метад распрацоўкі колькасна абгрунтаваных рэкамендацый па прыняцці аптымальных рашэнняў па арганізацыі і кіраванні дзеяннямі (аперацыямі). Навукова аформілася для рашэння тэхн., тэхніка-эканам. задач і задач кіравання ў канцы 1940-х г.
У кожнай задачы аперацый даследавання фармальна апісана мноства магчымых рашэнняў і вызначанай мэтавай функцыі, значэнні якой характарызуюць меру дасягнення мэты пры кожным магчымым рашэнні. Задачы аперацый даследавання бываюць статычныя і дынамічныя, дэтэрмінаваныя і стахастычныя. У статычных задачах мэтавая функцыя яўна не залежыць ад часу, у дынамічных — час мае істотнае значэнне, у дэтэрмінаваных — выбар канкрэтнага рашэння прыводзіць да пэўнага значэння мэтавай функцыі, у стахастычных — гал. ролю адыгрывае фактар выпадковасці. Пры рашэнні статычных дэтэрмінаваных задач карыстаюцца метадамі лінейнага і нелінейнага праграмавання, дынамічных дэтэрмінаваных — дынамічнага праграмавання, стахастычных — тэорыі імавернасцяў, матэм. статыстыкі, тэорыі масавага абслугоўвання, стат. тэорыі прыняцця рашэнняў. Задачы, у якіх сутыкаюцца інтарэсы двух і больш бакоў, рашаюцца метадамі тэорыі гульняў. Калі дакладнае рашэнне задачы немагчыма, карыстаюцца метадам стат. выпрабаванняў (гл.Монтэ-Карла метад). Для рашэння складаных задач распрацаваны пакеты праграм для ЭВМ. Гл.таксамаАптымізацыі задачы і метады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПО́ЎЗЕНЬ,
адрыў і слізготнае зрушэнне масы горнай пароды ўніз па схіле пад дзеяннем сілы цяжару. Найчасцей узнікаюць на горных схілах рачных далін, высокіх берагах мораў, азёраў, вадасховішчаў, складзеных з нахільных пластоў водатрывалых (гліністых) парод, якія чаргуюцца з ваданоснымі пародамі. Утвараюцца ў рыхлых адкладах і шчыльных пародах у выніку павелічэння стромкасці або падмывання асновы схілу, пераўвільгатнення грунтоў талымі і дажджавымі водамі, сейсмічных штуршкоў, нерацыянальнай гасп. дзейнасці чалавека. Буйныя апоўзні маюць працягласць уздоўж схілу на дзесяткі і сотні метраў і захоўваюць ва ўнутр.ч. пэўную маналітнасць (пры таўшч. 10—20 м і больш); невялікія называюцца аплывінамі. Пры апоўзнях ўтвараюцца невял. формы рэльефу — тэрасы і ўзгоркі, а таксама спецыфічныя формы расліннасці (напр., «п’яны» лес). Апоўзні прычыняюць вял. шкоду нас. Пунктам, с.-г. угоддзям, прамысл. прадпрыемствам, гасп. інфраструктуры і інш. На Беларусі яны адзначаюцца каля стромкіх схілаў рачных далін, глыбокіх яроў. Каб прадухіліць апоўзні, умацоўваюць берагі, схілы, праводзяць дрэнажныя работы, лесапасадкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СЬ»,
дзяржаўнае кніжнае выдавецтва ў Мінску. Засн. ў студз. 1921 як Дзярж.выд-ваБССР на базе створанага ў 1920 Бел. аддзялення Дзярж.выд-ва РСФСР, якому акрамя падрыхтоўкі ўласных выданняў было даручана рэгуляванне ўсёй выдавецкай дзейнасці на Беларусі, улік і размеркаванне паперы, распаўсюджванне друкаваных твораў. З 1922 у складзе Дзярж. трэста выдавецкай справы і паліграф. прам-сці Беларусі (Белтрэстдрук). У 1924 на базе Белтрэстдруку і кааператыўнага выд-ва «Савецкая Беларусь» створана Бел.дзярж.выд-ваБССР (ДВБ). У Вял.Айч. вайну з 1942 працавала ў Маскве [да 1943 як выд-ваЦККП(б)Б «Савецкая Беларусь»], з 1944 у Мінску. Назва «Беларусь» з 1963. Выпускае грамадска-паліт., мастацка-публіцыстычную, краязнаўчую, вытворча-тэхн., мед., мастацтвазнаўчую і муз. л-ру, маст. альбомы, плакаты, паштоўкі, адрыўныя календары. У першыя гады існавання выпускала таксамаперыяд. выданні, да 1951 навукова-пед., да 1961 с.-г., да 1972 маст. і дзіцячую л-ру, крытычныя і літ.-знаўчыя творы. З яго вылучыліся выд-вы: у 1951 «Народная асвета», у 1961 «Ураджай», у 1972 «Мастацкая літаратура».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РКЛІ ((Berkeley) Джордж) (12.3.1685, г. Кілкені, Ірландыя — 14.1.1753),
англійскі тэолаг і філосаф. Атрымаў адукацыю ў Дублінскім ун-це. З 1734 епіскап англіканскай царквы ў Клойне (Ірландыя). Паводле яго вучэння, усе прадметы аб’ектыўнай рэальнасці існуюць толькі таму, што ўспрымаюцца суб’ектам; наогул няма нічога, што рэальна існуе, акрамя субстанцыі духу, душы і «майго Я». Выступаў з крытыкай атэізму, уяўлення аб матэрыі як прадметнай аснове (субстанцыі) целаў і іх якасцяў, а таксама вучэння Дж.Лока і Ньютана аб матэрыі і прасторы. Лічыў немагчымым утварыць агульныя ідэі прасторы і матэрыі, абстрагаваўшыся ад уласцівасцяў асобных рэчаў, паколькі ў чалавека няма пачуццёвага ўспрымання матэрыі. Зыходзячы з канцэпцыі суб’ектыўнага ідэалізму сцвярджаў, што нават калі б усе суб’екты ўспрымання зніклі, рэч працягвала б існаваць як сума «ідэй» у розуме Бога — суб’екта, які не можа знікнуць, і таму не можа знікнуць і створаны ім свет зорак, планет і Зямля з усім, што існуе на ёй. Асн. працы: «Спроба новай тэорыі погляду» (1709), «Трактат пра пачаткі чалавечых ведаў» (1710), «Тры размовы паміж Гіласам і Філонусам» (1713), «Алсіфрон, ці Дробны філосаф» (т. 1—2, 1732) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕСКАНЕ́ЧНАЕ І КАНЕ́ЧНАЕ,
філасофскія катэгорыі, якія выражаюць непарыўна звязаныя паміж сабой процілеглыя бакі аб’ектыўнага свету. Бесканечнае характарызуе неабмежаваную разнастайнасць прасторавых структур матэрыі, яе ўласцівасцяў і ўзаемасувязяў, колькасную невычарпальнасць у глыбіню, існаванне бясконцага мноства якасна адрозных узроўняў яе структурнай арганізацыі. У гісторыі навукі напачатку ўвага канцэнтравалася на колькасных аспектах бесканечнага, якія вывучаліся матэматыкай (гл.Бесканечна вялікая, Бесканечна малая, Бесканечнасць у матэматыцы). Ідэі бесканечнасці сустракаліся ўжо ў выказваннях стараж. індыйцаў. Большасць стараж.-грэч. філосафаў лічыла, што свет канечны і абмежаваны цвёрдым нябесным купалам. Такога ж пункту погляду прытрымліваецца хрысціянства. Толькі Нікалай Кузанскі і Дж.Бруна ў 15—16 ст. зноў загаварылі пра бесканечнасць свету. Канечнае з’яўляецца адмаўленнем бесканечнага і ўяўляе сабой усякі абмежаваны ў прасторы і часе аб’ект. Усякая канкрэтная якасць у свеце канечная, існуе ў пэўных межах меры. Канечнае азначае таксама абмежаванасць і часовасць зямнога быцця наогул, у гэтым значэнні яно дапускае прынцыповую магчымасць далейшага, незямнога быцця.
Літ.:
Кармин А.С. Познание бесконечного. М., 1981;
Бурова И.Н. Развитие проблемы бесконечности в истории науки. М., 1987;
Жуков Н.И. Философские основания математики 2 изд. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІ́ЧЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,
асноўныя канструкцыйныя элементы будынкаў і збудаванняў. Адрозніваюць нясучыя канструкцыі, агараджальныя канструкцыі і будаўнічыя канструкцыі дапаможнага прызначэння (унутр. перагародкі, лесвічныя маршы і пляцоўкі, аконныя рамы-вітражы і інш.). Агараджальныя будаўнічыя канструкцыі часта з’яўляюцца і нясучымі (напр., сцены і перагародкі ў грамадскіх будынках, рэзервуары, абалонкі, скляпенні і інш.).
Будаўнічыя канструкцыі падзяляюцца на жалезабетонныя вырабы і канструкцыі, бетонныя (гл.Бетонныя вырабы і канструкцыі), каменныя (гл.Каменныя матэрыялы і канструкцыі), металічныя канструкцыі, драўляныя канструкцыі, азбестацэментныя (гл.Азбестацэментныя вырабы і канструкцыі), пнеўматычныя канструкцыі. Выкарыстоўваюцца таксама канструкцыі са шклапластыкаў (часам у спалучэнні з клеенай драўнінай або фанерай і інш.). Будаўнічыя канструкцыі разлічваюць на трываласць, устойлівасць і ваганні з улікам вонкавай нагрузкі, уласнай вагі, уплыву т-ры, усадкі і інш. фактараў. Пры выкарыстанні будаўнічых канструкцый вял. значэнне надаецца іх тыпізацыі і уніфікацыі, удасканаленню тэхналогіі іх вытв-сці, выкарыстанню лёгкіх эфектыўных матэрыялаў, укараненню аптымальных канстр. вырашэнняў.
Будаўнічыя канструкцыі: а — буйнапанэльнага жылога дома (1 — сценавая панэль, 2 — панэль перакрыцця, 3 — лесвічны марш); б — прамысловага будынка (1 — падкранавая бэлька, 2 — калона, 3 — ферма перакрыцця, 4 — сценавая агароджа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯ́ЛІК (Хаім Нахман) (9.1.1873, в. Рады на Валыні, Украіна — 4.7.1934),
яўрэйскі паэт. Скончыў Валожынскую (на Беларусі) яўр. духоўную акадэмію. У 1921 пакінуў Расію, жыў у Берліне, з 1924 у Палесціне. Пісаў пераважна на іўрыце, таксама на ідыш. Рэфарматар паэзіі на іўрыце, у якой арганічна спалучаў духоўную і моўную сілу ТаНаХа (Старога запавету), лепшыя дасягненні яўр. сярэдневяковай л-ры, містычную ўзнёсласць кабалістыкі і навацыі еўрап. паэзіі неарамантызму і сімвалізму. Дэбютаваў вершам «Да ластаўкі» (1892). Аўтар цыкла «Песні гневу», у якім заклікаў свой народ да духоўнага абнаўлення, ганьбіў яго за звычку да рабства, прыніжанасць і пакорлівасць. Аўтар паэм «Ззянне» (1901), «Нябожчыкі пустыні» (1902), «Паданне пра пагром» (1904), «Вогненны скрутак» (1905). У 1908—09 разам з І.Х.Раўніцкім склаў анталогію «Агада: Казанні, прытчы, выказванні Талмуда і Мідрашоў у 4-х ч.».
Тв.:
Рус.пер. — Песни и поэмы / Пер. В.Жаботинского. СПб., 1911;
Стихи разных лет / Пер. с иврита;
Город Резни: Поэма / Пер. с идиш // Иностр. Лит. 1990. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАВЕНА́РГ ((Vauvenargues) Люк дэ Клап’е) (6.8.1715, г. Экс-ан-Праванс, Францыя — 28.5.1747),
французскі пісьменнік-мараліст, філосаф. Майстар афарыстычнага жанру. Першы літ. вопыт — «Разважанне пра свабоду» (нап. 1737), пазней разгорнуты ў «Трактаце пра свабоду волі». З 1743 перапісваўся з Вальтэрам. У 1745 напісаў «Разважанне пра няроўнасць багаццяў». У 1746 выдаў адзіную прыжыццёвую кнігу «Уводзіны ў пазнанне чалавечага розуму, а таксама Роздумы і максімы на розныя тэмы», дапоўненую «Парадоксамі і новымі роздумамі і максімамі». У цэнтры ўвагі Вавенарга — чалавечая прырода, якую ён лічыць зыходным пунктам чалавечых пачуццяў, інстынктаў, імпульсаў паводзін, з ёй ён звязвае ўяўленне пра спрадвечную дабрыню чалавека. Пачуццё ён супрацьпастаўляе розуму, сцвярджае перавагу першага і шукае шляхі прымірэння паміж імі. Жанравыя і кампазіцыйныя асаблівасці прозы Вавенарга (афарыстычныя разважанні і максімы) ідуць ад класічнай традыцыі 17 ст. Яго меркаванні пра класікаў л-ры 17 ст. і сучаснікаў больш кансерватыўныя. Аўтар серый «Характары» і «Дыялогі».
Тв.:
Oeuvres. Paris, 1981;
Рус.пер. — Введение в познание человеческого разума;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЫХО́ДНІЦТВА,
часовы адыход сялян з вёсак у гарады на прамысл. прадпрыемствы, с.-г. работы свайго і інш. рэгіёнаў краіны, а таксама за мяжу. Уласціва большасці еўрапейскіх краін, пачынаючы з перыяду позняга феадалізму. Выклікана ўзмацненнем феад. эксплуатацыі, павышэннем ролі грашовага аброку, развіццём таварнай гаспадаркі і ростам попыту на наёмную працу. У Рас. імперыі адыходніцтва дасягнула вял. памераў з 2-й пал. 18 ст., асабліва ў Цэнтр.прамысл. раёне. На Беларусі ў 1-й пал. 19 ст. значная колькасць сялян ішла на сплаўныя, возніцкія, дарожна-буд. і інш. работы. Пасля сял. рэформы 1861 адыходніцтва набыло масавы характар. У канцы 19 ст. на Беларусі штогод у адыходніцтва было каля 300 тыс.чал.Найб. пашырэнне яно атрымала ў Віцебскай і Магілёўскай губ. З Беларусі адыходнікі ішлі пераважна на заробкі ў інш. рэгіёны імперыі: на буд-ва дарог і чыгунак, на прадпрыемствы Пецярбурга, Масквы, Кіева, Рыгі, шахты і руднікі Данбаса і Крывога Рога, на с.-г. работы на Украіне і інш. У 1880-я г. пачалося адыходніцтва ў Амерыку, напярэдадні 1-й сусв. вайны — у Прусію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫНАМІКО́З (ад актына... + ...мікоз),
хранічная інфекцыйная хвароба жывёл, радзей чалавека, што выклікаецца грыбкамі з кл.актынаміцэтаў, якія пастаянна прысутнічаюць у арганізме (поласць рота, страўнікава-кішачны тракт, верхнія дыхальныя шляхі і інш.), а таксама пашыраны і ў прыродзе (глеба, расліны). Найчасцей хварэе буйн. раг. жывёла, успрымальныя авечкі, коні, свінні, драпежныя. У буйн. раг. жывёлы часцей пашкоджваюцца косці і тканкі ніжняй сківіцы, лімфавузлы, радзей іншыя часткі цела. Характарызуецца ўтварэннем шчыльных пухлін, інфільтратаў, абсцэсаў, свішчоў і рубцоў. У чалавека больш хварэюць мужчыны ва ўзросце 21—40 гадоў. Пры вузлаватай форме актынамікозу ў глыбокіх слаях скуры ўтвараецца цвёрды, цвёрдаэластычны, маларухомы інфільтрат цёмна-чырвонага колеру з фіялетавым адценнем, які нагнойваецца і прарывае свішчамі з гноем. Пры бугарковай форме ў тоўшчы скуры і падскурнай клятчатцы ўзнікаюць дробныя, паўшарападобныя, цвёрдыя, бязбольныя, цёмна-чырвоныя бугаркі, якія найчасцей нарываюць з выдзяленнем кроплі гною, потым утвараюцца свішчы. Пашкоджваецца і падскурная клятчатка. Язвавая форма развіваецца ў аслабленых хворых. Язвы мяккія, няроўныя, скура вакол іх сіняватага колеру. Атэраматозная форма — інфільтрат дыяметрам да 5 см, эластычнай кансістэнцыі, акрэслена абмежаваны, з паслядоўным нагнойваннем, выдзяленнем гною і свішчамі.