржавы. Вялікабрытанія і ЗША, дзе войскі камплектаваліся праз вярбоўку, уводзілі ўсеагульную воінскую павіннасць у час 1-й і 2-й сусв. войнаў. У СССРваен. служба ажыццяўлялася на аснове абавязку воінскага. Гэты спосаб камплектавання ўзбр. сіл захаваўся і ў Рэспубліцы Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛА́Ц (Galaţi),
горад на У Румыніі, на левым беразе р. Дунай. Адм. ц. жудэца Галац. Вядомы з 14 ст. 325,8 тыс.ж. (1992). Гал. порт краіны на Дунаі (увоз жал. руды, коксу, бавоўны, абсталявання, вываз харч. тавараў), даступны для марскіх суднаў. Вузел чыг., аўтамаб., трубаправодных магістралей. Прамысл. цэнтр, які вылучаецца машынабудаваннем (суднабудаванне, чыг. майстэрні, сельскагаспадарчае, металаапрацоўка) і чорнай металургіяй (лістапракатны з-д, металург. камбінат). Тэкст. (баваўняная, лёна-пяньковая), швейная, харч. (мукамольная, мяса-малочная, рыба- і плодакансервавая), хім. (фарбы, лакі), дрэваапр., мэблевая, абутковая, буд. матэрыялаў прам-сць. Гіст. музей, музей сучаснага румынскага мастацтва. Арх. помнікі 15—17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНСА́ЛЕС МА́РКЕС ((Gonźalez Marquez) Феліпе) (н. 5.3.1942, г. Севілья, Іспанія),
палітычны і дзярж. дзеяч Іспаніі. Скончыў Севільскі ун-т (1966). Чл.Ісп.сацыяліст. рабочай партыі з 1964, з 1974 яе ген. сакратар. За ўдзел у студэнцкім і рабочым руху супраць дыктатуры Ф.Франка неаднаразова быў арыштаваны ўладамі. У 1982—96 прэм’ер-міністр Іспаніі. Праводзіў курс на ўмацаванне сістэмы парламенцкай дэмакратыі і інтэграцыю краіны ў Еўрапейскую эканамічную супольнасць, ініцыіраваў рэферэндум 1986, на якім большасць выбаршчыкаў ухвалілі членства Іспаніі толькі ў паліт. структурах НАТО. Аўтар працы «Што такое сацыялізм?» (1976).
Літ.:
Кулешова В.В. Фелипе Гонсалес // Вопр. истории. 1991. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЫ́,
бел.нар. гульня. Колькасць удзельнікаў не абмежаваная. Гульцы выбіраюць вядучага — адгадчыка, які выходзіць у суседні пакой або адыходзіць убок. Кожны выбірае назву горада, і калі вяртаецца адгадчык, яму гавораць: «Гарадоў прыгожых многа, ты знайдзі да іх дарогу, лепшы горад выбірай ды хутчэй называй!» Вядучы адгадвае да трох разоў. Калі адгадае, мяняецца месцам з гаспадаром правільна названага горада, калі не — яму кажуць: «Ну і ад’язджай у свой...» (назва горада, што сказаў адгадчык). Вядучы адыходзіць, гульцы выбіраюць назвы інш. гарадоў, і гульня паўтараецца. Выбіраюць гарады адной краіны ці вобласці, аб чым паведамляецца адгадчыку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАГІ́ЧНАЕ РАЯНАВА́ННЕ,
падзел тэрыторыі мацерыка, краіны, рэгіёна або іх частак на раёны, аднародныя па характары воднага балансу і гідралагічнага рэжыму паверхневых і грунтавых вод. Выконваецца на аснове вывучэння заканамернасцей фарміравання і велічыні сцёку, асаблівасцей рэжыму рэк і вадаёмаў, вызначэння іх агульных рыс і адрозненняў на пэўных прасторах. Тэр. Беларусі паводле асаблівасцей фарміравання сцёку падзяляюць на 6 гідралагічных раёнаў адпаведна асн. рачным басейнам: Заходнядзвінскі, Верхнедняпроўскі, Вілейскі, Нёманскі, Цэнтральнабярэзінскі і Прыпяцкі. Усе раёны, акрамя Нёманскага, падзяляюцца на падраёны. Гідралагічнае раянаванне мае значэнне пры вывучэнні рэжыму рэк, на якіх не вядуцца гідралагічныя назіранні, для рацыянальнага выкарыстання і аховы водных рэсурсаў.