паселішча эпохі верхняга палеаліту касцёнкаўска-вілендорфскай культуры каля в. Бердыж Чачэрскага р-на Гомельскай вобл.; адно з самых стараж/ паселішчаў на тэр. Беларусі. Яго ўзрост 27—25 тыс.гадоў. Адкрыта ў 1926, даследавана ў 1927—29, 1938—39, 1958—60, 1967—71. Культурны пласт 0,3—0,7 м. Выяўлены рэшткі 4 жытлаў з адкрытымі агнішчамі і 5 гасп. ям, у будаўніцтве якіх выкарыстаны чарапы, буйныя плоскія і трубчастыя косці маманта і інш. жывёл. Знойдзены крамянёвыя прылады працы (наканечнікі коп’яў, разцы, нажы-кінжалы, скрабкі, адбойнікі і інш.), пласціны з біўня маманта з геам. арнаментам.
Скопішча касцей маманта на паселішчы Бердыж (раскопкі 1928).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРЛАКІ́,
1) наёмныя рабочыя, якія перамяшчалі рачныя судны ўручную пры дапамозе канатаў і вёслаў. У Расіі з’явіліся з 16 ст. Бурлацтва было выклікана ростам перавозак пры тэхн. недасканаласці рачнога транспарту. На Беларусі працавалі на ўсіх вял. рэках: Дняпры, Прыпяці, Нёмане, Бугу, Зах. Дзвіне, Бярэзіне, а таксама на Дняпроўска-Бугскім і Агінскім каналах. У 17—19 ст. бурлацтва на Беларусі стала самастойным і адыходніцкім промыслам (гл.Адыходніцтва). У бурлакі наймаліся мужчыны (зрэдку і жанчыны) з вял. фізічнай сілай ва ўзросце ад 20 да 50 гадоў. Узнікненне і пашырэнне параходства ў канцы 19 ст. выцесніла бурлацтва.
2) Бяздомныя халастыя або ўдовыя бяздзетныя людзі, якія вялі гаспадарку адасоблена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́РСАЎ (Іван Цярэнцьевіч) (н. 19.12.1927, г. Клімавічы Магілёўскай вобл.),
рускі паэт, перакладчык. Скончыў Літ.ін-т імя Горкага ў Маскве (1962). Працаваў у час. «Нёман», у выд-ве «Молодая гвардия» (Масква). Друкуецца з 1953. Аўтар зб-каў паэзіі «Грамата гадоў» (1977), «Пясочны гадзіннік» (1981), «Круг» (вершы, паэма, 1986), кніг вершаў і казак для дзяцей «Едзе лес» (1961), «Вясёлыя небыліцы» (1970), «Краіна Блакітнага Сонца» (1973), «Казкі, поўныя цудаў» (1979), «Сорак сарок» (1988) і інш. Перакладае з бел. і ўкр. моў на рускую (зб-кі паэзіі А.Астрэйкі, Р.Барадуліна, Д.Бічэль-Загнетавай, П.Броўкі, Г.Бураўкіна, В.Зуёнка, У.Караткевіча, Е.Лось, К.Цвіркі і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЫКІ́»,
валуны, помнік прыроды на Беларусі. 2 блокі чырвонага буйназярністага граніту за 4 км на Пн ад в. Іканы Барысаўскага р-на Мінскай вобл., на З ад дарогі Зембін—Бягомль. Даўж.паўн. блока 3 м, шыр. 1,8 м, паўд. — адпаведна 2,5 м і 1,4 м, выш. да 2,1 м, агульны абвод 14,3 м. Аб’ём 17 м³, маса каля 50 т. Прынесены са Скандынавіі каля 200 тыс.гадоў назад. На паверхні «быкоў» расце 21 від лішайнікаў і 8 відаў імхоў, сярод якіх ёсць рэдкія. Назва «быкоў» звязана з легендай, паводле якой Бог ператварыў у камяні быкоў і аратага, што працаваў на Вялікдзень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮДЖЭ́ТНАЕ АБСЛЕ́ДАВАННЕ,
выбарачнае статыст. вывучэнне сямейных бюджэтаў для атрымання звестак пра жыццёвы ўзровень розных сац. груп насельніцтва. Пры бюджэтным абследаванні выбіраюць розныя па матэрыяльнай забяспечанасці тыпы сем’яў (па іх згодзе) і сістэматычна абследуюць на працягу года ці некалькіх гадоў: робяць апытанні дарослых членаў, выкарыстоўваюць іх запісы пра свае даходы і расходы, а таксама некаторыя дакументы (разліковыя ведамасці, пенсіённыя кніжкі і г.д.). Потым з генеральнай сукупнасці сем’яў выбіраюць найб. тыповыя і атрымліваюць звесткі пра аб’ёмы і структуру даходаў і расходаў гэтых сем’яў у розных сац. групах. Першае на Беларусі абследаванне бюджэтаў рабочых і служачых праведзена ў 1921, бюджэтаў сялян — у 1922, пазней бюджэтнае абследаванне сталі сістэматычныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАНЫ́ (Ovis),
род парнакапытных жывёл сям. пустарогіх. 2 віды: архар і баран снежны (Ovis canadensis). Абодва ўтвараюць вял. колькасць геагр. расаў. Пашыраны ў Азіі і зах. раёнах Паўн. Амерыкі, у Еўропе — у запаведніках і паляўнічых гаспадарках. Жывуць у гарах.
Даўж. цела да 2 м, выш. ў карку 0,65—1,25 м, маса 25—230 кг. Рогі ў самцоў вялікія, масіўныя, выгнутыя, даўж. да 1,9 м, масай да 30 кг. У самак рогі меншыя, часам адсутнічаюць. Кормяцца травяністай расліннасцю. Штогод нараджаюць 1—2 ягнят. Жывуць да 20 і болей гадоў. Продкі авечкі свойскай, выкарыстоўваюцца для гібрыдызацыі з яе пародамі. Маюць паляўнічае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ІНВАЛІ́ДАЎ ЗРО́КУ,
грамадская арг-цыя. Засн. ў 1924. Прымае асоб ва ўзросце ад 16 гадоў. Налічвае больш за 90 тыс. членаў (1995). Асн. мэта — сац.-прац. рэабілітацыя інвалідаў па зроку і іх інтэграцыя ў грамадстве. Цэнтр. праўленне ў Мінску. У складзе т-ва 6 абл. і больш за 130 раённых арг-цый; дзейнічаюць 17 навуч.-вытв. прадпрыемстваў (у Барысаве, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, Мазыры, Маладзечне, Мінску, Навагрудку, Оршы, Полацку, Чэрвені і інш.); культ.-асв. цэнтр (цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, студыя гуказапісу, камерны хор «Кантус», эстрадны аркестр, клубы і дамы культуры). Друкаваны орган — «Цэнтральная газета», працуе радыёчасопіс «Таварыш».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БААБА́Б (Adansonia digitata),
від кветкавых раслін сям. бамбаксавых, або баабабавых. Пашыраны ў афр. саваннах. Інтрадукаваны на Мадагаскар і ў засушлівыя трапічныя раёны Азіі. Жыве да 4—5,5 тыс.гадоў.
Дрэвы выш. да 25 м з тоўстым (дыям. да 4—10 м) ствалом і разгалістай кронай. Драўніна рыхлая, з вял. запасам вады, часта загнівае, таму ствол баабаба звычайна пусты. Лісце пальчата-складанае, у засушлівы перыяд ападае. Кветкі адзіночныя, 12—20 см у дыяметры, белыя, духмяныя. Плод — прадаўгаватая яйцападобная каробачка даўж. да 40 см. З кары баабаба атрымліваюць грубае валакно на выраб вяровак, рыбалоўных сетак, тканін для адзення; з мякаці пладоў гатуюць прахаладжальныя напіткі. Лісце і плады ядомыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ, Чортаў камень,
геалагічны помнік прыроды, самы буйны валун на Беларусі. За 500 м на З ад в. Горкі Шумілінскага р-на Віцебскай вобл., за 400 м ад аўтадарогі Шуміліна—Бешанковічы. Ружовы граніт рапаківі з авоідамі палявога шпату (2—9 см у папярочніку). Па форме нагадвае вялікі прас. Даўж. (бачнай часткі) 11 м, шыр. 5,6 м, выш. над паверхняй зямлі 2,8 м, у абводзе 32 м, аб’ём 173 м³, маса 460 т. Прынесены ў час апошняга зледзянення каля 18 тыс.гадоў назад з Выбаргскага масіву Балтыйскага шчыта.
В.Ф.Вінакураў.
Вялікі камень каля в. Горкі Шумілінскага р-на Віцебскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІ ПАДВО́РЛІК (Aquila clanga),
драпежная птушка сям. ястрабіных атр. сокалападобных. Пашыраны ў Еўразіі. Жыве ў вял. масівах высакастволых увільготненых лісцевых і мяшаных лясоў каля вадаёмаў. На Беларусі адзначаны ў паўд., усх. і паўн. частках; рэдкі від, занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела каля 75 см, маса каля 3,2 кг, самкі большыя за самцоў. Апярэнне аднатоннае, цёмна-бурае, патыліца і надхвосце святлейшыя. Дзюба і кіпцюры чорныя. Васкавіца і ногі жоўтыя. Цэўка аперана да пальцаў. Гнёзды на вял. дрэвах, на выш. 12—20 м, выкарыстоўвае некалькі гадоў запар. Выседжвае 1—3 птушанят. Корміцца пераважна дробнымі грызунамі, птушкамі, жабамі, насякомымі. Добра пераносіць няволю.