МСЦІСЛА́ЎСКАЯ КА́ФЛЯ,

архітэктурна-дэкаратыўная кераміка 15—18 ст. з г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. У 15—16 ст. выраблялі гаршковую кафлю з крыжападобным, квадратным або круглым вусцем, пазней — каробчатую тэракотавую і паліваную (паліхромную і размаляваную), пакрытую зялёнай, светла- і цёмна-карычневай палівай. Тэракотавая кафля 16—17 ст. з рэльефнай вонкавай пласцінай без рамкі была паліхромная (пераважалі зялёны, сіні і белы колеры) або з 2-прыступкавай рамкай і раслінным арнаментам на вонкавай пласціне. У сярэдзіне — 3-й чвэрці 17 ст. яна мела рамку па краі вонкавай пласціны, багата аздаблялася раслінным арнаментам, у канцы 17 ст. рамка адсутнічала, аздаблялася барэльефным дывановым арнаментам; з пач. 18 ст. мела вял. памеры, з тоўстай вонкавай пласцінай, упрыгожанай раслінным або геральдычным арнаментам (высокі рэльеф). У кафлі 2-й пал. 18 ст. малюнак на вонкавай пласціне адсутнічаў. Паводле прызначэння М.к. падзялялася на сценную, карнізную (простую, складаную і вуглавую), паясную, каронкі (гарадкі). У аздабленні пашыраны расл., геральдычны, геам., зааморфны, сюжэтны арнаменты. У 2-й пал. 17 ст. мсціслаўскія цаніннікі (найб. вядомы С.Палубес) працавалі ў Маскоўскай дзяржаве, дзе выраблялі арх. кафлю.

А.​А.​Трусаў.

Да арт. Мсціслаўская кафля. Паліваная кафля з геральдычнай выявай. 18 ст.
Да арт. Мсціслаўская кераміка. Фрагменты керамічнага посуду сярэдзіны 17 ст.

т. 10, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭФАРМІ́ЗМ (ад лац. praeformo загадзя ўтвараю),

вучэнне пра наяўнасць у палавых клетках арганізмаў матэрыяльных структур, якія прадвызначаюць развіццё зародка і прыкметы арганізма, што з яго ўтвараецца. Мікраскапісты 17 ст. (А.Левенгук, М.Мальпігі і інш.) лічылі, што зародак знаходзіцца ў яйцы (авізм) або семені (анімалькулізм) у сфарміраваным стане, а ў працэсе развіцця адбываецца толькі павелічэнне ў памерах празрыстых, раней нябачных тканак (вучэнне аб прэфармацыі). У 2-й пал. 18 ст. пад уплывам даных аб парушэннях развіцця, аб спадчыннасці бацькоўскіх індывід. прыкмет, здольнасці арганізма да рэгенерацыі пачало пераважаць вучэнне аб развіцці арганізмаў як шэрагу паслядоўных новаўтварэнняў (эпігенез). У канцы 19 ст. паявілася гіпатэтычная тэорыя спадчыннасці на аснове ведаў аб індывідуальнасці храмасом і іх ролі ў працэсах апладнення і спадчыннасці, якая яшчэ мела прэфармісцкі характар. З узнікненнем генетыкі гіпотэза набыла навуковае абгрунтаванне. У сярэдзіне 20 ст. выяўленне хім. прыроды генаў, механізмаў захавання і перадачы спадчыннай інфармацыі спыніла існаванне прэфармісцкіх уяўленняў у біялогіі. Сучасная матэрыяліст. тэорыя арган. развіцця ўлічвае ролю прэфарміраваных структур (генома) і надае важнае значэнне фактарам навакольнага асяроддзя, якія спрыяюць рэалізацыі генет. інфармацыі.

Літ.:

История биологии с древнейших времен до начала XX в. М., 1972. Воронцов Н.Н. Развитие эволюционных идей в биологии. М., 1999.

А.​С.​Леанцюк.

т. 13, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫН (кіт., літар. — чыстая),

імператарская дынастыя ў Кітаі ў 1644—1912 з маньчжурскага роду Айсінь Гіёра. Прыйшла да ўлады ў выніку заваявання значнай ч. Кітая войскамі Маньчжурыі ў час падаўлення сялянскай вайны 1628—45, якая прывяла да падзення дынастыі Мін; пры першых імператарах Шуньчжы [1644—61] і Кансі [1662—1722] да 1683 авалодала ўсёй тэр. б. імперыі Мін. У 1680—1790-я г. цынскія імператары далучылі да Кітая землі Прыамур’я, Усх. Туркестана, Тыбета і інш.); найвыш. росквіту дасягнула кіт. сярэдневяковая культура. З канца 18 ст. імперыя Ц. паступова прыходзіла ў заняпад. У сярэдзіне 19 — пач. 20 ст. ў выніку шэрагу няўдалых войнаў і нераўнапраўных дагавораў Кітай трапіў у залежнасць ад вядучых зах.-еўрап. дзяржаў, Расіі і Японіі; аўтарытэт дынастыі Ц. у кіт. грамадстве быў падарваны. Пры імператару Гуансюю [1875—1908] y 1898 здзейснена спроба рэфармавання Кітая (гл. «Сто дзён рэформ»), але задушана імператрыцай Цысі (фактычная правіцельніца краіны ў 1861—1908). Дынастыя Ц. скінута Сіньхайскай рэвалюцыяй 1911—13. 12.2.1912 ад прастола адрокся апошні цынскі імператар малалетні Пу I (у 1934—35 імператар Маньчжоў-Го), у Кітаі быў усталяваны рэспубліканскі лад.

Літ.:

Маньчжурское владычество в Китае: [Сб. статей]. М., 1966;

Сидихменов В.Я. Маньчжурские правители Китая. М., 1985.

т. 17, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКСПЕРЫМЕНТА́ЛЬНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,

агульная назва галін і раздзелаў псіхалогіі, у якіх выкарыстоўваецца метад эксперыменту. Узнікла ў сярэдзіне 19 ст. пры вывучэнні ў фізіял. лабараторыях элементарных псіхічных з’яў (адчуванняў, успрыманняў, часу рэакцыі) і грунтавалася на тэарэт. прынцыпах эмпірычнай псіхалогіі. Напр., Э.​Г.​Вебер у 1830-я г. эксперыментальна даследаваў парогі адчуванняў. Сістэматычныя эксперыментальна-псіхал. даследаванні пачаты ў Лейпцыгскай лабараторыі В.Вунта (1879). У Расіі першая эксперыментальна-псіхал. лабараторыя засн. ў Казані В.У.Бехцеравым (1885), з 1880 эксперыментальную работу ў Адэсе вёў М.М.Ланге. У 1880-я г. эксперыментальна-псіхал. лабараторыі існавалі ў Францыі, ЗША, Вялікабрытаніі і інш.

Першапачаткова гал. аб’ектам Э.п. былі ўнутр. псіхічныя працэсы нармальнага дарослага чалавека, якія аналізавалі з дапамогай спец. арганізаванага саманазірання (інтраспекцыі). Пазней эксперыменты сталі праводзіць над жывёламі (К.​Лойд Морган, Э.​Л.​Торндайк), даследаваць псіхічна хворых, дзяцей, індывід. варыяцыі пачуццёвасці, часу рэакцыі, памяці, асацыяцый (Ф.​Гальтан, Дж.​Кетэл). У рэчышчы Э.п. ўзнікла дыферэнцыяльная псіхалогія, прадмет якой — індывід. адрозненні паміж людзьмі і іх групамі. У наш час разам з удасканаленнем уласна псіхал. метадаў (лабараторнага, натуральнага эксперыментаў, назірання і інш.) Э.п. выкарыстоўвае метады сумежных з ёй навук — нейрафізіялогіі, біялогіі, сацыялогіі і інш.

т. 18, кн. 1, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯМЕ́СТВЕННЫ СПЕЎ, дзямества,

аднагалосы спеў у правасл. царкве. Найб. ранняе ўпамінанне датуецца 1441 (Васкрасенскі летапіс), у пеўчых кнігах — канцом 15 — пач. 16 ст. З 16 ст. пашыраны ў Ноўгарадзе, на Беларусі і Украіне. Напачатку спеў запісвалі стаўповай натацыяй, у сярэдзіне 16 ст. выпрацаваны арыгінальны тып безлінейнай дзямественнай натацыі (камбінацыя знакаў стаўповага і пуцявога знамені; гл. Крукі). У наш час выпрацаваны ўстойлівыя пісьмовыя і пеўчая традыцыі Дз.с. Яго характэрныя прыкметы: адсутнасць тайназамкнёнасці ў графічных і рытмічных варыянтах; непадпарадкаванасць сістэме асмагласся; больш свабодны падыход да патрабаванняў тэксту, падпарадкаванне яго мелодыі; мелізматычны тып спеву; адсутнасць уніфікацыі яго спісаў; адыход ад строгіх канонаў знаменнага спеву, шматварыянтнасць графікі і рытмікі. У богаслужэнні Дз.с. выкарыстоўваюць толькі ва ўрачыстых выпадках (найб. важныя песнапенні ўсяночнай і літургіі, велічанне, асвячэнне храмаў, вянчанне і інш.). Раней абмежаваны рэпертуар Дз.с. ў 18 ст. ўзбагаціўся, пашырылася аднагалосая дзямественная натацыя (па расшыфроўцы дзямественнай натацыі позняга перыяду існуюць азбукі 2-й пал. 18—19 ст., даследаванні Г.​Пажыдаевай, С.​Фралова і інш.). Стараж. бел. дзямественныя манодыі змешчаны ў Супрасльскім ірмалоі 1598—1601 (каля 30 песнапенняў з усяночнага няспання, літургій Раней асвячоных дароў і Васіля Вялікага, велікодных свят; некат. ўзоры выкладзены ў некалькіх напевах).

Л.​П.​Касцюкавец.

т. 6, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРНІКА́РСТВА,

выраб фігурных пернікаў; від народных мастацкіх промыслаў. Пернікі здаўна адыгрывалі значную ролю на вяселлі, хрэсьбінах, памінках і інш. абрадах многіх народаў. На Беларусі ў 16—18 ст. П. пераважала ў гарадах і мястэчках (Дуброўна, Копысь, Мінск, Орша, магчыма, Смаргонь), у 19 ст. пашырана і ў вёсках. Прадукцыю збывалі на мясц. рынках і кірмашах. Пернікі выраблялі з мукі вышэйшага гатунку, у цеста дадавалі харч. фарбавальнікі, мёд, прыправы. Фармавалі іх у выглядзе розных фігур антрапаморфнага, зааморфнага, геам. характару (лялька, певень, конь, казёл, рыба, сэрца, ромб і інш.). Трактоўка фігур моцна стылізаваная, абагульненая; выбар сюжэтаў адлюстроўваў іх стараж. сімвалічны сэнс. Існавалі розныя тэхнікі фармоўкі вырабаў: узор атрымлівалі з дапамогаю спец. драўлянай дошкі, на якой выразалася адпаведная фігура, выціскалі бляшанымі штампамі з плоска раскачанага кавалка цеста, фармавалі ўручную. Пасля выпечкі пернікі аздаблялі каляровымі крэмамі, харч. фарбавальнікамі, глазуравалі расплаўленым цукрам. У сярэдзіне 20 ст. промысел заняпаў. У наш час фігурныя пернікі з аздабленнем выпускаюць прадпрыемствы харч. прам-сці.

Літ.:

Нікольскі Н.М. Жывёлы ў звычаях, абрадах і вераньнях беларускага сялянства. Мн., 1933;

Сахута Я. Абрадавая пластыка // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1982. №2.

Я.​М.​Сахута.

т. 12, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРМЕ́З,

горад, цэнтр Сурхандар’інскай вобл. Узбекістана. На Пд рэспублікі, каля граніцы з Афганістанам па р.

Амудар’я, пры ўпадзенні р. Сурхандар’я. Каля 100 тыс. ж. (2001). Рачны порт, чыг. вузел на шляху ў Афганістан. Прам-сць: бавоўнаачышчальная, буд. матэрыялаў, харчовая. Тэатр. Краязнаўчы музей. Арх. помнікі 1—3 ст. і сярэдніх вякоў, у т. л. будысцкія манастыры (1—3 ст.) Фаяз-Тэпе і Кара-Тэпе (пячорны), рэшткі горада 9—12 ст., мазар Хакіма-ат-Тэрмезі (11—15 ст.), ансамбль маўзалеяў Султан-Саадат (11—17 ст.) і інш.

Каля сучаснага Т. знаходзіцца гарадзішча стараж. Т., які існаваў ужо ў 3—2 ст. да н.э. Яго росквіт прыпадае на часы Кушанскай дзяржавы (1—4 ст. н.э.). У канцы 7 ст. захоплены арабамі. У 9—12 ст. Т. — буйны горад, адм. і гандл.-рамесны цэнтр, рачны порт. У 1220 разрабаваны войскамі Чынгісхана і заняпаў. Адноўлены ў 2-й пал. 13 ст. на правым беразе Сурхандар’і, дзе існаваў да 18 ст. У сярэдзіне 19 ст. ў вусці Сурхандар’і, каля пераправы цераз Амудар’ю, узнікла паселішча Патыгісар, а ў канцы 19 ст. непадалёку — рус. пагранічны пост. З іх і вырас горад, які ў 1928 атрымаў стараж. назву Т.

т. 16, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́НЗА (ад ням. Hanse саюз, таварыства),

гандлёва-палітычны саюз купецтва многіх паўн.-еўрап. гарадоў у сярэдзіне 13—17 ст. Узнікла як антыпірацкі саюз купецтва 60 гарадоў Паўн. Германіі на чале з г. Любек (назва «Ганза» з 1358). Падзялялася на некалькі філіялаў: прускі на чале з Данцыгам (Гданьскам), рэйнскі — з Кёльнам і інш.; аб’ядноўвала каля 200 гарадоў. Найб. ролю адыгрывала вендская ганза на чале з Любекам, пазней Гамбургам, якая кантралявала гандаль у Паўн. Еўропе да пач. 16 ст. Ганза склікала сходы (ганзетагі) сваіх прадстаўнікоў, мела ўласны флот, абвяшчала вайну і мір, умешвалася ў справы балт. краін і вяла актыўную барацьбу за панаванне на Балт. і Паўн. морах. Мела калоніі, партовыя збудаванні, канторы, цэрквы ў многіх гарадах Еўропы (Амстэрдаме, Бруге, Лондане, Вісбю, Стакгольме, Бергене, Рызе, Ноўгарадзе і інш.), у т. л. на Беларусі (у Віцебску і Полацку). Паступова ганзейскае купецтва выцеснена са сваіх пазіцый англ., галандскімі і франц. купцамі. Апошні ганзетаг адбыўся ў Любеку ў 1669 з удзелам прадстаўнікоў толькі 6 гарадоў.

Літ.:

Рыбина Е.А. Иноземные дворы в Новгороде XII—XVII вв. М., 1986;

Никулина Т.С. Социально-политическая борьба в Ганзейском городе в XIV—XVI вв.: По материалам Любека. Куйбышев, 1988.

т. 5, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРХО́ЎСКІЯ КНЯ́СТВЫ,

дробныя княствы ў вярхоўях р. Ака ў 2-й пал. 13—16 ст.: Навасільскае, Адоеўскае, Варатынскае, Перамышльскае, Мезецкае, Бялёўскае, Валконскае, Карачаеўскае. Утварыліся ў выніку драблення Чарнігаўскага княства. У пач. 14 ст. вярхоўскія князі — саюзнікі вял. кн. літ. Гедзіміна ў барацьбе супраць татар і Маскоўскага княства, у сярэдзіне 14 ст. — васалы Масквы. Пасля перамогі вял. кн. літ. Альгерда над татарамі ў бітве каля Сініх Вод 1362 Вярхоўскія княствы трапілі пад уплыў ВКЛ, але ў канцы 1360-х г. перайшлі на бок Масквы. У пач. 15 ст. большасць Вярхоўскіх княстваў падначаліў вял. кн. літ. Вітаўт; адносную самастойнасць з вял. князямі ВКЛ захавала Навасільска-Адоеўска-Варатынскае княства. Узмацненне цэнтралізатарскай палітыкі ў ВКЛ выклікала незадаволенасць вярхоўскіх князёў, якія пачалі пераходзіць на бок вял. кн. маскоўскага Івана III. У выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1492—94 ВКЛ страціла Вярхоўскія княствы. Некат. з іх захаваліся ў Расіі як удзелы да 2-й пал. 16 ст.

Літ.:

Шеков А.В. Верховские княжества: (Краткий очерк полит. истории, XIII — середина XVI вв.). Тула, 1993;

Кром М.М. Меж Русью и Литвой: Западнорус. земли в системе рус.-лит. отношений конца XV — первой трети XVI в. М., 1995.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 4, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬША́НСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ,

помнік архітэктуры 16—18 ст. Пабудаваны ў в. Гальшаны (Ашмянскі р-н Гродзенскай вобл.). Будынак касцёла ўзведзены ў пач. 16 ст., перабудаваны ў сярэдзіне 16 ст. пад кальвінскі збор. У 1618 на сродкі П.​Сапегі касцёл перабудаваны ў стылі барока, узведзены жылы корпус кляштара. У пач. 1770-х г. будынак касцёла часткова разабраны, яго фундамент і сцены выкарыстаны для пабудовы новага, які захаваўся да нашага часу. Будынак прамавугольны ў плане, яго гал. фасад і апсіда маюць рысы барока: фігурны франтон, распрацоўка пілястрамі, валюты. Эмацыянальны акцэнт інтэр’ера касцёла — жывапіс на сцяне 3-яруснага гал. алтара (выкананы ў 1790-я г.). У адной з капліц (3-ярусная кампазіцыя ў стылі рэнесансу) знаходзілася надмагілле Сапегі і яго жонак (цяпер захоўваецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі). Да касцёла з паўд.-зах. боку прымыкае П-падобны ў плане 2-павярховы жылы корпус (часткова разбураны ў 1832). У 1810-я г. перад касцёлам пастаўлена мураваная брама-званіца ў стылі класіцызму.

В.​Р.​Кукуня.

Гальшанскі касцёл і кляштар францысканцаў.
Да арт. Гальшанскі касцёл і кляштар францысканцаў. Надмагілле Сапегаў. Фрагмент. 1-я пал. 17 ст.

т. 5, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)