ЛУ́РЫЯ (Аляксандр Раманавіч) (16.7.1902, г. Казань, Татарстан — 14.8.1977),
расійскі псіхолаг, заснавальнік нейрапсіхалогіі ў СССР. Акад.АПН Расіі (1947) і АПНСССР (1968). Член Нац.АН ЗША (1968), Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Скончыў Казанскі ун-т (1921) і 1-ы Маскоўскі мед.ін-т (1937).
У 1922 арганізаваў Казанскую псіхааналіт. асацыяцыю. З 1945 у Маскоўскім ун-це (з 1968 заг. кафедры). Разам з Л.С.Выгоцкім, А.М.Лявонцьевым і інш. распрацоўваў тэорыю культ.-гіст. развіцця і функцыянавання псіхікі. Сфармуляваў шэраг новых канцэптуальных палажэнняў па агульных метадалагічных і тэарэт. праблемах псіхалогіі: аб сац. (грамадска-гіст.) і біял. (генетычнай) дэтэрмінацыі, сістэмнай арганізацыі псіхічных функцый і свядомасці, суадносінах мозга і псіхікі і інш. Прапанаваў метады даследавання псіхафункцый (сіндромнага аналізу), нейрапсіхалогіі мовы, успрымання, памяці, мыслення, распрацаваў новыя класіфікацыі парушэнняў мовы, рухаў, памяці. Зрабіў уклад у развіццё агульнай, гіст. і дзіцячай псіхалогіі, дэфекталогіі, нейралінгвістыкі, псіхафізіялогіі, гнасеалогіі і інш.
Тв.:
Мозг человека и психические процессы. Т. 1—2. М., 1963—70;
Основы нейропсихологии. М., 1973;
Об историческом развитии познавательных процессов. М., 1974;
Язык и сознание. М., 1979;
Этапы пройденного пути: Науч. автобиогр. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІЯ ПАЎСТА́ННІ 1606—10,
выступленні рамеснікаў і гар. беднаты Магілёва супраць магістрата. Прычынай выступлення 1606 сталі злоўжыванні ўладай і хабарніцтва магістрата, непасільныя падаткі і грашовыя паборы. Яго ўзначаліла група рамеснікаў пад кіраўніцтвам старасты цэха саладоўнікаў Стахора Мітковіча. 20 і 22.6.1606 некалькі соцень гараджан запатрабавалі спыніць злоўжыванні асобных членаў гар. рады, а 25.6.1606 выступілі супраць усяго магістрата і войта. 15 ліп. яны скінулі раду і абралі новы склад магістрата. Паводле скаргі скінутай рады ў войтаўскі суд войт Я.Валовіч 11.9.1606 адхіліў новы склад рады і прызначыў новыя выбары. Аднак рашэнне войта не было выканана. Жыгімонт III у лісце да гараджан вызначыў, што канфлікт павінен быць вырашаны ў каралеўскім судзе. 22.8.1608 у канцылярыі ВКЛ пры ўдзеле канцлера Л.Сапегі паміж упаўнаважанымі абодвух складаў магістрата была падпісана дамова, згодна з якой новая рада, за выключэннем бурмістра Ходкі Багдановіча, прыгаворанага каралеўскім дэкрэтам да смяротнага пакарання, павінна была «дабыць свой тэрмін» і перадаць уладу ранейшаму складу рады, што і было зроблена. Аднак барацьба ў горадзе працягвалася. У 1610 да судовай адказнасці былі прыцягнуты арганізатары новага выступлення, якія ўзначалілі напад на ратушу: 5 чал. былі пакараны смерцю, астатнія — турэмным зняволеннем, выгнаннем з горада і канфіскацыяй маёмасці.
італьянскі пісьменнік. Дэбютаваў аналіт. раманам «Абыякавыя» (1929), у цэнтры якога ўнутр. свет сучаснага яму інтэлігента. Неарэаліст. тэндэнцыі выявіліся ў зб-ках «Рымскія апавяданні» (1954), «Новыя рымскія апавяданні» (1959), рамане «Чачара» (1957). Уплыў мадэрнісцкага псіхалагізму адчувальны ў рамане «Няслушныя амбіцыі» (1935), аповесці «Агасціна» (1945), зб-ках навел і апавяданняў «Сны гультая» (1940), «Эпідэмія» (1944). Антыфаш. характар мае сатыр. раман «Маскарад» (1941). Узмацненнем філас.-этычнай праблематыкі вызначыліся раманы «Рымлянка» (1947), «Непакорнасць» (1948), «Канфарміст» (1951, экранізацыя 1969), «Пагарда» (1954, экранізацыя 1963), «Маркота» (1960) і інш.; крытыка дэградацыі грамадства гучыць у зб-ках навел «Аўтамат» (1963), «Рай» (1970), рамане «Я і ён» (1971). Свет пачуццёвых перажыванняў у цэнтры раманаў і аповесцей «Іншае жыццё» (1973), «Унутранае жыццё» (1978), «1934» (1982), «Глядач» (1985), зб-ку «Справа ды іншыя апавяданні» (1983). Аўтар драм. твораў і інсцэніровак, зб-каў эсэ і артыкулаў. На бел. мову яго раман «Пагарда» пераклаў І.Пташнікаў, асобныя апавяданні — А.Шаўня.
рэлігійная секта. Узнікла ў канцы 1920-х г. у Зах. Беларусі. Назва ад імя заснавальніка Івана Мурашкі, які абвясціў сябе прарокам ад бога і стаў прапаведаваць канец свету і страшны суд. Члены секты павінны былі выконваць запаведзі Майсея, святкаваць суботу і нядзелю, не спажываць мяса, не галіць бараду, не чытаць свецкую л-ру, не мець зносін з іншаверцамі. У 1936 Мурашка заснаваў каля г. Сарны Валынскага ваяв.рэліг. камуну «Новы Іерусалім». У 2-й пал. 1930-х г. М. было каля 800—1000 чал. У 1938, забраўшы касу, Мурашка з жонкай уцёк у Аргенціну. Пасля Вял.Айч. вайны найб. актыўныя «апосталы» секты стварылі новыя «сіёны» ў Антопальскім, Высокаўскім, Іванаўскім, Кобрынскім р-нах. У 1951 секта перайменавана ў царкву св. Тройцы, аднак ніколі не рэгістравалася. Да 1953 усе «сіёны» разагнаны, многія члены секты арыштаваны і асуджаны. Вернікі раз’ехаліся па Малдавіі, Грузіі, Казахстане, Краснадарскім краі. У Беларусі засталіся адзінкі М., якія не маюць сваёй арг-цыі, але выконваюць веравучэнне і абрады секты, часам наведваюць малітоўныя сходы пяцідзесятнікаў і адвентыстаў, радзей баптыстаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУКО́ВА-ТЭХНІ́ЧНЫ ПАТЭНЦЫЯ́Л,
сукупнасць навукова-тэхнічных кадраў, матэрыяльных, фін., інфарм. і інш. рэсурсаў, якія неабходны для стварэння і практычнай рэалізацыі дасягненняў навукова-тэхнічнага прагрэсу. У ’складзе Н.-т.п. вылучаюць элементы: кадры вучоных і спецыялістаў, іх здольнасць ствараць і эфектыўна выкарыстоўваць новыя дасягненні, што маюць тэхн., тэхнал., арганізац., эканам., сац. і інш. характар; неабходны ўзровень патэнтна-вынаходніцкай работы, узоры новай тэхнікі, вырабаў і тэхналогій, іх навізна і патэнцыяльная эфектыўнасць; тэхн. аснашчэнне і магчымасць навук., праектных, канструктарскіх арг-цый і вытв-сці, адпаведнасць іх сучасным задачам навукова-тэхнічнага прагрэсу; формы арг-цыі і метады кіравання навук.-тэхн. дзейнасцю, неабходныя для паскоранага і маштабнага развіцця і ўкаранення ў вытв-сць распрацаваных навук. ідэй і тэхн. рашэнняў. Развіццё сучаснай вытв-сці патрабуе прыцягнення ў сферу навук.-тэхн. дзейнасці вял. і пастаянна нарастаючых аб’ёмаў нац. рэсурсаў і фінансавання. Гэта абумоўлівае неабходнасць удасканалення механізма рэгулявання навук.-тэхн. дзейнасці, павышэння ролі дзярж.навук.-тэхн. палітыкі ў стварэнні, удасканаленні і эфектыўным выкарыстанні гэтага патэнцыялу. На Беларусі асн. частка Н.-т.п. сканцэнтравана ў вытв. галінах — прам-сці, сельскай гаспадарцы, буд-ве, транспарце, сувязі (62,6% паводле аб’ёму работ і 57,9% па колькасці спецыялістаў, занятых навук.-тэхн. дзейнасцю).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУРЫ́ (сапр.Нурутдзінаў) Закі Шарафутдзінавіч
(н. 24.12.1921, в. Татарскія Цюкі Буінскага р-на, Татарстан — 18.2.1994),
татарскі пісьменнік. Засл. работнік культуры Расіі (1982). Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1957). Удзельнік партыз. барацьбы на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. У 1944—46 на сав. рабоце ў Оршы. Друкуецца з 1936. У зб-ках паэзіі «Вершы» (1946), «Шлях славы» (1949), «Узыходжанне» (1956), «Святло душы» (1957), «Спяваюць закаханыя» (1960), «Гэта наша кніга» (1967), «Гады і дарогі» (1971), «Новыя сцежкі» (1975), «Прыходзіць і адыходзіць вясна» (1978), і інш. паэтызацыя гераізму і мужнасці народа ў Вял.Айч. вайну, мірнай стваральнай працы. Зб. апавяданняў «І мёртвыя помсцілі» (1962) пра партыз. барацьбу на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Пераклаў на тат. мову кн. вершаў Я.Коласа «Шляхі» (1962), зб. «Беларускія паэты» (1968), асобныя вершы Я.Купалы, творчасці якога прысвяціў шэраг артыкулаў. На бел. мову асобныя творы Н. пераклалі М.Аўрамчык, Э.Валасевіч, В.Жук, Х.Жычка, В.Зуёнак, І.Калеснік, К.Камейша, М.Маляўка, У.Паўлаў, Ю.Свірка, М.Танк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕДАГАГІ́ЧНЫЯ ТАВАРЫ́СТВЫ,
грамадскія арг-цыі асветнага, навук., дабрачыннага, місіянерскага характару. Узніклі ў Расіі ў канцы 18 — пач. 19 ст. Мелі на мэце пашырэнне пісьменнасці і асветы, удзел у распрацоўцы актуальных праблем тэорыі і практыкі, навучання і выхавання, садзейнічанне розным відам пазашкольнай, жаночай і прафесійнай адукацыі. На Беларусі П.т. ўзніклі ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў Віцебску (1897), Мінску (1901), Магілёве (1901), Брэсце і Гродне (1907). Магілёўскае П.т. мела філіялы ў Быхаве, Гомелі, Горках, Калінкавічах, Мсціславе, Оршы, Рагачове, Чавусах і Чэрыкаве (1909—10). Т-вы займаліся распаўсюджваннем метадаў і прыёмаў навучання і выхавання, перадавых пед. ідэй, абменам вопытам выкладчыцкай працы, папулярызацыяй падручнікаў і дапаможнікаў, павышэннем кваліфікацыі настаўнікаў. У пач. 20 ст. некат. т-вы выдавалі часопісы: «Педагогическое дело», «Белорусский учитель» і «Белорусский учительский вестник». У 1972 створана рэсп. П.т. У канцы 1980 — пач. 1990-х г. узніклі новыя т-вы, якія займаюцца пытаннямі беларускамоўнага навучання і выхавання, рознымі аспектамі пед. дзейнасці: Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны (з 1989), Гарадскі бацькоўскі к-т беларускамоўных школ і класаў Мінска (з 1988), Бел. асацыяцыя дырэктараў школ (з 1989), Асацыяцыя бел. настаўнікаў (з 1991), Т-вабел. школы (з 1996) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕКТА́НЦТВА (ад секта),
рэлігійныя аб’яднанні, што ўзнікаюць як апазіцыя да пэўнай царквы. У царк. практыцы С. наз.ерасямі. Падставай для ўзнікнення С. з’яўляецца інш. тлумачэнне пэўных прынцыпаў веравызнання або элементаў культавай практыкі. Вытокі С. караняцца ў канфесіянальным асяроддзі (пратэст супраць кіраўніцтва царквы, амбіцыёзнасць нефармальных лідэраў і інш.) ці ў грамадскай рэчаіснасці (незадаволенасць сац. становішчам, дзярж. уладай, якую падтрымлівае царква). Істотнымі рысамі С. з’яўляюцца паглыблены містыцызм, імкненне выключным чынам тлумачыць рэліг. дактрыны, спрашчэнне абраднасці, тэндэнцыя ізаляцыі ад грамадства, наяўнасць настрою абранасці, актыўная місіянерская дзейнасць і інш. У практыцы С. назіраюцца 2 процілеглыя тэндэнцыі: працэс далейшай дыферэнцыяцыі, драблення на новыясекты і пераўтварэнне сект у цэрквы з рэгенерацыяй інстытута святароў, цэнтралізаванай сістэмай кіравання. Рэліг. аб’яднанні пераходнага тыпу, якія ўзніклі як секты і знаходзяцца на стадыі пераўтварэння ў самаст. царкву, наз.дэнамінацыямі. Некат. секты эвалюцыяніравалі ў самаст. цэрквы (гл.Пратэстантызм). Рэліг. аб’яднанні, якія характарызуюцца антысац. дзеяннямі (чалавечыя ахвярапрынашэнні, тэрарызм і інш.), поўнай падпарадкаванасцю паводзін і свядомасці вернікаў кіраўніцтву наз. дэструктыўнымі, таталітарнымі сектамі. Дзейнасць такіх сект забаронена ў большасці краін свету. У Рэспубліцы Беларусь забаронены рэліг. аб’яднанні сатаністаў, шайва-шактыстаў, «Аум Сенрыкё», «Саенталагічная царква», «Белае брацтва» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНЫ КРУГАВАРО́Т,
паступленне хім. элементаў з глебы, вады і атмасферы ў жывыя арганізмы, ператварэнне іх у новыя складаныя злучэнні і вяртанне зноў у глебу, ваду, атмасферу. Штогод частка арган. рэчыва або поўнасцю адмерлыя арганізмы выходзяць з цыкла і акумулююцца ў зямной кары. Біялагічны кругаварот узнік адначасова з паяўленнем жыцця на Зямлі і з’яўляецца бесперапынным цыклічным працэсам размеркавання рэчываў, энергіі і інфармацыі ў межах экалагічных сістэм. Аснова біялагічнага кругавароту — утварэнне ў працэсе фотасінтэзу першаснай прадукцыі (расліннай), ператварэнне яе ў другасную (у прыватнасці, жывёльную) і яе распад. Актыўны рух арган. рэчыва ў экалагічных сістэмах ажыццяўляецца па трафічных ланцугах. Асн. роля ў біялагічным кругавароце належыць першасным прадуцэнтам (зялёныя кветкавыя расліны, мікраскапічныя планктонныя водарасці, хемасінтэзуючыя мікраарганізмы), кансументам (жывёлы) і рэдуцэнтам (сапрафітныя арганізмы, пераважна бактэрыі). Біямаса арганізмаў розных трафічных узроўняў у межах трафічных ланцугоў неаднолькавая; яна вышэй на ўзроўні прадуцэнтаў і змяншаецца на меры прасоўвання да кансументаў вышэйшага парадку. Найб. значэнне мае біялагічны кругаварот так званых біяфільных (неабходных для жыцця) элементаў — азоту, фосфару, серы. Існуюць таксама кругавароты кіслароду, вадароду, вугляроду і інш.хім. элементаў, якія складаюць частку агульнага біялагічнага кругавароту, што цесна ўвязаны з біягеахімічным кругаваротам рэчываў. Інтэнсіўнасць біялагічнага кругавароту вызначае колькасць і разнастайнасць жывых арганізмаў, аб’ём назапашанай арган. прадукцыі, якая можа быць выкарыстана для задавальнення патрэб чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАПТЫ́ЎНАЯ РАДЫЯ́ЦЫЯ,
тып эвалюцыі, пры якім ад адной продкавай формы ўтвараецца мноства разнастайных формаў арганізмаў у межах віду або групы роднасных відаў. Ляжыць у аснове адаптацыягенезу і з’яўляецца вынікам набыцця арганізмам прыстасаванасці (гл.Адаптацыя ў біялогіі) і пранікнення ў новыяадаптыўныя зоны. Праяўляецца ў разнастайнасці падпарадкаваных таксанамічных груп у межах кожнага буйнога таксона (напр., розныя віды грызуноў — вавёркі, суслікі, бабры, сям. драпежных млекакормячых і інш.). Канцэпцыя адаптыўнай радыяцыі сфармулявана амер. вучоным Г.Осбарнам у сувязі з эвалюцыяй млекакормячых (1910).
Осбарн адрозніваў 5 гал. ліній спецыялізацыі ў будове канечнасцяў млекакормячых, залежных ад умоў месцазнаходжання і спосабаў перамяшчэння: хуткі бег у наземных відаў; рыючы лад жыцця ў відаў, якія жывуць пад зямлёй; плаванне ў відаў, што жывуць у вадзе; лажанне ў дрэвавых відаў; планіраванне і палёт у відаў, жыццё якіх праходзіць у паветры. Асн. крыніца адаптыўнай радыяцыі — унутрывідавыя працэсы (генетычная разнастайнасць відавых папуляцый, дыферэнцыроўка віду на геагр. і экалагічныя расы і інш.). Наяўнасць у продкавага арганізма якой-небудзь структуры або фізіял. функцыі, што ў вельмі мадыфікаванай форме ёсць у больш высокаразвітых роднасных арганізмаў, сведчыць пра іх агульнае паходжанне і складае аснову эвалюц. тэорыі (гл.Філагенез).
А.С.Леанцюк.
Адаптыўная радыяцыя плацэнтарных млекакормячых, якія маюць агульнага продка (у цэнтры).