КРЫВАНО́САЎ (Міхаіл Пятровіч) (н. 1.5.1929, г. Крычаў Магілёўскай вобл. — 11.11.1994),

бел. спартсмен і трэнер па лёгкай атлетыцы (кіданне молата). Засл. майстар спорту СССР (1954). Засл. трэнер Беларусі (1965), засл. дзеяч фіз. культуры Беларусі (1971). Канд. пед. навук. Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1953) і працаваў у ім (заг. кафедры, з 1976 прарэктар). Сярэбраны прызёр XVI Алімп. гульняў (1956, г. Мельбурн, Аўстралія). Чэмпіён Еўропы (1954, Берн), сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы (1958, Стакгольм). Чэмпіён СССР (1952, 1954—58). Рэкардсмен свету (6 рэкордаў), СССР (11 рэкордаў).

т. 8, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПРЭ́ЕЎ (Мікола) (Мікалай Сымонавіч; н. 25.5.1937, в. Ямнае Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1962). Настаўнічаў, працаваў у прэсе. Друкуецца з 1957. Паэзія К. вызначаецца метафарычнасцю, асацыятыўнасцю, свабоднай формай верша (зб-кі «Непазбежнасць», 1967; «Правінцыйныя фантазіі», 1995). Распрацоўвае і гіст. тэматыку. Яго трылогія (аповесці «Дзіцячыя гульні пасля вайны», 1995; «Імгненне светлае», 1996; «На вуліцы Карла Маркса з Паэтам», 1997) — успамін пра трагедыю вайны, цяжкія пасляваен. гады, пошукі светлага, расчараванні героя і грамадства ў 1960—70-я г. Перакладае з укр. мовы.

І.​У.​Саламевіч.

т. 9, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́РАЧКІН (Юрый Андрэевіч) (н. 13.5.1950, г.п. Свіслач Гродзенскай вобл.),

бел. фізік-тэарэтык. Д-р фізіка-матэм. н. (1998). Скончыў Гродзенскі пед. ін-т (1971). З 1971 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па фізіцы элементарных часціц. Прапанаваў новы метад рашэння задач рэлятывісцкай кінематыкі, заснаваны на сувязі алг. кватэрніёнаў і бікватэрніёнаў з геаметрыяй прастораў Лабачэўскага. Разам з інш. даў тлумачэнне прыроды выраджэння спектраў энергій задач Кеплера ў прасторах пастаяннай крывізны.

Тв.:

Кватернионы в релятивистской физике. Мн., 1989 (разам з А.​В.​Бярэзіным, Я.​А.​Талкачовым).

А.​І.​Болсун.

т. 9, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРБАНСАХА́ТАЎ (Курбандурды) (5.9.1919, в. Караяб Марыйскай вобл., Туркменістан — 25.2.1992),

туркменскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Туркменістана (1990). Скончыў Туркменскі пед. ін-т (Ашхабад, 1941). У зб-ках аповесцей і апавяданняў «Сурай» (1955), «Сэрца — не камень» (1958), «Сорак манет» (1961), «Родны чалавек» (1965), рамане «Тойлы Мерген» (1970) жыццё і праблемы туркм. вёскі, вясковай інтэлігенцыі. Аўтар зб-каў вершаў «Салдат вярнуўся дадому» (1947), «Сад садоў» (1962), п’ес «Ханг» (1966), «Непралітая кроў» (1968), кінасцэнарыяў. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў М.​Гіль.

Тв.:

Рус. пер. — Если любишь... М., 1972.

т. 9, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЗАРЭ́ВІЧ (Анатоль Аркадзьевіч) (н. 7.3.1958, в. Вакары Сенненскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. філосаф. Канд. філас. н. (1988). Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1980). З 1988 у Ін-це філасофіі і права Нац. АН Беларусі (з 1997 нам. дырэктара). Навук. працы па праблемах тэорыі і метадалогіі навук. пазнання, уздзеяння інфармацыі і ведаў на стан сучаснага грамадства.

Тв.:

Знание. Компьютер. Общество. Мн., 1992 (разам з У.​А.​Гераіменкам, Л.​Р.​Цітарэнка);

Научное знание в информационном обществе. Мн., 1993;

Философия универсализма и современный политический процесс // Власть и жизнь. Мн., 1998.

т. 9, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ПАЎ (Барыс Сцяпанавіч) (28.9.1925, Мінск — 13.8.1967),

бел. мовазнавец. Канд. філал. н. (1955). Скончыў БДУ (1951). Працаваў у Друку, з 1955 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1964 у Мінскім пед. ін-це. Даследаваў праблемы бел. сінтаксісу, стылістыкі і ўзаемадзеянне бел. мовы з інш. мовамі. Выступаў у друку з рэцэнзіямі на працы па бел. мовазнаўстве і творы бел. маст. л-ры. Сааўтар «Нарысаў па гісторыі беларускай мовы» (1957), «Курса сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Сінтаксіс» (1959), «Граматыкі беларускай мовы» (т. 1—2, 1962—66).

І.​К.​Германовіч.

т. 9, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́РЫН (Аркадзь Ягоравіч) (н. 15.11. 1923, с. Убінскае Новасібірскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне педагогікі. Д-р пед. н. (1990), праф. (1993). Засл. настаўнік прафес.-тэхн. адукацыі Беларусі (1968). Нар. настаўнік СССР (1979). Скончыў БДУ (1950). З 1960 дырэктар Бабруйскага вышэйшага прафес. вучылішча дэкар.-прыкладнога мастацтва. Навук. працы па праблемах эстэт. выхавання і развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў ПТУ.

Тв.:

Эстетическое воспитание учащихся профтехучилищ. Мн., 1981;

Формирование личности молодого рабочего в профтехучилищах. Мн., 1983 (у сааўт.);

Воспитание творческой активности учащихся ПТУ. Мн., 1990;

Эстетическое воспитание. 2 изд. Мн., 1992.

т. 9, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЁПА (Валерый Аляксандравіч) (н. 7.8.1939, с. Сухаўское Іркуцкай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне фізікі цвёрдага цела. Д-р фіз.-матэм. н. (1996). Скончыў Іркуцкі ун-т (1961). З 1978 у Брэсцкім пед. ін-це (у 1979—83 прарэктар), з 1985 у Гродзенскім ун-це. Навук. працы па рэнтгенаструктурным аналізе крышталёў і матрычнай крышталяграфіі. Распрацаваў комплексны метад вызначэння малекулярнай структуры рэчываў у залежнасці ад саставу і знешніх уздзеянняў.

Тв.:

Изменение структуры полиметилметакрилата при облучении миллисекундными лазерными импульсами (у сааўт.) // Квантовая электроника. 1998. Т. 25, №11.

т. 9, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЦВІ́НАВІЦКАЯ ШКО́ЛА-КАМУ́НА,

першая савецкая доследна-паказальная працоўная школа. Існавала ў 1918—19 у в. Ліцвінавічы Рагачоўскага пав. Магілёўскай губ. (цяпер Кармянскі р-н Гомельскай вобл.). Засн. П.М.Лепяшынскім. Навучанне і выхаванне ў школе спалучалася з працай. Фарміраванню і развіццю дзіцячага калектыву, выхаванню адказнасці, таварыскай узаемадапамогі садзейнічала добра арганізаванае самаабслугоўванне. Навуч. праграмы для школы распрацоўваў пед. калектыў. Навучэнцы вялі паліт.-асв. работу сярод насельніцтва. У 1919 школа пераведзена ў Маскву, з Лепяшынскім туды выехалі і 22 вучні, якія сталі выхаванцамі Маскоўскай доследна-паказальнай школы імя П.​М.​Лепяшынскага.

т. 9, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЙСЕ́ЙЧЫК (Аляксей Антонавіч) (н. 4.10.1936, в. Гошчава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. літ.-знавец. Канд. філал. н. (1967). Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1960). Настаўнічаў. З 1966 у Брэсцкім ун-це. Друкуецца з 1961. Даследуе рамантызм сучаснай бел. паэзіі, пытанні выкладання л-ры ў школе і ВНУ. Аўтар метадычных і вучэбных дапаможнікаў «Тэорыя літаратуры» (1990), «Уводзіны ў літаратуразнаўства» (2-е выд., 1992), адзін з аўтараў падручніка-хрэстаматыі для 7-га кл. «Родная літаратура» (з В.​Ляшук, 4-е выд. 1994) і інш. Складальнік зб. «Паўлюк Багрым» (1994, з Ляшук).

т. 9, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)