АХІ́ЛАВА СУХАЖЫ́ЛЛЕ, пятачнае сухажылле,

адно з самых моцных і тоўстых сухажылляў цела чалавека. Забяспечвае перадачу мышачнага намагання трохгаловай мышцы галёнкі на бугор пятачнай косці і ўдзельнічае ў падэшвенным згінанні ступні ў галёнкаступнёвым суставе. Назва ад грэч. міфа пра Ахіла.

т. 2, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЗІФІ́ЛЬНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ (ад грэч. basis аснова + phileō люблю),

арганізмы, якія нармальна развіваюцца на шчолачным субстраце. Напрыклад, урабактэрыі, з вышэйшых раслін — пераважна стэпавыя і пустынныя віды, а таксама белая акацыя, скумпія, лістоўніца еўрапейская, вятроўнік шасціпялёсткавы, ветраніца лясная і інш.

т. 2, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМАФО́Н (ад грэч. gramma запіс + ...фон),

механічны апарат для ўзнаўлення гуку з грамафоннай пласцінкі. Вынайдзены ў 1888 ням. інж. Э.​Берлінерам (працаваў у ЗША). Партатыўны варыянт грамафона — патэфон. Папярэднік грамафона — фанограф. У 1940—50-я г. выцеснены электрафонамі.

т. 5, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛГО́ФА (грэч. Golgotha),

пагорак у наваколлі Іерусаліма, на якім адбываліся пакаранні і дзе, паводле хрысц. падання, быў распяты Ісус Хрыстос. Размяшчэнне Галгофы дакладна не ўстаноўлена. У пераносным сэнсе — месца пакарання, сімвал падзвіжніцтва і маральных пакут («узысці на Галгофу»).

т. 4, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАТЫРЭО́З (ад гіпа... + грэч. thyreoides шчытападобны + ...оз),

хваравіты стан арганізма ад паніжэння функцыі шчытападобнай залозы. Прыкметы: стамляльнасць, фіз. і псіх. вяласць, санлівасць, замаруджанасць, зніжэнне памяці, зябкасць, азызласць твару, выпадзенне валасоў, запоры, паніжэнне асн. абмену і інш. Лячэнне — гармонатэрапія.

т. 5, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЯ́ДЫ (грэч. Hyades),

рассеянае зорнае скопішча ў сузор’і Цялец; сфераідальная група з прыкладна 100 фізічна звязаных паміж сабой зорак. Знаходзіцца каля яркай зоркі Альдэбаран (α Цяльца). Дыяметр каля 10 пк. Адлегласць ад Сонца 41 пк. Відаць простым вокам.

т. 5, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЎЛІФЛО́РЫЯ [грэч. kaulos сцябло, ствол + лац. flos (floris) кветка],

развіццё кветак і суквеццяў непасрэдна на ствале і буйных бязлістых галінах (са спячых пупышак). Характэрна для трапічных раслін (какава, фікусы, хурма, хлебнае дрэва), з раслін умеранага клімату — у воўчага лыка.

т. 8, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАСТА́З (ад грэч. metastasis перамяшчэнне),

ачаг пухліннага ці запаленчага працэсу, які развіваецца ад пераносу па крыві ці лімфе паталагічнага матэрыялу (пухлінных клетак, мікраарганізмаў і інш.) з месцаў такога ж паталагічнага працэсу. Бывае адзіночны і множны. Лячэнне хірург., прамянёвае, хіміятэрапія.

т. 10, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАМАСТЫ́Я (ад мікра... + грэч. mastos грудзі),

недаразвіццё малочных залоз у жанчын. Назіраецца пры агульнай інфантылізацыі жанчыны, спыненні далейшага росту залозістай тканкі грудзей; можа развівацца пры зніжэнні функцыі яечнікаў, інш. залоз унутр. сакрэцыі, пры інфекцыях, пухлінах эндакрынных органаў і інш.

т. 10, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАМІ́СМА, намізма (грэч. nomisma манета ад nomos закон),

у познарымскай і ранневізантыйскай імперыях назва любой залатой манеты, у 8—13 ст. у Візантыйскай імперыі назва соліда. На Беларусі Н. зрэдку абарачалася ў канцы 10—2-й трэці 11 ст.

т. 11, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)