амід вугальнай к-ты (NH2)2CO; канчатковы прадукт бялковага абмену ў большасці пазваночных жывёл і чалавека. Біясінтэз М. адбываецца ў печані (гл.Арніцінавы цыкл). З арганізма выводзіцца з мачой. М. адкрыта ў 1773 франц. хімікам І.Руэлем. Яехім. састаў устанавіў у 1824 англ. хімік У.Праўт; сінтэзаваў у 1828 Ф.Вёлер.
Бясколернае крышт. рэчыва. Не мае паху, tпл 132,7 °C, шчыльн. 1330 кг/м³ (25 °C). Раствараецца ў вадзе, спірце, вадкім аміяку. Хімічна актыўнае злучэнне: утварае клатраты [напр., з пераксідам вадароду CO(NH2)2∙H2O2]; узаемадзейнічае са спіртамі. карбонавымі к-тамі і іх ангідрыдамі, з двухасноўнымі к-тамі (гл.Барбітуравая кіслата), анілінам, гідразінам і інш.арган. рэчывамі. Лёгка кандэнсуецца з фармальдэгідам (гл.Амінаальдэгідныя смолы). У прам-сці атрымліваюць з аміяку і дыаксіду вугляроду пры т-ры 180—230 °C пад ціскам (12—25 МПа). Выкарыстоўваюць для атрымання мачавіна-фармальдэгідных смол, фарбавальнікаў, снатворных сродкаў (веранал, люмінал і інш.), для дэпарафінізацыі нафты, у сельскай гаспадарцы як канцэнтраванае азотнае ўгнаенне (мае 46 % азоту) пад розныя с.-г. культуры на любых глебах, а таксама як заменнік пратэіну ў кармах для жвачных жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕКСІКА́НСКАЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ 1861—67,
узброеная інтэрвенцыя Вялікабрытаніі (1862), Іспаніі (1861—62) і Францыі (1862—67) супраць Мексікі з мэтай звяржэння дэмакр. ўрада прэзідэнта Б.П.Хуарэса Гарсіі і ўстанаўлення залежнага ад еўрап. дзяржаў манарх. рэжыму. Зачэпкай для інтэрвенцыі стаў прыняты 17.7.1861 мекс. кангрэсам закон аб часовым спыненні плацяжоў па знешніх пазыках. У адказ у канцы 1861 — пач. 1862 брыт., ісп. і франц. войскі высадзіліся на ўзбярэжжа Мексікі і захапілі важнейшы порт Веракрус. Аднак рашучае супраціўленне мексіканцаў, рознагалоссі паміж дзяржавамі-агрэсарамі, адсутнасць падтрымкі інтэрвенцыі з боку ЗША, якія таксама імкнуліся замацавацца ў суседняй краіне, прымусілі Вялікабрытанію і Іспанію ў крас. 1862 вывесці свае войскі з Мексікі. Францыя працягвала вайну, летам 1863 яе войскі захапілі г. Мехіка. У крас. 1864 імператарам Мексікі абвешчаны залежны ад Напалеона IIIаўстр. эрцгерцаг Фердынанд Максімілян (Максімілян I). На заклік мекс. ўрада Хуарэса на барацьбу з іншаземцамі паднялося ўсё насельніцтва краіны. Масавае нар. супраціўленне, контрнаступленне рэгулярнай мекс. арміі, а таксама абвастрэнне франка-амер. адносін і непапулярнасць гэтай авантуры ў Францыі прывялі да правалу М.э. У сак. 1867 франц. інтэрвенты пакінулі тэр. Мексікі. Максімілян I, які імкнуўся аказаць супраціўленне мекс. войскам, трапіў у палон і быў расстраляны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ТНЕР Мікалай Карлавіч (5.1.1880, Масква — 13.11.1951),
расійскі кампазітар, піяніст. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1900), у 1909—10 і 1915—21 яе прафесар. Вучань А.Арэнскага і С.Танеева. З 1921 за мяжой, з 1936 у Вялікабрытаніі. Канцэртаваў як саліст (вядомы выканаўца ўласных твораў) і акампаніятар. Буйны майстар рус.фп. музыкі пач. 20 ст. (побач з С.Рахманінавым і А.Скрабіным), стваральнік фп. лірыка-апавяд. жанру — казкі, аўтар санат (са свабоднай трактоўкай санатнага цыкла) і інш. твораў для фп. У музыцы спалучаў класічныя і рамант. традыцыі. Сярод твораў: 3 канцэрты (1917, 1927; Канцэрт-балада, 1943) для фп. з арк.; фп. квінтэт (1949); санаты (у т. л. «Санатная трыяда», «Саната-казка», «Саната-балада», «Рамантычная саната», «Навальнічная саната»), Казкі (10 опусаў), «Восем карцін настрояў» (1897), 3 цыклы п’ес «Забытыя матывы» (1918—20) і інш. для фп.; 3 санаты для скрыпкі і фп. (1910—38), рамансы і песні на вершы І.В.Гётэ, Г.Гейнэ, А.Пушкіна, Ф.Цютчава, А.Фета, В.Брусава і інш. Аўтар кн. «Муза і мода» (1935), «Штодзённая праца піяніста і кампазітара» (1963).
Літ.:
Долинская Е. Н.Метнер. М., 1966;
Н.К.Метнер: Воспоминания. Статьи. Материалы. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖЗЕМНАМО́РСКІ ПАХО́Д УПІАКО́ВА 1798—1800 Адбыўся ў час вайны Расіі ў складзе 2-й кааліцыі (Вялікабрытанія, Аўстрыя, Расія, Турцыя і Каралеўствы абедзвюх Сіцылій) супраць Францыі. 26.7.1798, пасля пачатку Егіпецкай экспедыцыі 1798—1801ген. Н.Банапарта, тур. ўрад звярнуўся да Вялікабрытаніі і Расіі з просьбай аб дапамозе. 24.8.1798 рас. эскадра Чарнаморскага флоту на чале з віцэ-адм. Ф.Ф.Ушаковым выйшла з Севастопаля; 20 вер. да яе далучылася тур. эскадра віцэ-адм. Кадыр-бея. Аб’яднаныя сілы (10 лінейных караблёў, 13 фрэгатаў, 21 інш. судна) пад агульным кіраўніцтвам Ушакова (ён прапанаваў план баявых дзеянняў па вызваленні Іанічных а-воў) рушылі ў Міжземнае м. У ходзе баявых дзеянняў дэсанты аб’яднанай эскадры авалодалі шэрагам Іанічных а-воў, у т. л. Корфу (Керкіра). Пасля пачатку Італьянскага паходу Суворава 1799 эскадра Ушакова нанесла ўдары па франц. камунікацыях і базах у Паўд. Італіі, маракі і дэсантнікі сумесна з італьян. апалчэнцамі садзейнічалі поспеху сухапутных войск. Караблі эскадры ўдзельнічалі ў сумесных баях з англ. эскадрай Г.Нельсана. У кастр. 1800 рас. эскадра вярнулася ў Севастопаль.
Літ.:
Тарле Е.В. Адмирал Ушаков на Средиземном море (1798—1800 гт.). М., 1948;
История военно-морского искусства. Т. 3. М., 1963;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЮКО́Ў Павел Мікалаевіч (27.1.1859, Масква — 31.3.1943),
расійскі гісторык і паліт. дзеяч. Скончыў Маскоўскі ун-т (1882). Чытаў лекцыі ў Маскоўскім, Сафійскім і Чыкагскім ун-тах. Адзін з заснавальнікаў Канстытуцыйна-дэмакратычнай партыі, з 1907 старшыня яеЦК і рэдактар газ. «Речь». Дэпутат Дзярж. думы 3-га і 4-га скліканняў. Пасля Лют. рэв. 1917 міністр замежных спраў у Часовым урадзе (да 2.5.1917). У грамадз. вайну адзін з арганізатараў Добраахвотніцкай арміі на Доне, пазней у Камітэце вызвалення Расіі ў Лондане. З 1920 у Парыжы, з 1921 рэдактар газ. «Последние новости» (друкаваліся І.А.Бунін, М.І.Цвятаева, У.У.Набокаў і інш.). У 2-ю сусв. вайну выступаў супраць супрацоўніцтва рус. эміграцыі з Германіяй, вітаў перамогі Сав. Арміі. Даследаваў гісторыю рус. эканомікі 15—18 ст., гісторыю грамадска-паліт. думкі, культуры, гістарыяграфію. Аўтар прац «Галоўныя плыні рускай гістарычнай думкі» (1898), «З гісторыі рускай інтэлігенцыі» (1902), «Расія на пераломе» (т. 1—2, 1927) і інш.
Тв.:
Воспоминания. М., 1991;
Очерки по истории русской культуры. Т. 1—3. М., 1993—95.
Літ.:
Думова Н.Г., Трухановский В.Г. Черчилль и Милюков против Советской России. М., 1989;
Думова Н.Г. Либерал в России: трагедия несовместимости: Ист. портрет П.Н.Милюкова. Ч. 1. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ВЫШЭ́ЙШАЯ ДУХО́ЎНАЯ СЕМІНА́РЫЯ,
вышэйшая навуч. ўстанова Бел.правасл. царквы. Засн. ў 1785 у Слуцку як «Набожная Слуцкая праасвяшчэннага Віктара Садкоўскага семінарыя». У 1789 семінарыя закрыта. У 1793 яе дзейнасць адноўлена, і ў гэтым жа годзе, пасля ўсталявання Мінскай правасл. епархіі, яна атрымала назву Мінская духоўная семінарыя. У 1840 семінарыя пераведзена ў Мінск. Акрамя рэлігійных навук вывучаліся медыцына, прыродазнаўства, сельская гаспадарка, гісторыя роднага краю. У 1918 семінарыя закрыта. У 1945 у Жыровіцкім Успенскім манастыры адкрыты пастырска-багаслоўскія курсы, якія ў 1947 пераўтвораны ў семінарыю. У 1963 семінарыя зноў закрыта. У 1989 яна адноўлена на тэр. Жыровіцкага манастыра. У 1991 семінарыя пераўтворана з сярэдняй у вышэйшую навуч. ўстанову з 5-гадовым тэрмінам навучання. У ёй выкладаюцца 39 дысцыплін (багаслоўскія, філас., філал., гіст., царк.-практычныя і інш.). Пасля заканчэння 5-га курса студэнты абараняюць дыпломныя працы на ступень бакалаўра багаслоўя, што дае магчымасць паступаць у Духоўную акадэмію. Пры семінарыі дзейнічаюць нядзельная (з 1990) і рэгенцкая (з 1993) школы. У 1999/2000 навуч.г. на дзённым аддзяленні больш за 230 студэнтаў, на завочным — каля 200 студэнтаў-святароў, у рэгенцкай школе 30 навучэнцаў, у нядзельнай — 30 дзяцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІСТЭ́РЫЯ жанр сярэдневяковага рэліг.т-ра 14—16 ст. Сюжэты засноўваліся на Бібліі, Евангеллі, жыціях святых. Паходзіць ад літургічнай драмы, ад інсцэнізацыі асобных эпізодаў літургіі. Пашырылася з ростам сярэдневяковых гарадоў, асабліва ў Францыі. Паказы наладжваліся звычайна на гар. плошчах, кірмашах у час рэліг. свят на Вялікдзень і Каляды і працягваліся па некалькі дзён. Выканаўцамі, акрамя вядучага, які спецыяльна прызначаўся і звязваў у адно розныя падзеі, звычайна выступалі рамеснікі, цэхавыя майстры, а таксама вандроўныя акцёры скамарохі. У асн. тэксты ўстаўляліся інтэрмедыйныя камічныя сцэнкі свецкага, быт. характару. Выкананне было рознастылявым: рэліг. сцэны праводзілі падкрэслена ўзнёсла і патэтычна, быт. — з яркай камедыйнасцю, буфоннасцю. Узмацненне антырэліг. матываў прывяло да забароны М. ў большасці краін у 16 ст. На Беларусь М. прыйшла з Зах. Еўропы праз Польшчу ў 16 ст. Прапагандыстамі яе былі езуіты. М. ставіліся ў Полацку ў 1586, 1593 («Аталія») і 1603, у Навагрудку ў 1637 і інш. М. садзейнічала развіццю інш. драматургічных жанраў, заклала асновы прафес.т-ра. Найб. паўплывала на фалькл. драму, нар.т-р, у прыватнасці на батлейку.
Літ.:
Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1. С. 129—176.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІСУ́РЫ (Missouri, на мове мясц. індзейцаў — ілістая рака),
рака ў ЗША, галоўны (правы) прыток Місісіпі. Даўж. 4090 км, пл.бас. 1371,1 тыс.км² (з іх каля 10 тыс.км² у межах Канады). Вытокі і большая ч. верхняга цячэння — у Скалістых гарах (у раёне Йелаўстонскага нацыянальнага парку). У сярэднім цячэнні (ад вусця р. Мілк да вусця р. Джэймс) рака перасякае плато Місуры, дзе месцамі цячэ ў цяснінах, утварае парогі. Ніжняе цячэнне ў Межах Цэнтральных раўнін, дзе рэчышча няўстойлівае, шырокая пойма абвалаваная для аховы ад паводак. Гал. прытокі: Йелаўстан, Плат, Канзас (справа). Жыўленне ў верхнім цячэнні снегавое, у сярэднім і ніжнім — пераважна дажджавое. Высокае веснавое разводдзе (павышэнне ўзроўню вады каля вусця да 12 м) і нізкая летняя межань. Характэрны моцныя паводкі. Сярэдні гадавы расход вады каля 2600 м³/с (макс. 19 тыс.м³/с). Цвёрды сцёк 220 млн.т/год; вада брудна-бурага колеру. Сістэма буйных вадасховішчаў (Форт-Пек, Гарысан, Аахе) на М. і ў яе басейне служаць для рэгулявання сцёку, мэтаў ірыгацыі, энергетыкі. Суднаходства да г. Су-Сіці для вял. суднаў і да г. Форт-Бентан для малых суднаў у мнагаводны перыяд. Буйныя гарады і парты: Омаха, Канзас-Сіці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАІ́Л КІРУЛА́РЫЙ (Michaēl Kerularios; каля 1000—1058),
канстанцінопальскі патрыярх у 1043—58. Паходзіў са знатнай сям’і. У 1040 быў адным з арганізатараў змовы супраць візант. імператара Міхаіла IV, пасля яе правалу сасланы і пастрыжаны ў манахі. Змяніў на патрыяршым прастоле Аляксея Студыта. Імкнуўся да ўзвышэння ролі канстанцінопальскага патрыяршаства. У 1054 адкрыта абвясціў прынцып перавагі духоўнай улады над свецкай. Адстойваў незалежнасць царквы ад імператарскай улады (у 1057 прымусіў імператара адмовіцца ад права прызначэння на некаторыя вышэйшыя царк. пасады), закрыў у Візантыі падпарадкаваныя Рыму цэрквы і манастыры. Адмовіўся прызнаць вяршэнства папы над усх. царквой, імкнуўся пашырыць праваслаўе і ў Паўд. Італіі. 16.6.1054 у Канстанцінопалі рым. легат кардынал Гумберт адлучыў М.К. ад царквы, той у сваю чаргу адлучыў Гумберта і аб’явіў прыхільнікаў зах. царквы ератыкамі (у ліп. 1054 адбыўся канчатковы падзел усх. і зах. хрысціянскіх цэркваў). У 1057 М.К. паспрыяў уступленню на прастол імператара Ісаака I Камніна, але адносіны паміж імі абвастрыліся ў выніку канфіскацый імператарам царк. і манастырскай маёмасці. У ліст. 1057 арыштаваны і сасланы. Адмовіўся добраахвотна адрачыся ад патрыяршага прастола і памёр, не дачакаўшыся суд. працэсу, прызначанага імператарам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ВА ПРАГРАМАВА́ННЯ,
фармальная мова сувязі чалавека з ЭВМ, прызначаная для апісання інфармацыі (напр., даных) і алгарытмаўяе апрацоўкі. Задаецца наборам сімвалаў (алфавіт), правіламі пабудовы тэксту (сінтаксіс), пералікам дзеянняў і аб’ектаў, што апісваюцца сінтаксічна дапушчальнымі тэкстамі праграм (семантыка). Праграмы, напісаныя на М.п., пераводзяцца ў машынныя коды з дапамогай транслятара.
Адрозніваюць М.п. машынна-арыентаваныя, працэдурна-арыентаваныя і аб’ектна-арыентаваныя. Да машынна-арыентаваных адносяць мовы, што ўлічваюць асаблівасці канкрэтнай ЭВМ (структуру каманд, памяць, знешнія прылады і інш.) і дазваляюць ствараць праграмы, такія ж па эфектыўнасці, як праграмы. напісаныя ў кодах машыны (гл.Асемблер, Машынная мова). У працэдурна-арыентаваных М.п. (напр., Паскаль, Фартран, Алгол, Модула, ПЛ/1) вылучаюць 2 часткі: для апісання структуры аб’ектаў і для працэдуры іх апрацоўкі. На іх эфектыўна апісваюцца і рэалізуюцца алгарытмы апрацоўкі інфармацыі складанай іерархічнай структуры. Самастойнае падмноства такіх моў складаюць мовы мадэліравання. Аб’ектна-арыентаваныя М.п. (напр., Ада, Сі++) грунтуюцца на 4 гал. прынцыпах: магчымасць праграмісту апісваць уласныя аб’екты, вызначаць уласныя аперацыі над аб’ектамі, будаваць іерархіі аб’ектаў і дзеянняў над імі, перавызначаць аб’екты і аперацыі над імі. У выніку з’явіліся магчымасці развіваць і назапашваць праграмы з канкрэтнай прадметнай вобласці, павялічылася іх надзейнасць і скараціўся час іх распрацоўкі і наладкі.