ІГЛ (ад англ. eagle арол),

залатая манета ЗША вартасцю ў 10 долараў. Эмітавалася ў 1795—1804 і 1838—1933. У 1854—89 выпускаліся манеты ў 20 долараў (double eagle — двайны арол), у 1796—1929 у 2​1/2 долара (quarter eagle — чацвярны арол).

т. 7, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІН’Е́КЦЫЯ (ад лац. injectio укідванне),

увядзенне стэрыльных лякарстваў (у растворах ці эмульсіях) шпрыцам у тканкі і поласці цела: скуру, падскурную клятчатку, унутрымышачна, у крывяносныя сасуды, поласць плеўры, суставаў, спіннамазгавы канал і інш. І. дасягаецца больш хуткае і эфектыўнае дзеянне лякарстваў, іх дакладная дазіроўка.

т. 7, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭГУМЕ́НТ (ад лац. integumentum пакрывала),

покрыва семязавязі насенных раслін, які вырастае з яе цэнтр. ч.нуцэлуса. На верхавінцы семяпупышкі І. не злучаецца, фарміруецца адтуліна — пылкаўваход (мікрапіле). Пасля апладнення І. ператвараецца ў насенную скурку. У некат. раслін адзін І., у інш. (усе аднадольныя) — два.

т. 7, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІО́,

спадарожнік планеты Юпітэр. Дыяметр 3630 км (адзін з буйнейшых спадарожнікаў планет). Адлегласць ад цэнтра Юпітэра 421,6 тыс. км. Сідэрычны перыяд абарачэння 1 сут 18 гадз 28 мін. Магутныя праявы вулканізму. Мае атмасферу. Адзін з чатырох яркіх спадарожнікаў Юпітэра. Адкрыты Г.​Галілеем (1610).

т. 7, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАГО́Р,

гатунак чырвонага дэсертнага вінаграднага віна. Назва ад франц. г. Каор. Асаблівасць тэхналогіі — праграванне парай ці сухім паветрам да 50 °C і вышэй мязгі ці да 80—90 °C цэлых гронак вінаграду. Звычайна мае 16% (аб’ёмных) спірту і 16—20% (аб’ёмных) цукру.

т. 7, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛАМ (араб., ад грэч. kalamos трыснёг),

трысняговае пяро. Са старажытнасці служыла для пісьма. У народаў сярэдневяковага Усходу, якія карысталіся арабскім алфавітам, для розных відаў пісьма існавалі розныя спосабы рэзкі і расшчаплення трыснягу. У сярэдневяковых усх. трактатах К. называлі таксама пэндзаль для жывапісу.

т. 7, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМПАНО́ЎКА (ад лац. compono састаўляю),

узаемнае размяшчэнне розных элементаў вырабу, устаноўленае на аснове заканамернасцей і прыёмаў маст. кампазіцыі з улікам эканам. і спажывецкіх патрабаванняў. Аптымальнай К. дасягаюцца функцыянальна і тэхналагічна правільныя суадносіны і сувязі паміж элементамі, часткамі вырабаў, іх найб. кампактнасць і інш.

т. 7, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАНО́ГРАФ (ад лац. corona вянец, вянок + ...граф),

від тэлескопа для назіранняў сонечнай кароны і храмасферы ў монахраматычным святле. Пазазацьменны К. — даўгафокусная фотакамера з монахраматычным святлафільтрам, у якой Сонца заэкранавана спец. дыскам. У час поўных сонечных зацьменняў як К. выкарыстоўваюць звычайныя тэлескопы са святлафільтрамі.

т. 8, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРТАТЭ́КА (ад карта + грэч. thēkē. умяшчальня, сховішча, скрыня),

сістэматызаваная сукупнасць пэўнай колькасці картак — носьбітаў інфармацыі з даведачным апаратам, уліковымі і інш. данымі. Аб’ядноўваюцца і размяшчаюцца ў пэўным парадку, напр., па алфавіце, тэмах, тэрмінах. К. наз. таксама скрынка або шафа для захоўвання такіх картак.

т. 8, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ВЕР (ад польск. kiwior каўпак),

высокі ваен. галаўны ўбор са скуры (абцягнутай сукном) або фетру з круглым дном, 1—2 казыркамі, падбароднікам і рознымі ўпрыгожаннямі. Існаваў у арміях многіх краін у 19 — пач. 20 ст. (у расійскай у 1803—81, 1906—17).

Ківер.

т. 8, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)