ЕЛЬСК,

горад, цэнтр Ельскага р-на Гомельскай вобл. За 177 км ад Гомеля. Чыг. ст. на лініі Калінкавічы—Оўруч (Украіна). 11,2 тыс. ж. (1997).

Паводле пісьмовых крыніц вядомы з 16 ст., у Мазырскім пав. ВКЛ. Меў таксама назву Каралін. Належаў Спадам, Казіміру Аскерку.

З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка ў Мазырскім пав. У 1886 у Е. 44 двары, вінакурны з-д, 3 крамы, школа, царква, з 1873 чыг. станцыя; у 1897—600 ж. З 1924 цэнтр Каралінскага раёна, з 1931 — Ельскага раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У 1939—3,9 тыс. ж. У Вял. Айч. вайну з 23.8.1941 да 11.1.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Е. і раёне 5435 чал. Дзейнічала Ельскае патрыятычнае падполле. 4,8 тыс. ж. у 1959; 6,7 тыс. ж. у 1971. З 5.7.1971 горад.

Прадпрыемствы лесанарыхтоўчай, дрэваапр., харч., буд. матэрыялаў прам-сці. Дзейнічае Ельскі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў, партызан і падпольшчыка. Помнік архітэктуры — Ельская Троіцкая царква (1769—80).

т. 6, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ДНЯ,

вёска ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Лабжанка, на скрыжаванні аўтадарог на Клімавічы, Касцюковічы, Хоцімск. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы. За 17 км на ПдУ ад г. Клімавічы, 141 км ад Магілёва, 10 км ад чыг. ст. Асмолавічы. 733 ж., 261 двор (2001). Сярэдняя школа. Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя. аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

У 1727 сяло ў Крычаўскім старостве ВКЛ, у 1747 дзярж. ўласнасць, 20 двароў. З 1772 у Рас. імперыі. У 1780 мястэчка ў Клімавіцкім пав. Магілёўскай губ., 289 ж., 76 двароў, драўляная царква. У пач. 19 ст. прыватнае ўладанне, вінакурны з-д. У 1880—455 ж., 78 двароў, вадзяны млын, нар. вучылішча, мураваная царква, малітоўная школа; у 1897—834 ж., 122 двары, крупадзёрка. З 1924 вёска, цэнтр сельсавета Клімавіцкага р-на Калінінскай, у 1926—30 — Магілёўскай акруг, з 1938 — Магілёўскай вобл. У 1926 у Р. 471 ж., 88 двароў. У 1967 да Р. далучана в Пачаеўка.

У.​У.​Бянько.

т. 13, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСА́Я,

вёска ў Дуброўскім с/с Ушацкага р-на Віцебскай вобл. За 28 км на У ад г.п. Ушачы. 32 ж., 23 двары (2002).

Вядома з 16 ст. як маёмасць Савічаў і Есьманаў у Полацкім ваяв. ВКЛ. У 1552 ва У. 17 дымоў вольных сялян і 4 дымы, якія належалі царкве св. Спаса. З 1563 цэнтр Усайскай вол.

З 1662 уладанне вознага Левашкевіча. У 19 ст. вёска — цэнтр маёнтка ў Лепельскім пав. У 1808 пабудавана Пакроўская царква, у 1864 адкрыта нар. вучылішча, меўся хлебазапасны магазін, штогод адбываліся 2 кірмашы. У 1878 сяло — цэнтр воласці, уладанне памешчыцы Г.​Сомішчавай. У 1886—312 ж., 41 двор, валасное праўленне; у 1905—428 ж., 60 двароў. З 1924 цэнтр Усайскага с/с Ульскага раёна, у 1925—498 ж., 109 двароў. З 1931 ва Ушацкім р-не. З 1938 у Віцебскай вобл. У Вял. Айч. вайну ў 1943 ням. фашысты спалілі вёску і загубілі 46 ж. З 1954 у Дуброўскім с/с. Помнік ахвярам фашызму.

В.​В.​Віталёва.

т. 16, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДАНО́ВІЧ Іпаліт Фёдаравіч (3.1.1744, мяст. Перавалочная Палтаўскай вобл., Украіна — 18.1.1803),

рускі паэт. Скончыў Маскоўскі ун-т (1761). Рэд. газ. «Санкт-Петербургские ведомости» (1775—82) і інш. Аўтар зб. вершаў «Ліра» (1773), паэмы «Асаблівае шчасце» (1765), зб. «Рускія прыказкі» (1785), лірычнай камедыі «Радасць Душачкі» (1786), драмы «Славяне» (1788) і інш. Лепшы твор — паэма «Душачка» (1773, поўнае выд. 1783) — вольны пераклад рамана Ж.​Лафантэна «Каханне Псіхеі і Купідона». Перакладаў Вальтэра, Ж.​Ж.​Русо, Д.​Дзідро і інш.

т. 2, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖО́ЛУД,

аднанасенны плод, часткова або цалкам заключаны ў чашападобную дзеравяністую плюску, якая ўтвараецца са зрослых восей прыкветнікаў рэдукаванага суквецця. Характэрны для раслін сям. букавых: дуба (змяшчае ў плюсцы толькі 1 Ж.), бука і каштана (у плюсцы па 2—3 Ж.). У кожным Ж. адно семя, якое складаецца з зародка. 2 мясістых семядолей і абалонкі. Мае ў сабе вугляводы (пераважна крухмал), пратэін, дубільныя рэчывы. Выспяваюць восенню. Выкарыстоўваюць як корм для жывёлы, сурагат кавы.

т. 6, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ШАСЦЁРКА»,

творчая садружнасць франц. кампазітараў-наватараў, якая склалася пасля 1-й сусв. вайны і існавала ў 1920-я г. ў складзе: ідэолагі Ж.​Както, Э.​Саці, члены А.​Анегер, Ж.​Арык, Л.​Дзюрэй, Д.​Міё, Ф.​Пуленк, Ж.​Тайфер. Розных па творчых устаноўках кампазітараў аб’ядноўвала імкненне да навізны і адначасова да прастаты, канструктыўнай яснасці муз. мовы, непрыяцце непрыманне* музыкі імпрэсіянізму.

Літ.:

Дюмениль Р. Современные французские композиторы группы «Шести»: Пер. с фр. Л., 1964.

т. 17, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ША́МАВА,

вёска ў Раздзельскім с/с Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл., каля аўтадарогі Мсціслаў—Горкі. За 34 км на ПнЗ ад г. Мсціслаў, 100 км ад Магілёва, 18 км ад чыг. ст. Цёмны Лес. 125 ж., 56 двароў (2003). Дом культуры, б-ка. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнікі ахвярам фашызму і землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

Вядома з пач. 18 ст. У 1737 вёска ў Мсціслаўскай правінцыі, мела драўляную царкву. З 1777 мястэчка, 2 разы на год адбываліся кірмашы. З 1784 цэнтр воласці Мсціслаўскага пав. У 1846 у Магілёўскім пав., 314 ж. У 1861 мястэчка ў Мсціслаўскім пав., 489 ж., 105 двароў, школа, царква. У 1879 засн. ваўначоска і крупадзёрка. У 1880—741 ж., 91 двор, школа, лячэбніца, аптэка, царква, 30 крам. У 1897—917 ж., 107 двароў, 2 крупадзёркі, вадзяны млын, паштовае аддз., хлебазапасны магазін, 32 крамы, 4 карчмы; праводзіліся 7-дзённы кірмаш і 2-дзённы таржок. З 20.8.1924 да 29.8.1959 цэнтр сельсавета Мсціслаўскага р-на. У 1929 пабудаваны торфазавод, дзейнічалі сукнавальня, шавецкая майстэрня, мех. млын. У 1940—920 ж., 228 двароў. У Вял. Айч. вайну ням. фашысты ў ліст. 1941, ліп. 1942 і вер. 1943 палілі вёску, загубілі 500 жыхароў.

М.​Б.​Батвіннік.

т. 17, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАРАБЕ́Ц,

палаваспелы самец каня. Племянное выкарыстанне пачынаюць з 3-гадовага ўзросту. Пры адборы Ж. ўлічваюць паходжанне, канстытуцыю, працаздольнасць, палавую патэнцыю, пладавітасць. Ж. захоўваюць высокую патэнцыю пры аптымальных умовах утрымання да 16—20 гадоў.

т. 6, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЛЕ́ЛЬНЫ ПЕРАНО́С,

пераўтварэнне прасторы ці яе часткі (напр., пераход ад адной фігуры да другой), пры якім усе пункты зрушваюцца ў адным і тым ж напрамку на адну і тую ж адлегласць.

Паралельны перанос.

т. 12, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГА́ЦЬКАЎКА,

вёска ў Беларусі, у Раздзельскім с/с Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл., на р. Рамясцвянка. За 23 км на ПнЗ ад Мсціслава, 104 км ад Магілёва, 27 км ад чыг. ст. Ходасы. 100 ж., 66 двароў (1993).

У 1834 — 116 ж., 28 двароў, уласнасць памешчыка. У пач. 20 ст. існавалі 2 вёскі: Вял. Багацькаўка (172 ж., 30 двароў) і Малая Багацькаўка (160 ж., 21 двор) у складзе Шамаўскай вобласці Мсціслаўскага пав. У Вял. Айч. вайну з 14.7.1941 да 29.9.1943 вёскі акупіраваны ням. фашыстамі. У 1976 аб’яднаны ў адну вёску. Малая Багацькаўка — радзіма бел. пісьменніка Максіма Гарэцкага і бел. вучонага, акад. АН Беларусі Г.І.Гарэцкага. Музей М.​Гарэцкага.

Да арт. Багацькаўка. Хата Гарэцкіх у бы-лой в. Малая Багацькаўка.

т. 2, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)