ДЖЫДЗІ́ННЕ,

вадасховішча ў Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл., за 3 км на З ад в. Тышкавічы. Створана ў 1983 на месцы аднайм. возера. Пл. 2,5 км², даўж. 2,2 км, найб. шыр. 2 км, найб. глыб. 4,7 м, аб’ём вады 7 млн. м³. Напаўняецца вадой з р. Ясельда ў час веснавой паводкі. Схілы катлавіны спадзістыя, пясчаныя. Берагі нізкія, забалочаныя, месцамі пад лесам. Выкарыстоўваецца для арашэння зямель, рэкрэацыі.

т. 6, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕРВЯНІ́СКАЕ ВО́ЗЕРА, Кальніца,

у Гродзенскім р-не, у бас. р. Пыранка. за 32 км на ПнУ ад Гродна. Пл. 1,04 км², даўж. 3,9 км, найб. шыр. 420 м, даўж. берагавой лініі больш за 9 км.

Схілы катлавіны выш. 9—10 м, стромкія. пад лесам. Берагі пераважна супадаюць са схіламі. Праз возера цячэ р. Сламянка (злучае яго з азёрамі Вераўскае і Стаў), упадае ручай з воз. Чартова.

т. 6, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕЙДАСКО́П (ад грэч. kalos прыгожы + eidos выгляд + ...скоп),

трубка з аднолькавымі люстранымі пласцінкамі, замацаванымі пад вуглом 60°, і кавалачкамі каляровага шкла. Пры вярчэнні трубкі кавалачкі перакочваюцца і ўтвараюць каляровыя фігуры, адбіццё якіх у люстэрках стварае каляровы ўзор з трохпрамянёвай сіметрыяй, які паўтараецца яшчэ 3 разы па краях поля зроку. Вынайдзены Д.Брустэрам у 1817; пазней стаў цацкай. У пераносным сэнсе — хуткая змена падзей, асоб і інш.

т. 7, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПТУ́Р,

традыцыйны бел. галаўны ўбор замужніх жанчын; паўшарападобная ці плоская прызбораная на патыліцы шапачка з вушкамі, да якіх прышывалі стужкі для завязвання пад барадой. Бытаваў у Цэнтр. і Зах. Беларусі да пач. 20 ст. Шылі з фабр. тканін пераважна чырвонай гамы; вушкі і перад аздаблялі вышыўкай, тасьмой, рознакаляровымі стужкамі, бісерам. Надзявалі на тканку (круглы валік, на які накручвалі валасы), зверху часта завівалі намітку, завязвалі хустку.

т. 8, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РХУС (Århus),

горад у Даніі, на У п-ва Ютландыя. Адм. ц. амта Орхус. Вядомы з 10 ст. Каля 230 тыс. ж. (1999). Трансп. вузел. Порт у зал. Орхус-Бугт. Прам-сць: маш.-буд., нафтаперапр., хім., тэкст., харчовая. Ун-т. Рамана-гатычны сабор і цэрквы (11—15 ст.). «Стары горад» — арх. музей пад адкрытым небам (стараж. жылыя дамы з розных гарадоў Даніі). Музеі: маст. і гісторыі горада.

т. 11, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ШКА (Януш Станіслававіч) (каля 1568—13.1.1654),

вайсковы і дзярж. дзеяч ВКЛ. З роду Кішкаў. Вучыўся ў Падуі (Італія, 1624—26). Кальвініст, перайшоў у каталіцтва. З 1604 на вайск. службе. Удзельнік вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, у т. л. Кірхгольмскай бітвы 1605, вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, вайны з Турцыяй, у т. л. Хацінскай бітвы 1621. З 1610 староста парнаўскі, з 1621 ваявода полацкі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 абараняў Полацк (1633), вёў баі пад Смаленскам. З 1635 гетман польны, з 1640 староста дрыскі, з 1646 гетман вялікі ВКЛ.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 8, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДАГО́НКА,

машына цэнтрабежнага дзеяння для выдалення пчалінага мёду з сотаў. Складаецца з бака, ротара, касет, у якія ўстаўляюцца рамкі з сотамі, рэдуктара. Вярчэнне ротара — ад электрарухавіка або ручное.

Пры вярчэнні касет з рамкамі пад уздзеяннем цэнтрабежнай сілы мёд выдаляецца з сотаў, па сценках бака сцякае на дно і выпускаецца праз кран у пасудзіну. Бываюць хардыяльныя, у якіх мёд выдаляецца спачатку з аднаго боку сотаў, а пасля іх паварочвання — з другога, і радыяльныя, у якіх рамкі размешчаны рабром да сценкі і мёд выкідваецца адразу з абодвух бакоў.

Медагонкі: 1 — хардыяльная з касетамі; 2 — радыяльная з фільтрам.

т. 10, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРО́НІКАЎ МАНАСТЫ́Р, Андронікаў Спаса Нерукатворнага мужчынскі манастыр. Засн. каля 1360 у Маскве на беразе р. Яўза. Названы ў гонар першага ігумена — Андроніка. Арх. ансамбль уключае белакаменны 4-слуповы Спаскі сабор (1420—27) з фрагментамі фрэсак (1420-я г.), выкананых пад кіраўніцтвам Д.​Чорнага і А.​Рублёва, аднаслуповую трапезную (1504) з царквою Міхаіла Архангела (1694), сцены і вежы (17 ст.). З 1947 — музей-запаведнік стараж.-рус. мастацтва імя А.​Рублёва.

Спаскі сабор Андронікава манастыра.

т. 1, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛГЕБРАІ́ЧНЫ ВЫ́РАЗ,

матэматычны выраз, які складаецца з літар і лікаў, злучаных знакамі алг. дзеянняў: складання, аднімання, множання, дзялення, узвядзення ў ступень, здабывання кораня. Рацыянальны алгебраічны выраз адносна некаторых літар не змяшчае іх пад знакам кораня. Ірацыянальны алгебраічны выраз мае радыкалы, напр., x + y . Цэлы алгебраічны выраз адносна некаторых літар не змяшчае дзялення на выразы з гэтымі літарамі. Калі некаторыя з літар (або ўсе) лічыць пераменнымі, то такі алгебраічны выраз наз. алгебраічнай функцыяй.

т. 1, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДА́МЕНКА,

селішча і бескурганны могільнік кіеўскай культуры (паводле Л.​Д.​Побаля — позназарубінецкай) на Беларусі, каля в. Адаменка Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. (у л-ры вядома і пад назвай Абідня), ва ўрочышчы Абідня. Раскапана каля 25% плошчы селішча і 12 пахаванняў з трупаспаленнем на могільніку. Выяўлены рэшткі наземных слупавых жытлаў, 29 паўзямлянак зрубнай канструкцыі, шкляныя пацеркі, фібулы, манета Геты (209—212), падвескі з эмаллю (гл. Абідзенскія эмалі) і інш.

Жалезнае крэсіва з селішча Адаменка.

т. 1, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)