СЕРАКО́Ў (Іван Сцяпанавіч) (н. 23.8.1946, в. Язычкава Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне заатэхніі. Д-рс.-г.н. (1998), праф. (1999). Скончыў БСГА (1971), з 1973 працуе ў ёй (у 1993—98 заг. кафедры). Навук. працы па выкарыстанні вітамінаў і інш. біялагічна-актыўных рэчываў у кармавых дабаўках у рацыёнах с.-г. жывёл.
Тв.:
Теоретические и практические аспекты использования витаминов U, В12 и коэнзима В12 в рационах свиней. Горки, 1999;
Племенная работа в пчеловодстве с основами биометрии. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НСКІЯ,
княжацкі род уласнага герба ў ВКЛ і Маскоўскім вял. княстве. Заснавальнікам лічыцца ўнук залатаардынскага хана Мамая Лекса (у хрышчэнні Аляксандр), які выехаў у ВКЛ і атрымаў ад вял. князя Вітаўта землі на мяжы з Залатой Ардой і гарады Палтаву і Глінск. Ад назвы апошняга горада (верагодна, на месцы сучаснага г. Залатаноша ў Чаркаскай вобл. Украіны) паходзіць прозвішча. Першым у гіст. крыніцах у 1398 упамінаецца Іван Аляксандравіч Глінскі, ад сыноў якога Барыса, Фёдара і Сямёна пайшлі 3 галіны роду. Нашчадкі Сямёна вядомы да 19 ст. ў Гродзенскай губ., але паступова страцілі княжацкі тытул. Найб. вядомыя прадстаўнікі старэйшай галіны Глінскіх:
Іван Львовіч (мянушка Мамай, каля 1460 — да 1522), намеснік ожскі і пераломскі (1495), ваявода кіеўскі (1505) і навагрудскі (1507). У час Глінскіх мяцяжу 1508 падтрымаў малодшага брата Міхаіла, разам з ім з’ехаў у Маскоўскае княства, атрымаў там г.Мядынь. Васіль Львовіч (мянушка Сляпы, каля 1465 — да 1522), намеснік васілішскі (з 1501), слонімскі (1505), падстолі літоўскі (1502—07). Прымаў удзел у мяцяжы братоў, з’ехаў у Маскву. Міхаіл Львовіч, гл.Глінскі М.Л. Алена Васілеўна (каля 1505 — 13.4.1538), дачка Васіля Львовіча. З 1526 другая жонка вял.кн. маскоўскага Васіля III, пасля смерці якога (1533) кіравала дзяржавай як рэгентша пры малалетнім сыне Іване IV. Юрый Васілевіч (? — 1547), сын Васіля Львовіча. Адзін з ініцыятараў абвяшчэння свайго пляменніка Івана IV першым рас. царом. Забіты ў час бунту ў Маскве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЛЯРО́ЎСКІ (Іван Пятровіч) (99.1769, г. Палтава, Украіна — 10.11.1838),
украінскі пісьменнік, пачынальнік новай укр. л-ры. Вучыўся ў Палтаўскай духоўнай семінарыі (1780—89). У 1796—1808 на вайск. службе (у 1807—08 у г. Ліда Гродзенскай вобл.). У 1818—21 дырэктар Палтаўскага т-ра. З 1821 ганаровы чл. Вольнага т-ва аматараў рас. славеснасці. Прытрымліваўся пазіцый памяркоўнага асветніцтва, хоць і быў блізкі да дзекабрысцкіх колаў. Аўтар сатырычнай, створанай на аснове сюжэта Вергілія, бурлескнай паэмы «Энеіда» (ч. 1—3, 1789; ч. 1—4, 1809; ч. 1—6, 1842) — першага ў нац. л-ры рэаліст. твора пра жыццё, побыт, норавы розных слаёў грамадства 2-й пал. 18 ст. Твор адметны выразна акрэсленым сац. зместам, вобразнай нар. мовай, каларытнымі нац. характарамі, прасякнуты гумарам і іроніяй. Вядомы як драматург: п’есы «Наталка Палтаўка» (1838; аднайм. опера М.Лысенкі 1889) і «Маскаль-чараўнік» (1841; абедзве паст. 1819). У 1840-я г. п’есы К. ставіліся ў т-рах Мінска і Віцебска. Пад уплывам «Энеіды» К. напісаны бел. ананімныя творы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». На бел. мову «Энеіду» К. пераклаў А.Куляшоў.
Тв.:
Повне зібрання творів. Т. 1—2. Київ, 1969;
Твори. Київ, 1982;
Бел.пер. — Энеіда. Мн., 1969;
Рус. пер — Соч.Л., 1986.
Літ.:
Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971. С. 8—11;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЦЕ́МІЙ, Троіцкі (? — пач. 1570-х г.),
рускі царк. дзеяч і публіцыст, адзін з ідэолагаў несцяжацеляў. Прыняўшы манаства, жыў у Пскоўскім Пячэрскім манастыры, потым у заволжскай пустыні, быў ігуменам Троіцкага манастыра. Асуджаў царк. землеўладанне, абраднасць, прывілеі духавенства, прапаведаваў маральнае самаўдасканаленне. За свае погляды адлучаны ад царквы і сасланы ў Салавецкі манастыр (1553). Каля 1554—55 уцёк на Беларусь, жыў у Віцебску, потым у князя Юрыя Алелькі. Перакладаў рэліг. кнігі на царкоўнаслав. мову, выкладаў багаслоўе пры двары князя. Захавалася 14 яго пасланняў. Быў знаёмы і вёў палеміку з С.Будным, сярод яго карэспандэнтаў Іван IV, Андрэй Курбскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЦЁМЕНКА (Іван Іванавіч) (15.9.1924, с. Гаўрылаўка Новаваранцоўскага р-на Херсонскай вобл. — 27.4.1989),
украінскі археолаг. Чл.-кар.АН УССР (1982), д-ргіст.н. (1978). Скончыў Днепрапятроўскі ун-т (1948). З 1948 навук. супрацоўнік Гіст. музея ў Днепрапятроўску. У 1958—72 у Ін-це археалогіі АНСССР, з 1973 дырэктар. З 1978 у Ін-це археалогіі АН Украіны. Вывучаў гісторыю насельніцтва Усх. Еўропы эпохі неаліту, меднага і бронзавага вякоў. Даследаваў на Беларусі (у Верхнім Падняпроўі) помнікі сярэднедняпроўскай культуры. Дзярж. прэмія Украіны 1980.
Тв.:
Племена Верхнего и Среднего Поднепровья в эпоху бронзы. М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІ́ЛАК,
герой многіх традыц. чарадзейных бел. казак, легендаў, паданняў. Валодае незвычайнай сілай: вырывае з каранямі дрэвы, кідае каменныя глыбы. Асілак выступае нар. заступнікам. Вобраз асілка сустракаецца, напрыклад, у казках пра Кацігарошка, Медзведзюка, Іллю Мурамца.
Бел. казкі пра асілкаў зазналі ўплыў мясц. легендаў і паданняў пра магутных волатаў. Казачны асілак блізкі да эпічнага волата (напр., Іван Падвей у аднайм. казцы «Беларускага зборніка» Е.Раманава, вып. 6). Казкі пра Асілкаў маюць некат. матывы стараж. былін.
Літ.:
Бараг Л.Г. «Асілкі» белорусских сказок и преданий // Русский фольклор. М.; Л., 1963. Вып. 8;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРТО́СІК (Іван) (Іосіф) Станіслававіч (н. 1.11.1933, г. Бярозаўка Лідскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. майстар маст. шклавырабаў, шліфоўшчык-алмазчык. З 1949 працуе на шклозаводзе «Нёман». Распрацаваў уласныя прыёмы ў тэхніцы алмазнай грані, шліфаваў у ёй малюнкі на унікальных творах з хрусталёвага шкла. Сярод уласных твораў: камплекты святочнага посуду (1966), «Дэсертны» (1968), «Ваза» (1970), «Гранат» (1978), прыборы «Хрусталёвае свята» (1967), «Стройны» (1980), блюда пад гародніну (1972), сервіз (1977), ваза пад гародніну ў стылі «рэтра» (1982) і інш.
Літ.:
Яницкая М.М. Художественное стекло Советской Белоруссии. Мн., 1989. С. 186.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЭ́ЦКІЯ,
наўгародская баярская сям’я. У 15 ст. ім належала 714 вёсак з 1458 сял. дварамі. Марфа (гл.Марфа Пасадніца), удава пасадніка Ісака Андрэевіча Барэцкага, і яе сын Дзмітрый Ісакавіч у 1471 узначалілі варожую Маскве партыю наўгародскіх баяраў, якая вяла перагаворы з літ.вял. князем Казімірам IV аб пераходзе ў яго падданства. У бітве на р. Шалонь (1471) паміж маскоўскай раццю і наўгародскім апалчэннем на чале з Дзмітрыем Барэцкім наўгародцы пацярпелі паражэнне. Дзмітрый трапіў у палон, яму, як і інш. баярам — прыхільнікам саюзу з ВКЛ, Іван III загадаў адсекчы галаву. Марфа і яе сын Фёдар працягвалі варожую Маскве дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСА́КАЎ (Іван Сяргеевіч) (8.10.1823, с. Надзеждзіна Уфімскай губ. — 8.2.1886),
расійскі паэт і публіцыст, адзін з кіраўнікоў славянафілаў. Сын С.Ц.Аксакава. Скончыў Пецярбургскае вучылішча правазнаўства (1842). У 1840—60-я г. выступаў за адмену прыгоннага права і цялесных пакаранняў. Рэдагаваў славянафільскія час. і газ. «Русская беседа», «День», «Москва», «Русь» і інш. У 1858—78 адзін з кіраўнікоў маскоўскага Слав.к-та. У рус.-тур. вайну 1877—78 арганізаваў кампанію ў падтрымку паўд. славян. Прытрымліваўся манархічных вялікадзярж. поглядаў, у т. л. адмаўляў этн. самастойнасць беларусаў, прапагандаваў ідэі панславізму. Аўтар вершаў, паэмы «Бадзяга» (1852) пра трагічны лёс прыгоннага селяніна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙНЫ-ЯСЯНЕ́ЦКІЯ,
дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, шляхецкі род герба «Гакі». Паходзяць ад віцебскіх баяр Рамейкавічаў. Сын аднаго з іх, Война Богушавіч Рамейка, у сярэдзіне 16 ст. валодаў маёнткам Ясянец на р. Сэрвач у Новагародскім (Навагрудскім) пав. Яго нашчадкі — павятовая шляхта ў Віцебскім, Новагародскім і Мазырскім пав. — карысталіся прозвішчам Войны-Ясянецкія (зрэдку з дадаткам старога прозвішча Рамейка). З іх Ян (Іван) у канцы 16 ст. быў намеснікам віцебскага ваяводы, Фёдар Мацвеевіч у 1634 валодаў маёнткам Ласосіна, Канстанцін у 1633—35 быў пісарам земскім віцебскім, Аляксандр (?—1698) быў войскім віцебскім, кашталянам новагародскім (1684).