ГІДРАХАРЫ́Я (ад гідра... + ...харыя),

распаўсюджванне спораў, пладоў, насення і інш. зачаткаў раслін з дапамогай вады. Бывае выпадковая (перанясенне плынямі на плывучых прадметах) і звычайная, што абумоўлена асаблівай марфалогіяй і біялогіяй дыяспор (нязмочвальнасць вадой, нізкая шчыльнасць, працяглая жыццяздольнасць насення ў вадзе). Звычайная гідрахарыя характэрная для водных і каляводных раслін (асокі, ірдзесты і інш.). Распаўсюджванню відаў найб. садзейнічаюць марскі прыбой, рачное цячэнне, паводка і інш.

т. 5, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛО́ЗІСТЫЯ ТКА́НКІ раслін,

утварэнні, якія служаць для назапашвання і выдзялення з расліны кропельна-вадкай вады і розных рэчываў. Вылучаюць З.т.: гідатоды, нектарнікі, алейныя, камедзевыя, слізевыя, смаляныя і стрававальныя. Стрававальныя З.т. ў насякомаедных раслін выдзяляюць стрававальныя сокі, здольныя ператраўляць арган. рэчывы. Алейныя, смаляныя, слізевыя і камедзевыя залозкі (органы выдзялення або сховішча выдзяленняў) выдзяляюць бальзам, камедзь, смолы, эфірны алей, слізь і інш.

т. 6, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЦІ́НА (франц. courtine),

1) асобны ўчастак лесу, парку, сквера; група дрэў, кустоў ці травяністых раслін у ландшафтным парку.

2) Група драўнінна-хмызняковых раслін аднаго віду ў мяшаным лесанасаджэнні ці група элітных дрэў, пакінутых пасля высечкі лесу ў якасці крыніц аднаўлення расліннасці; штучныя насаджэнні для замацавання грунту на горных схілах, каля крыніц, па берагах рэк і інш. 3) Частка крапаснога вала паміж двума бастыёнамі.

т. 9, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ДЭБУР ((Ledebour) Карл Фрыдрых) (8.7.1785, г. Штральзунд, Германія — 4.7.1851),

нямецкі батанік. Скончыў Грайфсвальдскі ун-т (1805). З 1805 дырэктар Бат. сада і праф. ун-та (1811—36) у г. Дэрпт (цяпер г. Тарту, Эстонія). Сабраў і апісаў каля 400 відаў раслін Алтая, склаў зводку больш чым па 6,5 тыс. відаў сасудзістых раслін Расіі Аўтар працы «Флора Расіі» (т. 1—4, 1842—53).

т. 9, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕКТА́РНІКІ,

разнастайныя трубчастыя ўтварэнні ў раслін, што выдзяляюць нектар. Размешчаны пераважна ў кветках — на чашалісціках, пялёстках, у сценках завязі, на кветаложы і інш. У некат. раслін утвараюцца на вегетатыўных органах (чаранках, прылістках, прыкветніках і інш.). Нектар звычайна выдзяляецца праз сценкі паверхневых клетак, у некат. — праз асобныя вусцейкі. Прывабліваюць да кветак жывёл-апыляльнікаў (насякомых, у тропіках таксама птушак, радзей кажаноў) і спрыяюць перакрыжаванаму апыленню.

т. 11, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́САКА,

вадкасць, якая выцякае з перарэзаных сасудаў драўніны сцёблаў або каранёў жывых раслін пад уплывам каранёвага ціску. Мае солі, амінакіслоты, бялкі, цукры, цытакініны і інш. За вегетац. перыяд у некат. дрэў выцякае 50—150 л П., у травяністых раслін (напр. у гарбуза) — 4—5 л. Найб. П. ў дрэў напрадвесні; у ёй да 8% цукру. Веснавую П. ўжываюць як напітак (бярозавы, кляновы сок).

т. 12, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАКРЫЖАВА́НАЕ АПЫЛЕ́ННЕ, алагамія,

апыленне кветак пылком інш. раслін таго ж віду. Уласціва голанасенным і большасці пакрытанасенных. Спалучаецца з самаапыленнем, якое бывае асн. або рэзервовым. Строга перакрыжавана-апыляльных раслін мала (напр., жыта). Адбываецца з дапамогай насякомых, ветру, часам пры ўдзеле вады, птушак, жывёл. Садзейнічае спадчыннай зменлівасці, якая забяспечвае прыстасаванасць папуляцый і відаў да змен навакольнага асяроддзя. Гл. таксама Апыленне.

Р.​Г.​Заяц.

т. 12, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫДЭ́РМА (ад перы... + дэрма),

другасная покрыўная тканка сцёблаў і каранёў шматгадовых (радзей аднагадовых) раслін. Складаецца з корку (фелемы), феладэрмы (унутр. слоя П.) і фелагену (часам адсутнічае, напр., у відаў паслёну). Клеткі П. паветра- і воданепранікальныя, газаабмен і выпарэнне адбываюцца праз чачавічкі. У органах раслін звычайна ўтвараецца некалькі разоў. З цягам часу вонкавыя П. і тканкі, што знаходзяцца паміж імі, адміраюць і ўтвараюць корак.

т. 12, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВУХДО́ЛЬНЫЯ (Magnoliopsida, або Dicotyledones),

клас кветкавых, або пакрытанасенных, раслін, гл. Магноліяпсіды.

т. 6, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Дзіванна (род раслін) 4/199—200; 6/163, 298

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)