рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Пашыраны ў прэсных водах Еўропы і Пярэдняй Азіі. Жыве пераважна ў рэках з быстрай плынню, халоднай вадой, перакатамі, плёсамі і вірамі. Трымаецца ў месцах з пясчаным, камяністым або гліністым дном, каля берагоў з навіслымі над вадой кустамі і дрэвамі, пазбягае глею і ціны. На Беларусі трапляецца ва ўсіх значных рэках у невял. колькасці, пераважна ў Дняпры, Прыпяці, Бярэзіне, Сажы, Нёмане, Зах. Дзвіне. Нар. назвы галавель, клень, клянчук.
Даўж. да 80 см, маса да 8 кг. Цела падоўжанае, амаль цыліндрычнае, галава тоўстая, шырокая, крыху пляскатая (адсюль назва). Луска буйная, з цёмным абадком. Рот канцавы шырокі. Спіна цёмна-зялёная, амаль чорная, бакі серабрыстыя. Спінны і хваставы плаўнікі цёмна-сінія з жаўтаватым адценнем, грудныя аранжавыя, брушныя і анальны чырвоныя. Усёедны. Аб’ект рыбалоўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАПРЭ́ЕНКА (Уладзімір Пятровіч) (н. 3.1.1944, в. Антонаўка Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. мастак, прадстаўнік Віцебскай школы акварэлі. Скончыў Віцебскі пед.ін-т (1970). Творчасць вызначаецца пошукам новых сродкаў выразнасці, вобразным сімвалізмам каларыту. Тэматычныя кампазіцыі «У цэнтры зборкі касмічных караблёў» (1976), «Армагедон XX стагоддзя» (1992); паліпціхі «Праабражэнне», «Вяртанне майстра» (абодва 1993), трыпціх «Мой горад» (1994); пейзажы «Куточак старога Віцебска» (1968), «Адліга», «Вячэрні Віцебск» (абодва 1973), «Браслаўскі матыў» (1978), «У гарах Паміра» (1979), «Світанак», «Туман над возерам» (абодва 1983), «Моцны вецер» (1985), «Сонечны дзень у лесе» (1989), «Ціхі вечар» (1993), «Хмурая раніца» (1994), нацюрморты «Нацюрморт з рыбамі» (1968), «Сланечнік» (1980), «Макі» (1987), «Нацюрморт з рамонкамі» (1988), «Бэз», «Нацюрморт з ружамі» (абодва 1989), «Дары лесу» (1994), «Нацюрморт з ягадамі» (1995) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЙ МІКАЛА́ЕЎСКАЙ ЦАРКВЫ́ КО́МПЛЕКС,
помнік архітэктуры барока ў Магілёве. У комплексе мураваныя Мікалаеўская і Ануфрыеўская цэрквы, жылы дом (шпіталь), званіца, капліца, агароджа з брамай. Мікалаеўская царква. У 1636 кароль Уладзіслаў IV даў прывілей мітрапаліту П.Магіле на буд-ва ў Магілёве царквы св. Мікалая. Напачатку ўзведзены драўляныя царква і манаскія келлі. У 1669—72 пабудавана мураваная царква — трохапсідная крыжова-купальная базіліка з 8-гранным светлавым барабанам і цыбулепадобным купалам над сяродкрыжжам. Гал. фасад падзелены карнізам на 3 гарыз. ярусы і завершаны 2 вежамі з фігурным франтонам паміж імі. 1-ы ярус масіўны, аздоблены 3 паўцыркульнымі нішамі, 2-і — «глухой» аркатурай з ляпным расл. арнаментам і спаранымі нішамі з гіркамі, у 3-м такі ж аркатурны матыў больш насычаны дэкар. аздобай. Бакавыя фасады дэкарыраваны высокімі пілястрамі, крылы трансепта завершаны фігурнымі шчытамі. У інтэр’еры 4-ярусны іканастас (скразная разьба па дрэве, пазалота) работы мясц. майстроў, фрэскавая кампазіцыя «Тройца новазапаветная» (канец 17 ст.), сюжэтны і арнаментальны жывапіс 1-й пал. 18 — пач. 19 ст. Размалёўкі зроблены ў тэхніцы фрэскі і клеявымі фарбамі (захаваліся фрагментарна). Ануфрыеўская царква («цёплая», зімовая) пабудавана ў 1798. Уяўляе сабой крыжова-купальны аб’ём, над сяродкрыжжам — светлавы цыліндрычны барабан, завершаны сферычным купалам. Крылы трансепта завершаны трохвугольнымі франтонамі і дэкарыраваны пілястрамі. Жылы дом узведзены ў 17 ст. як шпіталь і царк. жылы дом. 1-павярховы прамавугольны ў плане будынак. Тарцовы фасад завершаны шчытом фігурнага абрысу і дэкарыраваны 3 спаранымі арачнымі нішамі. Агароджа з брамай будаваліся ў 17—18 ст. Агароджа мае 2 уваходы, зах. — гал. ўязная брама з лучковым праёмам. У паўд.-ўсх. баку ўбудавана 1-павярховая квадратная ў плане шатровая капліца. Званіца пабудавана ў 17—18 ст. Квадратнае ў плане 2-яруснае збудаванне з высокім шатровым дахам. Комплекс пашкоджаны ў Вял.Айч. вайну, цяпер на рэстаўрацыі. Некат. памяшканні комплексу займае жаночы манастыр. Таксама тут знаходзіцца рэзідэнцыя архіепіскапа магілёўскага і мсціслаўскага Максіма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ТЫК (ад грэч. attikos атычны),
сценка над карнізам, якая завяршае будынак і мае дэкар. значэнне. Часам адпавядае невысокаму паверху (т.зв. атыкавы паверх). Узнік у архітэктуры Стараж. Грэцыі, пашыраны ў Стараж. Рыме ў выглядзе высокай сценкі, якая завяршала трыумфальную арку і афармлялася рэльефамі або надпісамі. Выкарыстоўваўся ў архітэктуры готыкі, найб. шырока — у архітэктуры Адраджэння, барока, класіцызму. Асн. разнавіднасці атыка: суцэльны, балюстрадны і аркадны, грабеньчаты, шчытавы. На Беларусі вядомы з 16 ст. ў рэнесансавых палацах, грамадскіх будынках, храмах. Пашыраны ў 1950-я г. ў архітэктуры жылых і грамадскіх пабудоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫЗ (ад франц. brise лёгкі вецер),
мясцовы вецер на ўзбярэжжы мораў, вял. азёр, вадасховішчаў і рэк. Двойчы на працягу сутак мяняе напрамак: дзённы брыз дзьме з воднай паверхні на нагрэтую сушу, начны — наадварот. Абумоўлены нераўнамерным награваннем паветра над паверхняй вадаёма і сушы. Скорасць 2—5 м/с. Найб. бывае летам пры ўстойлівых антыцыклонах, ахоплівае слой паветра да 1 км, пашыраецца на 10—50 км ад берагавой лініі. Найчасцей назіраецца ў тропіках. На Беларусі адзначаецца на вял. вадаёмах, скорасць каля 2 м/с.
Да арт.Брыз. Схема цыркуляцыі паветра ў дзённым і начным брызе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАВЕ́ЛЬСКАЯ Ю́Р’ЕЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства 18 ст. Пабудавана ў 1766 у в. Валавель (Драгічынскі р-н Брэсцкай вобл.) як уніяцкая. Мае рысы стылю барока. Прамавугольны асн. зруб і выцягнутая 5-гранная апсіда накрыты агульным гонтавым дахам. На гал. фасадзе тарэц даху вырашаны як спалучэнне крывалінейнага франтона з паўвальмай і 2 чацверыковымі вежамі па баках, завершанымі 6-граннымі шыйкамі і галоўкамі над імі. Складаныя формы завяршэнняў маюць шматлікія заломы і выгіны. Па баках апсіды сіметрычныя нізкія рызніцы, пры ўваходзе — тамбур.
Літ.:
Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся. XVII—XIX стст. Мн., 1978.
рускі пісьменнік. Скончыў Ленінградскі ін-т журналістыкі. Аўтар раманаў «Вышыня» (1952, пра будаўнікоў з-да на Паўд. Урале), «Зямля, да запатрабавання» (1970, пра лёс сав. разведчыка Л.Маневіча), «Ахвота да перамены месцаў» (1979, пра новабудоўлі на Ангары), аповесцяў «Капля крыві» (1960), «Форма адзення зімовая» (1965), «Дах над галавой» (1974), «Стары і яго вучні» (1981) і інш. Тэме Вял.Айч. вайны прысвяціў зб-кі аповесцяў і апавяданняў «Гонар пяхоты» (1946), «Учора была вайна» (1975), «Па старой Смаленскай дарозе» (1979) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАЦАРКО́ЎСКІ ДАГАВО́Р 1651.
Падпісаны гетманам Украіны Б.Хмяльніцкім і камісарам польск. ўрада каронным гетманам М.Патоцкім 28 вер. пад Белай Царквой у час вызваленчай вайны ўкраінскага народа 1648—54. Паводле Белацаркоўскага дагавора колькасць рэестравых казакоў змяншалася з 40 да 20 тыс.чал.; ім дазвалялася жыць толькі ў Кіеўскім ваяводстве, укр. гетман падпарадкоўваўся польск. кароннаму гетману; польскай шляхце вярталіся б. маёнткі і прыгонныя. Стаў вынікам ваенных няўдач казацка-тат. войска пад камандаваннем Хмяльніцкага, яго паражэння пад Берастэчкам (1651). Белацаркоўскі дагавор скасаваны ў 1652 пасля перамогі Хмяльніцкага над польск. войскамі пад Батогам на Брацлаўшчыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЙСБЕРГ (англ. iceberg),
ледзяная гара, вялікі масіў мацерыковага або шэльфавага лёду, які плавае ў акіяне, моры або ляжыць на мелі. Утвараецца ад абломвання ледавіка, што спускаецца ў ваду. Над вадой узвышаюцца да 70—100 м, б.ч. аб’ёму (да 90%) пад вадой. Асн. раёны ўтварэння айсберга — шэльфавыя ледавікі Антарктыды, а-вы Канадскага Арктычнага архіпелага, Грэнландыя. Могуць служыць крыніцай прэснай вады пры буксіроўцы да засушлівых прыбярэжных раёнаў Аўстраліі, Паўд. Амерыкі, Афрыкі і Аравійскага п-ва. Сутыкненне з айсбергам — прычына гібелі многа суднаў («Тытанік» у 1912, «Хедтафт» у 1959).
Утварэнне айсберга.Айсберг каля берагоў Грэнландыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЦЭ́НТ (ад лац. accentus націск),
1) тое, што націск.
2) Знак націску над літарай («вада́»).
3) Асаблівасці вымаўлення, уласцівыя асобе, якая гаворыць не на роднай мове.
4) Вылучэнне, падкрэсліванне таго, што з’яўляецца найб. важным, галоўным у артыкуле, маст. творы і г.д. 5) У музыцы — вылучэнне, падкрэсліванне гуку або акорда. Адрозніваюць акцэнт дынамічны (узмацненне гучання), метрычны (вылучэнне апорных доляў такта), рытмічны (перанясенне націску з апорных доляў на слабыя — сінкопа, рытмічнае падаўжэнне гуку), агагічны (затрымка або зацягванне гуку), меладычны (вылучэнне гуку меладычным скачком або арнаментальнай фігурай). Сродкам акцэнтавання служыць і раптоўная змена гармоніі, тэмбру і інш.