БАЙЦО́ВАЯ РЫ́БКА (Betta splendens),

сіямскі пеўнік, рыба роду пеўнікаў атр. акунепадобных. Пашырана ў прэсных вадаёмах Паўд.-Усх. Азіі. У Еўропу завезена ў канцы 19 ст. На Беларусі жыве ў акварыумах.

Даўж. 3—8 см. Цела выцягнутае, рознага колеру, пры спалоху і рэзкай змене ўмоў бясколернае. Самцы ярчэйшыя за самак, задзірыстыя, асабліва ў шлюбны перыяд (адсюль назва). У Тайландзе спецыяльна трэніруюць для баёў. Самец будуе гняздо з паветраных бурбалак, у якое пераносіць у роце ікрынкі. Лічынкі ахоўвае. Выведзена шмат парод для акварыумаў.

Байцовая рыбка.

т. 2, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АСТРО́Н»,

савецкая аўтаматычная касмічная станцыя для астрафізічных даследаванняў галактычных і пазагалактычных крыніц касм. выпрамянення. Выведзены на арбіту 23.3.1983. Створаны на базе міжпланетнай аўтам. станцыі «Венера», частка навук. апаратуры — сумесна са спецыялістамі Францыі. Арбіта «Астрона» (выш. ў перыгеі 2 тыс. км, у апагеі 200 тыс. км; нахіленне 51,5°; перыяд абарачэння 98 гадз) дае магчымасць больш за 90% часу весці вымярэнні па-за ценем Зямлі і радыяцыйных паясоў. Вывучаліся нестацыянарныя з’явы ў зорках, анамаліі іх хім. саставу, уласцівасці ультрафіялетавага выпрамянення галактык, квазараў і інш.

т. 2, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ЦЭНТР у Літве.

Існаваў у крас. 1923 — сак. 1927 і з 22.2.1933 да 1936 (?) у г. Коўна (цяпер Каўнас). Засн. на базе закрытага літоўскімі ўладамі Мін-ва бел. спраў Літвы. Займаўся перакладам на бел. мову і выданнем навук. л-ры, школьных падручнікаў. У першы перыяд дзейнасці кіраўнікі: В.​Ластоўскі, К.​Душэўскі, А.​Матач. Пасля ад’езду Ластоўскага ў БССР (сак. 1927) дзейнасць цэнтра спынена; адноўлена ў 1933 пры Мін-ве замежных спраў Літвы. У 1926 выдаў працу Ластоўскага «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі».

т. 2, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫНАБАЦЫЛЁЗ, праактынамікоз, псеўдаактынамікоз,

хранічная інфекцыйная хвароба жывёл, якая выклікаецца грыбком з кл. актынаміцэтаў. Пашырана ў многіх краінах свету, у т. л. на Беларусі. Хварэюць пераважна свойскія жывёлы (часцей маладняк буйн. раг. жывёлы, авечак, свіней) у зімова-веснавы перыяд. У арганізм узбуджальнік трапляе праз раны скуры або слізістай абалонкі рота, часцей з кормам. У хворых жывёл у мяккіх тканках галавы і шыі, лімфатычных вузлах з’яўляюцца шчыльныя гнойныя вузельчыкі, з наступным утварэннем свішчоў. У прафілактычных мэтах неабходна пазбягаць выпасу на нізкіх пашах, запарваць грубыя кармы.

т. 1, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМФАТЭ́РНАСЦЬ (ад грэч. amphoteros і той і гэты),

здольнасць некаторых хім. злучэнняў праяўляць у залежнасці ад умоў кіслотныя або асн. ўласцівасці. Уласцівая вадзе, аксідам і гідраксідам алюмінію, цынку, хрому і інш., некаторым амінам, амінакіслотам, іанітам.

Пры дысацыяцыі ў водных растворах амфатэрныя злучэнні (амфаліты) утвараюць H​+ і OH​− іоны (напр., Cr​3++3OH​− ⇄ Cr(OH)3 ⇄ H​++CrO​−2+H2O). Перавага тыпу ўласцівасцяў амфатэрных гідраксідаў залежыць ад месца элемента ў перыяд. сістэме. Амфатэрнасць злучэнняў карыстаюцца ў хім. аналізе для раздзялення элементаў.

т. 1, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНА́РХІЯ ВЫТВО́РЧАСЦІ,

стыхійнасць, хаатычнасць, бяспланавасць грамадскай вытв-сці; паводле марксісцкай тэорыі, характэрная асаблівасць капіталізму. Мела месца ў эпоху даманапаліст. капіталізму, калі дробныя прадпрымальнікі вялі паміж сабой жорсткую канкурэнтную барацьбу, а ў вытворча-гасп. дзейнасці ўлічвалі найперш стыхійны попыт і рыначныя цэны на тавары. У перыяд дзярж.-манапаліст. капіталізму ў развітых краінах пачалося вывучэнне попыту і прапановы, укараненне маркетынгу, дзярж. рэгуляванне эканомікі. У некат. развітых краінах дзейнічаюць дзярж. планавыя камітэты, а для абмежавання самавольства манаполій у іх канкурэнтнай барацьбе створана антыманапольнае заканадаўства.

т. 1, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́ЦЕНСКАЯ СУКО́ННАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў Беларусі ў 1766—1914 у мяст. Быцень Слонімскага пав. (цяпер вёска ў Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл.). У час паўстання 1794 разбурана, за перыяд 1796—1858 адноўлена і значна расшырана. Да 1890 вырабляла сукны, пасля — шарсцяныя коўдры. Сыравіна — воўна авечак. У 1860 дзейнічаў паравы рухавік, у 1879 працавала 17 ткацкіх станкоў, 6 часальных і 46 прадзільных машын, у 1913 — паравая машына (20 к.с.) і паравы кацёл, былі прадзільнае, ткацкае і апрэтурнае аддзяленні. Працавала да 90 рабочых (1878).

т. 3, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЮДЖЭ́ТНЫ ГОД,

заканадаўча ўстаноўлены гадавы тэрмін складання, зацвярджэння і выканання бюджэту. У большасці краін бюджэтны год адпавядае каляндарнаму (Беларусь, Канада, Расія, Украіна, Францыя, ФРГ і інш.), у некаторых ахоплівае перыяд з 1 ліп. да 30 чэрв. (ЗША, Швецыя, Нарвегія і інш.), а ў іншых — з 1 крас. да 31 сак. (Вялікабрытанія, Данія, Індыя, Японія і інш.). Існуюць і інш. тэрміны бюджэтнага году. Але ў многіх краінах намячаецца пераход тэрміну бюджэтнага году да каляндарнага, што спрошчвае эканам. прагназаванне даходаў і расходаў дзярж. бюджэтаў.

т. 3, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОДАЗАБЯСПЕ́ЧАНАСЦЬ,

1) удзельная забяспечанасць рачным сцёкам адзінкі плошчы тэрыторыі ці аднаго жыхара за пэўны перыяд. На Беларусі водазабяспечанасць мясцовым рачным сцёкам складае ў сярэднім 164 тыс. м³ за год на 1 км² ці 3,3 тыс. м³ за год на 1 жыхара; з улікам паступлення з суседніх краін — сумарным рачным сцёкам — водазабяспечанасць адпаведна 279 тыс. м³ і 5,6 тыс. м³ (1995).

2) Ступень задавальнення вадой водакарыстальніка ў параўнанні з разліковай аптымальнай патрэбнасцю ў вадзе. Вызначаецца праектам або планам водакарыстання.

А.​А.​Макарэвіч.

т. 4, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРМАНІ́ЧНЫЯ ВАГА́ННІ,

перыядычныя змены фіз. велічыні паводле сінусаідальнага закону. Аналітычна апісваюць залежнасцю x = A sin(ωt+φ0) або x = A cos(ωt+φ0), дзе x — значэнне фіз. велічыні ў дадзены момант часу t, A — амплітуда, ωt+φ0 — фаза, ω — цыклічная частата, φ0 — пач. фаза. Графічна адлюстроўваюцца сінусоідай. Ваганні многіх фіз. сістэм блізкія да гарманічных ваганняў, а любое складанае ваганне можна выявіць як сукупнасць гарманічных ваганняў у выглядзе Фур’е шэрагу (гл. Гарманічны аналіз, Ангарманічныя ваганні, Абертон).

Да арт. Гарманічныя ваганні: T — перыяд; A — амплітуда.

т. 5, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)