САЮ́З БЕЛАРУ́СКАЙ ДЭМАКРА́ТЫІ,
грамадска-палітычная арг-цыя заходнерусісцкага кірунку, якая дзейнічала ў Гомелі ў крас.—ліст. 1917. Ініцыятарам стварэння саюза выступіла група работнікаў асветы і дзярж. служачых, эвакуіраваных з Вільні. На сходзе «беларусаў-дэмакратаў» 23 крас. выказана думка пра стварэнне С.б.д. з-за нязгоды з пастановамі з’езда Бел. нац. арг-цый (25—27 сак.) і непрызнаннем Беларускага нацыянальнага камітэта ў Мінску ў якасці кіруючага цэнтра нац. руху. Сход пастанавіў стварыць «Часовы беларускі дэмакратычны камітэт» з 10 чал., старшынёй к-та выбраны П.В.Каранкевіч, яго намеснікамі — Д.Г.Гулевіч, і Ф.В.Шышко. Дзейнасць саюза выявілася ў выступленнях супраць заклікаў набыцця нац. аўтаноміі, нацыяналізацыі школы і інш. На выбарах ва Устаноўчы сход С.б.д. аб’яднаўся з Беларускай народнай грамадой, Беларускім нацыянальным камітэтам у Магілёве і Аршанскім бел. к-там. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 саюз спыніў сваю дзейнасць.
Літ.:
Сяменчык М.Я. Беларускія палітычныя арганізацыі краю і іх дзейнасць у сакавіку—чэрвені 1917 г. // Культурна-нацыянальныя працэсы на Беларусі ў другой палове XIX — пачатку XX стст.: Зб. навук. прац. Мн., 1998.
М.Я.Сяменчык.
т. 14, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З ДАСЯГНЕ́ННЯ РАЎНАПРА́ЎЯ ЯЎРЭ́ЯЎ У РАСІ́І Існаваў з сак. 1905 да мая 1907. На Беларусі саюз дзейнічаў у Гомелі, Мінску, Гродне і інш. гарадах і мястэчках. Устаноўчы сход адбыўся ў крас. 1905 у Вільні, створаны цэнтр. камітэт саюза, у які ўвайшлі М.Вінавер (старшыня), Ю.Гесен (сакратар), С.М.Дубноў, Г.Б.Сліёзберг. Дзейнасць зводзілася да арганізац. мер для ўдзелу яўрэяў у выбарах у Дзярж. думу, прававой дапамогі яўр. насельніцтву. Чл. саюза выступалі за асіміляцыю яўрэяў у складзе Рас. імперыі (у адрозненне ад сіяністаў), за роўныя правы ў галіне адукацыі і культуры, за тэр аўтаномію. Па нац. пытанні падтрымлівалі партыю кадэтаў. Адбыліся 4 з’езды саюза. У сак. 1906 саюз перайменаваны ў «Таварыства раўнапраўя яўрэйскага народа ў Расіі». Чл. саюза ўдзельнічалі ў выбарах у 1 -ю Дзярж. думу (6 дэпутатаў увайшлі ў фракцыю кадэтаў) і 2-ю Дзярж. думу. Саюз меў друк. выданні: газ. «Еврейская жизнь» (1905—07), «Хроника еврейской жизни» (1905—06), «Еврейский выборщик» (1907). У маі 1907 саюз раскалоўся на «Яўрэйскую народную групу», Яўрэйскую нар. партыю (заснавальнік Дубноў) і сіянісцкую партыю.
Э.Р.Іофе, Э.А.Ліпецкі.
т. 14, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУХ ПРЫХІ́ЛЬНІКАЎ МІ́РУ,
міжнародны рух супраць войнаў і мілітарызму, які аб’ядноўвае барацьбітоў за мір незалежна ад іх нац. прыналежнасці, паліт. і рэліг. поглядаў. Першыя мясц. і нац. арг-цыі барацьбы за ўмацаванне міру ўзніклі ў 1948—49 у Францыі, Італіі, Польшчы, СССР, Японіі і ў інш. краінах. У міжнар. маштабе аформіўся на 1-м Сусв. кангрэсе прыхільнікаў міру (Парыж—Прага, крас. 1949), дзе быў створаны кіруючы орган Руху — Пастаянны к-т Сусв. кангрэсу прыхільнікаў міру, які ў ліст. 1950 пераўтвораны ў Сусветны савет міру (ССМ). Сакратарыят знаходзіцца ў г. Хельсінкі. Да канца 1980-х г. Р.п.м. карыстаўся значнай матэрыяльнай і ідэалаг. падтрымкай з боку кіраўніцтва СССР і КПСС. Р.п.м. правёў пад рознымі назвамі і сумесна з інш. арг-цыямі праціўнікаў вайны шэраг Сусв. кангрэсаў прыхільнікаў міру і рэгіянальных канферэнцый; арганізоўваў кампаніі па падпісанні Венскага звароту ССМ (1955), Стакгольмскай адозвы (1950), Пакта міру (1951); масавыя акцыі пратэсту супраць гонкі ўзбраенняў і іх размяшчэння ў сваіх краінах; склікаў Сусв. парламент народаў за мір (Сафія, 1980); выступае за вырашэнне міжнар. канфліктаў шляхам мірных перагавораў. У б. СССР прыхільнікаў міру аб’ядноўваў Савецкі к-т абароны міру. У 1951 на 1-й рэсп. канферэнцыі прыхільнікаў міру выбраны Бел. рэсп. камітэт абароны міру (з 1995 Бел. камітэт міру, БКМ). Ён накіроўвае дзейнасць барацьбітоў за мір у рэспубліцы, супрацоўнічае з ССМ і створанай у 1991 Міжнар. федэрацыяй міру і згоды (замест Сав. к-та абароны міру), якая аб’ядноўвае барацьбітоў за мір краін СНД. За сваю антываен. дзейнасць БКМ 15.9.1987 атрымаў ад ААН ганаровае званне «Пасланец міру» з уручэннем спец. дыплома ААН. Сярод найважнейшых мерапрыемстваў, арганізаваных БКМ (старшыня з 1995 І.С.Кірычэнка) у 1980—90-я г., прыём у Беларусі ўдзельнікаў 1-га Паліт. паломніцтва з Германіі ў рамках міжнар. праграмы «Пакаянне» (май 1988), зварот БКМ і 5 інш. бел. грамадскіх арг-цый да суайчыннікаў за мяжой і замежнай грамадскасці з просьбай аб аказанні дапамогі ахвярам Чарнобыльскай катастрофы (3.7.1989), Марш міру ў сувязі з 85-годдзем пачатку 1-й і 60-годдзем пачатку 2-й сусв. войнаў (1.7.1999 па маршруце: абеліск Перамогі ў Мінску — Курган Славы — Хатынь), мерапрыемствы ў рамках Тыдня міру—2000 (22—31.5.2000). БКМ у снеж. 1994 выступіў з заявай супраць баявых дзеянняў у Чэчні, у сак. 1999 — супраць бамбардзіровак сіламі НАТО Югаславіі. Чарговая Бел. рэсп. канферэнцыя прыхільнікаў міру адбылася 10.2.2000. Збор сродкаў на справы міру і сац. забеспячэння ажыццяўляе Фонд міру Рэспублікі Беларусь (засн. у жн. 1991 на базе Бел. аддзялення Сав. фонду міру).
т. 13, с. 475
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СВАБО́ДА»,
амерыканская радыёстанцыя, засн. ў г. Мюнхен (ФРГ) у 1952, ва ўмовах «халоднай вайны», для вядзення інфармацыйна-прапагандысцкай барацьбы супраць СССР. Упершыню выйшла ў эфір у сак. 1953 як радыё «Вызваленне», неўзабаве перайменавана ў «С.» Фармальна выступала ад імя няўрадавай арг-цыі «Камітэт барацьбы за вызваленне ад бальшавізму» (з 1964 «Камітэт вызвалення»), але ў пач. 1970-х г. камісія Кангрэса ЗША афіц. прызнала факт яе фінансавання амер. спецслужбамі з дзярж. бюджэтных крыніц. У 1977 рэдакцыя «С.» пры фармальным захаванні самастойнасці аб’яднана ў адным будынку з рэдакцыяй радыёстанцыі «Свабодная Еўропа» (засн. ў 1950). Да канца 1980-х г. на радыёстанцыі «С.» карэспандэнтамі і каментатарамі працавалі пераважна эмігранты і перабежчыкі з СССР, у т. л. з Беларусі, кіруючыя пасады займалі кадравыя амер. спецыялісты. У складзе рэдакцыі «С.» былі арганізаваны адпаведныя нац. рэдакцыі (у т. л. з 1954 беларуская), якія вялі перадачы на 17 мовах народаў СССР. Асн. кірункамі радыёперадач «С.» ў гэты перыяд былі крытыка сацыялізму, сав. ладу і нац.-дзярж. ўпарадкавання СССР. У іх асвятляліся негатыўныя з’явы з гісторыі і сучаснага жыцця СССР (у т. л. парушэнні правоў чалавека, рэпрэсіі палітычныя ў СССР), паведамлялася пра падзеі і здарэнні, якія замоўчваліся ў сав. сродках масавай інфармацыі, пра праваабарончы рух у СССР, пра дысідэнтаў; чыталіся літ. творы А.Зіноўева, У.Максімава, Б.Пастарнака, А.Салжаніцына і інш., што былі забаронены ў СССР. Распад СССР і спыненне «халоднай вайны» не прывялі да закрыцця «С.». Яна ператварылася ў адзін з прапагандысцкіх інструментаў амер.-натаўскай палітыкі глабалізму. У 1995 штаб-кватэра «С.» пераехала з Мюнхена ў Прагу. Створаны новыя карэспандэнцкія пункты, у т. л. ў Беларусі, Расіі і інш. краінах б. СССР. Абнавіўся апарат «С.». У карэспандэнцкіх пунктах у краінах СНД штатнымі супрацоўнікамі пачалі працаваць журналісты, арыентаваныя на зах. ліберальна-дэмакр. каштоўнасці. Некат. б. супрацоўнікі «С.» (М.Дэйч, С.Шусцер, М.Сакалоў і інш.) цяпер працуюць у рас. сродках масавай інфармацыі. Бел. служба «С.» вяшчае 8 гадз у суткі і мае інфарм., аналітычныя праграмы па эканам., культуралагічных, этнагр., гіст., рэлігіязнаўчых, краязнаўчых і інш. праблемах. Сярод былых і сучасных супрацоўнікаў бел. рэдакцыі «С.» С.Станкевіч, Я.Запруднік, Г.Айзенштат, В.Жданко, Ю.Дракахруст, А.Лукашук, С.Навумчык і інш. «С.» прапагандуе прынцыпы зах. дэмакратыі, ліберальнай эканомікі і з гэтых пазіцый асвятляе падзеі ў свеце, выступае супраць аднаўлення геапаліт. адзінства б. рэспублік СССР.
Літ.:
Вачнадзе Г.Н. Антенны направлены на Восток. 2 изд. М., 1977.
В.І.Боўш.
т. 14, с. 243
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«Вперед на врага» [газ., Бранскі міжраённы падп. камітэт КП(б)Б] 8/13
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЁВА РА́ДА НАРАДО́ВА (КРН, Krajowa Rada Narodowa, Нацыянальны савет краіны),
часовы прадстаўнічы орган улады ў Польшчы ў 1944—47. Створаны ў ноч на 1.1.1944 па ініцыятыве Польскай рабочай партыі з мэтай прыняцця на сябе дзярж. улады ў Польшчы пасля ўступлення на яе тэр. Сав. Арміі. КРН не прызнала легітымнасці прэзідэнта і ўрада Польскай Рэспублікі ў эміграцыі. У яе праграмнай дэкларацыі абвяшчаліся барацьба з ням.-фаш. акупантамі, стварэнне ў краіне часовага ўрада, ажыццяўленне сац.-эканам. рэформ, саюз з СССР, прынцыпы стварэння Арміі Людовай. У чэрв. 1944 КРН прызналі СССР і Саюз польскіх патрыётаў, пасля ўступлення на тэр. Польшчы сав. войск яе прадстаўнікі сфарміравалі 21.7.1944 Польскі камітэт нацыянальнага вызвалення, ператвораны 31.12.1944 у часовы ўрад Польскай Рэспублікі. З жн. 1945 КРН выконвала функцыі часовага парламента, яе працай кіраваў прэзідыум на чале з Б.Берутам. У склад КРН уваходзілі прадстаўнікі паліт. партый, прафсаюзаў, грамадскіх арг-цый, ваяводскіх нац. саветаў, арміі, інтэлігенцыі. КРН заключыла дагавор аб дружбе, узаемнай дапамозе і пасляваен. супрацоўніцтве з СССР (21.4.1945), прыняла закон аб нацыяналізацыі буйной і сярэдняй прам-сці, транспарту, банкаў і сродкаў сувязі (3.1.1946) і інш. Пасля абрання Заканад. сейма (4.2.1947) спыніла сваю дзейнасць.
т. 8, с. 442
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАСТО́ЦКАЯ АБЛАСНА́Я АНТЫФАШЫ́СЦКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліст. 1943 да ліп. 1944 на тэр. Беластоцкай вобл. на чале з абл. антыфаш. к-там. Першыя антыфаш. арг-цыі і групы ўзніклі ў 1941—42 пераважна ў тых нас. пунктах, у якіх у Зах. Беларусі быў развіты рэв. і нац.-вызв. рух пад кіраўніцтвам КПЗБ. Значную ролю ў фарміраванні сеткі антыфаш. руху ў Беластоцкай вобл. адыграў Брэсцкі міжраённы «Камітэт барацьбы з нямецкімі акупантамі». У ліст. 1943 Беластоцкі падп. абком КП(б)Б стварыў абл. антыфаш. к-т на чале з Д.К.Сукачовым. Да мая 1944 абл. арг-цыя аб’ядноўвала 86 арг-цый і груп (639 чал.), у т. л. Беластоцкую гар., Бельскую, Бранскую, Ваўкавыскую, Гродзенскую, Заблудаўскую, Крынкаўскую, Лапскую, Свіслацкую, Скідзельскую, Снядаўскую, Саколкаўскую раённыя антыфаш. арг-цыі. Падпольшчыкі вялі паліт. агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, падтрымлівалі цесную сувязь з партызанамі, перадавалі ім зброю, медыкаменты, харч. прадукты і інш., удзельнічалі ў стварэнні скрытага партыз. рэзерву (больш за 3 тыс. чал.). Яны спалілі ў Беластоку тэкст. ф-ку, у Гродне ўзарвалі 2 вагоны з авіябомбамі, пусцілі пад адхон некалькі эшалонаў, сістэматычна парушалі тэлеф.-тэлегр. сувязь ворага, вялі разведку, нападалі на гарнізоны і апорныя пункты акупантаў.
Л.В.Аржаева, П.П.Ліпіла.
т. 3, с. 70
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАМА́СТЫКА (ад грэч. onomastikos які адносіцца да наймення),
1) сукупнасць уласных імёнаў (анімія).
2) Раздзел мовазнаўства, які вывучае паходжанне, развіццё, структуру, функцыянаванне і пашырэнне ўласных імёнаў. Анамастыка падзяляецца на раздзелы ў адпаведнасці з катэгорыямі аб’ектаў, што носяць уласныя імёны: антрапаніміка (вывучае ўласныя асабовыя імёны, імёны па бацьку і прозвішчы людзей, імёны-мянушкі, псеўданімы), тапаніміка, тэаніміка (імёны багоў, міфал. істот), зааніміка (клічкі жывёл), касманіміка (назвы зон касм. прасторы, галактык і сузор’яў), астраніміка (назвы асобных нябесных целаў) і інш. У залежнасці ад моўных асаблівасцяў уласных імёнаў вылучаюць анамастыку літаратурную і дыялектную, рэальную і паэтычную (або маст. тэкстаў), сучасную і гіст., тэарэт. і прыкладную. Анамастычны матэрыял — своеасаблівы хавальнік шматлікіх, часта не зафіксаваных інш. крыніцамі фактаў гісторыі, культуры і мовы народа. Уласнымі імёнамі вучоныя цікавіліся з даўніх часоў, але як навука анамастыка сфарміравалася ў 1930-я г. У 1949 у Бельгіі створаны Міжнар. анамастычны камітэт пры ЮНЕСКА (з 1950 выдае час. «Onoma»). У развіццё анамастыкі зрабілі ўклад бел. мовазнаўцы Я.М.Адамовіч, Л.А.Акаловіч, М.В.Бірыла, В.П.Лемцюгова, М.Р.Суднік, Г.К.Усціновіч, І.Я.Яшкін.
Літ.:
Бірыла М.В., Лемцюгова В.П. Анамастычныя словаўтваральныя элементы ва ўсходне- і заходнеславянскіх мовах. Мн., 1973;
Перспективы развития славянской ономастики. М., 1980.
т. 1, с. 337
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫФАШЫ́СЦКІЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну,
падпольныя патрыятычныя арг-цыі, якія дзейнічалі пераважна ў зах. абласцях акупіраванай Беларусі. Узнікалі найчасцей па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам б. членаў КПЗБ і КСМЗБ. Асновай антыфашысцкіх арганізацый на Беларусі была ячэйка (група) з З—5 чал. на чале з сакратаром; 5—7 ячэек аб’ядноўваліся ў падраёны, 3—4 падраёны — у падп. раённую арг-цыю, якой кіраваў камітэт. На тэр. Беларусі дзейнічалі 2 абласныя (Беластоцкая і Брэсцкая), 3 акруговыя (Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая), 4 гарадскія (Беластоцкая, Брэсцкая, Гродзенская, Слонімская), 27 раённых антыфашысцкіх арганізацый, якія аб’ядноўвалі сотні груп, больш за 12 тыс. чал. Вакол іх групаваліся «сімпатыкі» (спачувальнікі), якія дапамагалі арганізоўваць барацьбу насельніцтва з акупантамі. Антыфашысцкія арганізацыі ўзаемадзейнічалі з партызанамі, дастаўлялі ім зброю, боепрыпасы, адзенне, медыкаменты, прадукты, здабывалі для іх разведінфармацыю, накіроўвалі да партызанаў мясц. жыхароў, вызваленых ваеннапалонных. Пасля стварэння падп. парт. органаў дзейнасць антыфашысцкіх арганізацый на Беларусі ўскладнілася, парт. к-ты часам вымушалі арг-цыі да самароспуску. Кіраўнікамі антыфаш. падполля былі І.П.Урбановіч, А.С.Азончык, М.Е.Крыштафовіч, Д.К.Сукачоў, Я.М.Афанасьеў, Б.І.Гардзейчык, А.М.Дурэйка, І.І.Жышко, А.Ф.Манкевіч, Ф.З.Місько, М.А.Несцярук, М.І.Паўлоўскі, М.М.Уладыка, М.Ф.Трында, В.В.Янушка і інш.
т. 1, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗЯМЛЯ́ І ВО́ЛЯ»,
рэвалюцыйная народніцкая арг-цыя ў Рас. імперыі ў 1876—79. Засн. ў Пецярбургу, назва з 1878. Арганізатары М.А. і В.А.Натансоны, А.Дз.Міхайлаў, Г.В.Пляханаў і інш. Складалася з «адміністрацыі» (кіруючы орган), груп «дзеравеншчыкаў», рабочай і дэзарганізатарскай. Філіялы арг-цыі меліся ў Маскве, Кіеве, Адэсе, Харкаве і інш. Праграма — сял. рэвалюцыя, нацыяналізацыя зямлі, замена дзяржавы федэрацыяй абшчын. Прадугледжвала дзеянні, накіраваныя на «дэзарганізацыю дзяржавы» — знішчэнне найб. шкодных ці вядомых асоб з урада. Тэрарыст. акцыямі кіраваў «выключны камітэт». Па паліт. поглядах былі анархістамі, падтрымлівалі т.зв. федэралісцкі інтэрнацыянал, створаны М.А.Бакуніным. Выдавалі час. «Земля и воля», «Листок «Земли и воли» і інш. Урадавыя рэпрэсіі, рэзкае абвастрэнне паліт. незадаволенасці і наспяванне рэв. сітуацыі прывялі да стварэння фракцыі тэрарыстаў. Супярэчнасці паміж прыхільнікамі рэв. прапаганды (Пляханаў і інш.) і абаронцамі паліт. барацьбы праз тэрор (Міхайлаў і інш.) прывялі да расколу «З. і в.» ў жн. 1879 на «Народную волю» і «Чорны перадзел». На Беларусі ў 1876—79 народніцкія гурткі існавалі пераважна сярод вучнёўскай моладзі — у Мінскай губ., Магілёве, Гродне, Горках. Сувязі з «З. і в.» ажыццяўляліся праз студэнтаў — ураджэнцаў Беларусі, якія вучыліся ў Пецярбургу, Маскве, Кіеве (С.Кавалік, І.Грынявіцкі і інш.).
Літ.:
Ткаченко П.С. Революционная народническая организация «Земля и воля» (1876—1879 гг.). М., 1961.
М.А.Сакалова.
т. 7, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)